nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Яшчэ раз пра тое, як бессэнсоўнае змаганьне за беларускую школу ператварыць у выніковае (частка 2; Д пр-п 3б; П пр-п 16) (+дадатак)

7 верасня, 2008 | 7 каментарыяў

Алесь Астроўскі

Я.JPG

“Дню ведаў” (1 верасьня) і

Перамозе войскаў ВКЛ над Масквой

у бітве пад Воршай (8 верасьня) прысьвячаецца.

4. Увесь матэрыял, пададзены вышэй, сьведчыць: здаецца, і клапоцяцца нашы людзі пра нашу беларускую мову і школу, перажываюць за іх (дый шмат нас такіх), але вынікаў няма! Замест вынікаў – поўная бездапаможнасьць, разгубленасьць, стомленасьць, безвыходнасьць! Здаецца, ужо ўсім павінна стаць зразумелым – такое “змаганьне” з тымі падыходамі, якія выкарыстоўваліся, вынікаў ня дасьць. Дзесяцігоддзі часу (калі лічыць з канца 1980-х), бессэнсоўна страчаныя на “змаганьне за беларускую мову і школу” – найяскравае сьведчаньне гэтаму. Не атрымаўшы вынікаў, большасьць “змагароў” кінулі праблему і не выказваюцца па ёй. Вырашылі, што задача ім не па зубах. А тыя, што засталіся, заняліся складаньнем летапісу этнацыднага злачынства – паступовага зьнішчэньня беларускай мовы ды беларускай адукацыі, ці выкалупваньнем хоць чаго-небудзь станоўчага, што яшчэ засталося, ва ў цэлым безнадзейна разбуральнай, дэградатыўнай плыні. Спадарове, гэта – ня вынік, і гэта – ня справа. Гэта іх імітацыя і падмена… Хай у каго заўгодна апускаюцца рукі, хто заўгодна хай займаецца самападманам, а мы – сябры рэдакцыі – так рабіць ня будзем. Так мы вырашылі. У адпаведнасьці з гэтым, ад імя рэдакцыі сайта бяруся яшчэ раз прааналізаваць сітуацыю і зрабіць прапановы.

Спачатку нагадаю, што на нашым сайце мы рэгулярна ўздымаем праблему зьнішчэньня беларуска-літвінскай мовы, як галоўнай задачы ва ўсёй злачыннай этнацыднай праграме, якую адкрыта, нахабна зьдзяйсьняюць мясцовыя цяперцы, каб дагадзіць расейскай імперыякратыі (каланіяльны ж рэжым). Узгадаем толькі некаторыя з нашых артыкулаў: “Наша галоўная праблема – этнацыд, наша мэта – беларуская дзяржава!” (пачынаць адсюль: nashaziamlia.org/2006/04/04/14); “Хочацца ўдакладніць Лявона. Частка ІІ” (nashaziamlia.org/2006/07/04/176); “Чытай, беларус, і… прачынайся! Частка ІІ” (nashaziamlia.org/2006/09/18/293); “«Дазвольце, дзядзечка, ва ўласнай хаце пад лаўкай пераначаваць» альбо Што зрабіў бы наш продак – літвін, на месцы свайго нашчадка – беларуса цяперашняга” (nashaziamlia.org/2007/01/04/479); «Два падыходы да “беларусізацыі” ва ўмовах улады цяперцаў-этнацыдчыкаў» (nashaziamlia.org/2007/01/18/511); “Ці адпавядаў рэфэрэндум 14 траўня 1995 году Канстытуцыі і законам?” (nashaziamlia.org/2007/05/14/673); “Чаму я выкладаю па-беларуску” (nashaziamlia.org/2008/02/24/1205). Пара разгледзець дадзеную праблему на новым вітку нашай сьветагляднай эвалюцыі.

4.1. Беларускія нацыянальныя каштоўнасьці, як універсальныя дэмакратычныя каштоўнасьці.

Мой досьвед паказвае, што часта, каб разабраць, здавалася б, простыя грамадазнаўчыя пытаньні, трэба вызначыцца з падставовымі паняцьцямі. У дадзеным выпадку так сама – каб патлумачыць пазіцыю рэдакцыі па праблеме беларускай мовы і беларускага школьніцтва, як нацыянальных каштоўнасьцяў, спачатку неабходна падаць сваё ўяўленьне пра такія ўніверсальныя гуманістычныя каштоўнасьці, як, напрыклад, народ, дзяржава, нацыя, дэмакратыя, а потым яшчэ і раскрыць сувязь паміж імі (дарэчы, адзін з прынцыпаў Беларускай дактрыны (Д пр-п ) так і сьцьвярджае: “у Беларусі рух за беларускую мову аб’ектыўна ёсьць рухам за дэмакратызацыю беларускага грамадства”). Давайце расшыфруем гэта, пачынаючы ад азоў.

Народ (этнас) – гэта дастаткова вялікая сукупнасьць людзей, якія маюць агульнае генетычнае паходжаньне ад групы сваіх продкаў (а таму зьвязаны крэўна-роднаснымі сувязямі), аб’яднаныя ў адзіны арганізм з дапамогай сістэмы агульных нацыянальных каштоўнасьцяў – нацыянальнай культурай, мовай, гісторыяй (якая іх яднае, а не раз’ядноўвае), сьветаглядам, нацыянальнымі сімваламі, агульным разуменьнем спосабаў ды мэтаў свайго жыцьця і г.д., і якая знаходзіцца пад кіраўіцтвам сваёй нацыянальнай эліты.

З гэтага азначэньня вынікае, што калі, напрыклад, нейкая сукупнасьць людзей не аб’яднаная крэўнымі сувязямі, яна ня ёсьць народам, а касмапалітызаваным грамадствам. Такое ў значнай ступені прысутнічае ў сучасных дзяржавах-астравах – тых жа Злучаных Штатах Амерыкі, Аўстраліі, Новай Зеландыі. У абсалютнай жа большасьці краін сьвету грамадствы зьяўляюцца не касмапалітызаванымі, а этнічнымі, дзе той ці іншы канкрэтны народ выконвае ролю этнічнага ядра ўсяго грамадства.

Нацыянальная эліта – гэта лепшыя прадстаўнікі адпаведнага народу, якія маюць найвышэйшы інтэлект, большыя ў параўнаньні зь іншымі веды і жыцьцёвы досьвед, найбольш непадкупныя і ахвярныя (альтруістычныя). Апошняе азначае, што абавязковай рысай прадстаўнікоў нацыянальнай эліты зьяўляецца такое іх сьветаўспрыняцьце, у якім значную частку іх асабістых каштоўнасьцяў займаюць каштоўнасьці агульнанацыянальныя (як кансерватыўныя, так і скіраваныя ў будучыню).

Нацыянальную эліту нельга блытаць з элітай эканамічнай (багацеямі), асноўнай рысай якіх зьяўляецца накіраванасьць на павелічэньне свайго капіталу, альбо палітычнай элітай (палітыкамі) – людзьмі, якія імкнуцца да ўлады ці маюць яе, але часта не з-за таго, што яны нацэлены на паляпшэньне жыцьця свайго народу, а з-за асабіста-эгаістычных рысаў характару. Калі народам кіруе не нацыянальная эліта, а фінансавая алігархія ці палітыкі-эгацэнтрыкі (а так бывае вельмі часта), яго жыцьцё і разьвіцьцё скажаюцца суб’ектыўна-жлобскімі інтарэсамі дадзеных груп – прычым, у такой ступені скажаецца, у якой дадзеныя групы адрозьніваюцца ад сапраўнай нацыянальнай эліты.

Дзяржавай мы лічым сістэму, складзеную з трох асноўных кампанентаў – тэрыторыі, грамадства і ўладаў. У норме галоўнай, зьмястоўнай часткай дадзенай сістэмы павінна быць грамадства. Тэрыторыя – гэта базавая частка, грунт, а ўлады – зьвязвальны і рэгулятарны кампанент. Калі народ мае сваю дзяржаву – ён ёсьць нацыяй.

Дзяржава ў такой ступені можа быць нармальнай ці анамальнай, у якой яе тэрыторыя адпавядае/не адпавядае этнічнай тэрыторыі галоўнага этнасу ці ўлучае ў свой склад тэрыторыі некалькіх этнасаў (як у імперыях), у якой яе грамадства зьяўляецца/не зьяўляецца этнічным, і ў якой улады выконваюць/не выконваюць свае функцыі ў адносінах да свайго народу і грамадства.

Здаровай, дэмакратычнай нацыяй і дзяржавай (г.зн. такой, дзе існуе дэмакратычная палітычная сістэма, ці па-простаму – дэмакратыя) ёсьць такая, дзе ўлады служаць аб’ектыўным інтарэсам свайго народу і свайго грамадства (усё па Кастусю Каліноўскаму: “Не народ для ўрада, а ўрад для народа!”). Таму, акрамя дадзенай зьмястоўнай рысы дэмакратыі, найбольш надзейнай фармальнай яе рысай зьяўляецца наступны крытэр: ці знаходзіцца ўлада ў руках прадстаўнікоў нацыянальнай эліты, ці апошняя хаця б кантралюе палітычную эліту. Іншыя паказьнікі арганізацыі палітычнай сістэмы дзяржавы, напрыклад, такія, як перыядычныя выбары (нават з дакладным падлікам галасоў і аднолькава свабодным доступам да СМІ ўсіх палітычных суб’ектаў), ёсьць значна больш фармальнымі, а таму другаснымі крытэрамі дэмакратыі. Стратэгічнымі ўмовамі для існаваньня дэмакратыі зьяўляецца цэльнасьць, зьяднанасьць грамадства і дыферэнцаванасьць улады – яе падзеленасьць на мясцовую і цэнтральную, апошняя на заканадаўчую, выканаўчую і судовую, і г.д.

І вось тут варта разьгледзець альтэрнатыўную сітуацыю, якая сёньня ў скрайняй сваёй форме сустракаецца даволі рэдка, але, на жаль, гэта якраз тое, што датычыць Беларусі й нашага пакутнага народу. Я маю на ўвазе сітуацыю, калі, як і пры царах-гарохах ці крывавых бальшавіках-камуністах, улада ў дзяржаве апынаецца ў руках абсалютна абмежаваных дэгенератаў-выраджэнцаў, якія аніяк не зьвязаныя зь кіруемым імі народам, імкнуцца выкарыстаць уладу ў выключна сваіх асабістых, эгаістычных і найчасьцей вельмі прымітыўных мэтах. Такая сітуацыя – гэта сітуацыя сацыяльнага паразітызму з выкарыстаньнем дзяржаўнай улады. Яна вядзе да адной з самых цяжкіх формаў хворага стану народу і грамадтва. Галоўны механізм хваробы відавочны: у такой ступені, у якой здэградаванымі зьяўляюцца прыўладныя выраджэнцы, яны імкнуцца разбурыць у дзяржаўна-нацыянальнай сістэме тое, што можа перашкодзіць іх эгаістычнаму, жлобскаму жаданьню паразітаваць на народзе максімальна доўга і беспакарана.

На што ж яны нацэльваюцца? Гэта таксама вельмі лёгка вылічыць на падставе прыведзенага вышэй. Галоўная іх мэта – перавярнуць дэмакратычную дзяржаўную сістэму да гары нагамі – г.зн. зрабіць так, каб народ служыў паразітам ва ўладзе. Для гэтага ім трэба максімальна цэнтралізаваць уладу ў сваіх руках (вось галоўная прычына фармаваньня вядомай бюракратычнай сада-мазахісцкай піраміды, якая ў Беларусі й Расеі называецца аднолькава – “вертыкальлю ўлады”) і адначасна максімальна аслабіць грамадства праз яго расшчапленьне і касмапалітызацыю (прасторавую і часавую хаатызацыю). Паколькі яднальным ядром любога этнічнага грамадства, як было адзначана раней, зьяўляецца адпаведны народ, прыўладныя паразіты скіроўваюць свае высілкі на пазбаўленьне народу (у нашым выпадку – нашага, беларуска-літвінскага) усіх рыс яго гістарычнасьці, цэласьці, сістэмнасьці – г.зн. імкнуцца максімальна разарваць усе сувязі, якія яднаюць народ у адзіны цэласны самастойны арганізм.

Усім зразумела, што калі, напрыклад, цэлы аўтамабіль разабраць на часткі, гэта ўжо будзе не аўтамабіль, а груда металу, нават, калі ў ёй будуць усе дэталі, што да апошняга віньціка. Калі чарвяка-расавіка прапусьціць праз мясарубку – гэта ўжо будзе не чарвяк, а купка (горка) фаршу, нават, калі ў ёй будуць знаходзіцца ўсе да адной клетачкі цела чарвя. Так і з народам: калі разбурыць яго інтэгратыўныя механізмы, функцыю якіх, нагадаю, якраз і выконваюць агульнанацыянальныя каштоўнасьці – мова, культура, гісторыя, сімвалы і г.д., ён ператворыцца ў звычайную біямасу, “гару фаршу”, на якім вельмі ўтульна, бесклапотна могуць адчуваць сябе самыя розныя сацыяльныя паразіты. Без кіраўніцтва сваёй нацыянальнай элітай, без усёй сістэмы агульнанацыянальных каштоўнасьцяў (якія, дарэчы, мы прапануем называць сьвятымі), страціўшы ўсьведамленьне крэўнага адзінства, народ перастае быць народам, а грамадства, якое ён кансалідуе, губляе рысы канкрэтнасьці, цэласьці, гістарычнай рэальнасьці й ператвараецца ў абстрактна-касмапалітызаванае месіва. Такое на руку і па сілах толькі вялікім сацыяльным паразітам.

Адсюль відавочна, што беларусафобская этнацыдная праграма, якая зьдзяйсьняецца сёньня цяперска-каланіяльная адміністрацыяй (якая атрымала ўладу ў спадчыну ад адміністрацыі царскай і бальшавіцкай) – гэта ні што іншае, як спосаб ператварэньня нашага беларускага народу ў нежывы, несамастойны аб’ект. Скажу больш ясна і адназначна: зьнішчэньне беларускай мовы – гэта па сваёй сутнасьці ні што іншае, як адзін са спосабаў забойства нашага народу!

Адсюль і наадварот: стаўленьне да беларускай мовы – гэта ня толькі тэст на нацыянальную сьвядомасьць чалавека, яго любоў і адданасьць свайму народу, гэта яшчэ і тэст на САПРАЎДНЫ ДЭМАКРАТЫЗМ любых палітыкаў – прыўладных, апазіцыйных ці заходніх “добразычліўцаў”.

Мы – сябры рэдакцыі – свой іспыт даўно здалі. І каб больш не паўтараць відавочнае, давайце зафіксуем усе пададзеныя вышэй паняцьці й сувязі паміж імі як чарговы прынцып Беларускай дактрыны (Д пр-п 3б). А вось як гэты тэст здаюць іншыя, вы можаце ўбачыць у тым ліку і па стане беларускага школьніцтва, адлюстраваным у першай частцы дадзенага матэрыялу…

Давайце паглядзім, як азначаны падыход увасабляўся, разгортваўся намі далей у чарговых прынцыпах Беларускай дактрыны?

4.2. Вось частка сістэмы дактрынальных прынцыпаў (прыведзены ня ўсе), якая адпавядае праблеме суадносін паміж лёсам беларускай мовы й існаваньнем самога беларускага народу, яго дэмакратыі ды дзяржавы.

Беларускае грамадства ёсьць рэальная, а не абстрактная катэгорыя. Беларускае грамадства – гэта сістэма грамадзян Беларусі, аб’яднаных вакол свайго ядра, якім зьяўляецца беларускі народ. Яднаньне апошняга адбываецца за кошт агульнанацыянальных каштоўнасьцяў, да якіх належаць беларуская мова, культура, гісторыя, нацыянальныя сімвалы; сьветагляд; этнічная тэрыторыя і незалежная, самастойная беларуская дзяржава, пабудаваная ў яе межах; аб’ектыўныя нацыянальныя інтарэсы, скіраваныя ў неабмежаваную будучыню; іншае. Захаваньне персьпектывы прагрэсіўнага разьвіцьця беларускага грамадства магчыма толькі тады, калі ў беларускай дзяржаве будзе культывавацца атмасьфера стаўленьня да ўсяго пералічанага, як да сьвятых каштоўнасьцяў” (Д пр-п 23).

На сёньня мясцовая кампрадорская бюракратыя – цяперцы – канчаткова ператварылася ў злачыннага дэструктыўна-паразітнага монстра, абсалютна адчужанага ад аб’ектыўных інтарэсаў беларускага народу, нацэленага на выкарыстаньне, эксплуатацыю беларусаў і падпарадкаванага ўладзе Лукашэнкі ды яго гаспадароў з колаў расейскай імперыякратыі” (Д пр-п 49).

У антыдэмакратычнай дзейнасьці цяперашніх беларусафобскіх уладаў можна вылучыць некалькі кірункаў. Адзін з іх – этнацыдны. Ён выяўляе сябе ў вынішчэньні беларускага школьніцтва, зьнішчэньні Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, у забароне карыстацца беларускай нацыянальнай сімволікай, забароне на словы «беларускі» і «нацыянальны», у поўнай адсутнасьці беларускамоўнага навучаньня ў ВНУ, прымусовай ліквідацыі Таварыства беларускай вышэйшай школы, у сталым беларусафобскім шабашы ў СМІ і г.д. і да т.п. Прычына перлічанага ў тым, што сілы бязроднай бюракратыі, якія захапілі ўладу на нашай зямлі, такім чынам разьлічваюць максімальна расьцягнуць час свайго паразітычнага існаваньня…” (Д пр-п 29).

Дасягненьне суверэнітэту і дэмакратыі ў Беларусі зьяўляецца немагчымым без першачарговага спыненьня этнацыду беларусаў і яго зваротнага разьвіцьця” (Д пр-п 3).

Пасьля прыходу да ўлады сапраўдных беларускіх дэмакратычных сіл усе вінаватыя ў сёньняшнім этнацыдзе беларускага народу будуць прыцягнутыя да крымінальнай адказнасьці” (Д пр-п 46).

У будучай Беларускай дзяржаве ў час, калі будзе адбывацца беларусізацыя, толькі тыя асобы рускай нацыянальнасьці будуць мець права голасу адносна рускай мовы, хто сёньня актыўна выступае супраць этнацыду беларускага народу!.. ” (Д пр-п 58).

У будучай Беларусі, як толькі ўлада пяройдзе ў рукі дэмакратычнага кіраўніцтва, абавязкова і тэрмінова будзе адноўлены ня толькі статус беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай, а і такі ж статус беларускіх нацыянальна-гістарычных сімвалаў – гербу “Пагоня” і бел-чырвона-белага сьцягу!” (Д пр-п 55).

У будучай беларускай дзяржаве наша мова будзе адзінай дзяржаўна-афіцыйнай мовай. На ёй будуць працаваць усе школы, ВНУ, Акадэмія Навук, усе тэатры й кінатэатры, уся рэклама, усе вулічныя абвесткі, усе СМІ (дзяржаўныя і прыватныя), якія будуць знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі й узначальвацца яе грамадзянамі. Беларуская мова будзе мовай працы прамысловых і сельскагаспадарчых прадпрыемстваў усіх формаў уласнасьці, мовай гандлёвых і фінанасавых аперацый і г.д. (Д пр-п 11).

Беларуская мова ў будучай Беларусі будзе ўводзіцца праз эфектыўнае авалоданьне ёю ўсім дзяржаўным чыноўніцтвам, праз запаўненьне ёю нашай інфармацыйнай прасторы, праз беларусізацыю сістэмы адукацыі, пачынаючы з вышэйшых навучальных устаноў” (Д пр-п 7).

У будучай Беларускай дзяржаве будзе лічыцца крымінальным злачынствам любая спроба зьняважыць сьвятыя беларускія агульнанацыянальныя каштоўнасьці” (Д пр-п 94).

Паколькі стаўленьне да беларускай мовы ў нашых сёньняшніх варунках – гэта аб’ектыўны тэст на дэмакратызм сьветагляду, а таксама ў сувязі з тым, што намі было заўважана нежаданьне “Захаду” і шэрагу прадстаўнікоў “аб’яднанай дэмакратычнай” апазіцыі бачыць у Беларусі як праблему этнацыду ў цэлым, так і зьнішчэньня беларускай мовы ў прыватнасьці (гл., напрыклад, артыкулы “Еўрапейскі гуманітарны універсітэт: яшчэ адна прыкмета варожасьці Захаду да беларускай справы?”, nashaziamlia.org/2006/05/12/90; “Прыкінуцца няведаючым – дзіўныя паводзіны “свабодных” людзей”, nashaziamlia.org/2006/05/13/91), мы сваё крытычнае стаўленьне да такой паставы адлюстравалі, напрыклад, праз Д пр-п 5: Цяперашні «Захад», калі браць у цэлым, у адносінах да нашага народу калі і не вораг, дык ні ў якім разе ня сябра! Спадзявацца на яго сёньня нельга”.

Такім чынам, нам ня сорамна перад нашым народам за два гады працы рэдакцыі ў ідэалагічнай сьферы.

Аднак, як вы бачыце, абставіны прымушаюць нас аддаваць частку высілкаў і часу на праблемы грамадска-палітычнай практыкі…

4.3. Тэорыя перамогі.

Тыя, хто хочуць перамагаць, ня могуць не карыстацца ведамі пра ўніверсальную тэхналогію перамогі. Нават мне, несьпецыялісту, відавочна, што для дасягненьня посьпеху ў якой-небудзь складанай, але рэальнай для вырашэньня справе неабходна правільна вызначыць ключавую і практычна дасягальную мэту (гэта самы істотны момант, які дасягаецца з дапамогай якаснай аналітыкі), затым неабходна сабраць у адзіны кулак усе сілы, якія зацікаўлены ў яе дасягненьні (усіх патэнцыйных удзельнікаў трэба паінфармаваць пра мэту, патлумачыць яе значэньне і сабраць пад яе), а затым арганізацыю і ўсю далейшую дзейнасьць сабранага “войска” трэба падпарадкаваць нацэльваньню на дасягненьне вызначанай мэты (у выніку такое нацэльваньне ператвараецца і ў галоўны кіроўны механізм па арганізацыі ўсёй справы).

Паколькі ўсе больш-менш прыстойныя сілы, апазіцыйныя цяперскаму рэжыму Лукашэнкі, заяўляюць аб сваёй прыхільнасьці дэмакратыі, і паколькі, як вызначана раней, для станаўленьня беларускай дэмакратыі беларуская мова выконвае ролю ключавога механізму, стаўленьне да яе лёсу ёсьць стратэгічны і аб’ектыўны крытэр дэмакратычнасьці тых ці іншых беларускіх апазіцыйных сіл. Кажучы па-простаму, ня можа лічыцца дэмакратычнай і, нават, апазіцыйнай любая палітычная ці грамадская структура, якая робіць выгляд, што не заўважае этнацыду ці паціху прыхільна ставіцца да яго. Калі такія ёсьць, значыць яны (партыя ці ГА) зьяўляюцца недэмакратычнымі й неапазіцыйнымі.

Аднак, патрабаваньне вяртаньня беларускай мовы ва ўсе сьферы грамадскага жыцьця (ці, у адпаведнасьці з канстытуцыяй Лукашэнкі, хаця б 50%-е яе панаваньня ў Беларусі) – занадта аморфнае, неканктрэтнае, каб стаць мэтай нацэльваньня і спосабам арганізацыі дэмакратычных сіл. Таму варта істотна звузіць патрабаваньне. Некаторыя прапануюць звузіцца да патрабаваньня беларусізацыі школы… Гэта стратэгічная памылка. Яе прычына абумоўлена альбо няведаньнем элементарных механізмаў псіхікі людскай масы, альбо наўмыснай шкодай. Беларусы самі з задавальненьнем павядуць сваіх дзетак у беларускія школы, калі ва ўсіх Вышэйшых навучальных ўстановах (ВНУ) ці хаця б у іх істотнай большасьці выкладаньне будзе адбывацца на беларускай мове. Беларусізацыя ВНУ – гэта аўтаматычная беларусізацыя школьніцтва. Таму я прапаную з мэтай беларусізацыя ўсёй сістэмы адукацыі зьвярнуць увагу ў першую чаргу на беларусізацыю Вышэйшых навучальных ўстаноў.

Адмыслова зьвяртаю ўвагу – гэтае патрабаваньне ёсьць ня толькі абсалютна сэнсоўным, але і абсалютна легальным, заканамерным. Акрамя таго, ёсьць у дадзеным падыходзе яшчэ адна істотная рыса, неабходная для патэнцыйна пасьпяховай грамадска-палітычнай дзейнасьці – ён максімальна канкрэтны, абмежаваны. Усё названае робіць дадзены падыход практычна рэальным…

Я усьвядоміў гэта яшчэ ў канцы 1980-х гадоў (яшчэ пры камуністах), у час першых гісторыка-культурных клубаў, такіх, напрыклад, як гарадзенская “Паходня”, і пачаў прапагандаваць яшчэ тады (калі б быў жывы Міхась Ткачоў, ён мог бы пацьвердзіць). І з таго часу, вось ужо больш 20 гадоў, паўсюль, дзе толькі можна, і ў індывідуальным парадку, і публічна, як толькі паўстае пытаньне пра беларусізацыю адукацыі, я раз за разам тлумачу нашым дзеячам (і грамадскім, і партыйным) і сябрам іх арганізацый неабходнасьць сканцэнтравацца на праблеме беларусізацыі ВНУ, нацэліцца на яе, а не распыляцца на ўсе магчымыя кірункі дзейнасьці.

Час распавесьці пра некаторыя сустрэчы і назваць імёны.

4.4. Вось часткай маёй гісторыі зваротаў да прадстаўнікоў сёньняшняй апазіцыйнай “эліты”, якія былі, на мой погляд, патэнцыйна персьпектыўнымі для вырашэньня моўна-адукацыйнай праблемы ў Беларусі.

Мілінкевіч. Чуў ад мяне пададзеныя вышэй разважаньні шмат разоў (яшчэ з канца 1980-х гадоў).

Сокалаў-Воюш. Размаўляў зь ім у т.л. і па азначанай тэме ў самым канцы 1980-х.

Пазьняк. Недзе ў канцы 1995 года была зь ім сустрэча менавіта па дадзенай тэме. Сустракаў мяне ў штаб-кватэры БНФ падбачэніўшыся, у атачэньні Сіўчыка і Вячоркі (на сустрэчу напрасіўся я; гэта была першая і апошняя мая непасрэдная сустрэча з Пазьняком; пасля яе ў мяне засталося непрыемнае ўражаньне, быццам ён размаўляў з чалавекам, які ў яго нешта прасіў асабіста для сябе). Я яму патлумачыў, што выкладчыкі ВНУ вельмі незадаволеныя зьяўленьнем на пасадзе прэзідэнта Беларусі… нейкай недарэчнасьці, калі не сказаць горш. Яны ўспрымаюць гэта як уласнае прыніжэньне і гатовыя пратэставаць. На фоне гэтых настрояў я прапанаваў БНФ ініцыяваць працэс арганізацыі Таварыства беларускай вышэйшай школы (ТБВШ) для аб’яднаньня выкладчыкаў, сьхільных да беларусізацыі. Вышэй пададзеныя аргументы пра неабходнасьць беларусізацыі ўсёй сістэмы адукацыі, пачынаючы з ВНУ, таксама былі прыведзены. Станоўчага адказу не было.

Вячорка. У канцы 1996 году, у час, калі на наступны дзень у Менску павінна было арганізоўвацца Таварыства беларускай школы (ТБШ), я ўжо літаральна прасіў Вячорку адначасова з ТБШ зрабіць крокі па арганізацыі ТБВШ. У адказ было толькі шматзначнае маўчаньне.

Паколькі вынік усіх тлумачэньняў і ўпрошваньняў быў нулявы, я ў Гародні ў канцы 1996 году арганізаваў Таварыства беларускай вышэйшай школы (ТБВШ), якое праіснавала 9 гадоў (да канца 2005 году), калі было прымусова зьліквідавана ўладамі. Пра гісторыю гарадзенскай ТБВШ, яе мэты, дзейнасьць і спосаб ліквідацыі трэба распавядаць асобна. Магчыма, я калі-небудзь гэта зраблю. А цяпер далей пра тых, да каго я зьвяртаўся яшчэ ў гэты інтэрвал часу з заклікамі стварыць рэспубліканскае ТБВШ і скіраваць высілкі на патрабаваньне беларусізацыі вышэйшай адукацыі.

Трусаў (старшыня ТБМ). Па азначанай тэме даводзілася выступаць нават на рэспубліканскай радзе ТБМ, а таксама на некаторых канферэнцыях, арганізаваных менскім ТБМ зь міністэрствам адукацыі РБ. Асноўнае меркаваньне, пачутае ў адказ, несла прыкладна такі сэнс: “трэба займацца ўсім”…

Лозка (старшыня ТБШ). Меў канкрэтную персанальную размову. Тлумачыў, што без беларусазацыі ВНУ беларуская школа доўга не пратрымаецца. Было адчуваньне, што паразуменьне ёсьць, але з тае пары для справы не было зроблена нічога.

Баршчэўскі. Шмат сустракаўся да 1999 года. Напэўна, пра маю прапанову ведае.

Суднік (рэдактар “Нашага слова”). Была акцэнтаваная размова па тэме і ня раз.

Высоцкі Сяргей. Пра прапанаваную тэхналогію змаганьня за беларускасьць адукацыі таксама ад мяне, напэўна, ведае.

Казулін. Размовы зь ім тэт-а-тэт ніколі ня меў. Але паўтары гады таму, пад час падрыхтоўкі да Дэмкангрэсу, прасіў яго адваката Рынкевіча, які ў 1980-я жыў у Гародні й мы зь ім знаёмыя з тых часоў, перадаць Казуліну ў турму наступнае: Казулін павінен выйсьці з турмы беларускамоўным, інакш ні я, ні шмат хто іншы яго ніколі не падтрымаем. Казулін выйшаў і, як, напэўна, вы ведаеце, застаўся такім жа рускамоўным, якім быў да таго…

Скобла. Знаёмыя яшчэ з 2001 года па працы ў штабе Домаша. Каля году таму ён хацеў быў узяць у мяне інтэрвю для радыё “Свабода” па праблеме этнацыду. Але больш так і не пазваніў. Відаць, расхацеў…

Фралоў. Размова была – і публічная, і вельмі канкрэтная (даводзілася выціскаць абяцаньне, што калі ён стане прэзідэнтам, ён забясьпечыць беларусізацыю ВНУ).

Шушкевіч, Колас, Лябедзька, Статкевіч, Ляўковіч, Калякін. Маглі чуць пра маю прапанову, але персанальна я зь імі не сустракаўся і на дадзеную тэму не размаўляў (напрыклад, нягледзячы на абраньне мяне ў Раду інтэлігенцыі, я ні разу на яе ня быў запрошаны і выступіць ня меў магчымасьці; затое перад гэтым выступаў на Сходзе інтэлігенцыі).

Севярынец, Дашкевіч. Даводзілася зь імі сустракацца ня раз. Ці закраналі мы тэму найбольш эфектыўнага механізма беларусізацыі адукацыі, цяпер, на жаль, дакладна сказаць не магу.

Але акрамя персанальных сустрэч і размоў я выступаў яшчэ шмат дзе з тымі самымі аргументамі, якія пададзены вышэй… Канчатковы вынік вам вядомы – ён нулявы!..

Наша сёньняшняя беларуская рэчаіснасьць вельмі сьпецыфічная. Тут законы логікі і нават абсалютнай відавочнасьці ня дзейнічаюць. Прычым, ня дзейнічаюць ня толькі на ўзроўні ўладаў, якія зацята і сьвядома скіраваныя на паступовае зьнішчэньне ўсяго беларускага, а і на ўзроўні апазіцыйных лідараў, якія ў сваёй большасьці нібы заяўляюць аб супрацьлеглым, але нічога выніковага ня робяць.

Аднак парадаксальнасьць беларускай рэчаіснасьці не адмяняе логікі перамогі. І каб яе дасягнуць, трэба рабіць тое, што трэба, і не зьвяртаць увагу ні на пасады, ні на імёны, ні на міфічныя аўтарытэты…

4.5. Дык што рабіць практычна, як павінна выглядаць грамадская тэхналогія.

З усяго агаворанага вынікае, што, у прынцыпе, трэба зрабіць наступнае:

– усёй апазіцыі (і грамадскай, і палітычнай) трэба НАЦЭЛІЦЦА на істотную, сэнсоўную і рэальную (абмежаваную) мэту, якой ёсьць беларусізацыя ВНУ, для таго, каб патрабаваць яе нават у цяперашняй лукашэнкаўскай Беларусі (100%-я беларусізацыя ВНУ, адпавядаючая дэмакратычнай Канстытуцыі Шушкевіча-Грыба – гэта праграма- максімум; 50%-я беларусізацыя ВНУ, адпавядаючая канстытуцыі Лукашэнкі – гэта праграма-мінімум).

– пад гэтую мэту трэба перафарматаваць усю “аб’яднанаю, дэмакратычную” апазіцыю; пад яе ж, калі спатрэбіцца, перагледзець стасункі з заходнімі “добразычліўцамі” (ад апошніх мы ў самай катэгарычнай форме павінны запатрабаваць спыніць свой ганебны ўдзел у беларусафобскай этнацыднай праграме, у сувязі з чым, як мінімум, патрабаваць беларусізаваць ЕГУ і пераходу перадачаў “Нямецкай хвалі”, якія транслююцца на Беларусь, на беларускую мову).

– пад гэтую ж мэту арганізаваць дастаткова маштабныя і працяглыя акцыі, скіраваныя на грамадства (паколькі непасрэдна на цяперашнюю ўладу мірна дзейнічаць немагчыма, на яе трэба дзейнічаць толькі апасяродкавана праз грамадскую сілу, праз “грамадскае меркаваньне”).

Як можа выглядаць дадзеная праграма больш канкрэтна.

1. Уявіце сабе, што, напрыклад, зьбіраюцца разам Рады ТБМ, ТБШ, Рада інтэлігенцыі, кіраўніцтва беларускай пісьменьніцкай арганізацыі, іншыя грамадскія сілы й зьвяртаюцца да “аб’яднанай дэмакратычнай апазіцыі”, іншых апазіцыйных сіл і лідараў са зваротам аб’яднацца разам, каб пачаць рашуча патрабаваць ад уладаў беларусізаваць вышэйшую школу. У звароце адзначаецца, што патрабаваньне беларусізацыі вышэйшай адукацыі, а праз яе і ўсёй адукацыйнай сістэмы ў Беларусі – гэта абсалютна легальнае, дэмакратычнае патрабаваньне, якое адлюстроўвае аб’ектыўныя інтарэсы беларускага грамадства і ёсьць скрайне актуальным у наш час. У сувязі з гэтым – павінна быць адзначана ў звароце – ніводная палітычная сіла ў Беларусі ня можа лічыцца дэмакратычнай, калі яна не пачне актыўна ўдзельнічаць у змаганьні за беларускія ВНУ, а, тым больш, будзе супраціўляцца ёй. Таму ніхто, хто лічыць сябе і сваю арганізацыю дэмакратычнай, ня можа ўхіліцца ад удзелу ў падобай акцыі й адпаведнаму ёй новаму прынцыпу аб’яднаньня. Усе такія партыі, дзе б яны ні былі (хаця б у шэрагах цяперашняй “аб’яднанай апазіцыі”), калі яны стануць на шлях ухіленцаў, будуць лічыцца недэмакратычнымі, а значыць, варожымі ў адносінах да беларускага народу і будуць катэгарычна выштурхнутыя за межы новага грамадска-палітычнага аб’яднаньня.

2. Пасьля стварэньня аб’яднаньня ўсіх грамадстка-палітычных сіл, якія пажадаюць далучыцца да вырашэньня праблемы, павінен быць напісаны сумесны падрабязны і адкрыты зварот да ўладаў (такі ж падрабязны і адкрыты, як дадзены тэкст) з патрабаваньнем спыніць у Беларусі злачынны этнацыд і пачаць выкладаньне ва ўсіх нашых ВНУ на беларускай мове (спраўка: колькі гадоў таму ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце быў зроблены перавод навучаньня замежных студэнтаў на англійскую мову. Было зробена так: за год да таго абвясьцілі, што гэта будзе; затым пераклалі і закупілі падручнікі, вызначылі на кожнай кафедры выкладчыкаў з больш-менш прыстойным валоданьнем англійскай мовай і праз год… пачалі выкладаньне на ёй (!). Дадзены прыклад паказвае, што перавод выкладаньня ў ВНУ Беларусі на беларускую мову – гэта ўвогуле элементарная тэхнічная задача…).

3. Пад зваротам зьбіраюцца сотні подпісаў вядомых у Беларусі палітыкаў, грамадскіх дзеячаў, навукоўцаў, пісьменьнікаў, выкладчыкаў, прадпрымальнікаў, сьвятароў, іншых. Зварот адсылаецца на “беларускія” радыё і тэлебачаньне, у “Совецкую Белоруссію”, “Рэспубліку”, іншыя цэнтральныя праўладныя выданьні. Яны, натуральна, яго не друкуюць, а імкнуцца ўсяляк замоўчаць ці перакруціць, каб дыскрэдытаваць. Тады заварот адсылаецца ва ўсе незалежныя СМІ (гарантуем, хто-хто, а мы яго абавязкова надрукуем).

4. Адразу пасьля гэтага пачынаецца ціск на ўладу, каб яна адступілася ад сваёй злачыннай этнацыднай дзейнасьці й пачала беларусізаваць ВНУ. Напрыклад, можна пачаць працяглую (да перамогі) налепкава-улёткавую кампанію, з дапамогай якой беларускае грамадства будзе шырока інфармавацца пра тое, што ў дзесятках краін сьвету навокал Беларусі (на справе, практычна ва ўсіх!) моўная сітуацыя выглядае абсалютна інакш. Там і ўлады працуюць, і ўся адукацыя адбываецца на мове таго народу, якому належыць дзяржава (пры́кладныя ўзоры серыі PR-аўскі выніковых налепак гл. ніжэй; іх могуць быць дзесяткі). Налепкава-улёткавая акцыя павінна адбывацца без грантаў – толькі за кошт сродкаў, сабраных з народу ці пазычаных да будучай перамогі ад беларускіх прадпрымальнікаў.

�а ��У.JPG

5. Калі супраціў акцыі будзе аказаны з боку заходніх “добразычліўцаў” (а на Захадзе ёсьць сілы, зацікаўленыя ператварыць Беларусь у “ненаселены востраў”, каб потым паставіцца да нас, беларусаў, так, як у свой час да абарыгенаў Аўстраліі, Новай Зеландыі, ці індзейцаў абедзьвюх Амерык), такіх прадстаўнікоў “цывілізаванага Захаду” трэба пасылаць далёка на фіг і спыняць зь імі ўсялякае супрацоўніцтва!

6. Калі не спрацуе п.1 дадзенай прапановы, і ТБМ+ТБШ+Інтэлігенцыя+Пісьменьнікі будуць ня здольныя сабрацца і зьвярнуцца да Мілінкевіча, Маладога Фронту, Казуліна, КХП, БПС і ўсёй “аб’яднанай дэмакратычнай апазіцыі”, ініцыятыву можа ўзяць БНФ. Калі гэтая арганізацыя апынецца на такой стадыі бюракратычнага выраджэньня, што і яна не спрацуе, ролю запальніка можа ўзяць Малады Фронт, які, як вядома, супрацоўнічае зь Мілінікевічам, а Казуліна зрабіў нават сваім ганаровым сябрам!.. Карацей, бакоў, зь якіх можна “падпаліць вогнішча” новага зьмястоўнага і выніковага “аб’яднаньня пад справу” ўсіх дэмакратычных беларускіх сілаў (і грамадскіх, і партыйных), дастаткова.

4.6. І апошняе. Пра “вітаміны”, каб усё заварушылася…

Я ўжо даўно не наіўны. І на ўласным досьведзе ведаю, што ніякі артыкул, разьмешчаны на нейкім сайце, нават, калі аргументы, прыведзеныя ў ім, на ўсе 102% будуць вернымі, ніякага эфекту проста так ня дасьць. Трэба будучыя падзеі прастымуляваць.

Таму, каб усё не завяршылася чарговым пустапарожнім страсеньнем паветра, прынята рашэньне аформіць зьмест дадзенага артыкула і канкрэтную прапанову да нашай апазіцыі, закладзеную ў ім, як прынцып Пераможнай датрыны (П пр-п 16). Гэта дазволіць стала памятаць пра прапанову, не выпускаць яе зь віду…

Акрамя таго, калі апазіцыя справай ня зоймецца і этнацыдныя падзеі будуць паціху працягвацца, як і раней, гэта дадаткова будзе азначаць, што ўсе сябры “беларускай апазіцыі” (у т.л. і ўсе тыя, хто ўзгаданы ў дадзеным артыкуле) аб’ектыўна належаць да адной з чатырох катэгорый: лохаў (гэта тыя, хто мала што разумее і зьяўляецца аб’ектам маніпуляцый), жлабоў (тыя, хто разумее дастаткова, але эгацэнтрычна скіраваны толькі на сябе – “вялікага і прыгожага”), ворагаў (тыя, хто зыходна працуе на баку той ці іншай соцыяпаразітнай сілы) ці здраднікаў (гэта найгоршая катэгорыя; да яе належаць тыя, хто за грошы здрадзіў сваім ранейшым дэмакратычным ідэалам і пачаў працаваць на паразітаў-ворагаў). Набор катэгорыяў вычарпальны, іншых няма.

Самае істотнае ў апошнім ня тое, што так, напрыклад, буду лічыць я. Гэта, сапраўды, мала істотна. Самае істотная, што так будзе запісана і назаўсёды застанецца ў Гісторыі!..

Не гуляйцеся зь Гісторыяй, спадарове. На поўным сур’ёзе – ня раю…

У спадзяваньні на сустрэчу па адзін бок будучых барыкадаў,

ваш Алесь Астроўскі.

P.S.

З нагоды ўзьнятай тэмы невыбачальным было б не ўзгадаць яшчэ адзін істотны факт (пра які забыўся), што і вырашыў зрабіць у дадатку.

Вясной сёлета я з нагоды запрасіў аднаго з гродзенскіх карэспандэнтаў радыё “Свабода” на свае заняткі й лекцыі, каб ён паглядзеў, як адбываецца выкладаньне медыцыны на беларускай мове і як да гэтага ставяцца студэнты. Ён наведаў адну з маіх лекцый, узяў інтэрвю ў студэнтаў і быў у захапленьні, што, аказваецца, студэны ў абсалютнай большасьці ставяцца да беларускамоўнага навучаньня цалкам станоўча ды яшчэ прыводзяць свае цікавыя аргументы на карысьці гэтага. У сувязі з такой хадой падзей я запрапанаваў яму зрабіць серыю рэпартажаў з Гародні – своеасаблівы пасыл для выкладчыкаў ВНУ на ўсю Беларусь – пра нашых выкладчыкаў (а іх набярэцца дзясяткі два, асабліва за кошт Універсітэта імя Янкі Купалы), якія выкладаюць не беларускую мову і літаратуру, а іншыя дысцыпліны на беларускай мове. Задача – шырэй прадэманстраваць той жа феномен, якія ён назіраў у мяне на лекцыі…

Ідэя цудоўная. Ці ня праўда? Ён пагадзіўся. І вы, напэўна, пагаджаецеся…

Карэспандэнт сказаў, што толькі пракансультуецца з начальствам у Менску.

Калі я праз пару дзён патэлефанаваў яму, каб даведацца, якая ж была рэакцыя на ідэю з боку яго начальства, ён адказаў, што менскае кіраўніцтва радыё “Свабода” заявіла, што ідэя… не цікавае і яе зьдзяйсьняць ня трэба. А той рэпартаж, які ён ужо зрабіў, так і ня быў выпушчаны ў эфір…

Рабіце высновы, спадарове. Мне здаецца, што ўсё вельмі празрыста…

7 каментарыяў

  1. Siarhiej кажа:

    1. Адказнасць за этнацыд нясе таксама кожны грамадзянін Беларусі. Чаму не аказвае супраціў?
    Чаму не размаўляе? Чаму не носіць значку з нацыянальным сімбалам? …
    2. Большую асабістую адказнасць нясуць журналісты.
    3. Пра акупацыйны рэжым тут няма што сказаць. Каб скінуць Саакашвілі Маскве патрэбны некалькі танкавых армій,
    а каб скінуць Луку Маскве хопіць танкавай роты.

  2. Я задала сабе пытанне, а ці ёсць сляды руніцкай пісьменнасці ў самой Беларусі. Аказваецца ёсць, але яны не прачытаны, нават не даследваны. Гэта святыя камяні, якіх ў Беларусі больш за 2 тысячы. Аб такіх камянях якраз я і збіраю матэрыял з інтарнэту, каб прааналізаваць, што адбывалася ў нашай краіне ў вельмі далёкія часы. Яшчэ раз грукаюся ў дзверы да нашых навукоўцаў: даследуйце гэтыя святыні народа і чытайце надпісы славянскімі рунамі. Іх агучванне прыведзена на вышэй згаданым сайце.

  3. Уладзімер Русаковіч кажа:

    Для карысьці справы пра “дзейнасьць і спосаб ліквідацыі трэба распавядаць”, бо, калі з 2005 года не ўдалося аднавіць ТБВШ, то й звароты ды патрабаваньні не дадуць выніку.
    Варта асобна вывесьці, чаму “ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце быў зроблены перавод навучаньня замежных студэнтаў на англійскую мову”, а для беларускіх студэнтаў на беларускую мову – не.
    Мяркую, што іншаземцы намерваліся наагул з’ехаць на навучаньне ў іншую краіну і таму плаціць за яго не ў Беларусі пры ўмове невыкананьня іхняга запатрабаваньня.
    Пры існаваньні тоеснага раскладу ў выпадку з беларускімі навучэнцамі нават урад Лукашэнкі ня здужаў бы ўтрымацца ад беларускамоўных ВНУ, бо пажадаў бы зарабіць.
    Пакуль жа Еўрапейскі Гуманітарны Ўніверсітэт (ЕГУ) нават у Вільні ня здатны весьці навучаньне па-беларуску, разьлічваць на пералом становішча ня варта.
    “Рашуча патрабаваць”, калі ад каго й варта, то ад спонсара ЕГУ “разам Радамі ТБМ, ТБШ, Радаю інтэлігенцыі, кіраўніцтвам беларускай пісьменьніцкай арганізацыі”, “сумесны падрабязны і адкрыты зварот” якіх пэўна займее розгалас, дастатковы для перамены ўнутры ўніверстэта.

  4. Хачу адказаць сп-ру Сяргею і сп-ру Ўладзімеру.

    Сяргею.
    У тым стане (шызафрэнічна-касмапалітычна-дэградаваным), у якім знаходзіцца наш народ (па сутнасьці, гэта ўжо не народ, а месіва, бо ўсе рысы сістэмнай арганізаванасьці народу, якія павінны прысутнічаць у норме, разбураны моцным штучным працяглым узьдзеяньнем звонку – у асноўным з боку расейскай імперыі; мы яшчэ трымаемся дзякуючы здабыткам продкаў і ахвярнаму энтузіазму нацыянальнай эліты), ён ня ў стане што-небудзь самастойна вырашаць, за што-небудзь змагацца. ЁН АБ’ЕКТ! Таму пра яго віну можна казаць толькі для тых выпадкаў, калі ён дадаткова ў такім стане выкарыстоўваецца яшчэ і для агрэсіі супраць іншых народаў (як, напрыклад, маскоўцы-рускія – на іх віна ВЫКАНАЎЦАЎ злачынстваў імперыі; гэта другасная віна ў параўнаньні зь віной імперыякратыі – сьвядомых ІНІЦЫЯТАРАЎ злачынстваў імперыі). Калі ж мы кажам пра няшчасьці нашага народу, абумоўленыя вонкавым узьдзеяньнем на яго, тут наш “народ” – заўсёды АХВЯРА. Дадатковы аргумент, чаму ёсьць менавіта так, заключаецца ў вядомай ісьціне, што ў ЛЮБЫМ народзе прыкладна толькі 5% людзей здольныя мысьліць крытычна, а 95% – арыентуюцца на паводзіны масы (таму для чалавека масы і прыдуманы механізмы не рацыянальнага кіраваньня, бо яны для яго неэфектыўныя, а механізмы PR-прапаганды). Для таго, каб “народ” выглядаў народам, трэба, каб нацыянальная эліта была дапушчана да кіраваньня ім (хаця б праз СМІ). У іншых народаў гэта ёсьць у большай ці меншай ступені. Такі іх лёс. У нас ужо даўно гэтага няма – расейская імперыякратыя не дае. Некаторыя кажуць, што гэта таксама наш лёс. Я ня згодны, бо імперыякратыя – гэта звычайная злачынная мафія, арганізаваная на надуманай ідэі “вялікасьці”, а на справе – на соцыяпаразітным інтарэсе. Зь ёй можна змагацца і яе можна перамагаць… Таму трэба перамагчы расейскую імперыякратыю ў яе ўплыве на наш народ, замяніць каланіяльна-цяперскую адміністрацыю сабой. Тады і наш народ “раптам стане” і разумным, і культурным, і багатым…

    Уладзімеру.
    Свой артыкул я пісаў, зыходзячы з аб’ектыўнай неабходнасьці рэарганізацыі (перафарматаваньня) беларускай апазіцыі на грунце дэмакратычных
    прынцыпаў (бо практычны адыход ад каштоўнасьцяў дэмакратыі тут відавочны, хаця ўсе аб’яднанцы на словах “за дэмакратыю”), а таксама зыходзячы зь неабходнасьці нацэльваньня дзейнасьці апазіцыі на сэнсоўную мэту. Я давёў, што стаўленьне да этнацыду і будучыні беларускай мовы тут ключавы крытэр – практычны крытэр сапраўднасьці дэмакратычных памкненьняў. Як мне падаецца, праграма канкрэтных дзеяньняў напісана поўнасьцю і дастаткова дакладна. Вашыя ідэі, каб беларуская апазіцыя арганізавалася і запатрабавала ад Захаду накіраваць сродкі на беларусізацыю ЕГУ і, магчыма, нашых беларускіх ВНУ, проста цудоўная. Такая пастаноўка пытаньня здольная выявіць таксама і ступень дэмакратызму заходніх “дабразычліўцаў”. Нагадаю, яны адкрыта заяўляюць, што “на змаганьне за дэмакратыю ў Беларусі” яны штогод выдзяляюць ДЗЯСЯТКІ МІЛЬЁНАЎ даляраў і еўра. Дзесятай часткі гэтай сумы хапіла б, каб спыніць этнацыд ці, як мінімум, забясьпечыць беларусізацыю ўсіх нашых ВНУ. Аднак, справа ў тым, што ні пра этнацыд, ні пра беларусізацыю яны не гавораць…

  5. Францішак кажа:

    Паважана рэдакцы, паважаны Спадар Алель!
    Ведаюы Вашу прынцыповасьць і адданасьць справе Беларусі нельга з Вам ні пагадзцца. што ВНУ краіны павнны выкладаць на роднай
    беларускай мове – гэта бесспрэчна, такм чынам будзе рыхтавацца сапраўдная нацыяналдьна ЭЛІТА, але гэта давол працглы працэс,
    а мову аднаўляць трэба неадкладна. Пачацьбларусізацыю краны можна з вельмі ростай ні патрабуюай някіх сродкаў справы, трэба нгадкладна
    запатрабаваць ад мясцовых уладаў выканання канстытуцыйнага рава і абавзку – ва ўсіх дзяржаўных установах ні толькі павінны быць
    бланкі на беларускай мове. Гэта прымусіць людзй да валодання (хоць элементарна) беларускай мовай гэта будзе першым кроеам да
    ўсеагульнай беларусізацыі. Трэба ераканаць цяпрцаў,шо яны олькі выконваюць свой абавязак выводзць іх са спісу здраднкаў
    Як спыніць этнацыд? Складанасьць вырашэння гэтай праблмы паляга перш за ўсе на халуйств беларускага чынавенсва перад маскалмі
    прадажнасьці беларускай “апазіцыі”. Той, хто выступае хоць за кое аб’днанне з Расеяй, н можа заліацца да апазіцыі рэжыму. КДБісцкая
    сетка ахаліла ўсе бакі дзяржаўных і грамадскіх структур. Вльмі не прыемна чуць штоМалады Фронт залыў Казуліна свам ганаровым сбрам.
    Вдаюы яго асабста, магу сцвярджаць, што ры ім працэс ЭТНАЦЫДУ ольк насіліцца. Стаўку на яго можа зрабіць Захад, зрабіць з го
    влікамучанка рэжыму і альэрнатыву лукі, але гэта будзе толькі на даамогу маскалям, каб прасунуць свайго адданага імперыякраам
    халуя хоць і з влкм амбіцыямі
    Шодзенная праца з чыноўнікамі нават самага нізкага ўзроўню павінна прынсьці лепшыя вынікі, ым 20-гадовая “дзейнасьць апазіцыі”
    Каншне можна мн паракну, што легка гаварыць прапанавацьі і зусім інша справа ажыццявіць задумку. У нашай справе нічога легкага
    няма, а перашеоды і шальмаваннее будуць з усіх бакоў. Вы паднялі вельмі слушнае пытанне пры Вашай мэтанакіраванасьц зможаце
    зварухнуць людзей ад “сьпячкі” і бездзйнасьц. Пакуль Вы дзейніаеце жыв надзея на нацыянальнае адраджэнне. Жыве Беларусь!

  6. Алесь Стральцоў кажа:

    Спадарства, разважаеце пра тое, што дзесятай часткі ад 10 млн. дал. хапіла б каб спыніць этнацыд і абеларусіць усе ВНУ. Не, не хапіла б. Мільён гэта навучанне ў ВНУ 500 студэнтаў (2000$/год), прычым не ў цяжкіх умовах падполля, а ў вялікім ужо наладжаным ВНУ.

    Тым часам мільён гэта і ёсьць прыкладны “бюджэт” усіх дэмакратычных сілаў на год, з усіх крыніцаў: заходніх, усходніх і нутраных (вылічваць %-ю долю не будзем 🙂 а можа і меньш. Значная частка – гэта бла-бла па некалькіх радыё, няблага, але… Некаторыя партыі не маюць і тысячы на месяц. Якая тут магчымая праца? Дзе былі б бальшавікі каб не аграмадныя фінансы? Ніхто б з гісторыкаў іх не памятаў.

    Падтрымка Масквою Лукі складае мільярды на год. Масква, напрыклад, фактычна утрымлівае 100.000 насельніцтва Паўночнай Асетыі ўжо шмат гадоў, і не пішчыць (хаця каштоўнасць таго богам забытага лапіка зямлі амаль нулявая). А на 10.000.000 еўрапейцаў у ЗША ды ЕЗ знаходзіцца хіба нейкія цэнты з кішэні. Моцна бяднейшыя за Маскву, відаць. Дзякуй канешне і за мізер, але сітуацыя відавочная.

    Што такое сёння мільён? Гэта меньш, а часам значна меньш за заробак аднаго баксёра за матч, тэнісіста за 1 турнір, якаснага футбаліста ці хакеіста, топ-мэнэджэра буйной кампаніі. Блізкія да гэтага заробкі ў шмат якіх журналістаў, выкладчыкаў, экспертаў. Хай не мільён, але шасцізначныя лічбы на год. На Украіне дэпутатаў “скуплялі за 10 млн.”, што такое 1 дэпутат??

    То бок 1 мільён на год гэта “па нармалёвым раскладзе” – утрыманне 2-3 больш-меньш якасных аналітыкаў і 1 журналіста (на 1 год, адпаведна). Дарэчы, тыя 90% “дапамогі” якія непасрэдна на Беларусь не трапляюць, па гэтай логіцы і выкарыстоўваюцца.

    Як па мне, АДС і іншыя часткі “супраціву” можа і не дасягнулі з такімі рэсурсамі зорак, але вынікі ёсць – жорсткая дыктатура не ўсталявалася, хаця пэўна хацела б.

    Але каб ставіць задачу ва ўмовах падполля даходзіць да кожнага беларуса з нейкім друкаваным ці іншым словам (чыстае інфармаванне, *не кажучы* пра перахоп улады) альбо іншых глабальных задачах у межах нашай краіны неабходны зусім іншы ўзровень працы.

  7. Алесю Стральцову.
    Паважаны, сп-р Алесь.
    Трохі ня так вы лічыце грошы. Для таго, каб тым апазіцыйным сілам, якія ёсьць, напрыклад, у АДС, накіравацца на выніковую мэту, якой ёсьць патрабаваньне беларусізацыі ВНУ  Ў БЕЛАРУСІ, ня трэба ніякіх грошай. Кірунак дзейнасьці не каштуе нічога. Але для таго, каб АДС абраў такі кірунак, трэба, каб там сапраўды, а не на словах, перавагалі БЕЛАРУСКІЯ ДЭМАКРАТЫЧНЫЯ сілы. Але, на жаль, яны не перавагаюць. Артыкул пісаўся для таго, каб стварыць ТЭСТ, які аб’ектыўна пакажа, што БЕЛАРУСКІХ ДЭМАКРАТЫЧНЫХ сілаў у АДС… НЯМА.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы