Заява Палітвыканкаму УА “Свабода” (паводле www.svoboda.org.ua/diyalnist/komentari/013898)
Дзякуючы падказцы аднаго з нашых чытачоў, выстаўляем важную заяву Усеўкраінскага аб’яднаньня “Свабода” з нагоды вартага жалю рашэньня Еўрапарламенту. Раім нашым чытачам зьвярнуць увагу, наколькі блізкім ёсьць разуменьне як сёньняшніх, так і гістарычных падзей намі – беларусамі-літвінамі – і сапраўднымі ўкраінскімі дэмакратамі.
Рэдакцыя.
Усеўкраінскае аб’яднаньне “Свабода” выказвае рашучы пратэст супраць ўмяшаньня ліберальных і лявацкіх еўрадэпутатаў ва ўнутраныя справы Ўкраіны і зьняважаньня імі ўкраінскага нацыянальнага героя Сьцяпана Бандэры.
25 лютага 2010 года Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю па Ўкраіне, у пункце 19 якой еўрадэпутаты выказваюць шкадаваньне з нагоды наданьня кіраўніку Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў Сьцяпану Бандэры званьня Героя Украіны і спадзяюцца, што “новае ўкраінскае кіраўніцтва перагледзіць такія рашэньні ў сувязі са сваёй адданасьцю еўрапейскім каштоўнасьцям“.
Пакінем без каментароў трызьненьне аб прыхільнасьці “еўрапейскім каштоўнасьцям” прамаскоўскай Партыі рэгіёнаў і яе кіраўніка Віктара Януковіча. Гэты сумніўны камплімент здольны выклікаць толькі гамерычны рогат.
Усеўкраінскае аб’яднаньне “Свабода” расцэньвае падобную нахабную выхадку касмапалітычных еўрадэпутатаў як праяву брутальнай зьнявагі ўкраінскай нацыі ды прамое ўмяшаньне ва ўнутраныя справы нашай дзяржавы.
Не псеўдаеўрапейскаму ліберальнаму ды лявацкаму Еўрапарламенту ўказваць ўкраінцам, каго прызнаваць Героямі ды як іх ушаноўваць. Нашы Героі вырасталі ў крывавай барацьбе з акупантамі тады, калі так званая “цывілізаваная Еўропа” перад імі сьхілялася. Таму асуджэньне Бандэры – гэта плявок на ўкраінскі нацыянальна-вызвольны рух, які быў антыкаланіяльным па сваёй сутнасьці (у першую чаргу антыкамуністычным ды антынацысцкім), гэта плявок на права ўкраінцаў мець уласную дзяржаву.
Разам з тым украінцы добра памятаюць усе “падарункі”, якія на працягу аднаго толькі ХХ стагоддзя рабіла так званая “цывілізаваная Еўропа”: ад патапленьня ў крыві рукамі Польшчы маладой Заходне-Украінскай Народнай Рэспублікі, здрады Украінскай Народнай Рэспубліцы ў яе вайне зь чалавеканенавісьніцкай Савецкай Расеяй, замоўчваньня Галадамору, пастаяннага гандлю “украінскім пытаньнем” з Масквой – да адкрыта прамаскоўскай пазіцыі сёньняшняга дню, калі так званая Старая Еўропа падтрымлівае Крэмль ў газавай вайне супраць Украіны і прымушае нас адмаўляцца ад уласнай гісторыі й сваіх Герояў.
Характэрна, што ініцыятарамі ўнясеньня ў рэзалюцыю ілжывага і зьдзеклівага параграфа пра Бандэру выступілі дэпутаты ад Нямеччыны ды Польшчы.
Антыўкраінская пазіцыя Нямеччыны тлумачыцца комплексамі нямецкага кіраўніцтва і спробай перакінуць уласную адказнасьць за зьдзейсненыя падчас Другой сусьветнай вайны злачынствы на іншых, у першую чаргу на ўкраінцаў. Таму замест таго, каб моўчкі каяцца за зьдзейсьненыя супраць украінцаў злачынствы, Нямеччына праводзіць блюзьнерскі судовы працэс над невінаватым і ўжо нямоглым пажылым ўкраінцам Іванам Дзем’янюком і прасоўвае антыўкраінскую тэзу ў рэзалюцыю Еўрапарламенту.
Адназначна можна сьцвярджаць, што з Польшчы канчаткова сарваная маска самазваных “адвакатаў Украіны ў Еўропе”. Намаганьні палякаў аббрахаць Бандэру сьведчыць аб спробе схаваць жахлівыя злачынствы супраць украінцаў, якія Польшча рабіла, пачынаючы з XV стагоддзя: палітыка жорсткай паланізацыі, забароны ўсяго ўкраінскага, фізічнага зьнішчэньня ўкраінскіх патрыётаў, этнічных чыстак супраць украінскага цывільнага насельніцтва [як нам, беларусам, усё гэта знаёма! – Рэд.]. Асабліва палякаў раздражняе тое, што Украінская паўстанцкая армія пад сьцягам Сьцяпана Бандэры ў 1943 годзе выйграла распачатую палякамі ў 1918 годзе ўкраіна-польскую вайну – ушчэнт разграміла польскую терарыстычную “Армію краевую” і ўзяла трыюмфальны рэванш за паражэньне 1918-20 гадоў, атрыманае ад палякаў толькі дзякуючы каласальнай ваеннай, палітычнай і эканамічнай дапамозе апошнім з боку Антанты.
Еўрапарламент не ўпершыню праводзіць у дачыненьні Ўкраіны хлусьлівую палітыку па формуле “рэальныя саступкі наўзамен за прывідныя абяцаньні“. 1 студзеня 2010 году ўступіла ў дзеяньне Пагадненьне аб рэадмісіі паміж Украінай і Еўразвязам, згодна зь якім Украіна абавязана стаць агульнаеўрапейскім адстойнікам для нелегальных мігрантаў наўзамен за абяцаньні спрасьціць візавы рэжым. А нядаўна еўрадэпутаты схавалі за аблуднымі фармулёўкамі сваё нежаданьне прызнаваць Галадамор 1932-1933 гадоў генацыдам ўкраінскай нацыі.
Дэструктыўная пазіцыя Еўрапарламенту яшчэ раз даказвае нам, украінцам, што ліберальна-лявацкі праект Еўразвязу сябе вычарпаў. Еўропа павінна будавацца як Еўропа свабодных нацый. За гэта сумесна з “Свабодай” змагаюцца нацыяналісты з Францыі, Італіі, Вялікабрытаніі, Балгарыі, Беларусі ды іншых краін Еўропы.
І галоўнае, сёньня як ніколі Ўкраіна мае патрэбу палітыкі апоры на ўласныя сілы, не азіраючыся ні на Ўсход, ні на Захад. Такой палітыкі, якую праводзіў Кіраўнік украінскай нацыі Сьцяпан Бандэра.
Ад рэдакцыі:
Дадаткова хочам закрануць толькі адно пытаньне: у чым стратэгія выйсьця зь сітуацыі, у якой апынуліся нашы народы?
Разьлічваць на падтрымку “Захаду” – памылкова. Усё больш высьвятляецца, што з Захаду на нас насоўваецца ўсяго толькі іншая форма імперыялізму – фінансавая.
Але і разьлічваць толькі на ўласныя сілы, як прапануюць аўтары данай заявы – таксама памылкова. Перадушаць па адным…
На наш погляд, патрэбным ёсьць інтэрнацыянальнае аб’яднаньне ўсіх сіл, якія бачаць будучую Еўропу і ўсё чалавецтва як сістэму самастойных, свабодных дзяржаў-нацый, падпарадкаваных адзінае што прагрэсіўнай будучыні ўсяго чалавецтва.
Да гэтага мы ўвесь час і заклікаем.
Было сказана:
“…На наш погляд, патрэбным ёсьць інтэрнацыянальнае аб’яднаньне ўсіх сіл, якія бачаць будучую Еўропу і ўсё чалавецтва як сістэму самастойных, свабодных дзяржаў-нацый, падпарадкаваных адзінае што прагрэсіўнай будучыні ўсяго чалавецтва….”
Беларускі Міжнародны Дэмакратычны Рух, цалкам падтрымлівае гэту прапанову.
Відаць прыйшоў час аб’яднаньня у Кангрэс паняволеных народаў.
Я.Мурашка, старшыня аргкамітэту БМДР
Я помню, як мая бабуля распавядала пра голад ва Украіне. Яна распавядала са слязамі на вачах, бо так шкадавала украінцаў. Праз вёску праходзілі невялікія групы, якія вырываліся з акружэння войскамі. Уся вёска выносіла вараную бульбу (больш самі нічога не мелі), але некаторыя людзі падалі мёртвымі. Гэта быў 1932-33 годы, а вайна была ў 1941 годзе. Дык няўжо за 8-9 гадоў людзі маглі забыць катаванне і забойства ўкраінцаў голадам ды ў такой колькасці? Гэта ж праўда, што паміраючыя ад голаду людзі былі акружаны войскамі, ды й яшчэ трайным кальцом. Калі суседзі беларусы аддавалі апошняе, шкадуючы людзей, то што адчувалі мужчыны-украінцы, якія засталіся жывымі? Да любы нармалёвы чалавек разумее, што калі б была свая нацыянальная ўлада, то такога забойства не адбылося б. А пры любой акупацыйнай уладзе будзе генацыд, этнацыд і г.д. Правільна С. Бандэра зрабіў, што аб’яднаў украінцаў для вызвалення Украіны ад акупантаў. Нам бы такога сёння Бандэру, каб усіх піявак з цела беларуса зрынуць.