nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Гэта ўжо было

6 сакавіка, 2014 | 6 каментарыяў

Зубаў

 

Мы працягваем вышукваць у Расеі прыстойных рускіх людзей, зь якімі можна, з нагоды, спрабаваць размаўляць. Агрэсія расейскай імперыі на Ўкраіну несумніўна спрыяе выяўленьню такіх людзей (у сітуацыі маштабнага і відавочнага злачынства прыстойныя людзі павінны голасна абурацца…). Ніжэй падаем артыкул доктара гістарычных навук, прафесара Маскоўскага дзяржаўнага інстытута міжнародных адносін (МДІМА) – адной з самых прэстыжных ВНУ Расеі – Андрэя Зубава (гл. фота). Што адбылося пасьля яго абнародаваньня, мы паінфармуем пазьней (тэкст узяты адсюль: http://www.vedomosti.ru/opinion/news/23467291/andrej-zubov-eto-uzhe-bylo).

 

“Сябры. Мы на парозе. Але не ўключэньня новага суб’екта ў склад РФ, а на парозе поўнага разбурэньня сістэмы міжнародных дамоваў, эканамічнага хаосу і палітычнай дыктатуры. Мы на мяжы вайны з нашым бліжэйшым, роднасным народам Украіны, рэзкага пагаршэньня адносін зь Еўропай і Амерыкай, на парозе халоднай, а, магчыма, і гарачай вайны зь імі.

Усё гэта ўжо было.

Аўстрыя. Пачатак сакавіка 1938 года. Нацысты жадаюць акругліць свой ​​Рэйх за кошт іншай нямецкай дзяржавы. Народ ня вельмі прагне гэтага – ніхто іх не ўціскае, ніхто не дыскрымінуе. Але ідэя вялікай Германіі кружыць галаву радыкалам – мясцовым нацы. Каб паставіць кропку ў спрэчцы пра лёс Аўстрыі, яе канцлер Курт Алоіс фон Шушніг аб’яўляе на 13 сакавіка плебісцыт. Але нацы і ў Берліне, і ў Вене гэта не задавальняе. А раптам народ выкажацца супраць аншлюсу? Канцлера Шушніга прымушаюць падаць у адстаўку 10 сакавіка, на яго месца прэзідэнт прызначае лідара мясцовых нацыстаў Артура Зейс-Інкварта, а германскія дывізіі тым часам ужо ўваходзяць у аўстрыйскія гарады па запрашэньні новага канцлера, пра якае ён сам даведаўся з газет. Аўстрыйскія войскі капітулююць. Народ альбо захоплена сустракае гітлераўцаў, або ў раздражненьні адседжваецца па дамах, або бяжыць у Швайцарыю. Кардынал Аўстрыі Інітцэр вітае і дабраслаўляе аншлюс…

З 13 сакавіка пачаліся арышты. Канцлер Шушніг арыштаваны яшчэ напярэдадні. Плебісцыт правялі 10 красавіка. У Нямеччыне за аб’яднаньне з Аўстрыяй прагаласавалі 99,08%, у самой Аўстрыі, якая стала Остмарк Германскай імперыі – 99,75%. 1 кастрычніцка 1938 года таксама былі ўзьяднаныя зь “адзінакрэўнай Нямеччынай” чэшскія Судэты, 22 сакавіка 1939 г. – літоўская вобласць Клайпеды, якая ператварылася ў адзін дзень у нямецкі Мемель. Ва ўсіх гэтых землях сапраўды жылі ў большасьці немцы, паўсюль многія зь іх сапраўды хацелі злучыцца з гітлераўскім рэйхам. Паўсюль гэта ўзьяднаньне прайшло пад фанфары і крыкі радасьці звар’яцелага ў шавіністычным угары натоўпу. І пры папушчальніцтве Захаду…

«Мы не павінны падманваць, а тым больш абнадзейваць малыя слабыя дзяржавы, абяцаючы ім абарону з боку Лігі Нацый і адпаведныя крокі з нашага боку, – казаў Нэвіл Чэмберлен ў брытанскім парламенце 22 лютага 1938 г., – паколькі мы ведаем, што нічога падобнага нельга будзе зрабіць».

