Падзеі, пра якія ідзе гаворка ніжэй, зьяўляюцца чарговым прыкладам таго, як мала СМІ апавядаюць нам пра найважнейшыя падзеі ў сьвеце. Між тым, у 2008 годзе ў пачатку фінансавага крызісу было павядомлена, што Ісландыя… абанкроцілася (прычым, чаму так сталася, амаль не аналізавалася). Затым гэты кандыдат у сябры Еўразьвязу і ўвогуле “зьнік з глабальных інфармацыйных радараў”… Мы знайшлі цікавую інфармацыю пра далейшыя вельмі павучальныя падзеі ў гэтай краіне й ніжэй інфармуем вас пра іх.
Рэдакцыя.
1.
Першы наш матэрыял узяты адсюль http://via-midgard.info/index.php?newsid=33160.
Вось яго тэкст:
“Па меры таго, як адна за адной еўрапейскія краіны аказваюцца пад пагрозай банкруцтва, апошняе, чаго жадалі б глабальныя банкіры, гэта каб Ісландыя стала прыкладам для іншых.
І вось чаму:
Пяць гадоў чыстага нэаліберальнага рэжыму спачатку зрабілі Ісландыю (насельніцтва 320.000 чалавек, без арміі) адной з самых багатых краін у сьвеце.
У 2003 годзе ўсе банкі краіны былі прыватызаваныя, і ў мэтах прыцягненьня замежных інвестараў яны прапанавалі онлайн- банкінг, а мінімальныя выдаткі дазволілі прапанаваць адносна высокія паказчыкі прыбытковасьці. Рахункі, названыя IceSave, прыцягнулі мноства дробных брытанскіх і галандскіх інвестараў. Але па меры росту інвестыцый рос і зьнешні доўг банкаў. У 2003 годзе доўг Ісландыі быў роўны 200% яе ВНП, а ў 2007 годзе складаў ужо 900%. Сусьветны фінансавы крызіс 2008 года стаў сьмяротным ударам. Тры галоўныя ісландскія банкі – Landbanki, Kapthing і Glitnir – усплылі ўверх брухам і былі нацыяналізаваныя, а крона страціла 85% свайго кошту ў адносінах да еўра. У канцы года Ісландыя абвясьціла банкруцтва…
Насуперак таму, чаго варта было чакаць, у працэсе непасрэднага прымяненьня дэмакратыі крызіс прывёў ісландцаў да аднаўленьня іх сувярэнных правоў, што ў выніку прывяло да новай Канстытуцыі. Але гэтага ўдалося дасягнуць праз боль…
Прэм’ер-міністар сацыял-дэмакратычнага кааліцыйнага ўраду Гейр Хордэ вёў перамовы па прадастаўленьні крэдыту на 2.1 мільярда даляраў, да якога паўночныя краіны дадалі яшчэ 2,5 мільярда. Але міжнародная фінансавая супольнасьць ціснула на Ісландыю з тым, каб яна правяла радыкальныя меры [па перадачы ў чужыя прыватныя рукі ўсяго, што нешта каштуе. – Рэд.]. IMF і МВФ хацелі ўзяць на сябе гэты абавязак, сцьвярджаючы, што для краіны гэта адзіны шлях расплаціцца з Брытаніяй і Галандыяй.
Пратэсты і беспарадкі працягваліся, прымусіўшы ўрад сысьці ў адстаўку. Выбары былі прызначаны на красавік 2009 года, у выніку да ўлады прыйшла левая кааліцыя, якая асудзіла нэаліберальную эканамічную сістэму, але адразу ж здалася патрабаваньням да Ісландыі пагасіць у агульнай суме 3,5 мільярдаў еўра. Гэта патрабавала, каб кожны жыхар Ісландыі штомесяц плаціў 100 еўра на працягу 15 гадоў, каб пагасіць даўгі, панесеныя прыватнымі асобамі ў адносінах да іншых прыватных асобаў. Аднак гэта стала той саломінкай, якая зламала сьпіну вярблюду.
Тое, што здарылася потым, было экстраардынарным.
Меркаваньне, што грамадзяне павінны плаціць за памылкі фінансавай манаполіі, што цэлая краіна павінна быць абкладзеная данінай, каб пагасіць прыватныя даўгі, зьмяніла дачыненьні паміж грамадзянамі й іх палітычнымі інстытутамі. У выніку лідары Ісландыі занялі бок сваіх выбаршчыкаў. Кіраўнік дзяржавы Олафур Рагнар Грымсан адмовіўся ратыфікаваць закон, які зрабіў бы грамадзян Ісландыі адказнымі за даўгі ісландскіх банкіраў, і пагадзіўся склікаць рэферэндум.
Зразумела, “міжнародная супольнасьць” толькі павялічыла ціск на Ісландыю. Брытанія і Галандыя гразіліся суровымі рэпрэсіямі, якія прывядуць да ізаляцыі краіны. Калі ісландцы сабраліся галасаваць, МВФ пагражаў пазбавіць краіну любой сваёй дапамогі. Брытанскі ўрад пагражаў замарозіць зьберажэньні й бягучыя рахункі ісландцаў. Як кажа Грымсан: “Нам казалі, што калі мы не прымем ўмовы “міжнароднай супольнасьці”, то станем паўночнай Кубай. Але, калі б мы пагадзіліся, то сталі б паўночным Гаіці”.
На сакавіцкім рэферэндуме 2010 года 93% удзельнікаў прагаласавалі супраць выплаты даўгоў. МВФ неадкладна замарозіў крэдытаваньне. Але рэвалюцыю (пра якую практычна не пісалі мэйнстрымныя СМІ) было ўжо не запалохаць. Пры падтрымцы разгневаных грамадзян урад ініцыяваў грамадзянскія і крымінальныя рассьледаваньні ў адносінах да асобаў, адказных за фінансавы крызіс. Інтэрпол выдаў міжнародны ордэр на арышт былога прэзідэнта банка Kaupthing, а іншыя банкіры, якія таксама мелі дачыненьне да фінансавага краху краіны, зьбеглі з краіны.
Але ісландцы не спыніліся на дасягнутым: яны вырашылі прыняць новую Канстытуцыю, якая вызваліла б краіну ад улады “міжнародных фінансаў” і віртуальных грошай.
Каб напісаць новую Канстытуцыю, народ Ісландыі выбраў 25 грамадзян зь ліку 522 дарослых людзей, якія не належылі ні да якой палітычнай партыі й якіх рэкамендавалі, як мінімум, 30 грамадзян. Гэты дакумент быў справай рук ня жменькі палітыкаў, а быў напісаны публічна ў інтэрнэце. Устаноўчыя пасяджэньні праводзіліся он-лайн, грамадзяне маглі пісаць свае каментары і ўносіць прапановы, на свае вочы назіраючы, як праект іх Канстытуцыі паступова набывае форму. Канстытуцыя, якая ў канчатковым выніку нарадзілася ў рамках такога народнага ўдзелу, будзе прадстаўлена ў парламент на зацьвярджэньне пасьля наступных выбараў.
Сёньня тыя ж рашэньні прапануюцца іншым народам. Народу Грэцыі кажуць, што прыватызацыя іх дзяржаўнага сектара зьяўляецца адзіным рашэньнем. Тое ж самае пагражае італьянцам, гішпанцам, партугальцам. Хай гэтыя народы паглядзяць на Ісландыю. На іх адмову падпарадкавацца замежным інтарэсам, калі маленечкая краіна гучна і ясна заявіла, што іх народ зьяўляецца сувярэнным!
Вось чаму Ісландыі няма ў навінах”.
–
2.
А цяпер падаем тэкст ключавых месцаў зь відэа пра гэтыя ж падзеі ў Ісландыі, галоўнай апавядальніцай у якім зьяўляецца карэспандэнтка Дар’я Асламава (гл. тут: http://www.youtube.com/watch?v=8zUjmFGbp8g ці тут: http://www.youtube.com/watch?v=iGMIoBwSXNQ)
“Нягледзячы на вецер і зьменлівае надвор’е, ААН у 2007 годзе прызнала Ісландыю самай лепшай для жыцьця краінай. А ўжо ў 2008 годзе (!) краіну спасьцігла найвялікшая ў маштабах дзяржавы эканамічная катастрофа.
Фінансавы крызіс і банкіры давялі краіну амаль да поўнага разарэньня.
Аднак насуперак прагнозам ісладцы – нашчадкі вікінгаў й ірландцаў – выжылі. Яны дружна адмовіліся выплачваць даўгі збанкрутаваных [прыватных] банкаў.
Як жыве цяпер гэты маленькі, але дружны народ, які кінуў выклік цэламу сьвету? Што трэба зрабіць, каб у краіне пачаў эрупцыю вулкан дэмакратыі? І чаму Ісландыі няма ў сусьветных навінах?
Ісландыя – астраўная паўночная краіна, якая знаходзіцца паміж Амерыкай і Еўропай. Там ёсьць леднікі, вулканы, гейзеры, акіян, вецер, а насельніцтва менш, [чым у Гародні].
Ісландцы разбагацелі на рыбе. У іх вялікая рыбная зона. [На жаль] ісладцы забіваюць і прадаюць нават кітоў. Ісландлыя пастаўляе на сусьветны рынак каля 1,3 млн. тон высокаякаснай рыбы. Таксама ў ісландцаў ёсьць геатэрмальная энэргія і танная электрычнасьць.
Але ў 2008 годзе адбылася эканамічная катастрофа…
Справа вось у чым. У іх ніколі не было прыватных банкаў, а тут яны вырашылі прыватызаваць усе тры нацыянальныя банкі. Пасьля прыватызацыі гэтыя банкі зладзілі гульню, якая звалася “інтэрнэт-банкінг”, і зь ёй выйшлі на еўрапейскі рынак: кожны чалавек празь сеціва мог пакласьці ў гэтыя ісландскія банкі свае грошы (са сваёй электроннай карткі) і затым атрымліваць самыя высокія ў сьвеце адсоткі (5%). Асабліва на гэта паддаліся брытанцы і галандцы. У гэтую фінансавую пастку трапіў нават Скотлад Ярд, мэрыі буйных еўрапейскіх гарадоў. Па сутнасьці, гэта была вядомая расеянам піраміда МММ, толькі ў маштабах трох ісландскіх банкаў. Апошнія на сваіх рахунках сабралі 12 ВУП краіны (!), зь якімі ня ведалі, што рабіць.
Пры гэтым Ісландыя пазіцыянавала сябе скандынаўскай пратэстанцкай краінай з адпаведнай надзейнай рэпутацыяй, якая ніколі ня мела ніякіх банкроцтваў. На гэта многія таксама клюнулі…
Аднак, калі паваліўся [амерыканскі банк] Лехман Бразэз, усё пайшло па ланцужку ў крызіс – і ў ісландскіх банкаў не хапіла ліквіднасьці. Абрынуліся ўсе тры банкі, бо задаўжалі каля 5 млрд. еўра (што вельмі шмат для Ісландыі). Далей Брытанія і Нідэрланлы выплацілі сваім грамадзянам, якія былі ўкладчыкамі гэтых ісландскіх банкаў, кампенсацыі й… прад’явілі адпаведныя рахунакі Ісландыі [як дзяржаве] на суму амаль 5 мрлд. еўра. Плюс 5% гадавых. Атрымалася каля 8 млрд. еўра, якія ўся Ісландыя разам – як краіна – павінна была выплаціць гэтым еўрапейскім краінам.
Калі ісландцы падлічылі, атрымалася, што кожны жыхар краіны мусіць выплачваць 15 гадоў па 100 еўра штомесяц. Уся краіна мусіла “стаць на лічыльнік”. Усё суправаджалася пагрозамі: “калі вы гэтага ня зробіце, мы пераўтворым вас у краіну-ізгоя, краіну-тэрарыста”.
Але ісландцы вельмі прагматычная, сквапная і ўпартая нацыя. Пры гэтым сітуацыя была такая: нейкі прыватны банк [хаця і тваёй краіны] абанкроціўся, а рахунак за яго (100 еўра ў месяц на 15 гадоў) я прад’яўляю табе, хаця ты ніякага дачыненьня да гэтага банка ня маеш.
Што зрабіў народ? Ён выйшай на вуліцы.
Ісландцы вельмі хутка па-сямейнаму арганізаваліся і 5 месяцаў стаялі з пустымі патэльнямі й рондалямі каля парламента, пакуль цалкам не разагналі ўрад краіны.
Пасьля правялі рэферэндум, дзе задалі адно простае пытаньне нацыі: ці будзем мы плаціць?
І 95% насельніцтва сказала – не!
Далей пачаўся дурдом [міжнародны], таму што такая ж сітуацыя ў многіх еўрапейскіх краінах.
Што такое Грэцыя? Гэта – даўгі. А грэцкая прыбіральшчыца даўгоў ня брала. Хто браў? Браў урад, які ў прыбіральшчыцы не пытаўся, ці хоча яна браць грошы.
На гэтым фоне Ісландыя паказвала “кепскі прыклад” [еўрапейцам], бо ў іншых краінах была прынятая дактрына (фактычна глабальная):
а) мы ратуем банкі;
б) і хай грамадства за гэта плаціць.
Тлумачылася гэтае [злачынства. – Рэд.] тым, што “банкі нельга не ратаваць, бо далей абваліцца ўся фінансавая сістэма”. Таму павінны заплаціць… падаткаплатнікі. Для гэтага ж, напрыклад, “амерыканцы” надрукавалі 16 трыльёнаў даляраў і раздалі банкам, каб іх ратаваць. Тое самае зрабіў Еўразьвяз – яны друкавалі грошы і раздавалі іх банкам. А гэта фактычна азначае, што залазілі ў кішэню звычайнага падаткаплатніка.
Атрымліваецца, банкі сьпекулявалі, зараблялі, дазвалялі сабе будаваць фінансавыя піраміды, а плаціць за гэта прымусілі грамадства. Гэта было, па-першае, памылкова з пазіцыі эканомікі, а, па-другое, амаральна! [усё што амаральна – памылкова; хаця гэта бывае бачна не адразу. – Рэд.] Атрымліваецца, прыватны прыбытак – банкам, а страты – на ўсіх.
У гэтым сэнсе Ісландыя стала першай краінай, якая сказала: не, хлопцы. Так справа ня пойдзе! І гэта быў каласальны выклік для ўсяго “іншага сьвету”.
Таму ісландцаў аб’явілі нацыяй тэрарыстаў, піратаў-вікінгаў. Вялікабрытанія ўнесла Ісландыю ў адзін сьпіс з ХАМАСам. Ім заблакавалі ўсе крэдыты. На 5 месяцаў была выключана ўся банкаўская сістэма краіны – яны не маглі ні плаціць, ні атрымліваць грошы. Гэта для астраўной краіны было вельмі балюча. Ісландцаў абражалі. Але гэта ня дзейнічала.
Калі ісландцы правялі другі рэферэндум і зноў адмовіліся выплачваць даўгі, тады іх падверглі інфармацыйнаму эмбарга, каб яны не падавалі “кепскі прыклад іншым народам Еўропы”. Бо калі ўсе іншыя еўрапейскія краіны адмовяцца плаціць сьпекулятыўныя даўгі банкаў, дзе былі ўсе гэтыя раздутыя адсоткі на адсоткі, то гэта будзе вялікай пагрозай для банкіраў! Банкі ж жывуць за кош гэтых сьпекуляцый. І паколькі банкіры сёньня “валодаюць сьветам”, то Ісландыю проста прыбралі з сусьветных навін.
Ісландцы выбралі просты прынцып: ратаваць трэба сваіх! Хай банкі паваляцца, але мы выратуем толькі сваіх ісландскіх укладчыкаў. Пры гэтым яны не закранулі сацыяльную сьферу.
Калі ў Еўропе дазволілі выжыць банкам і пачалі рэзаць сацыялку – рэзаць пенсіі, заробкі бюджэтнікаў і г.д. – то Ісландыя гэтым шляхам не пайшла. Яны зрабілі тое, што ім “ня раілі рабіць” – “кінулі” банкі на даўгі, дэвальвавалі ўласную крону. Але за кошт гэтага яны вельмі хутка ачунялі – выплацілі даўгі й пачалі расьці. Гэта адзіная краіна, якая пасьля падзеньня пачала дэманстраваць хуткі рост.
Акрамя таго, ісландцы ўвялі прынцып, што банкаўская накрутка па іпатэцы [на пакупку дома] ня можа быць большай за 110% ад кошту дома – яны проста абрэзалі ўсе банкаўскія накруткі. Яны актыўна ратавалі сябе, калі ўсе іх абзывалі жулікамі.
Ісландыя перад усім сьветам паставіла пытаньне што да закона “Брэчэф траст” [сказана было невыразна. – Рэд.], які датычыць злоўжываньня даверам. У час, калі Брытанія, Галандыя цягаюць [прадстаўнікоў ураду Ісландыі] па судах, яны паставілі пытаньне пра тое, ці можа дзяржава злоўжываць даверам сваіх грамадзян. [Ці наадварот:] у якой ступені я адказваю за сваю краіну? За бюракратыю, карупцыю, памылкі ўраду сваёй краіны.
На прыкладзе Грэцыі гэта азначае: я ўскладаю на цябе пэўныя фінансавыя абавязкі, але пра гэта я цябе нават не інфармую. І калі я [як дзяржава ці інстытут дзяржавы] разарыўся, дык прыходзяць да цябе, як да майго закладніка, але ты пра гэта нават ня ведаеш. У гэтым сутнасьць закона злоўжываньня даверам. Прыватныя банкі, якія панабіралі даўгоў, але потым пакінулі ісландскіх падаткаплатнікаў аплачваць іх даўгі – гэта і ёсьць злоўжываньне даверам. Яны ж не інфармавалі падаткаплатнікаў пра тое, што яны павесяць на іх даўгі. У той жа Грэцыі ўрад не інфармаваў грамадзян, што “мы бярэм грошы пад шалёныя адсоткі, накручваем даўгі”. І грамадзяне не давалі на гэта сваю згоду.
Таму й ісланды заявілі: калі мы, як грамадзяне, не давалі згоду на тое, каб дзяржава ад нашага імя брала пазыку, ці банк браў пазыку, я за гэты доўг тады не адказваю!
Менавіта гэта ўскалыхнула ўсю сусьветную сістэму заёму і адказнасьці, даўжніка і крэдытора.
Усе суды пакуль ідуць. Яны не закончыліся, яны ў разгары. Ідуць у еўрапейскіх судах. [ісландцаў] імкнуцца паставіць на калені. Але сітуацыя для ісландцаў настолькі ўжо добрая, што яны, не скарачаючы сацыялку, маюць ужо ў банках грошы, каб выплаціць [нават гэты] “доўг” і пры гэтым не залазіць у кішэню падаткаплатніка.
Ісландыя – адзіная еўрапейская краіна, якая вылезла з гэтай сітуацыі. А ўсе чакалі, што яна “памрэ” першай, што Ісландыя – “краіна-нябожчык”, што “ёй ніколі не вылезьці з даўгавой яміны”. Многія лічылі, што Ісландыі давядзецца ўсё прыватызаваць і ўсё… распрадаваць! Маўляў, давядзецца прадаваць геатэрмальную энэргію, прадаваць квоты на рыбу – усё [вось для чаго зыходна ўся гэтая афёра зь Ісландыяй і рабілася! – Рэд.]. А Ісландыя аказалася жывей за ўсіх жывых і першай, хто выкараскаўся з гэтага крызісу.
Пры гэтым Ісландыя ўваходзіць у Еўрапейскую асацыяцыю свабоднага гандлю (але не зьяўляецца сябрам ЕЗ), Паўночную Раду і г.д. Адначасна яны робяць выгляд, што ірвуцца ў Еўразьвяз, карыстаючыся зонай свабоднага гандлю, але на справе ў ЕЗ… не ўступаюць [! – Рэд.], бо, калі яны ўступяць у ЕЗ, ім давядзецца адчыніць свае рыбныя запасы для іншых краін. Гэта іх не задавальняе. Таму яны нібы хочуць у ЕЗ, але… увесь час не гатовыя [ўступіць у яго].
Ісландыя і сёньня ў інфармацыйнай блакадзе, яна дасёньня адсутнічае ў сусьветных СМІ. Толькі вось у 2010 годзе [якраз, калі быў забіты Качыньскі] ім вельмі дапамог іхны вулкан, які прарваў інфармацыйную блакаду. Туды хлынуў мільён турыстаў. Ісландцы зноў пачалі зарабляць на турыстах, на рыбе і падняліся.
Ісландцы прагматычныя, сьмелыя, па-свойму сквапныя, адначасна вясёлыя, умеюць працаваць і гуляць, вядуць строга рэгламентаванае жыцьцё, адаптаваныя да суворага клімату, вялікія пахвалькі, зазнайкі, самаўпэўненыя, адкрытыя і адукаваныя (многія добра ведаюць англійскую мову), але размаўляюць на сваёй мове, якую высока цэняць і якую ніхто іншы не разумее. Маюць свае старажытныя сагі [якімі ганарацца], а таксама шмат паэтаў, мастакоў ды іншых творчых людзей. У цэлым краіна даволі ліберальная (як вынік апошняга, у краіне шмат адзінокіх маці).
Адзін зь вядомых эканамістаў – лаўрэат Нобелеўскай прэміі – назваў [пасьлякрызісную] сітуацыю ў Ісландыі трыюмфам!
–
Дадаткова, каб іх не падманулі другі раз, ісландцы вырашылі напісаць “самую прагрэсіўную Канстытуцыю ў гісторыі чалавецтва” – вырашылі, “паколькі ўсе палітыкі прадажныя” [гэта, вядома, ня так; ня ўсе палітыкі прадажныя. – Рэд.], то пісаць Канстытуцыю мусяць простыя людзі й павінны напісаць сумленна.
З дапамогай кампутара яны выпадковым чынам абралі 1000 чалавек, якія склалі Нацыянальную асамблею. Пачалі думаць, што мы хочам, каб было ў Канстытуцыі. З дапамогай сеціва ў гэтым працэсе ўдзельнічала ўся краіна.
Праз пэўны час – месяц-два – запыталіся: хто жадае пісаць Канстытуцыю. Вызвалася 522 чалавекі. Зь іх выбралі ўжо 25, якія за зарплату пісалі Канстытуцыю краіны (тыя павінны былі прынесьці папярэдне па 30 подпісаў грамадзян). Там былі паэты, філосафы, хатнія гаспадыні, эканаміст. Прынцып быў адзін: усе гэтыя людзі павінны быць непартыйнымі, не палітыкамі, бо палітыка – “гэта бруд” [палітыка, вядома, ня бруд; іншая справа, што большасьць рэальных палітыкаў сапраўды асобы амаральныя, а то і злачынныя. – Рэд.]. Так 4 месяцы яны пісалі Канстытуцыю, атрымліваючы заробак парламентароў.
Цяпер праект завяршыўся. Яго надрукавалі. Канстытуцыя павінна быць зацьверджана Парламентам Ісландыі ўвесну.
У Канстытуцыі ісландцы запісалі, што:
– усе нацыянальныя рэсурсы [уключна з рыбай] належаць народу;
– нельга галасаваць за партыі – трэба галасаваць за канкрэтнага чалавека зь яго праграмай;
– ніхто ня можа купляць нацыянальныя рэсурсы (замежныя кампаніі ня могуць выйсьці на ісландскі рынак, каб купіць зямлю, рыбу, энэргію, заводы для выпрацоўкі алюмінія) [!!! – Рэд.];
– яны ўвялі правы жывёл на годнае існаваньне;
– пацьвердзілі дзяржаўны статус [ісландскай лютэранскай] царквы (гэта адзіная такая еўрапейская краіна, хаця ўся Еўропа была супраць).
Ісландцы сваёй Канстытуцыяй спрабуюць перавярнуць сьвет, зрабіць яго [больш] сацыялістычным [на справе, больш нацыяналістычна-дэмакратычным. – Рэд.].
Праўда, раней сярэдні клас атрымліваў заробкі каля 6.000 еўра, цяпер пасьціплей – 3000-4000 еўра. Вялікія падаткі ідуць на бясплатную медыцыну. Больш дакладна так: усіх цяжкіх хворых лечыць дзяржава.
У Ісландыі самае нізкае беспрацоўе – 1-5% (напрыклад, у Гішпаніі, Грэцыі – 25%, у моладзі ў ЕЗ – 50%).
Рэзкага сацыяльнага расслаеньня ў Ісландыі ня бачна. Прэм’ер ходзіць на працу праз горад без аховы. Прэзідэнт – без аховы. Адкрыта ў тэлефоннай кнізе ёсьць усе хатнія тэлефоны ўсіх мінстраў. Кожнаму можна патэлефанаваць. Ісландцы ўвесь час падкрэсьліваюць: палітыкі – гэта наёмныя слугі! Мы – падаткаплатнікі – ім плацім зарплату, і яны пра гэта ніколі не павінны забываць.
У цэлым Ісландыя – хутарская краіна зь сялянскім менталітэтам. Краіна, якая прыцягвае…”
(канец выступу Дар’і Асланавай).
–
3.
Ад рэдакцыі:
Нас уразілі найперш два моманты:
1. Як ісландцы хутка перамаглі штучна створаны “пэўнымі фінансістамі” эканамічны крызіс. Бачна, што яны зрабілі гэта, дзякуючы найперш рацыянальнаму падыходу, дзе ключавым было пытаньне пра справядлівасьць, і дзякуючы нацыянальнаму адзінству.
2. Што некаторыя палажэньні будучай Канстытуцыі гэтай краіны, напісанай яе грамадзянамі, літаральна сьпісаныя зь некаторых прынцыпаў Беларускай дактрыны, якую мы складаем на нашым сайце.
Ну, і, вядома, тое, што народ зь 300.000 жыхароў і блізка не зьбіраецца адмаўляцца ад сваёй нацыянальнай мовы…
–
Калісьці й у нас – беларусаў-літвінаў – будзе ня горш!
Усяго лепшага сябры.
Хацелася б верыць у шчаслівы канец гэтай – не крыўдуйце – казкі, але людзі “на месцах”, менавіта тыя людзі, што рабілі рэвалюцыю знізу, ацэньваюць вынікі змагання і далейшую перспектыву іначай. Напрыклад, Біргітта Йонсдоццір, дзеючая перламентарка ад Пірацкай партыі, яшчэ ў ліпені ў сваім блогу напісала наступнае: “We had election April 27th this year … The newly elected government is very different from the last government that was elected in the wake of the financial collapse. This new government intentions is TO BRING US BACK TO THE SAME FORM OF GOVERNING as we had before and lead us to the 3rd largest financial collapse in the history of the world. NON[E] OF THE WISDOM NOR THE ATTEMPTS FOR DEMOCRATIC REFORM and more open society we gained just after the collapse WILL STICK UNDER THE REIGN OF THIS NEW GOVERNING.” (http://joyb.blogspot.com/2013/07/snowden-will-not-get-citizenship-in.html) … Каб разумець чаму так адбываецца і што гэта за [культурныя і інстытуцыйныя] перашкоды, які нават ісландцы, абапіраючыся на народную канстытуцыю, не пакуль не адолелі, паважанай рэдакцыі патрэбна: (і) часцей звяртацца да першакрыніцаў, абмінасць расійскіх пасярэднікаў, (іі) кінуць ігнараваць “матчастку” (прыклад: пішаце пра валтузню вакол цэнтрабанка Вугоршчыны, напішыце чаму менавіта вакол яго, а не, напрыклад, падатковай службы). з павагай, дабразычлівец.
Дабразычлівец Аляксандр.
1) Усё, што вы пішаце (што да недастатковай глыбіні некаторых нашых матэрыялаў), мы прымаем.
2) Недахопы нашай працы абумоўлены ГАЛОЎНЫМ ЧЫНАМ ТЫМ, што ўсе сябры рэдакцыі (2-2,5 чалавекі вось ужо 7 гадоў) – аматары ідэалагічнай журналістыкі, якія працуюць на добраахвотных пачатках, за ўласныя сродкі й у свабодны ад асноўнай працы час.
3) Ніякіх сродкаў, акрамя беларускіх, каб узьняць узровень працы сайта мы і не шукаем. Каб нікому не служыць, акрамя праўды і аб’ектыўных інтарэсаў беларускага народу. Г.зн., што істотных дадатковых сродкаў у нас пакуль практычна няма, а праблемы, якія мы ВЫМУШАНЫ ЎЗЬНІМАЦЬ, амаль не абдымныя.
4) Адсюль ёсьць толькі адно выйсьце:
Напрыклад, вы бярэце нейкую тэму, распрацоўваеце і дасылаеце нам (можна ў выглядзе каментара да любога апошняга матэрыяла; можна зьвязацца праз каментаваньне, каб мы маглі даслаць наш мэйл), а мы тут надаем яму адпаведную форму і выстаўляем. Чым глыбей матэрыял будзе тлумачыць САПРАЎДНЫЯ ПАДЗЕІ Ў СЬВЕЦЕ, тым лепш! Узнагарода – у выглядзе вашай бясплатнай самарэалізацыі ў слушнай справе…
Пункты (2)-(3) самавідавочныя, яны якраз і ёсць кантэкстам для маіх каментароў (учорашні – далёка не першы). Тое што раз-пораз, я спрабую ўказаць на “недастатаковую глыбіню” матэрыялаў з’яўляецца не мэтай, а сродкам. Мэта – справакаваць “Рэдакцыю” на крытычную самарэфлексію. Навошта? На мой погляд, “Рэдакцыя” час ад часу трапляе ў дзве небяспечныя пасткі, у якіх і без вас сядзіць процьма праўдашукальнікаў: (і) крытыка гульцоў, замест махлярскіх правілаў гульні … калі гаворка ўсё ж нейкім бокам закранае правілы адбываецца (іі) фіксацыя на неістотных для вынікаў гульні правілах, замест фіксацыі на падставовых … Нажаль, выглядае схема “распрацоўвайце і дасылаеце нам” не працуе. Бо дагэтуль не бачу аніякай рэакцыі на спасылкі, якімі дзяліўся (адзін з апошніх прыкладаў – http://ctrl-f-ekanomika.info/post.php?postId=23). Нешта шкодзіць нашай камунікацыі. На ідэйным узроўні?
1) “Брэчэф траст” = breach of trust – Violation (either through fraud or negligence) by a trustee of a duty that equity requires of him. [WordWeb.info]
2) [гэта, вядома, ня так; ня ўсе палітыкі прадажныя. – Рэд.] – Усе палітыкі прадажныя. У гэтым уся сутнасць палітыкі. Палітыкі асобы амаральныя і злачынныя менавіта таму, што іншых туды не падпускаюць нават блізка – не будзе як іх кантраляваць. Амаральнасць і злачыннасць – умова і крытэр допуску у палітыку.
3) Ісландыя — адзіная еўрапейская краіна, якая вылезла з гэтай сітуацыі. – Вылезла куды?
http://wlww.ru/islandyya-kraine-dalosya-znajsci-srodki-na/
http://www.city-data.com/forum/economics/455897-financial-crisis-iceland-gets-4bn-russian.html
http://news.bbc.co.uk/2/hi/business/7720614.stm
http://open.salon.com/blog/natalie_barratt/2008/10/07/russia_just_bought_icelandand_heres_why
P.S.
А расейскіх пасярэднікаў у вас тут сапраўды нешта ці то шмат, ці то зашмат.