Рэдакцыя.
Заўтра 9 траўня. Усе прыхільнікі былога Савецкага Саюзу і магчымасьці яго рэстаўрацыі, прыхільнікі сучаснай расейскай імперыі, а таксама камуністычнай ідэалогіі будуць адзначаць гэтую дату як сваё адно з самых галоўных сьвятаў. Хаця тут ёсьць прынцыповае пытаньне: а беларусы, украінцы, іншыя народы не ўдзельнічалі ў змаганьні зь германскім нацызмам, ці яны не паўнапраўныя саўласьнікі вялікай перамогі? Вядома, удзельнічалі, вядома, саўласьнікі. Прычым, удзел, напрыклад, беларусаў-літвінаў, калі лічыць па адноснай колькасьці ахвяр, пакладзеных на алтар Перамогі, большы, чым у любога іншага народу! Але ці шмат разоў вы пачуеце гэты факт з расейскіх СМІ, якія запаланілі (дзякуючы Лу-ку) нашу інфармацыйную прастору? Вельм верагодна, што такая заўвага не прагучыць адтуль ні разу… Замест гэтага нам увесь час будуць казаць пра Савецкі Саюз, “вялікі рускі народ” (у адпаведнасьці з новай прапагандысцкай модай), больш ці менш празрыста намякаючы пры гэтым, што мы – беларусы-літвіны – некаму нечым абавязаныя… А таксама нам у нос будуць тыцкаць “георгіеўскімі” стужачкамі, быццам тыя зьяўляюцца ня сімвалам расейскага імперыялізму, а галоўнымі сімваламі перамогі над фашызмам (хутка моладзь пачне думаць, што над Берлінам у траўні 1945-га залунаў не чырвоны сьцяг, а… чорна-жоўты паласаты). Такая вось падмена сімвалаў…
Постсавецкаму грамадству “георгіеўская” стужачка ў такой ролі накідаецца адносна нядаўна (некалькі апошніх гадоў) і робіцца гэта па сучасных, вельмі брудных PR-тэхналогіях.
Пры гэтым сапраўдны канктэкст, сутнасьць “сьвята” Перамогі (на справе яго кантэкстуальны трагізм!) аказваецца абсалютна несумяшчальным з фрывольнай, разьвязнай формай выкарыстаньня стужачак. “А пляваць…”, – кажуць арганізатары гэтай бруднай акцыі.
Ну, хай сабе, пучкі стужачак у руках дзяўчат, стужачкі на ветэранах сапраўдных і несапраўдных – гэта яшчэ цярпіма. А як ставіцца да стужачак на бутэльках водкі, на нямецкіх калекцыйных аўта, на сабаках, на грамадскіх прыбіральнях, на абутку, на мяккім месцы ды розных іншых частках цела разьвязных маладых хлапцоў і дзяўчат?! (гл. ніжэй фота)
Што, дзеля прапаганды стужачкі ўсё поўдзе на карысьць?!
Ну-ну…
Але сёньня выкарыстаньне чорна-жоўтых стужак нечакана павярнулася яшчэ й іншым бокам. Пра гэты асьпект мы ўжо таксама пісалі ў свой час (гл. тут: https://nashaziamlia.org/2007/05/19/684/):
“Калі Кацярына ІІ у самым канцы ХVІІІ стагоддзя захоплівала Беларусь, многія яе салдаты-захопнікі ўжо былі “ўпрыгожаныя” [медалямі й ардэнамі зь георгіеўскімі стужачкамі] – гэтымі сімваламі імперскай агрэсіі. Для нас, беларусаў, “сьвятая георгіеўская стужка” — гэта яшчэ у большай ступені сімвал расейскага імперыялізму, рускага шавінізму (карацей, усходняй версіі фашызму), чым серп і молат, чырвоная зорка і чырвоны сьцяг (бо падзеі, якія адбыліся пад апошнімі ў 1939 і 1944 гг. хоць у нейкай ступені можна інтэрпрэтаваць як вызвольныя). Таму для нас, у адрозьненьне ад таго, што пра гэта думаюць расейскія нудэльманшы – гэта тое самае, што і нацысцкая свастыка!” – пісалі мы 7 гадоў таму.
А пару гадоў таму мы выставілі чарговы артыкул, прысьвечаны цяперашняму адзначэньню сьвята Перамогі 9 траўня і яго сімвалу “георгіеўскай” стужачцы (https://nashaziamlia.org/2012/05/28/5162/). Мы ня ведаем, з-за гэтага артыкула ці проста пасьля яго, але цяпер “георгіеўскую стужачку” ўсё часьцей называюць… “каларадскай” (гл. фота ўнізе, узятае з таго артыкула).
Сёньня вось менавіта гэтае сімвалічна-імперскае значэньне каларадскай стужачкі стала звышактуальным. Справа ў тым, што яго істотна “падсьвяцілі” актуальныя падзеі ў брацкай Украіне.
Сярод галоўных сімвалаў, якія сёньня выкарыстоўваюць прарасейскія сепаратысты-тэрарысты – такіх, як расейскі трыкалор, савецка-камуністычны чырвоны сьцяг – “георгіеўская” стужачка і зробленыя на яе аснове сьцягі займаюць асаблівае месца. Іх часьцей за ўсё іншае можна ўбачыць на агентах расейскага імперыялізму ці побач зь імі.
Ніжэй вы можаце пабачыць некаторыя фота-дакументы. Гэта стор-кадры зь відэатрансьляцый цяперашніх падзей ва Ўкраіне, на якіх зафіксаваныя прарасейскія сепаратысты-тэрарысты. Зьвярніце ўвагу, стужачкі часта прычэпленыя на форме ці на фоне тых, хто трымае вогнястрэльную зброю. А, між тым, зброя гэтая прызначана для таго, каб… забіваць украінцаў на іх уласнай зямлі!
Усё, каларадская стужачка канчаткова запляміла сябе як сімвал агрэсіі, сімвал расейскага імперыялізму (яна гэтае значэньне мела і ў XVIII, і ў ХІХ, і ў ХХ стагоддзях; цяпер вось паўтараецца ў ХХІ-м!!!). І ніякія спробы зьвязаць яе са сьвятам Перамогі ў Другой Сусьветнай нічым ужо ёй ня змогуць дапамагчы.
Цяпер ва Ўкраіне, Беларусі, Грузіі, Малдове, краінах Балтыі яе могуць чапляць на сябе, на свае аўта ці сваіх сабакаў альбо цалкам адарваныя ад жыцьця лохі, якія ня ў курсе важнейшых грамадска-палітычных і гістарычных падзей, альбо адкрытыя агенты расейскай імперыяркатыі!
Нармальны чалавек да яе нават дакранацца ня стане.
–
P.S.
Быццам у Казахстане ў гэтым годзе на Дзень Перамогі забаранілі выкарыстоўваць “георгіеўскія” стужачкі (http://nedelya-ua.com/news/kazahstan-zapretil-nosit-georgievskie-lenty-na-den-pobedy).
P. P.S.
У Менску нейкія невядомыя ў гэтыя дні раздаюць невялікія расейскія сьцяжкі й каларадскія стужачкі. Міліцыя ім не перашкаджае. Рэакцыя людзей розная…
У сувязі з гэтым мы ў рэдакцыі лічым, што на Дзевятамай ці ў час Чэмпіянату Сьвету па хакеі расейскія цітушкі могуць зладзіць у Менску правакацыі…
–
Трымайцеся, сябры.