І зусім іншае казаў Адольф Гітлер 23 сакавіка 1939 года з балкона на Тэатральнай плошчы толькі што далучанага Мемеля. За дзьве гадзіны да таго ён тэатральна ўплыў на борце найноўшага лінкора «Германія» у Мемельской порт. «…Немцы не зьбіраюцца нікому ў сьвеце рабіць нічога дрэннага, але трэба было спыніць пакуты, якім на працягу 20 гадоў падвяргаліся немцы з боку цэлага сьвету… Мемельскіх немцаў Германія аднойчы ўжо кінула на волю лёсу, калі зьмірылася з ганьбай і зьняслаўем. Сёньня мемельскія немцы… зноў становяцца грамадзянамі магутнага Рэйху, рашуча настроенага ўзяць у свае рукі свой ​​лёс, нават калі гэта не падабаецца палове сьвету».

І ўсё здавалася такім прамяністым. Слава Гітлера зьзяла ў зеніце, перад Вялікай Германіяй трапятаў сьвет. Далучэньне абласьцей і краін да Рэйху без адзінага стрэлу, без адзінай кроплі крыві – хіба фюрар не геніяльны палітык?

А праз 6 гадоў Нямеччына была павалена, мільёны яе сыноў забітыя, мільёны яе дачок зьняважаныя, яе гарады сьцёртыя з твару зямлі, яе культурныя каштоўнасьці, якія назапашваліся стагоддзямі, ператварыліся ў пыл. Ад Нямеччыны былі адабраны 2/5 тэрыторыі, а рэшта падзелена на зоны і ўключана ў склад дзяржаў-пераможцаў. І ганьба, ганьба, ганьба пакрыла галовы немцаў.

А ўсё пачыналася так прамяніста!

Сябры! Гісторыя паўтараецца. У Крыме сапраўды жывуць рускія. Але хіба хто-небудзь уціскаў іх там, хіба там яны былі людзьмі другога гатунку, без права на мову, на праваслаўную веру? Ад каго іх трэба абараняць салдатам расейскай арміі? Хто нападаў на іх? Увод войскаў замежнай дзяржавы на тэрыторыю іншай дзяржавы без яе дазволу – гэта агрэсія. Захоп парламенту асобамі ва ўніформе без апазнавальных знакаў – гэта сваволя. Прыняцьце якіх-небудзь рашэньняў парламентам Крыма ў такіх абставінах – фарс. Спачатку парламент захапілі, прэм’ера зьмянілі на прарасейскага, а потым гэты новы прэм’ер папрасіў у Расеі дапамогі, калі памочнікі ўжо тут, ужо дзень як кантралююць паўвостраў. Гэта як дзьве кроплі вады падобна на аншлюс 1938 г. І нават рэферэндум-плебісцыт празь месяц пад дружалюбнымі штыкамі. Там – 10 красавіка, тут – 30 сакавіка [адбылося ўжо трэцяе прызначэньне даты – на 16 сакавіка! – Рэд.].

Ці пралічыла расейская ўлада ўсе рызыкі гэтай неверагоднай авантуры? Упэўнены, што не. Як і Адольф Алаізавіч у свой час не пралічыў. Пралічыў бы – не кідаўся бы па бункеры ў красавіку 1945-га пад рускімі бомбамі, ня еў бы ампулу з атрутай.

А калі Захад паступіць не як Чэмберлен зь Деладье ў 1938-м, а ўвядзе поўнае эмбарга на закупкі расейскіх энэрганосьбітаў і замарозіць расейскія авуары ў сваіх банках? Расейская эканоміка, якая і так аганізуе, абрынецца ў тры месяцы. І тады пачнецца смута тут, у параўнаньні зь якой Майдан падасца райскім садам.

А калі крымскія татары (якія катэгарычна супраць рускай улады, якія памятаюць, што гэтая ўлада зрабіла зь імі ў 1944 г. і як не пускала назад да 1988-га) зьвернуцца за абаронай сваіх інтарэсаў да адзінавернай і адзінакроўнай Турцыі? Бо Турцыя не за трыма марамі, а на іншым беразе таго ж Чорнага мора. І Крымам яна валодала даўжэй, чым Расея – чатыры стагоддзі валодала. Туркі – ня чэмберлен і не дэладье: яны ў ліпені 1974 г., абараняючы сваіх супляменьнікаў, акупавалі 40% тэрыторыі Кіпра і, ігнаруючы ўсе пратэсты, да гэтага часу падтрымліваюць так званую Турэцкую Рэспубліку Паўночнага Кіпра, якую ніхто не прызнае, акрамя іх.

Можа быць, камусьці хочацца мець Турэцкую Рэспубліку Паўднёвага Крыма? А калі гарачыя галовы з крымскіх татараў падымуцца на барацьбу, то мусульманскія радыкалы з усяго сьвету з радасьцю далучацца да іх, асабліва з Паўночнага Каўказу і Паволжа. Ці не прынясем мы буру з крымскіх спустошаных курортаў у наш расейскі дом? Што нам – сваіх тэрактаў мала?

І нарэшце, набыўшы Крым, які будзе разьдзірацца ўнутранымі сваркамі, мы назаўжды страцім народ Украіны – украінцы не даруюць рускім гэтай здрады ніколі…

Што, думаеце, ня будзе? Што гэта ўжо занадта? Перамелецца – мука будзе? Не спадзявайцеся, дарагія рускія шавіністы. У канцы XIX стагоддзя сербы і харваты лічылі сябе адным народам, толькі падзеленым межамі, канфесіямі й графікай алфавіту. Яны імкнуліся да адзінства. Колькі кніг было пра гэта напісана імі тады – разумных, добрых кніг. А цяпер мала знойдзецца народаў, гэтак пакрыўджаных адзін на аднаго, як сербы і харваты. Колькі крыві пралілося паміж імі, а ўсё за нейкія кавалачкі зямлі, нейкія мястэчкі й далінкі, у якіх яны маглі б жыць разам багата і радасна. Маглі б, ды вось ня здолелі. Сквапнасьць да брацкай зямлі з братоў зрабіла ворагаў. А ў паўсядзённым жыцьці хіба так не бывае? Ці варта губляць братэрскі народ назаўсёды з-за прывідных хаценьняў?

Ды і раскол Рускай царквы тады ўжо непазьбежны. Яе ўкраінская палова адколецца ад маскоўскай назаўжды.

Але яшчэ больш жахлівай паразай абернецца посьпех Крамля ў далучэньні Крыма. Калі ўсё лёгка атрымаецца, то заўтра ў Расею папросяцца населеныя рускімі вобласьці Казахстана, там, глянь, і Паўднёвая Асеція з Абхазіяй, і Паўночная Кіргізія. За Аўстрыяй рушылі ўсьлед Судэты, за Судэтамі – Мемель, за Мемелем – Польшча, за Польшчай – Францыя, за Францыяй – Расея. Усё пачыналася з малога…

Сябры! Нам трэба апамятацца і спыніцца. Нашы палітыкі ўцягваюць наш народ у страшную, жахлівую авантуру. Гістарычны досьвед кажа, што нічога не абыдзецца так. Мы не павінны весьціся, як павяліся ў свой час немцы на абяцанкі Гебельса і Гітлера. Дзеля міру ў нашай краіне, дзеля яе сапраўднага адраджэньня, дзеля міру і сапраўднай дружалюбнасьці на прасторах Расеі гістарычнай, падзеленай цяпер на многія дзяржавыскажам “не” гэтай вар’яцкай і, галоўнае, зусім непатрэбнай агрэсіі.

Мы страцілі столькі жыцьцяў у ХХ стагоддзі, што адзіна верным нашым прынцыпам павінен быць прынцып, абвешчаны вялікім Салжаніцыным: захаваньне народу. Захаваньне народу, а не зьбіраньне земляў!

Зямлі зьбіраюцца толькі крывёю і сьлязьмі.

Ні крыві, ні сьлёз нам больш ня трэба!”

(канец закліку-выступу Зубава).

Гэты артыкул быў абнародаваны 1 сакавіка. А далей падзеі разгортваліся так:

– Андрэй Зубаў быў тэрмінова звольнены рэктарам са свайго МДІМА;

– аднак хутка ў яго падтрымку было сабрана больш за сотню подпісаў пад Адкрытым лістом выкладчыкаў розных ВНУ Расеі з пратэстам супраць гэтага рашэньня рэктара (http://unisolidarity.ru/?p=1869);

– цяпер рэктар МДІМА апраўдваецца, што ён не звальняў Зубава…

 

6 каментарыяў

  1. Litvarus кажа:

    Пара назаўсёды развітацца з паліт-эканоміяй К. Маркса, маўляў, краіны і народы змагаюцца паміж сабой за землі, за свой лепшый палітычный лад. Цяпер будуць змагацца за мову, якая павінна гучыць на вуліцах, за партрэты паэтаў і пісьменнікаў пад якімі будуць учыцца дзеці і т.п. Зыходзячы з гэтага, я увесь час пішу, што пакуль наш народ не гаварыць на сваёй мове, а ў школьных калідорах увесь час бычыць партрэты “пушкіных”, “лермантавых” гэты народ ніколі не падымецца з каленяў. Зараз нашу краіну захапіць Маскве лягчэй чым Крым, таму што мы спрэс русіфікаваны. Шчыра кажучы, мне імкненне Рэдакцыі выратаваць репутацыю рускага народа, ужо становіцца незразумелым. Канешне сярод рускіх шмат прыстойных і разумных людзей, але яны не робяць “надворье” ў сваёй краіне. І так было заўсёды. І не бачна каб у ей нешта зменялася.

  2. Licvin кажа:

    Падзеі на Ўкраіне на цяперашні момант мяне вельмі моцна здзіўляюць і бянтэжаць. Я не думаю, што Андрэй Зубаў разумней Пуціна, але чаму тады расейскі прэзідэнт рушыць у гістарычна небяспечную пастку?
    ”Сябры! Нам трэба апамятацца і спыніцца. Нашы палітыкі ўцягваюць наш народ у страшную, жахлівую авантуру.”
    А можа так і задумана і запланавана?

  3. Litvarus кажа:

    Сп. Літвін, гдзе ты рос і выхоўваўся? У цябе, відаць, моцны комплекс непаўнавартасці перад маскалямі. Перачытай уважліва творы іх пісьменнікаў і паэтаў і упэўніцеся што усе іх “вялікіе” мысляры былі шавіністамі і таксама падтрымалі б Пуціна, як цепер яго падтрымалі 90% сучасных дзеячоў культуры. Здольнасць рускіх ашукваць геніальная. Уся заходняя Еўропа не разумее Расею. Яны гавораць адно, пішуць другое, а думаюць яшчэ па-іншаму, а робяць па сваім драпежным інстінктам.

  4. Siarhiej кажа:

    Андрэй Зубаў разважае лагічна і паслядоўна. Так яно імаверна і будзе, толькі шкада “электарата” і гарматнага мяса.

  5. Акаловіч Леанід кажа:

    Прафесар Андрэй Зубаў напісаў сапраўды выдатны артыкул пра спрадвеку агрэсіўную, шавіністычную, імперска-акупацыйную расейскую вярхушку ўлады, якая ператварыла свой Маскоўскі ўлус Залатой Арды ў Тартарыю і Расейскую еўраазіяцкую імперыю толькі дзякуючы захопу чужых земляў, экплуатацыі дзясяткаў народаў і нажыве.
    Дай Божа доктару навук Зубаву здароўя, моцы Духу і даўгалецьця казаць і далей праўды гісторыі абалваненым народам Расеі, Беларусі-Літвы ды іншым ачмурэнцам, адшчапенцам і манкуртам! Уратуй, Божа, шаноўнага навукоўца Андрэя Зубава ад ўсяго ліхога! Пашлі, Божа, прасьвятленьне на Расею і яшчэ болей такіх людзей як Зубаў суседнім народам, каб запанавалі між народамі мір, сапраўдная дружба, павага і ўзаемапаразуменьне!
    айцец-ліцьвін з БАПЦ Леванід Акаловіч

  6. Рэдакцыя кажа:

    Праз пару тыдняў Зубава ўсё ж звольнілі…

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы