nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Каляліберальныя расейскія (не)альтэрнатывы ў асобах

1 студзеня, 2016 | 21 каментарый

Алесь Астроўскі

Калялібералы 0Апошнія паўтары гады даводзіцца шмат часу праводзіць за кампутарам. Праца ў цэлым механічная і дазваляе адначасна праслухоўваць на youtube розныя аўдыё-матэрыялы. У выніку гэтых праслухоўваньняў маю́ ўвагу прыцягнулі шмат расейскіх публічных асоб – сярод іх некалькі калялібералаў (то бок, былых і новых лібералаў ды іхных наймітаў, якія імкнуцца падаваць сябе ў новым іміджавым абліччы). Усе гэтыя людзі дэманструюць грамадска-палітычныя погляды, якія зьяўляюцца антыпуцінскімі й у многіх іншых асьпектах прыймальныя для прыстойных людзей. Таму да гэтых каляліберальных асоб я вырашыў прыгледзецца паўважлівей. А раптам сярод іх могуць быць нашы патэнцыйныя саюзьнікі? Бывае ж так, што ў чалавека адчыняюцца вочы на сьвет, ён пачынае бачыць яго зьмест і сэнс, а затым прымае прынцыповае рашэньне пачаць служыць дабру…

 

Адным з такіх людзей, каго ў большасьці выпадкаў бывае карысным паслухаць, зьяўляецца Андрэй Піянткоўскі (гл. фота).

Калялібералы 1Гэта вядомы расейскі публіцыст і палітычны дзеяч. У прыватнасьці, адносна нядаўна (у 2008 годзе) ён разам зь Нямцовым, Каспаравым, Яшыным, Букоўскім ўдзельнічаў у стварэньні расейскага Аб’яднага дэмакратычнага руху “Салідарнасьць” (такая, вось, назва нарадзілася ў гэтых нэалібералаў). Рух быў створаны з асобаў, якія да таго ўваходзілі ў СПС, “Яблык”, АГФ і аналагічныя ліберальныя партыі (што не зьдзіўляе, калі паглядзець на кола арганізатараў, узгаданых раней).

Сёньня рух “Салідарнасьць” адмаўляе любую ідэалогію (?!!!) і, зыходзячы з “агульнадэмакратычных каштоўнасьцяў” (“правы чалавека”, “прававая дзяржава” – ?!), заяўляе пра сваю апазіцыйнасьць цяперашнім расейскім уладам. Па пытаньні стаўленьня да левых і нацыяналістычных партый у кіраўніцтва руху адзінства няма (так сцьвярджае Вікіпедыя).

(Каб лепш засвоіць, з каго ўтварыўся рух “Салідарнасьць”, паглядзіце ніжэй падборку фота галоўных прадстаўнікоў гэтага “безідэалагічнага” асяроддзя. Думаю, большасьць чытачоў бяз подпісаў пазнае прысутных там асоб – бо беларуская інфармацыйная прастора, дзякуючы палітыцы Лу-кі, цалкам захоплена расейскімі СМІ і мы, жывучы ў Беларусі, можам сачыць за расейскімі ўладамі й апазіцыяй лепш, чым за “беларускімі”…

Калялібералы 1.1

Для тых, у каго ўзьніклі цяжкасьці з распазнаньнем, удакладню: тут вы бачыце як узгаданых ужо Нямцова, Каспарава, Яшына, так й іх паплечнікаў-саўдзельнкаў, як з руху “Салідарнасьць”, так і зь іншых партый – Ельцына, Чубайса, Чарнамырдзіна, Гайдара, Касьянава, Хакамаду, Навальнага, Беразоўскага, Шарамета і нават лідара рабочых Удальцова. Ня дзіва, што гэтай “ліберанай” алігархічна-пралетарскай кампашцы (зноў ў Расеі паўтараецца сітуацыя 100-гадовай даўніны!) спатрэбіўся рэбрэйдзінг… Але пра гэта пазьней).

Калялібералы 2У Андрэя Піянткоўскага выдатныя аналітычныя здольнасьці й вельмі прывабная манера маўленьня. Таму слухаць яго ня толькі цікава, а і прыемна. Кожны можа ў гэтым пераканацца, знайшоўшы яго шматлікія інтэрвю на youtube (дарэчы, быў выстаўлены ён і на нашым сайце – гл.https://nashaziamlia.org/2014/05/19/7100/). Давайце прааналізуем некаторыя зь іх.

Так, напрыклад, тут – https://www.youtube.com/watch?v=LzQ1T0iq67g – сп. Піянткоўскі аптымістычна сцьвярджае пра рост апазіцыйных настрояў у Расеі (гаворка пра 2014 г.); пра імкненьне Пуціна да пажыцьцёвага ўладараньня; пра тэрытарыяльныя саступкі Кітаю і закулісныя дамоўленасьці з Захадам (дзе хаваюцца грошы Пуціна – а гэта каля 130 млрд.$); пра тое, што павінен сысьці ў нябыт ня толькі Пуцін, а ўвесь пуцінізм; пра найбуйныя злачынствы Пуціна; пра нарастаньне праяў нежыцьцяздольнасьці пуцінскага рэжыму, які “будзе існаваць менш за 6 гадоў”; што Пуціну мірна сысьці ўжо не атрымаецца; што яго рэжым можа пачаць страляць па людзях, але на масавыя рэпрэсіі ня здольны; што гісторыя паказвае: “для таго, каб абрынуўся любы дыктатарскі рэжым, патрэбны раскол уладнай верхавіны і нарастаньне масавых пратэстаў”; але асяроддзе непасрэдна вакол Пуціна пакуль ня колецца, таму што ня бачыць для сябе будучыні безь яго (алавіцкі варыянт); што апазіцыя, да якой ён належыць (словы “ліберальная апазіцыя” Піянткоўскі імкнецца не ўжываць – ?!), ужо рыхтуе “Дарожную мапу пераходнага перыяду”.

А, напрыклад, вось тут – https://www.youtube.com/watch?v=b1XxJTFwubc – Піянткоўскі падводзіць палітычныя вынікі 2015 г. Яны ў яго атрымаліся такімі:

пуцінскі рэжым знаходзіцца “ў коле франтоў” (шматлікія ячэйкі ІД знаходзяцца ўнутры Расеі, плаціцца даніна Кадыраву, ідзе гібрыдная вайна ва Ўкраіне, сапсаваліся стасункі з Лукашэнкам і Назарбаевым з-за “рускага міру”, Расея ўлезла ў 1000-гадовую рэлігійную вайну на Блізкім усходзе на баку “найбольш адыёзных тэрарыстычных рэжымаў”);

– высьветлілася, што Пуцін адзін з удзельнікаў злачыннага бізнэс-трохкутніка: Асад – ІД – Пуцін (апасяродкавана праз Ілюмжынава);

– у Расеі ўжо не карупцыя (калі бізнэсмэн дае хабар чыноўніку), а адкрытае рабаваньне агульнанацыянальных багацьцяў з боку прадстаўнікоў бліжэйшага асяроддзя Пуціна, якіх ён адкрыта і цынічна бароніць;

– асабіста ў Пуціна ўжо назіраецца “маральны ідыятызм”;

менталітэт крымінальніка, магчымасьці сьпецслужбаў і неабмежаваная ўлада ў ядзенай звышдзяржаве – гэта страшная сумесь, якой яшчэ не было ў сусьветнай гісторыі [такое было пры Сталіне. – Рэд.];

– асоба Пуціна – гэта арганічны працяг усіх негатыўных тэндэнцый 1990-х; ён быў пасаджаны ў прэзідэнцкае крэсла ўладарамі тых часоў (Беразоўскі, Абрамовіч, Юмашаў, Чубайс, Валошын, Дзячэнка), а не забраў у іх уладу; ён – арганічны працяг праекта камуністычнай наменклатуры, якая вырашыла аб’мяняць сваю палітычную ўладу на фінансавую ўладу сваіх прадстаўнікоў;

– па ўзроўні рэпрэсій Расея рухаецца да горшых часоў камуністычнага рэжыму (выйшаў закон аб расстрэле ў т.л…. жанчын і дзяцей – !);

– Пуцін закончыць тым, што “група асоб увойдзе да яго ў спальню…”.

Здавалася б, няма ў Піянткоўскага ніводнага пункту, якому трэба запярэчыць. Здавалася б, усё цудоўна, можна сябраваць…

І вось на гэтым тле я напаткаў відэа, у якім зафіксавана лекцыя сп. Піянткоўскага ў… Менску (верасень 2015 г.). Адбылася яна ў нейкім “Еўрапейскім кафэ” – у яўна прарасейска-ліберастычным асяродку (гл. тут – https://www.youtube.com/watch?v=-tLPweAIWTU; зьвярніце ўвагу, напрыклад, на скрайне непрыемную асобу, якая выконвала ролю мадэратара, асабліва на яе мову і прарасейскі менталітэт).

Лекцыя зноў была цікавай і карыснай. Пасьля яе пачаліся пытаньні з залі. Мне здаецца, што сярод адказаў спадара Піянткоўскага варта зьвярнуць увагу на яго ўзгадку, справакаваную імперскім лапатаньнем “беларуска-расейскага ватніка” (як ён сам сябе назваў), пра існаваньне ў міжнародным праве “невырашальнай супярэчнасьці” паміж прынцыпамі “тэрытарыяльнай цэласьці” і “правам нацый на самавызначэньне” (гл. час 1:37:30; хаця такая рэпліка – гэта спосаб пазьбегнуць адказа па сутнасьці, схаваць сваю ўласную пазіцыю ці яе адсутнасьць); на яго заўвагу, што імперскія комплексы вельмі моцныя сярод “расейскай эліты” (1:53:20); на тое, што ў тэлевізійную эпоху адказ на пытаньне: “гэта народ спараджае злачынную ўладу, ці ўлада разбэшчвае свой народ”, – зьяўляецца адназначным: вінаватыя ўлады, гэта яны разбэшчваюць народ, гэта яны свае комплексы праз СМІ трансьлююць у масы (1:56:00; на апошняе меркаваньне-прынцып я хацеў бы зьвярнуць асаблівую ўвагу, бо тое самае мне стала абсалютна відавочным на прыкладзе нашай беларускай гісторыі ўжо ў 1994 г., але на сайце некаторым наведвальнікам гэта ж даводзіцца даводзіць і сёньня…).

Калялібералы 3

Але галоўнае, на што я хацеў бы зьвярнуць увагу, гэта канфузы, якія адбыліся пасьля пытаньняў некаторых беларусаў-літвінаў. Так, адказваючы на адно з пытаньняў з залы, сп. Піянткоўскі з радасьцю заявіў, што ў Беларусі яго атачае “рускі мір” як культурны феномен, уключаючы Башмета, расейскае тэлебачаньне і якасную рускую мову (гл. час 1:20:20). А адказваючы на пытаньне, “наколькі яго задавальняе экспансія “рускага міру” ў Беларусі, пры якой беларусу няма месца ў Беларусі” (1:26:30), прадэманстраваў поўную адсутнасьць здольнасьці крытычна ацаніць сутнасьць этнацыдна-злачыннай палітыкі цяперскага рэжыму на чале з Лу-кам у Беларусі. Прычым, гэта ўсё адбылося на фоне яго ўласнай, на словах, крытычнай пазіцыі што да “рускага міру”.

Такім чынам, сп. Піянткоўскі з усім яго інтэлектам, на жаль, прадэманстраваў няздольнасьць асэнсаваць зьмест (а ня толькі форму) імперска-шавіністычнай ідэалогіі “рускага міру” (што яна вядзе ня проста да злачынна-захопніцкай вайны, а да вайны супраць чаго і каго? супраць якіх праяў нармальнай арганізацыі людскай цывілізацыі?), аказаўся ня здольным зразумець бяду беларускага народу (нават пра што ідзе гаворка! і тое, што рускі мір нам накідаюць ўжо больш за 20 гадоў!), а разам зь ёй і сутнасьць той праблемы, якая ў выглядзе “аддачы” паўстане ў самой Расеі. А гэта, у сваю чаргу, азначае, што яго стаўленьне да “рускага міру” зьяўляецца фармальна-негатыўным.

Зыходзячы з гэтых “праколаў”, а таксама зь іншых дэфектаў яго грамадска-палітычнай пазіцыі, якія зьяўляюцца ўніверсальнымі ва ўсіх расейскіх нэалібералаў (а таму пра іх я скажу далей), раблю заключэньне: сп. Піянткоўскі, нягледзячы на ўсе яго станоўчыя рысы, пакуль зьяўляецца чалавекам непрыдатным для магчымага ўзаемадзеяньня паміж нацыянальнымі элітамі нашых народаў.

Другая асоба, на якую я зьвярнуў увагу, прапаную зьвярнуць й іншым, гэта Яўген Панасенкаў (гл. фота).

Калялібералы 4Сп. Яўген зьяўляецца адносна маладым чалавекам (1982 г.нар.). Але ён ужо вядомы як пладавіты рэжысёр, сьпявак, зьяўляецца аўтарам шэрагу гістарычных публікацый, прысьвечаных дзейнасьці Напалеона (хаця дыплом МГУ, у якім вучыўся на гістарычным факультэце, не атрымаў; больш поўна пра яго дзейнасьць можна пачытаць у Вікіпедыі). У цэлым гэты чалавек належыць да асяроддзя вяршкоў расейскай культуры.

На youtube сп. Панасенкаў выступае ў ролі бліскучага эстэта-публіцыста (калі ён выступае адзін), які сьмела крытыкуе як усе этапы гісторыі расейскай імперыі, так і многія асьпекты цяпершняй Расеі (у т.л. крытыкуе крымнашыстаў; ужо толькі з-за гэтага яму можна прабачыць пэўную нарцысічную манернасьць).

Так, вы можаце праслухаць яго выступы, датычныя гістарычнай навукі ў Расеі (напрыклад, тут – https://www.youtube.com/watch?v=R2Rsmcxcmnc – ён выказваецца супраць няпраўды ў гісторыі, выкарыстаньня гэтай навукі ў якасьці прыслугі ўладумаючых, апавядае, як адрозьніць псеўданавуку ад навукі сапраўднай).

Можна таксама паслухаць, як ён разьвейвае некаторыя расейскія імперскія міфы, у т.л. датычныя А.Неўскага і Суворава (https://www.youtube.com/watch?v=fUFnfRfWgwY), вайны 1812 г. (https://www.youtube.com/watch?v=rOzZ02Az-RA), “Вялікай айчыннай вайны” (https://www.youtube.com/watch?v=vggrL336Zpo).

Калялібералы 5

Панасенкаў выступае катэгарычна супраць цяперашняй спланаванай, на яго (і маё) меркаваньне, маўрытанскай навалы на Еўропу (https://www.youtube.com/watch?v=rmMw4ckr7IE ; https://www.youtube.com/watch?v=CCpD4WPK7VU), супраць савецкага і расейскага “саўка”, супраць імперскай палітыкі сёньняшняй Расеі ў т.л. ва Ўкраіне (https://www.youtube.com/watch?v=QYkNFs15DD4).

Калялібералы 6Ён таксама выступае супраць псеўдалібералаў-левакоў-фашыстаў (гэта яго тэрміналогія), заяўляючы, што ён сапраўдны класічны ліберал (гл. выдатнае інтэрвю тут: https://www.youtube.com/watch?v=fWyHFUbKorM – час 47:00-51.10), пра аб’ектыўную немагчымасьць наяўнасьці ў Расеі сапраўдных нацыяналістаў, паколькі гэтае дзяржаўнае ўтварэньне – імперыя (гл. там жа – 20:20). Адзін з найгалоўных кірункаў публічных выступаў Панасенкава як атэіста прысьвечаны крытыцы расейскага праваслаўя і рэлігійнага сьветагляду ў цэлым (гл. там жа – 51.10).

Увесь час падкрэсьлена падае сябе ў якасьці эстэта і вельмі часта заяўляе, што эстэтычныя крытэры – галоўныя для ацэнкі ўзроўню цывілізаванасьці.

Аднак… Аднак, на гэтым вельмі добрапрыстойным фоне спрэчным зьяўляецца наступнае: адмаўленьне Панасенкавым глабальнага “закулісься”, поўная падтрымка ім палітыкі Ізраіля ў Палестыне, падтрымка “правоў” гомасексуалістаў (там жа 1:11:40-1:19:50).

Калялібералы 7Самае ж галоўнае, што сп. Панасенкаў пад час дыскусій з апанентамі пры ўсім сваім эстэтызьме часта ігнаруе элементарныя прынцыпы этыкі (так, вы можаце самі пабачыць практычна скандальныя паводзіны гэтага чалавека ў час дыскусіі зь вернікамі-хрысьціянамі; гл., напрыклад, тут – https://www.youtube.com/watch?v=Wxa3a-x-yek – і тут – https://www.youtube.com/watch?v=Rqo3vOZ9094). Фактычна адмаўляе ён і мараль у міжлюдскіх стасунках (https://www.youtube.com/watch?v=R2Rsmcxcmnc – 1:49:50; зьвярніце ўвагу, як ён, супрацьпастаўляючы розныя немаральныя ўчынкі, заяўляе пра неістотнасьць маралі; дзе логіка ў чалавека, які ўвесь час сам заклікае да логікі ды розуму?!).

Такі вось характар і сьветагляд мае сп. Панасенкаў. Не, з такім чалавекам па прынцыповых пытаньнях грамадскай арганізацыі дамовіцца будзе хутчэй за ўсё таксама немагчыма. Наўрад ці ён можа быць прыдатным нават у ролі пасярэдніка…

Яшчэ адной асобай, якую варта ўзгадаць з шэрагу цяперашніх расейскіх калялібералаў, зьяўляецца вядомы многім Аляксандр Няўзораў (гл. фота).

Калялібералы 8Ён нарадзіўся ў 1958 г. Рос без бацькі, але з маці й дзедам (яго дзед у 1940-50-х быў адным з галоўных НКВДшнікаў у Летуве – забіваў летувісаў, якія змагаліся тады супраць “другіх саветаў”). Сёньня публічна заяўляе, што па бацьку ён… індзеец.

У маладосьці быў паслушнікам у жаночым манастыры, пеў у царкоўным хоры, некалькі гадоў вучыўся ў Духоўнай семінарыі…

Пазьней, як апавядае Вікіпедыя, стаў вядомым савецкім і расейскім журналістам (у т.л. быў членам рэдкалегіі газеты Аляксандра Праханава “Дзень”), рэпарцёрам, тэлевядучым (з 1983 года працаваў на Ленінградскім тэлебачаньні), сцэнарыстам, рэжысёрам. Чатыры разы быў абраны ў расейскую Думу, паседжаньні якой практычна не наведваў.

Вялікую вядомасьць набыў у канцы 1980-х як аўтар і вядучы праграмы “600 секунд”.

У 1991 годзе зьняў фільм “Нашы” пра студзеньскія падзеі ў Вільні. У ім гераізаваліся байцы Вільнюскага АМАПу, якія працягвалі змагацца за СССР, супраць незалежнасьці Летувы. Пазьней стварыў серыю праімперскіх рэпартажаў “Нашы” пра расейскіх салдат у гарачых кропках (Прыднястроўе, Нагорны Карабах ды іншых).

У 1993 годзе быў на баку “беладомнікаў”.

Калялібералы 9

Аўтар кнігі “Поле гонару” (1995 г.) пра тагачасную расейскую палітыку.

… А потым адбываецца ломка грамадска-палітычнага сьветагляду сп. Няўзорава, які пачынае ўсе больш (хаця ня раптам і ня цалкам) сыходзіць зь імперска-патрыятычных пазіцый.

Ён здымае два неадназначныя фільмы пра Першую чачэнскую вайну: “Пекла” і “Чысьцілішча”. У 2004 годзе зьняў фільм “Конская энцыклапедыя”, праз год выйшла кніга з той жа назвай.

У 2012 годзе Няўзораў увайшоў у сьпіс давераных асобаў Пуціна.

З 2013 году пачынае са шкадаваньнем казаць пра сваю ранейшую (у 1993 годзе) падтрымку абаронцаў Вярхоўнага Савету РФ, называе апошніх “шалёнай шоблай”.

У наш час на Ютубе вядзе інтэрнэт-серыял “Урокі атэізму”. Рэжысёр Гаварухін сказаў пра гэта: “Яшчэ ўчора Няўзораў быў істава веруючым і хрысьціўся на кожным рагу, а сёньня ён раптам стаў агрэсіўным ваяўнічым атэістам … Мялі, Ямеля, – твая нядзеля”.

Калялібералы 11а

Цяпер Няўзораў найчасьцей называе сябе публіцыстам. Нягледзячы на цынізм, нарцысізм і здраду ранейшым поглядам, яму ўдаецца падтрымліваць на даволі вялікім узроўні цікавасьць да сваёй персоны (на Ютубе сабрана шмат яго публічных выступаў). У якасьці прыкладу, які дэманструе асаблівасьці сёньняшняга стану грамадска-палітычнага сьветагляду Няўзорава (а заадно і яго варыянт нарцысізму), давайце возьмем нядаўні (кастрычнік г.г.) творчы вечар гэтага чалавека ў маскоўскім Тэатры Эстрады (гл. тут: https://www.youtube.com/watch?v=HdV61AXDOAQ).

З хаатычнага апавяданьня розных баек зьвяртаюць на сябе ўвагу яго наступныя думкі:

– цяпер для таго, каб у Расеі зьявілася сапраўдная журналістыка, вельмі добрыя ўмовы. І гэтымі ўмовамі зьяўляюцца тыя вялікія перашкоды, якія пастваралі расейскія ўлады для гэтай прафесіі…;

Расею наперадзе непазьбежна чакае жах…;

– выступае супраць расейскай імперскай ідэі; супраць прысутнасьці Расеі ў Сірыі, крымнашыстаў, Кісялёва і нават супраць Пуціна; на баку верталётчыцы Саўчанкі;

– адрынае патрыятызм (час 21:30), бо гэта перадавер кіраваньня сабой трэцім асобам (“найчасьцей злобным, тупым, прапітым людзям”); “мяне перарабіла Чачня і чачэнская кампанія”; “у Расеі патрыятызм нельга выхоўваць у дзяцей”;

– я здымаў савецкіх ветэранаў, якія жылі ў нялюдскіх умовах; між тым, яны за такое жыцьцё і змагаліся…; у 1945 годзе гэтыя ветэраны павінны былі зьнішчыць не адну гадзіну, а… дзьве! (усе памятаюць, што дзед Няўзорава – высокапастаўлены НКВДшнік?);

– дэманстратыўна завуалявана выступае супраць патрыярха РПЦ Кірыла, папярэджвае пра магчымасьць яго забойства…;

– кажа, што большасьць людзей даведваюцца пра тое, што яны думаюць, з тэлевізара;

– “Расеі Крым давядзецца вяртаць…”;

– абяцае больш ніколі не ісьці ва ўладу;

– цынічна заяўляе: “я заўсёды вітаю антыграмадскія ўчынкі”;

– “Шайгу “наратаваў” на цэлы асабняк”;

– “у мяне няма нацыянальнасьці; з рускіх я выйшаў пасьля ўкраінскіх падзей…”.

Але ўжо ў гэтым выступе сп. Няўзорава можна ўбачыць шэраг выказваньняў, якія сьведчаць пра яго адкрыты цынізм (адна з найгоршых рысаў, якая можа быць у людскім сьветаглядзе!). Так, сваю грамадскую ролю ён апісвае так: “я – найміт, я абсалютна прадажнае стварэньне” (5:30); “цяпер я фармальна знаходжуся ў брацкіх стасунках з так званымі лібераламі…” (7:40); “і да чорнасоценцаў я ніколі не вярнуся” (39:30). У іншых месцах ён апісвае сябе, як танк, башня якога здольна круціцца і страляць ва ўсе бакі, і што кожны можа купіць такі танк, пытаньне толькі ў кошце…

Пра адсутнасьць у яго некаторых ведаў (у прыватнасьці, са сьферы папуляцыйнай генетыкі) сьведчыць выказваньне: “нацыянальнасьць – гэта не біялагічная ўласьцівасьць”.

Яшчэ больш праколаў можна заўважыць, напрыклад, у наступным выступе Няўзорава (гл. тут: https://www.youtube.com/watch?v=xfBlZICD9hM).

Я найміт на баку большай сілы” (2:00); “я публіцыст, а не навуковец, паколькі такі чалавек мае магчымасьць ні за што не адказваць”; “жадаю віду гома праіснаваць хаця б пару тысячаў гадоў” – зноў адкрыты цынізм. Праўда, гэта лепш, чым цынізм схаваны, подлы, які бывае ў іншых людзей.

Пра тое, каму сёньня прадаўся Няўзораў, таксама можна здагадацца па яго выказваньнях (напрыклад, што “шарлісты не перагнулі палку”, што гэта – сатыра), а таксама па тым, што ён бароніць мярзотнікаў-лібералаў, выкарыстоўваючы “аргумент”, што чарнасоценцы горш…

Пра навуковую дэфектыўнасьць яго сьветагляду сьведчаць наступныя выказваньні: “людзі – пабочнае наступства касьмічных працэсаў”; “нашы нейроны шукаюць раздражненьняў, і таму мы ствараем культуру”; “у навуцы няма геніяў”; “псіхалогія не навука, а шарлатанства і сьпекуляцыі”; “псіхіка – хімера, яе не існуе”; “пакуль не існавала слова “дэпрэсія”, не было і дэпрэсій”.

Каб не сказалі, што я бачу толькі негатыўнае, адзначу як станоўчае прапанову Няўзорава прыняць для Расеі ў якасьці нацыянальнай ідэю “абагнаць Амерыку па колькасьці нобелеўскіх лаўрэатаў”, а таксама такое выказваньне, якое натхняе на роздум: “я не прапагандыст атэізму; я лічу, што ўсе людзі – атэісты, бо “вернікі”, якія не жадаюць нічым ахвяраваць – гэта ня вернікі; хрысьціянства выдахлася, засталася толькі злоба (сапраўдныя вернікі з дапамогай веры мусяць рухаць горы і лекаваць цяжка хворых накладаньнем рук)”.

Калялібералы 12Няўзораў – нэафіт у навуцы, але ўжо піша “навуковыя” кнігі. Вось тут – https://www.youtube.com/watch?v=XjYf0AfVhqM – вы можа назіраць прэзентацыю яго новых кніг (зьвярніце ўвагу на абстаноўку, у якой усё адбываецца!). На прэзентацыі ён асьмеліўся крытыкаваць сучасных антраполагаў-эвалюцыяністаў (52:10 – 59:00 – ён карыстаецца тым, што публіка ня ведае прадмет гаворкі й таму ня можа выявіць, хто правы). Аднак, калі пачытаць крытыку няўзораўскіх кніг сапраўднымі навукоўцамі (http://antropogenez.ru/review/745/), то адкрыецца, як мінімум, увесь навуковы непрафесіяналізм, калі не ідэалізм, спадара Няўзорава…

Праўда, і тут мы бачым шэраг станоўчых момантаў (у чарговы раз сутыкаемся з неадназначнасьцю Няўзорава!). Напрыклад, выступоўца добра апісаў, як выглядаюць сапраўдныя Маўглі; тлумачыць, на жаль, ня ясна, што для людзей акрамя генетычнага спадкаваньня (праз ДНК), абавязкова патрэбнае яшчэ і культурнае спадкаваньне – праз засваеньне культуры продкаў; задае найістотнае пытаньне (19:00): дзе ў Расеі схаваны корань зла, які ўвесь час пасьля чарговых гістарычных землятрусаў паварочвае яе на шлях шавінізму, імперыялізму, агрэсіі? (цікава, што расейцы прызнаюцца, што ня ведаюць адказу на гэтае пытаньне; а я адкрыта заяўляю (дый ці толькі я!!!), што даўно ведаю адказ; іншая справа, што проста расейцы ня хочуць чуць непрыемную для іх праўду!)

Можна было працягваць прэзентаваць і аналізаваць публічныя нэаліберальныя фігуры, але калісьці трэба ставіць кропку. Таму пяройдзем да абагульненьняў.

Па-першае, у наш час назіраецца зьява запаўненьня інфармацыйнай прасторы (найперш сеціва) новай групай людзей, якіх можна назваць расейскімі нэалібераламі (пры гэтым былыя асобы-сімбалы лібералізму часоў ельцынскай прыхватызацыі 1990-х кудысьці зьніклі – Чубайс, Хакамада, Абрамовіч, Дзерыпаска ды аналагічныя фрыдманы; прычым, толькі Нямцоў па паважнай прычыне…). Гэтыя новыя людзі маюць пэўныя сьпецыялізацыі (яны і палітолагі, і культуролагі, і публіцысты, і сацыёлагі), а таксама пэўныя асаблівасьці свайго іміджу, паходжаньня, але, нягледзячы на адрозьненьні, усе яны прэзентуюць аднолькавыя прынцыпы, якія ў цэлым упісваюцца ва ўсё той жа ліберальны сьветагляд.

Па-другое, зьвяртае на сябе ўвагу, што агульная сітуацыя, у якой гэтыя асобы выступаюць перад публікай, зьяўляецца добра зрэжысіраванай – вопратка, фон за сьпіной, уважлівая ды прыхільная аўдыторыя, прыроджаная ці пастаўленая жэстыкуляцыя, тэмбр голаса. Добра прадуманай ці натрэніраванай зьяўляецца і аргументацыя, падача матэрыяла, вобразнасьць прыкладаў. Бачна, што тут няма аматаршчызны, нішто ня робіцца з кандачка. А адсюль адчуваецца, што пад усім названым існуе добрая фінансавая падкладка…

Гэта ўсё працуе. Бо вядома, што маса амаль ня цэніць зьмест, ня ўмее адрозьніць праўду ад хлусьні, веды ад пазёрства, а таму купляецца на форму (усім нацыянал-дэмакратам трэба засвоіць даныя падыходы да ўласнай публічнай прэзентацыі; мы маем перавагу ў зьмесьце нашай пазіцыі, бо яна адпавядае праўдзе, але практычная грамадска-палітычная дзейнасьць з-за рэальных уласьцівасьцяў масавага сьветаўспрыняцьця патрабуе ад нас не ігнараваць і форму; хаця б так, як гэта робяць нэалібералы…).

Трэцяе. Усё адзначанае можа азначаць, што ў наш час лібералы робяць іміджавы апгрэід – ідзе пошук выніковых каналаў, механізмаў і асобаў для выхаду на масавую аўдыторыю.

Чацьвёртае. Лёгка заўважыць, што ва ўмовах прысутнасьці добрай формы расейскія нэалібералы імкнуцца ўсяляк хаваць свой глыбінны зьмест. Так, яны пазьбягаюць пытаньняў, зьвязаных з будучыняй карэнных этнасаў расейскай імперыі (у т.л. рускага); пытаньняў стаўленьня да мовы, культуры, уласнасьці й улады гэтых этнасаў на іх уласнай тэрыторыі; пытаньняў пра суадносіны правоў чалавека (абстрактнага ці канкрэтнага) і правоў карэнных (ды канкрэтных) народаў. Пазьбягаюць яны і пытаньняў пра тое, ці можа расейская імперыя ўвогуле быць дэмакратычнай, і як ставіцца да магчымасьці яе распаду.

Калялібералы 13Іхныя страхі, зьвязаныя зь ідэалагічнымі пытаньнямі, даходзяць аж да… адмаўленьня ідэалогіі ўвогуле. Хаця такое немагчыма ў прынцыпе! Проста, ідэалогія – гэта сьфера вызначэньня і абгрунтаваньня грамадскі значных мэт. А што могуць сказаць пра свае мэты сёньняшнія лібералы, калі яны… злачынныя?

(з нагоды, для ілюстрацыі апошняга дазволю сабе, як аўтару, прапанаваць вось гэтае відэа – https://chat-hromadske.tv/videoCatalog/v-bilorusi-panue-rosiyska-propaganda-mdash-biloruskiy-disident-oles-ostrovskiy – дзе ў час 11:40 праскоквае істотны пракол у журналіста-ліберала, які я спрастоўваю ў 13:10; краіна іншая, сутнасьць – тая ж).

Выснова: беларусы-літвіны, ня варта сьпяшацца ісьці сьледам за расейскімі нэалібераламі. Давайце браць ад іх карыснае, але заўсёды памятаць пра іх сапраўдныя мэты. Яны – не альтэрнатывы сёньняшняму расейскаму рэжыму.

 

 

21 каментарый

  1. Валянцін кажа:

    Добры аналітычны матэрыял і вывады! З Новым Годам рэдакцыю Нашай Зямлі – дзякуй за шчырасьць, праўду і адвагу!

  2. Павел Біч кажа:

    Як што расейцы згубяць Украіну. то апошніе кто застанецца іх “любіць” будзем мы. Думка што яны акружаны вакол аднымі ворагамі відаць неперанасімая рускімі. Яны будуць знішчаць нашу апазіцыю , а астатніх заліваць дзешовымі газам і нафтай. Так увесь наш народ пераўтварыцца ў здраднікаў, халуеў, калабарантаў без сваёй мовы і культуры. Шмат хто з нашых апазіцыянераў не верыць ў такое- як так чукчы і каракі адрадзіліся, а мы знікаем з мапы Еўропы. Яны адсталые метафізікі-прагрэссісты. А тыя хто мысліць па- сучаснаму, ў прагрэс і справядлівасць болей не вераць (пасля Асвенцыма). Рускіе стануць нармалёвым народам пасля страты Сібірі, Урала, Паволжа, Кавказа і Беларусі. Яе цяперашніе вялікіе тэрыторіі надаюць гэтаму народу Веліч. ад якой яны ніколі так проста не адмовяцца. Яна кампенсуе яму і рабства і жабрацтва. “І скажашь сам надменна, пускай я раб, но раб царя вселеннай” – Ю.Лермантаў.

  3. Мікола кажа:

    Марная справа.
    У Расеі сапраўднымі лібэраламі можна назваць толькі асоб кштатлу Баравога і памерлай Навадворскай. Усе астатнія імпэрскія лібэралы.

    1. Латыніна, якая абуралася вывучэннем мовы комі http://nn.by/?c=ar&i=157240
    2. Нямцоў, які заклікаў да глыбейшай інтэграцыі з Беларуссю без Лукашэнкі (2002) і прапанаваў Украіне зрабіць рускую мову дзяржаўнай.
    3. Навальны, які хадзіў на рускія маршы, заклікаў да анэксіі Крыму, да абароны рускіх у Казахстане, Туркмэніі і г.д., потым – АБРАЗІЎ БЕЛАРУСКУЮ МОВУ (мова хачыкаў і падонкаў), потым “Крым не піражок”, ну і цяперка – заклік да адказу Турцыі за збіты самалёт
    4. Яшчэ адна крымнашыстка Хакамада.
    5. Крымнашыст Хадаркоўскі
    6. Яшын, які прапанаваў здзейсніць двайны расейска-украінскі суверэнітэт над Крымам: http://www.unian.net/politics/1082201-yashin-problemu-kryima-pridetsya-reshat-novoy-rossiyskoy-vlasti.html
    У дзевяностыя гады лібэралы падтрымлівалі Ельцына, які развязаў кучу войнаў па далучэнні краін СНД да РФ і страляў па ўласным парляманце (нават Гітлер да такога не дадумаўся), абрабаваў расейцаў і г.д.
    Усё “лібэральнае” Эхо Москвы захапляецца парадкамі ў РБ.
    п.с. Прачытайце Салжаніца – той яшчэ расейскі шавініст.

    У Расеі хто б ні быў ля стырна, хто б на яго не прэтэндаваў (манархісты, дзекабрысты, акцябрысты, кадэты, эсэры, меншавікі, бальшавікі, чырвоныя, белыя, сталіністы, трацкісты) усе яны – аднаго поля ягады. Усе яны абслугоўваюць ідэалёгію Масква – трэці Рым. Усе яны за моцную Расею як звышдзяржаву – але гэта наўпростая небяспека для суседзяў Расеі, не пазбаўленай імпэрскіх амбіцыяў.

  4. Яўген кажа:

    З Новым годам!! Паляпшайма ў ім нашы пазіцыі!

    Мне больш імпанавала ранейшая рыска сайта, пра сяброў беларускага народу. Яна выйгрышная ўдвая, бо пазітывам прыхінае, не адштурхоўвае неафітаў і проста выпадковых людзей. Людзі наогул-та ахвотна “сябруюць супраць”. Але кодлішчы, якія ўтвараюцца шляхам такой селекцыі, неканструктыўныя. Нянавісць адно спальвае, не будуе. Да таго ж, праз канфрантацыі прамога дзеянні атрымліваеш плойму злейшых ворагаў з рэсурсамі. Неэрганамічна, але можна сказаць і паглядзеўшы з другога боку — яны такога гонару не вартыя.

    Гэта па-першае. Па-другое, на прыкладзе відэа з удзелам Алеся Астроўскага бачым, як важна выйсці хоць раз на публічную арэну. Тое, што пабачылі — на жаль, толькі ў блогу і вісіць. І, правільна, так вось тактоўна папраўляць такіх вядучых са шлейфам Той напэўна, калі быў у Беларусі, так і не навучыўся беларускай мове.

    Дэмакратыя ў нас не можа быць аніякай, акрамя як нацыянальнай. Бо нават тыя самыя лібералы, калі адмовяць нам у праве ўстаць з-пад курапацкага пяску ў мове і культуры, не дадуць на гэта, апыніся яны ва ўладзе, сродкаў і рэсурсаў — будуць банальнымі дыскрымінатарамі і захрыбетнікамі.

    А можа, свае відэа кароткія варта было б рабіць, хвілін на пяць. Пару чалавек у кадры, абменьваюцца думкамі. І потым зафэйсбучыць, або яшчэ ў якія сеткі. Глядзіш, там і штатныя журналісты якія-небудзь падцягнуцца.

    Тое самае і, што да збору грошай на карысць звольненых (пра звальненні ішлося ў відэа з Украіны). Рассылка відэа па соцсетках была б зубаскрышальным несіметрычным адказам гэтым паскуднікам, што забіраюць хлеб, замест каб не кранаць зусім працы і плаціць за дзейнасць на палітычным полі ў вольны ад працы час з агульнанароднага бюджэту, як гэта выпрацавала чалавечая цывілізацыя.

    • Алесь кажа:

      Спадар Яўген, вас таксама з Новым годам! І ўсяго найлепшага.
      Хачу зрабіць пару рэплік.

      1. Пазітыўна-стваральная накіраванасьць сайта была і застаецца. Пошук патэнцыйных саюзьнікаў – як прынцып – застаецца. Нават у гэтым матэрыяле, як вы можаце бачыць, я шукаў пазітыўныя рысы ў людзей і кожны раз радаваўся, калі знаходзіў. Але для сумеснай грамадскай дзейнасьці патрэбна адпаведнасьць пэўным вымогам. Тут – як з прыгатаваньнем салата, напрыклад, з дароў мора. Паклалі гатаваных крыветак, кальмараў, мяса краба, нейкай ікры, мяса грабеньчыкаў і мідый, заправілі маянэзам. Вы ведаеце, што ўсё чыстае, сьвежае, але толькі… за выключэньнем мідый, пра якія вы дакладна ведаеце, што яны сапсаваныя. Ці будзеце вы есьці такі салат?!…
      Таму выяўляць “сапсаваных мідый” у СЬВЕТАГЛЯДАХ патэнцыйных прэтэндэнтаў на саюзьнікаў – таксама важнейшая і стваральная (!) задача, якая стаіць перад тымі, хто хоча што-небудзь добрае зрабіць у грамадскім жыцьці. Бо без уліку гэтай засьцярогі нічога ня зробіцца…
      Праўда, і ў гэтым выпадку я працягваю спадзявацца, што людзей выправіць альбо нашая заўвага (што амаль неверагодна), альбо далейшае жыцьцё (што, звычайна, таксама бывае рэдка).

      2. Яшчэ адна задача выстаўленага матэрыялу – папярэдзіць чытачоў сайта пра магчымыя падзеі ў Расеі, калі пачнецца другая хваля прыходу лібералаў да ўлады (задачу стварэньня з Расеі “ліберальнай імперыі” ніхто не адмяняў). Папярэдзіць, што на гэты раз усё будзе адбывацца значна больш “прыстойна”, завуялявана…

      3. Ідэя выстаўлення ў сеціве пэўных відэа лётае ў паветры. Мы тут, у Гародні, разам зь яшчэ некалькімі сапраўднымі беларусамі-літвінамі ўжо думалі пра яе, але пакуль толькі ў плане выстаўленьня адукацыйна-навучальных відэа, датычных біялагічных зьяў. Прычына у тым, што многія веды (ня толькі грамадазнаўчыя), якія павінен мець кожны адукаваны чалавек, сёньня ад людзей фактычна хаваюцца… Людзі ня маюць уяўленьняў пра базавыя натуральныя зьявы, якія вызначаюць іх жыцьцё. Чыста з гуманістычных меркаваньняў тыя, хто такія веды мае, абавязаны імі падзяліцца…
      Вядома, што відэа з нацыянальна-дэмакратычным зьместам будуць ня менш дарэчнымі.

    • Пан, Яўген
      Што да дапамогі звольненным навукоўцам.
      Мы стварылі адмыслова такі Фонд, але.
      З восені мінулага году, на яго рахунак паступілі ахвяраваньні толькі ад сям’і Пана А.Шпакоўскага (Бельгія).
      Пры тым што паведамленьне пра Фонд, было распаўсюджана больш за 100 адрасоў і “незалежных” СМІ, Радзе БНР, у тым ліку
      Вось Вам і уся салідарнасьць.
      Ніжэй падаем рэквізіты Фонду.
      Welese.V. Apianstr 13 84034 Landshut
      SparkasseLandshut, BIC: BYLADEM1LAH, IBAN: DE77 7435 0000 0020 6150 19
      З павагай.
      Яўген

  5. Павел Біч кажа:

    Сп. Алесь рэдкі ідэаліст-метафізік. Ён хоча пачаць палітычную адукацыю людзей з тлумачэнняў для іх біялагічных (натуралных) з’яў, а затым ад іх перайсці да ідэалогій і палітыцы. Здаецца гэта называецца рэдукцыянізмам. Гэта значыць паводзіны малекулы тлумачыць праз паводзіны атамаў, паводзіны клеткі тлумачыць праз паводзіны малекулы, паводзіны арганізма тлумачыць праз паводзіны клеткі, паводзіны грамадства тлумацыць праз паводзіны асобы (арганізма)… Баюся што з гэтага нічога не атрымаецца. Пры пераходзе ад якасцяў частак да якасцяў целага ўзнікае эмерджэскій эфект – узнікае нешта цалкам новае. Што да іншага , то згодзен. Апазіцыя рагромлена, патрэбны цалкам іншы падыход для вырашэння нашай спецефічна беларускай сітуацыі.
    І у мяне яшчэ пытанне – чаму звычайных расейскіх лібералаў называць калялібералам?. Ці ёсць у Рэдакцыі класічный узорны вобраз ліберала. Калі для іх ліберал гэта той хто адмаўляецца ад Нацыянальнага, то я такіх называю белымі рашкамі, беларусцамі. Яны пануюць цяпер ў апазіцыі і ў незалежных СМІ. Што з імі рабіць? Паступова яны зрастаюцца з лукашыстамі, якія фармальна на словах таксама за беларусшчыну і незалежнасць. Тыповы прыклад такіх – Гайдукевічі. Аб’явіць іх адразу агентамі Масквы я не магу. Ібо Быць і Здавацца з пазіцый постмодернізма гэта адное і тое ж

    • Алесь Астроўскі кажа:

      1. Сп. Павел, вы зусім не зразумелі сэнс нашай перапіскі з паважаным спадаром Яўгенам.

      2. Па пытаньні адрозьненьня ліберала ад лібераста (ці псеўдаліберала) гл., напрыклад, тут: https://www.youtube.com/watch?v=fWyHFUbKorM (гэтая спасылка ёсьць вышэй). І праслухайце некалькі разоў інтэрвал паміж 1:08:50 – 1.11.40. Пры тым тое, што Панасенкаў кажа далей, лепш ня слухаць – гэта ліберастыяныя плямы, якія таксама на ім, пра што я папярждваў.

  6. Жыхар Менску кажа:

    Чытаю сайт ужо два гады, дзякую аўтарам за стварэнне такого месца ў Інтэрнеце, дзе падаюцца аналітычныя матэрыялы з нацыянальнага пункту гледжання.
    Калі пайшла гаворка аб расійскіх грамадскіх дзеячах, якія выступаюць супраць сённяшняй улады, то хачу прапанаваць на разгляд Вячаслава Мальцава,

    вось тут падрабязней напісана пра яго палітычныя погляды:
    https://uk.wikipedia.org/wiki/%D0%9C%D0%B0%D0%BB%D1%8C%D1%86%D0%B5%D0%B2_%D0%92%D1%8F%D1%87%D0%B5%D1%81%D0%BB%D0%B0%D0%B2_%D0%92%D1%8F%D1%87%D0%B5%D1%81%D0%BB%D0%B0%D0%B2%D0%BE%D0%B2%D0%B8%D1%87

    вось канал на Ют’юбе з яго выступленнямі:
    https://www.youtube.com/user/artpodgotovka

    Каротка напішу, як я яго разумею. Ён не падзяляе ў палітычным сэнсе Расію, Беларусь і Ўкраіну, лічыць распальванне варожасці паміж Расіяй і Ўкраінай злачынствам Пуціна, выступае за прымірэнне з Украінай, за вяртанне Крыму і далейшыя перамовы аб ягоным лёсе, агітуе за рэвалюцыю ў Расіі, Лукашэнку называе тыранам, але найбольш аўтарытэтным палітыкам паслясавецкай прасторы. Ён трымаецца даволі паслядоўна дэмакратычных, падчас анархічных поглядаў (аб немагчымасці пабудовы цалкам справядлівай дзяржавы, аб непатрэбнасці падаткаў).

    • Рэдакцыя кажа:

      Дзякуй за інфармацыю.
      Магчыма мы калі-небудзь прааналізуем грамадска-палітычны сьветагляд і сп. Мальцава.

  7. Павел Біч кажа:

    Сп. Мурашка, каго- каго, а я вас я лічыў больш разумнейшым за тых нашых палітыкаў якія з раніцы да вечара тлумачаць нашые паразы адсутнасцью у нашага народу кансалідацыі, аб’яднанняў,салідарнасці. Уцекачы з Беларусі, (якіх мяркую вельмі шмат) радуюцца што нарэшцэ тут за мяжой яны могуць скінуць з сябе прыніжальную мянушку “белый рашка” і пачаць пераўтварацца ў нармалёвую нацыю краіны гдзе яны вырашылі пасяліцца.

    • Расчарую, Вас Пан Біч.
      Тут, у замежжы, усе выхадцы з былога СССР, прымаюцца , менавіта як – рускія
      Нават этнічныя немцы (савецкія) скардзяцца:
      – У Саюзе, мы былі “немцамі” тут нас трымаюць за “рускіх”
      Мы, не адзін год даказвалі, што мы не “рускія”.
      ДаказалІ. У хаце у нас нацыянальная сымболіка а на лецішчы я зрабіў самы высокую мачту на якой лунае бел-чырвона-белы сьцяг.
      Усе, размовы скончыліся.
      З павагай

  8. Павел Біч кажа:

    З Алесем згодзен – я з цяжкасцью разумею сэнс іх перапіскі. Адзінае што я зразумеў, гэта тое на што я адразу накінуўся з крытыкай. Калі яна вам хоць крыху дапаможа, буду задаволены.

  9. Siarhiej кажа:

    Цяжкая гэта праца аналізаваць “пёрлы” расейскіх апазіцыянераў! Ці могуць яны хоць трошкі ўплываць на “электарат”? Здаецца, расейскаму шматнацыянальнаму камунізаванаму “праваслаўнаму” імпэрскаму грамадству эўрапейскія правіла жыцця не цікавыя. ТАМ няма цывілізацыйнай базы, няма за што зачапіцца. Пакуль усё трымаецца на кагэбэшных “скрэпах” і нафтадоларах. Улада, якая можа прысьці на смену Пуціну, хуччэй за ўсё пойдзе па кітайскаму пуці, а не па эўрапейскаму.

  10. Siarhiej кажа:

    Віктор Тимченко “Час націоналізму”.
    “Український журналіст Віктор Тимченко написав книгу про націоналізм і глобалізм, у якій зробив прогноз, що С розвалиться до 2024 року. Віктор Тимченко український журналіст, письменник, експерт з питань Східної вропи. Закінчив факультет журналістики Київського державного університету імені Т.Г.Шевченка, працював у газета Молодість України і Київська правда, був ведучим програми Щаслива сторінка. У 90-тих переїхав до Німеччини на батьківщину дружини. Працював на радіостанції Німецька хвиля, власним кореспондентом у Німеччині українських газет Голос України, Київські відомості, День. Видав у Берліні, Гамбургу та Мюнхені кілька книг політичної журналістики. До Кива привіз нову книгу Час націоналізму, коментуючи це тим, що в Німеччині йому б не дозволили таке опублікувати.
    Націоналізм це сплав ідеалізму, прагматичності (національного егоїзму) та сили. Ідеалізм у формулюванні національної ідеї, яка не повинна орінтуватися на такі поняття як досяжність чи недосяжність мети. Прагматичність, егоїзм у відстоюванні націоналістичних інтересів. І сила, щоб не втратити перше і друге. Віктор Тимченко вважа, що націоналізм це очевидне бажання нації захищати свою свідомість й етнос. Національні почуття миролюбними, бо виражають бажання нації жити незалежно від інших націй і не вступати в конфлікти з сусідами. Часто націоналізм плутають з фашизмом чи соціал – націоналізмом, і як наслідок націоналізм закидають камінням, дорікаючи за жорстокість і шовіністичний нахил. …”

    Раю знайсці і прачытаць.

    • Алесь Астроўскі кажа:

      Сяргей, дзякуй за падказкі.

      1. Улада ў Расеі трымаецца ня толькі на нафтадалярах ды КГБшных “скрэпах”, а найперш на прапагандзе ўяўнай “ВЕЛІЧЫ РАСЕІ” (гэтая прапаганда была там заўсёднай). Мэта такой прапаганды – ўпіхнуць мапу сьвету (і месца Расеі на ёй – пра 1/6) у галовы людзей. “Самая вялікая краіна ў сьвеце” – маўляў, таму і вы “самыя вялікія”, а ад гэтага вам лепш за ўсіх. Ну, калі не цяпер, дык калісьці вам будзе лепш (абавязкова неканкрэтна; Хрушчоў паабяцаў канкрэтна 1980 год і праваліўся). Тое, што ў гэтай прапагандзе амаль кожнае слова – хлусьня, маса ўсьвядоміць ня ў стане. Гэта стварае выдатны грунт для далейшага маніпуляваньня ёю з боку тых, хто сапраўды атрымлівае матэрыяльную карысьць ад Расеі – расейская імперыякратыя.

      2. Калі нацыяналізм будзе эгаістычна-блізарукім, ён будзе лёгкім аб’ектам маніпуляцый з боку глабальных соцыяпаразітных сіл (найперш, гэта глабалісцкая фіналігархія-сіянакратыя), і таму яны яго лёгка зьнішчаць. Перамагчы ў глабальным маштабе, ставячы перад сабой соцыяканструктыўныя мэты, можа толькі сістэмнае аб’яднаньне нацыянальных дэмакратый, якое я запрапанаваў назваць СІСТЭМНЫМ ГУМАНІЗМАМ. Пра перасьцярогі на гэтым шляху ўжо гаворана (гл., напрыклад, тут – https://nashaziamlia.org/2014/11/18/7468/#more-7468), але ёсьць сталае разуменьне галоўнага – таго, што гэта адзіна верны, сэнсоўны шлях!

  11. Павел Біч кажа:

    Вызначаць нацыяналізм як вучэнне якое мае тры часткі – ідэалізм. прагматызм і сілу – гэта звышпрымітыўна. Я сыходжу ў яго абгрунтаванні з выраза Р.Рорті:” Спадзеванне, што прыніжэнне адных іншымі толькі за іх непадабенства (непахожасць) калісьці атамрэ, можна успрымаць толькі ў іранічным кантэксте”. А чым нараджаецца непадабенства ? Да усім, Пачынаючы ад клімата і краявідаў які чалавек адчувае і бачыць ў дзяцінстве і канчаючы мовай (ладам мыслення). Недахоп нашага нацыяналізма ў неразуменне вагі мовы ў ім. Пачатак гэтай хібы ляжыць ў вядомым выразе Бурачка-Багушэвіча -“непакідайце мовы. каб не ўмерлі.” Усе адраджэнцы (да жывушчых дагэтуль) менавіта так аценваюць мову. разглядаюць яе як код. Пры гэтым пад кодам разумеюць не філасоўскі сэнс гэтага слова, а вульгарны які гэты тэрмін набыў ў шіфравальнікаў сякрэтных ці таямнічых тэкстаў. Маўляў, знойдзем код і усё адразу прачытаем і сякрет будзе раскрыты. Мова гэта адбітак нацыянальнага, але не код. Эмперічный доказ гэтага – Уся Амеріка карыстаецца запазычанымі мовамі і між тым паспяхова будуе свае культуры і краіны. Скажы балівійцу што ён партугалец таму што мовіць па-партугальскі. Ён дасць табе ў морду і скажа я толькі карыстаюся партугальскай мовай, але я не партугалец. Скажы беларусу, што ён не беларус, а рускі. Ён заткнецца і пойдзе з пабітым выразам твар. А той хто кінецца даказваць што беларускае гэта нерускае, не будзе пераканаўчым. таму што ў цяперашнім успрыманні Быцця пануе метафара “дрэва”. у якога корень (рус) важнейшы за галінкі (русіны, маларосы, беларусы, новароссы (якіх хацелі нарадзіць маскалі пасля захопу поўдня Украіны)). Шчыра скажу. – у меня надзея толькі на молодзь. Буду чакаць пакуль перамрут сучасные адраджэнцы кшталту Вячоркі, Баршчеўскага, Дубаўца, Севярынца і г.д.Толькі сайт Архе надрукаваў мой артыкул пра гэты ў верасні. Прачытай, Сяргей.

  12. Licvin кажа:

    Усё значна прасцей спадарове. У 91 годзе партмафія ўзяла канчаткова ўладу ў свае рукі і галоўнай мэтай яе стала прыхватызацыя агульнанароднай маёмасьці. Інтэлігенцыя(лібералы, нацыяналісты, патрыёты, камуністы,і прочыя) займаліся спрэчкамі, дыскусіямі і рознымі доказамі розных …ізмаў. Да ўлады прыйшлі выпадковыя і цалкам непадрыхтаваныя людзі, вы ж самі разумееце, што Гайдар, НЕмцоў, Хакамада, Шахрай, Бурбулюс, Эльчыбей, Папоў, Гамасхурдыя, Афанасьеў і нават Ельцын і процьма іншых былі не здатны да кіраўніцтва дзяржавамі. Для абслугі дзржаўнага кіраўніцтва былі далучаны ідыялагічныая і інфармацыйная абслуга, якая атрымала свой кавалак фінасавага пірага, гэтае гуманітарная–ідыялагічная суполка праз СМІ і тэлебачанне, праз артыстаў, журналістаў, і прочых забаніла грамадству і правінцыйнай інтэлігенцыі глузды. Калі ў пачатку 2000 года Расія ў выніку дэфолта трапіла ў стан катастрофы дастаткова было паставіць прафесіянала Прымакова, як Расія імкліва пачала падымацца .
    Да 2005–10 года (прыкладна) расійская алігархія была гатова пры развале Расіі збегчы за мяжу. Але шматлікія прыклады, асабліва Беразоўскага, паказалі расейскай буржуазіі немэтазгоднасьць масавай эвакуацыіі за бугор, бо там заходнія ўлады лёгка і проста маглі адабраць іхнія награбленыя міліярды і саміх пасадзіць у турму. Яны зразумелі, што галоўная гэта Улада!
    ПРЫМАКОЎ ім ясна і проста патлумачыў, здаецца два гады назад, на прыёме ў Крамле. ”Это наша страна! Мы её нікаму не отдадім!” І на тым прыёме ўсё маскоўская ўладнае кола вельмі ўважліва слухала свайго гуру.
    Такім чынам сёння ў Расіі маецца расійская буржуазія і алігархат, якія хочуць быць самастойным суб’ектам міжнароднага права, і абрабаваны рускі народ, які нейкім чынам трэба з’яднаць з гэтай буржуазіей! Дзеля гэтага ўзята ідыялогія расейскага нацыяналізма: ”Я багаты — ты бедны! Але мы расіяне! Расія превыше всего!” Такім чынам маскоўская буржуазія бярэ пад кантроль расейскаю прастору, грамадства.
    Усе астатнія …ізмы — гэта прадукты дзейнасьці гуманітарнай інтэлігенцыі праплочанай расейскай буржуазіяй.

  13. Павел Біч кажа:

    Хацелася б пачуць каментар Рэдакцыі аб падзеях у польскіх СМІ. Здаецца, там пагналі лібералаў і павысілі кантроль нацыяналістаў – партыі якая прыйшла да улады. Для нас гэта лепей ці горай? А Рэдакцыя ваюе з лібераламі ва усім Свеце! Нам здаецца яны лепей, таму што польскіе нацыяналісты глядзяць на нас як на сапсаваных палякаў.Тое ж датычыцца і расейскіх лібералаў якія ваююць з Пуціным. Прыпамінаюцца словы аднаго постмодерніста, аб тым, што ў сучасную эпоху разбураецца діалектіка Гегеля і усё становіцца невырашальным. Наперадне адзін мардабой і резня.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы