nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Міністры замежных справаў Швецыі, Нямеччыны, Польшчы і Чэхіі ў «Нью-Ёрк таймс»: «Лукашэнка — прайграў» (Lukashenko the Loser)

24 снежня, 2010 | 4 каментарыя

Карл Більт, Гіда Вэстэрвэле, Радак Сікорскі й Карал Шварцэнберг апублікавалі супольны артыкул у «Нью-Ёрк таймс» пад загалоўкам «Лукашэнка – лузер». Яго сэнс: Лукашэнка горш за Мілошавіча, ніякіх больш размоў зь ім і ні цэнта грошай яму. Выстаўляем гэты артыкул у перакладзе рэдакцыі «Нашай Нівы» (http://nn.by/?c=ar&i=48056).

Рэдакцыя.


“Пасля таго, што адбылося на прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ў нядзелю, адносіны паміж Еўрапейскім Зьвязам і прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам не могуць застацца ранейшымі [пасьля 19 сьнежня ў Беларусі няма прэзідэнта; ёсьць узурпатар дзяржаўнай улады. – Рэд.].

У апошнія месяцы расла надзея, што ягоныя словы можна ўспрымаць сур’ёзна. Ён абяцаў запрасіць на выбары міжнародных назіральнікаў, і ён выканаў сваё абяцанне. Ён гаварыў пра пашырэнне прасторы для дзеяння апазіцыі ў часе выбарчай кампаніі, і паляпшэнні былі.

ЕЗ адказаў прыпыненнем санкцый і шчодрай прапановай абумоўленага палітычнага дыялогу, эканамічнай супрацы і магчымасці фінансавай дапамогі. У інтарэсах і Еўропы, і народа Беларусі было працягваць у гэтым кірунку.

Пасля ўсё памянялася.

Галасаванне адбывалася спакойна, але падлік галасоў ператварыўся ў фарс.

Справаздача незалежных назіральнікаў ацэньвае падлік галасоў як «кепскі» ці «вельмі кепскі» на той прыкладна палове выбарчых участкаў, якія яны ахапілі, і ёсць усе падставы меркаваць, што на рэшце ўчасткаў усё было яшчэ горш. Было відавочна, што ёсць загад не лічыць галасоў, а выдаць наперад вызначаны вынік.

Няма магчымасці даведаццца рэальны вынік выбараў, але няма і сумневаў, што абвешчаны вынік не мае ніякай дэмакратычнай законнасці.

Мабыць, сп. Лукашэнка зразумеў, што ён не атрымлівае 50% галасоў, патрэбных для перамогі ў першым туры, і што яго чакае зневажальны другі тур супраць адзінага кандыдата ад апазіцыі.

Усе незалежныя экзіт-полы далі яму нашмат менш за 50% галасоў.

Але найгоршае здарылася пасля.

Апазіцыйных кандыдатаў збілі, павалаклі і затрымалі. Былі схоплены сотні актывістаў.

Суды канвеерам вынасілі прыгаворы, не падмацаваныя ніякімі фактамі. Ізноў з’явіліся палітвязні. Быў абвешчаны курс на рэпрэсіі.

Такога — такіх фальсіфікацый і такіх нахабных рэпрэсій — Еўропа не бачыла даўно. Тое, што Мілошавіч у 2000 годзе вырабляў у Сербіі, блякне перад тым, што робіцца ў Беларусі.

У памяці ўсплываюць хіба што параўнанні з увядзеннем ваеннага становішча ў Польшчы ў 1981 годзе.

Да чаго гэта прывядзе?

Сілы падаўлення могуць атрымаць перамогу сёння, але раны грамадства ад гэтага не загояцца, і аточаны рэжым не вечны.

Перспектывы атрымання грошай ад Захаду для ўратавання ахавай эканамічнай сітуацыі развеяліся як дым. Інвестары не пойдуць у краіну, дзе так дэманстратыўна выказваюць пагарду да закона.

Еўрапейскі Зьвяз грунтуецца на каштоўнасцях правоў чалавека, дэмакратыі і законнасці. ЕЗ не будзе абыякава назіраць, як жахліва парушаюцца гэтыя каштоўнасці ў яго рэгіёне.

Працяг пазітыўнага дыялогу са сп. Лукашэнкам ў дадзены момант здаецца марнаваннем часу і грошай. Ён свой выбар зрабіў — і гэта выбар супраць усяго, за што выступае Еўрапейскі Зьвяз.

Але ў Беларусі ёсць шмат людзей, якія ведаюць, што час Лукашэнкі сыходзіць і ціха рыхтуюць лепшую будучыню.

Нашы кантакты з прадстаўнікамі розных сегментаў беларускага грамадства пераканалі нас, што Беларусь хоча быць часткай свабоднай і квітнеючай Еўропы.

Мы абавязаны зараз паглыбіць наша супрацоўніцтва з беларускімі дэмакратамі і тымі людзьмі ў кіраўніцтве краіне, якія не падтрымліваюць той фатальны курс, якім Беларусь пайшла. Іх нельга пакінуць, ім нельга здрадзіць у час, калі іх край уваходзіць у новы змрочны перыяд.

Найлепшы тэст для нашых каштоўнасцяў — гэта тое, што мы можам зрабіць для бяссільных.

Еўропа не павінна быць нямой”.


Ад рэдакцыі:

Што ж, пажывем – пабачым.


4 каментарыя

  1. На http://nn.by/index.php?c=ar&i=48133&c2=araddcompa змешчаны артыкул: “Вадзім Гігін абверг чуткі пра смерць Някляева”
    Спадарства чытаем уважліва:
    “… Мы ўжо амаль верым. Вось толькі Гігін раптам пачынае разважаць пра тое, што ў Някляева былі праблемы з алкаголем і ён БЫЎ закадаваны, а любая кадзіроўка НЕБЯСПЕЧНАЯ ДЛЯ СЭРЦА…”.
    Звярніце увагу на выдзеленыя словы БЫЎ і НЕБЯСПЕЧНАЯ ДЛЯ СЭРЦА.
    Гэта што, яны яго забілі?

    Выбачайце, што не ў тэму

  2. Siarhiej кажа:

    Лукашэнка – лузер?
    Ня згодны! Прайграў беларускі народ, магчыма прайграў сваю краіну. Прайгралі заходнія палітыкі, у там ліку тыя, хто напісаў артыкул, яны прайгралі шулеру і бандыту. Лука можа здаць краіну маскве і са сваімі міл’ярдамі ўладкавацца дзе заўгодна.

  3. Margarita кажа:

    Ужо здалi:

    “В спешном порядке белорусская сторона ратифицировала пакет документов по созданию Единого экономического пространства (ЕЭП) Таможенного союза (ТС)” nv-online

  4. Margarita кажа:

    Цiкавы артыкул, у якiм вядзецца над чым трэба працаваць беларускай апазiцыi.

    http://www.inosmi.ru/belorussia/20101228/165271101.html

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы