Сёньня апублікаваны афіцыйны тэкст чатырохбаковай заявы, датычнай сітуацыі ва Ўкраіне, па выніках сумеснай сустрэчы афіцыйных прадстаўнікоў ЗША, Еўразьвязу, Расеі ды Ўкраїны, якая адбылася 17 красавіка ў Жэневе (гл. тут: http://www.nytimes.com/2014/04/18/world/europe/text-of-joint-diplomatic-statement-on-ukraine.html?ref=world&_r=0). Мы выставілі ніжэй наш пераклад гэтай заявы, а таксама каментар да яе былога радніка Пуціна і цяперашняга яго апанента Адрэя Іларыёнава (каментар апошняга ўзяты адсюль: http://aillarionov.livejournal.com/675700.html).
Рэдакцыя.
1.
Тэкст сумеснай дыпламатычнай заявы па Ўкраіне
17 красавіка 2014 г.
Ніжэй прыводзіцца [тэкст] сумеснай заявы, зробленай на сустрэчы ў Жэневе ў чацьвер чатырма бакамі – ЗША, Еўразьвязам, Расеяй і Украінай – на якой абмяркоўваўся канфлікт ва Ўкраіне, які працягваецца:
На Жэнеўскай сустрэчы па сітуацыі ва Ўкраіне было дамоўлена аб першапачатковых канкрэтных кроках па дээскалацыі напружанасьці й аднаўленьні бясьпекі для ўсіх грамадзян.
Усе бакі павінны ўстрымлівацца ад любога гвалту, запалохваньня або правакацыйных дзеяньняў. Удзельнікі рашуча асуджаюць і адкідаюць усе праявы экстрэмізму, расізму і рэлігійнай нецярпімасьці, у тым ліку антысемітызм [а гэта тут увогуле пры чым, нават калі й ёсьць?! – Рэд.].
Усе незаконныя ўзброеныя фарміраваньні павінны быць раззброеныя; усе незаконна канфіскаваныя будынкі павінны быць вернутыя законным уласьнікам; усе незаконна занятыя вуліцы, плошчы ды іншыя грамадскія месцы ва ўкраінскіх гарадах і паселішчах мусяць быць вызваленыя.
Пратэстоўцам і тым, хто пакінуў будынкі ды іншыя грамадскія месцы і здаў зброю, будзе прадастаўлена амністыя, за выключэньнем асоб, прызнаных вінаватымі ў цяжкіх злачынствах.
Было вырашана, што Сьпецыяльная місія АБСЕ па назіраньні павінна выконваць вядучую ролю ў аказаньні дапамогі ўкраінскім уладам і мясцовым супольнасьцям у непасрэднай рэалізацыі гэтых дээскалацыйных мер, прычым там, дзе яны найбольш патрэбныя, пачынаючы зь бліжэйшых дзён. ЗША, EЗ і Расея абавязваюцца падтрымаць гэтую місію, у тым ліку шляхам забесьпячэньня назіраньня.
Абвешчаны канстытуцыйны працэс будзе інклюзіўным, празрыстым і падсправаздачным. Ён будзе ўключаць неадкладнае стварэньне шырокага нацыянальнага дыялогу, з ахопам усіх рэгіёнаў Украіны і палітычных выбарчых акругаў, і дазволіць разглядаць грамадскія заўвагі й прапанавыя папраўкі.
Удзельнікі падкрэсьлілі важнасьць эканамічнай і фінансавай стабільнасьці ва Ўкраіне і будуць гатовыя абмяркоўваць дадатковую падтрымку па меры рэалізацыі выкананьня вышэйзгаданых крокаў.
(канец тэкста заявы)
Зьвярніце ўвагу, што нават на павярхоўны погляд бачна наступнае :
– у тэксьце няма прыкмет безварунковага і тэрміновага выкананьня абавязальніцтваў па забесьпечэньні тэрытарыяльнай цэласьці Ўкраіны (Будапешцкі Мемарандум ад 1994 года),
– замест гэтага “Захад” разам з “Расеяй” накінулі на Ўкраіну массу нейкіх недарэчных абавязальніцтваў, выкананьне якіх украінцамі яны цяпер будуць кантраляваць,
– прымусілі ўкраінскія ўлады зраўняцца ў сваім палітычным статусе зь “мясцовымі супольнасьцямі”.
Усё гэта нагадвае падбухторваньне расейскай імперыякратыі да далейшай агрэсіі, стварэньне ёй умоў для гэтага…
–
2.
А вось меркаваньне А. Іларыёнава.
“Апублікаваны афіцыйны тэкст чатырохбаковай заявы па выніках Жэнеўскай сустрэчы 17 красавіка. Карціна выглядае наступным чынам: Пуцін атрымаў усё, што хацеў. Падобна на тое, што нават больш.
1. Украіна дэ-факта пагадзілася на «зьнешняе кіраваньне» – пытаньні, якія належаць да выключнага веданьня нацыянальных уладаў ва ўнутранай палітыцы, цяпер будуць вырашацца зьнешнімі ў дачыненьні да Ўкраіны сіламі. Гэтымі вонкавымі сіламі зьяўляюцца Захад і Расея. Як сябе ў дачыненьні да Ўкраіны праявіў Захад, можна меркаваць па тым, як ЗША і Вялікабрытанія выконваюць свае абавязальніцтвы перад Украінай па Будапешцкім мемарандуме. Як выконвае свае абавязальніцтвы перад Украінай цяперашні расейскі рэжым, тлумачыць ня трэба. Іншымі словамі, названай заявай легалізуецца дэ-факта зьнешняе кіраваньне Ўкраінай.
2. У дакуменце адсутнічае патрабаваньне вывесьці з тэрыторыі Ўкраіны расейскія войскі, улучна са сьпецназам ГРУ, ФСБ, ССО ды іншыя. То бок, іх прысутнасьць ва Ўкраіне цяпер дэ-факта легалізаваная.
3. У дакуменце наогул не гаворыцца пра расейскую агрэсію. У ім няма ні слова пра вайну, якая вядзецца пуцінскім рэжымам супраць Украіны. Гэта значыць, што цяпер нават сам факт расейскай агрэсіі легалізаваны.
4. У дакуменце няма ні слова пра захаваньне тэрытарыяльнай цэласьці Ўкраіны. У ім нават на ўзроўні заявы прадстаўнікі цяперашняга расейскага рэжыму не гарантавалі міжнародна прызнаныя межы Ўкраіны. Іншымі словамі, легалізаванае іх парушэньне.
5. У дакуменце няма ні слова пра Крым. Гэта значыць, захоп, акупацыя, анэксія Расеяй Крыму дэ-факта легалізаваныя міжнародным пагадненьнем з удзелам украінскіх уладаў (паколькі ўкраінская ўлада падпісала заяву разам з агрэсарам пасьля даты анэксіі ім Крыму).
6. Канстытуцыйны працэс ва Ўкраіне цяпер пойдзе па «інклюзіўнай формуле з удзелам рэгіёнаў». Гэта значыць, ён дае легальную аснову сепаратыстам ліквідаваць унітарны характар украінскай дзяржавы.
7. Усе сепаратысты атрымліваюць амністыю.
8. Вызваленьне будынкаў і ўстаноў – гэтак жа, як і раззбраеньне т.зв. «Самаабароны» – на ўсходзе Ўкраіны неістотна, бо, па-першае, першыя і так павінны былі быць вызваленыя, а другія і так павінны былі быць раззброеныя. Па-другое, з-за таго, што Жэнеўскай заявай усе сепаратысты цяпер амніставаныя, яны цяпер правядуць будучы час не ў турме, а за сталом перамоваў, выпрацоўваючы, так бы мовіць, новую Канстытуцыю Ўкраіны.
9. «Інклюзіўны з удзелам рэгіёнаў» працэс падрыхтоўкі Канстытуцыі прадвызначае федэратыўны характар [будучай] Украіны – які не карыстаецца прыкметнай публічнай падтрымкай ні ў цэлым у краіне, ні ў адным рэгіёне Ўкраіны – і непазьбежны яе падзел.
10. Наступствы працэсу федэралізацыі празрыстыя і цалкам прадказальныя – лідары сепаратыстаў выбіраюцца ў органы рэгіянальнай улады і затым (з дапамогай або без дапамогі расейскіх камандас) паўтараюць у сваіх рэгіёнах добра вядомы крымскі сцэнар.
11. Вынік працэсу федэралізацыі – гэта стварэньне нават не Федэратыўнай Украіны, аб чым некалькі дзён таму паведамляў Цеміргаліеў, а Новаросіі («ад Харкава да Адэсы»), якую гэтак натхнёна сёньня апяваў Пуцін [маецца на ўвазе тэлевізійны выступ Пуціна 17 красавіка 2014 г.; гл. таксама апошнюю мапу ў папярэднім нашым матэрыяле. – Рэд.].
12. Правядзеньне прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбараў дакументам не гарантаванае. Лаўроў на брыфінгу сьпецыяльна гэта падкрэсьліў, што азначае, што расейскія агенты будуць працягваць іх зрываць, а расейскія ўлады па-ранейшаму будуць казаць, што ўлады ў Кіеве нелегітымныя (як сёньня па-ранейшаму казаў Пуцін).
13. Згодна з дакументам, колькі-небудзь сур’ёзныя арганізаваныя сілы, здольныя супрацьстаяць расейскай агрэсіі (Самаабарона Майдана, Аўтамайдан, Правы сектар) падлягаюць раззбраеньню. У выніку ва Ўкраіны не застаецца наогул нікога, здольнага яе абараніць. Дзеяньні афіцыйных украінскіх арміі, міліцыі, сьпецпадраздзяленьняў мы ўсё ўжо пабачылі.
14. Калі ж гэтыя новыя сілы – зародкі будучых сілавых структур новай Украіны – не стануць выконваць патрабаваньні Жэнеўскай заявы, то на іх нацкуюць авакаўскую міліцыю, поўную беркутаўцаў ды іншых кадраў ранейшага рэжыму, характар дзеяньняў якіх быў пераканаўча прадэманстраваны ў ходзе забойства Аляксандра Музычкі (Белага), а таксама зьбіцьця кіеўскіх добраахвотнікаў харкаўскай міліцыяй на Палтаўскай шашы. Як вядома, падчас зьбіцьця і зьдзекаў мянты прыгаворвалі: “Гэта табе за Майдан!» Яшчэ ўчора такія дзеяньні для іх былі нелегітымнымі, пагражалі магчымым перасьледам, а сёньня яны сталі ўжо зусім законнымі.
15. У адрозьненьне ад Украіны, выкананьне абавязальніцтваў якой па гэтай дамове цяпер будзе забясьпечвацца подпісам украінскага боку, ціскам на яго Захаду і рэгулярнымі гістэрыкамі расейскага МЗС, выкананьне абавязальніцтваў з расейскага боку (дарэчы, цікава, якіх? – у тэксьце заявы пра гэта нічога няма) будзе забясьпечвацца так сама, як і яе абавязальніцтвы па Будапешцкім мемарандуме.
16. У той момант, калі падтрымка ва Ўкраіне ўступленьня краіны ў НАТА рэзка вырасла, а, па некаторых апытаньнях, ужо перавысіла 50% нават на Поўдні ды Ўсходзе, украінскія ўлады падпісаліся пад пазаблокававым статусам краіны. Гэта значыць, гарантавалі новыя агрэсіі ды інтэрвенцыі ўсходняга суседа па яго капрызе.
17. Украінцы! Іншымі словамі, у вас ня толькі вераломна і подла адабралі Крым. Цяпер у вас на вачах усяго сьвету пад гарантыі Захаду і са згоды цяперашніх украінскіх уладаў «цалкам легітымна» будуць забіраць Наваросію (на жаль, гэта цяпер ужо нават не Федэратыўная Ўкраіна, і з гэтым ўжо дэ-факта пагадзіліся цяперашнія ўкраінскія ўлады), рэзаць краіну, забіваць патрыётаў, ліквідаваць, хай аддалены і слабы, але шанец на ўдзел у сістэме калектыўнай бясьпекі, зьнішчаць магчымасьць хоць нейкай абароны ад прагнага хамаватага «брата», і ў астатнім па дробязі – займацца вашым «зьнешнім кіраваньнем» .
–
Адным словам, як вас ужо шматкроць папярэджвалі на старонках гэтага блога, тое, што адбылося, гэта Мюнхен -2014. Дакладней, гэта горш за Мюнхен. Тады было толькі супакаеньне агрэсара. А цяпер, акрамя супакаеньня, ёсьць яшчэ і нацыянальная здрада.
Чэхаў у 1938- м усё ж прымушалі й змушалі. А вашыя самі прагнуліся. І ўсё астатняе зрабілі самі.
Як ізноў-такі вас папярэджвалі, рэйдэрскі захоп буйной еўрапейскай краіны можна зьдзейсьніць і без танкаў. Галоўнае, каб ва ўладзе былі здраднікі. Або intellectually challenged [інтэлектуальна аспрэчаныя], ці наадварот. У чым у цэлым няма вялікай розьніцы.
–
P.S.
Дзікуны аддавалі золата і каштоўнасьці за шкельцы і бразготкі.
Ашуканцы забіраюць каштоўнасьці за пачкі рэзанай паперы.
У выпадку толькі што адбылага «разьмену» з боку Ўкраіны ня бачу ні поліўкі, ні шкельцаў, ні нават рэзанай паперы.
Нічога…”.
У мяне такое уражанне, што разыграны спектакль па захопу Украіны і пазбаўлення яе незалежнасці. Былі падняты нацыянальныя сілы, каб выкінуць Януковіча, а пасля гэтага выкінулі самі нацыянальныя сілы. Потым як бы Пуцін напаў на Украіну, а сёняшняя улада Украіны стрымлівае усімі сіламі супраціў украінцаў. Захад і ЗША толькі трындзяць і хочуць адкупіцца за Крым 20 млрд. даляраў. Відавочная змова.