На сэсіі Еўрапарламенту ў Страсбуры сёньня была адзінагалосна прынятая рэзалюцыя па Беларусі – самая жорсткая з усіх рэзалюцыяў, якія Еўразьвяз калі-небудзь прымаў у справе Беларусі. Падаем ніжэй яе тэкст (асноўная частка ўзята адсюль: http://www.svaboda.org/content/article/2281921.html; ключавы пункт №1 перакладзены з арыгіналу: http://www.europarl.europa.eu/sides/getDoc.do?type=MOTION&reference=P7-RC-2011-0044&language=EN – адрозьніваецца ад перакладу “Свабоды”)
Рэдакцыя.
РЭЗАЛЮЦЫЯ ЕЎРАПЕЙСКАГА ПАРЛАМЕНТУ АДНОСНА СІТУАЦЫІ Ў БЕЛАРУСІ
Еўрапейскі парламент,
– беручы пад увагу папярэднюю рэзалюцыю Еўрапарламенту адносна сітуацыі ў Беларусі, у прыватнасьці рэзалюцыю ад 17 сьнежня 2009 г.,
– беручы пад увагу пастанову Рады 2010/639/CFSP ад 25 кастрычніка 2010 г. адносна абмежаваньняў у дачыненьні да пэўных афіцыйных асобаў Беларусі,
– беручы пад увагу пастанову Рады міністраў замежных справаў ад 25 кастрычніка 2010 г.,
– беручы пад увагу заявы Офісу дэмакратычных інстытуцыяў і правоў чалавека АБСЕ і Парламенцкай асамблеі АБСЕ “Аб папярэдніх высновах адносна прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі” ад 20 сьнежня 2010 г.,
– беручы пад увагу Правіла 110 Рэгламенту,
A. У сувязі з тым, што Праская дэкларацыя саміту “Ўсходняга партнэрства” зноў пацьвердзіла, у тым ліку і адносна Беларусі, адданасьць прынцыпам міжнароднага закону і асноўным каштоўнасьцям, у тым ліку дэмакратыі, вяршэнству закону і павазе да правоў чалавека і асноўных свабод,
B. У сувязі з тым, што Рада 25 кастрычніка 2010 г. “заклікала ўлады Беларусі забясьпечыць правядзеньне прэзідэнцкіх выбараў у адпаведнасьці зь міжнароднымі стандартамі і нормамі дэмакратычных выбараў АБСЕ і ААН”,
C. У сувязі з тым, што Беларусь прыняла на сябе абавязаньні ўлічыць рэкамэндацыі АБСЕ і яе Офісу дэмакратычных інстытуцыяў і правоў чалавека адносна ўдасканальваньня Выбарчага кодэксу Беларусі з мэтай прывесьці яго ў адпаведнасьць зь міжнароднымі стандартамі дэмакратычных выбараў і кансультавацца адносна прапанаваных зьменаў з АБСЕ; у сувязі з тым, што парламент Беларусі прыняў рэформу Выбарчага кодэксу без папярэдняй кансультацыі з АБСЕ,
D. У сувязі з тым, што Рада “зноў пацьвердзіла сваю гатовасьць пашыраць дачыненьні зь Беларусьсю ў залежнасьці ад разьвіцьця Беларусі ў кірунку да дэмакратыі, павагі да правоў чалавека і вяршэнства закону, а таксама гатовасьць дапамагаць Беларусі ў дасягненьні гэтых мэтаў”,
E. У сувязі з тым, што Рада пасьля ацэнкі прагрэсу ў Беларусі вырашыла падоўжыць абмежавальныя захады супраць пэўных афіцыйных асобаў Беларусі, але прыпыніць ужываньне візавых санкцыяў да 31 кастрычніка 2011 г.,
F. У сувязі з тым, што ў адпаведнасьці з заявамі ПА АБСЕ і Офісу дэмакратыі і правоў чалавека АБСЕ “Аб папярэдніх высновах адносна прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі” пэўны прагрэс можна адзначыць у часе выбарчага працэсу, але ён азмрочаны сур’ёзнымі парушэньнямі ў часе галасаваньня і гвалтам у дзень выбараў 19 сьнежня,
G. У сувязі з тым, што больш за 700 чалавек былі зьняволеныя за іх удзел у дэманстрацыі 19 сьнежня ў Менску, бальшыня зь іх былі вызваленыя пасьля адбываньня кароткіх тэрмінаў зьняволеньня паводле адміністрацыйных прысудаў, тым часам як 24 апазыцыйныя журналісты і актывісты, у тым ліку 6 кандыдатаў у прэзідэнты, былі абвінавачаныя “у арганізацыі масавых беспарадкаў” і ім пагражае да 15 гадоў зьняволеньня, а яшчэ 14 чалавек могуць быць асуджаныя такім жа чынам неўзабаве,
H. У сувязі з тым, што разгон міліцыяй дэманстрацыі 19 сьнежня 2010 г і далейшыя захады праваахоўных органаў супраць дэмакратычнай апазіцыі, свабоды медыяў і грамадзянскай супольнасьці былі асуджаныя прэзідэнтам Еўрапарламенту, высокімі прадстаўнікамі ЕЗ і Генеральным сакратаром ААН,
I. У сувязі з тым, што адвакаты, якія прадстаўляюць дэмакратычных актывістаў, апазіцыянераў і іх родных, не дапускаюцца да зьняволеных,
1. Прызнае, што адпаведна з папярэднімі высновамі ПА АБСЕ і Офісу дэмакратычных інстытуцыяў і правоў чалавека аб тым, што прэзідэнцкія выбары 19 сьнежня 2010 не адпавядалі міжнародным стандартам свабодных, справядлівых і празрыстых выбараў; прызнае, што гэтае галасаваньне сталася страчанай магчымасьцю для дэмакратызацыі Беларусі, і, у сувязі са шматлікімі сур’ёзнымі парушэньнямі, адзначанымі АБСЕ, заклікае, каб новыя выбары былі праведзены ў свабодных, дэмакратычных умовах, у адпаведнасьці са стандартамі АБСЕ [паколькі ў дыскусіі пад гэтым матэрыялам на “Свабодзе”, які там недакладна перакладзены(?!), выказваюцца розныя меркаваньні, удакладняем, у арыгінале запісана: …calls, …, that new elections be held on the free and democratic conditions according to the OSCE standards; на наш погляд, тут пад “новымі выбарамі” маюцца на ўвазе… наступныя палатачныя выбары ці выбары прэзідэнцкія праз 5 гадоў!; карацей, “Еўропа”, як мы шмат разоў папярэджвалі і тлумачылі, у чарговы раз кінула беларусаў… – Рэд.];
2. Асуджае ўжываньне супраць пратэстоўцаў грубай сілы міліцыяй і КДБ у дзень выбараў, асабліва жорсткі напад на Ул.Някляева, парушэньне правоў на свабоду сходаў і выказваньня, а таксама правоў чалавека, і выказвае заклапочанасьць спробамі ўладаў Беларусі ўзяць пад апеку Даніла Саньнікава, 3-гадовага сына кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саньнікава і журналісткі Ірыны Халіп, якія абое застаюцца зьняволеныя ад 19 сьнежня;
3. Рэзка асуджае арышт і затрыманьні мірных дэманстрантаў і бальшыні кандыдатаў у прэзідэнты, лідэраў дэмакратычнай апазіцыі і вялікай колькасьці грамадзянскіх актывістаў, журналістаў, настаўнікаў і студэнтаў, якім пагражаюць прысуды да 15 гадоў зьняволеньня; заклікае да незалежнага і аб’ектыўнага міжнароднага рассьледаваньня гэтых падзей пад эгідай АБСЕ; заклікае да неадкладнага спыненьня палітычна матываваных прысудаў;
4. Асуджае рэпрэсіі і заклікае ўлады Беларусі неадкладна спыніць усе формы гвалту, перасьледу і запалохваньня актывістаў грамадзянскай супольнасьці, рэйды, ператрусы і канфіскацыю матэр’ялаў у прыватных памяшканьнях, прадстаўніцтвах незалежных смі і офісаў грамадзкіх арганізацыяў, а таксама выключэньняў з унівэрсітэтаў і звальненьняў з працы;
5. Патрабуе неадкладнага і безумоўнага вызваленьня ўсіх зьняволеных у дзень выбараў і пасьля выбараў, у тым ліку і зьняволеных, прызнаных Amnesty International вязьнямі сумленьня; заклікае ўлады Беларусі забясьпечыць неабмежаваны доступ сваякоў, юрыстаў і медыкаў да зьняволеных;
6. Выказвае шкадаваньне адносна рашэньня ўладаў Беларусі закрыць офіс АБСЕ ў Беларусі і заклікае ўлады Беларусі адмяніць гэтае рашэньне;
7. Асуджае блакаду ў інтэрнэце шэрагу буйных інтэрнэт-старонак, у тым ліку сацыяльных сетак і апазіцыйных вэб-сайтаў у дзень выбараў у Беларусі; падкрэсьлівае, што цяперашні закон аб СМІ ў Беларусі не адпавядае міжнародным стандартам і таму заклікае беларускія улады перагледзець і зьмяніць яго;
8. Заклікае Раду, Камісію і высокіх прадстаўнікоў ЕЗ перагледзець палітыку ЕЗ адносна Беларусі, у тым ліку ўжыць эканамічныя санкцыі і замарозіць усю макрафінансавую дапамогу праз крэдыты МВФ, аперацыі Еўрапейскага інвестыцыйнага банку і Еўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця; падкрэсьлівае, што арыентацыя на Еўрапейскую палітыку добрасуседства і нацыянальнай дапамогі для Беларусі павінна быць перанакіраваная і праводзіцца ў сферы падтрымкі грамадзянскай супольнасьці; нагадвае пра істотнасьць эфектыўнага выкарыстаньня Еўрапейскай ініцыятывы ў справе дэмакратыі і правоў чалавека;
9. Заклікае Камісію падтрымаць усімі фінансавымі і палітычнымі сродкамі высілкі грамадзянскай супольнасьці, незалежных СМІ (у тым ліку ТВ Белсат, Еўрапейскага радыё для Беларусі, Радыё Рацыя і іншых) і недзяржаўных арганізацыяў у Беларусі, якія разьвіваюць дэмакратыю і супрацьстаяць рэжыму; бачыць неабходнасьць актывізаваць і заахвочваць сувязі беларускіх недзяржаўных арганізацыяў зь міжнароднай супольнасьцю; разам з тым заклікае Камісію прыпыніць цяперашняе супрацоўніцтва і адклікаць дапамогу дзяржаўным СМІ ў Беларусі;
10. Заклікае Еўрапейскую Камісію разьвіваць мэханізм рэгістрацыі недзяржаўных арганізацыяў, якім адмоўлена ў рэгістрацыі ў Беларусі з палітычных прычынаў, для таго, каб даць ім магчымасьць карыстацца праграмамі ЕЗ;
11. Заклікае Камісію працягваць і павялічваць фінансавую дапамогу Еўрапейскаму гуманітарнаму універсітэту (ЕГУ), які месьціцца ў Вільні (Літва), павялічыць колькасьць стыпендыяў для беларускіх студэнтаў, рэпрэсаваных за іх грамадзянскую актыўнасьць і выключаных з універсітэтаў і зрабіць унёсак у канферэнцыю донараў “Салідарнасьць зь Беларусьсю”, запланаваную на 2/02/2011 і наступную канферэнцыю ў Вільні 3-4/02/2011;
12. Заклікае Раду, Камісію і Вярхоўную прадстаўніцу ЕЗ неадкладна аднавіць візавыя забароны ў дачыненьні да кіраўнікоў Беларусі і пашырыць іх на дзяржаўных чыноўнікоў, а таксама супрацоўнікаў праваахоўных органаў і сілаў бясьпекі, якія могуць быць адказнымі за парушэньні ў часе галасаваньня і пасьлявыбарчыя жорсткія рэпрэсіі і арышты прадстаўнікоў апазіцыі, а таксама замарозіць іх банкаўскія актывы; зьвяртае ўвагу, што санкцыі павінны заставацца ў сіле як найменей да вызваленьня ўсіх палітычных зьняволеных і поўнага зьняцьця зь іх абвінавачаньняў; вітае добрыя прыклады ўраду Польшчы і парламенту Літвы, якія ўвялі ў дзеяньне візавыя абмежаваньні для прадстаўнікоў рэжыму ў Менску і разам з тым аблегчылі паездкі ў Еўразьвяз для беларускіх грамадзянаў;
13. Заклікае Раду разгледзець магчымасьць прыпыненьня ўдзелу Беларусі ва Ўсходнім партнэрстве на саміце Усходняга партнэрства ў Будапэшце, калі да гэтага ня будзе прымальнага тлумачэньня і значнага паляпшэньня сітуацыі ў Беларусі, пры гэтым прыпыненьне не распаўсюджваецца на няўрадавыя арганізацыі і грамадзянскую супольнасьць;
14. Заклікае Камісію і Раду актывізаваць перамовы ў справе пагадненьня аб рэадмісіі для спрашчэньня візавага рэжыму, у тым ліку і даступных візавых збораў ў мэтах спрашчэньня кантактаў паміж людзьмі;
15. Выказвае спадзяваньне, што краіны-сябры ЕЗ не аслабяць дзеяньні Еўразьвязу двухбаковымі кантактамі зь беларускім рэжымам, што аслабіла б аўтарытэт і эфектыўнасьць еўрапейскай зьнешняй палітыкі;
16. Выказвае меркаваньне, што спартовыя мерапрыемствы, такія як Чэмпіянат Сьвету па хакеі ў 2014, ня могуць праводзіцца ў Беларусі, пакуль у гэтай краіне будуць заставацца палітвязьні;
17. Выказвае шкадаваньне ў сувязі з крокамі Расейскай Федэрацыі, якая прызнала выбары і расцаніла рэпрэсіі як “унутраную справу”, рэкамендуе Еўракамісіі распачаць дыялог, кансультацыі і палітычную каардынацыю з суседзямі Беларусі, якія не ўваходзяць у ЕЗ, але якія традыцыйна маюць асаблівыя дачыненьні з гэтай краінай і адначасна зьяўляюцца партнэрамі ЕЗ – а менавіта, Расеяй і Ўкраінай – каб максімальна павысіць эфектыўнасьць палітыкі ЕЗ у дачыненьні да Беларусі, а таксама супрацоўнічаць у справе належнага ўраўнаважаньня рэакцыі на недахоп дэмакратыі і парушэньні правоў чалавека ў Беларусі зь неабходнасьцю пазьбегнуць яе міжнароднай ізаляцыі.
18. Даручае старшыні накіраваць гэтую рэзалюцыю ў Раду Еўропы, Еўрапейскую Камісію, Вярхоўнаму прадстаўніку, дзяржавам-сябрам ЕЗ, прэзідэнту [ну, вось бачыце, для іх Лу-ка – прэзідэнт, а не ўзурпатар. – Рэд.], парламенту і ўраду Беларусі, Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы і АБСЕ.
–
–
P.S. ад Алеся Астроўскага.
Да ўзгаданага вышэй тэкста, выстаўленага на сайце радыё “Свабода”, я тры разы – у пятніцу, суботу і нядзелю – дасылаў практычна адзін і той жа каментар.
Апошняя версія каментара выглядала так:
“Трэцяя і апошняя спроба даслаць каментар:
—
Як па мне, выказваньне: “calls, … that new elections be held on the free and democratic conditions according to the OSCE standards”, – азначае, што ЕЗ заклікае да таго, каб новыя (наступныя) выбары прайшлі ў свабодных дэмакратычных умовах, у адпаведнасьці са стандартамі АБСЕ.
А гэта ў сваю чаргу азначае, што гаворка ідзе пра звычайныя чарговыя выбары – у палатку ці прэзідэнцкія праз 5 гадоў. І ніякага закліку “тэрмінова правесьці ў Беларусі новыя прэзідэнцкія выбары” ўвогуле няма…
Радыё “Свабода” ўвяла нас у зман.
Ці я памыляюся?” (канец каментара)
Пасьля гэтай (трэцяй спробы) радыё “Свабода” ў нядзелю выставіла другую (суботнюю) версію каментара.
Бачым яшчэ і такі варыянт “свабоды слова” пры “лібералізьме”…
calls, …, that new elections be held on the free and democratic conditions … заклікае … правесці новыя выбары ва ўмовах свабоды і дэмакратыі …
Тут хуччэй патрабаванне новых выбараў замест “старых”.
Заклiкаюць на новых выбараў, але тэрмiн не ўдакладняецца.
Ребят, ну как вы переводите? Они призывают не к новым выборам, а призывают ЧТОБЫ новые выборы были проведены в соответствии… и т.д. т.е. в принципе Редакция правильно дала замечание, что речь идёт о следующих выборах. Двусмысленная формулировка и вообщем кидок.