nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

ІДЭАЛАГІЧНЫЯ АСНОВЫ НАШАГА РУХУ

23 сакавіка, 2012 | 4 каментарыя

Рэдакцыя.

З нагоды абвесткі аб чарговым зборы прыхільнікаў стварэньня Беларускага дэмакратычнага руху (БДР); з нагоды таго, што з самага пачатку рэдакцыя сайта nashaziamlia.org узяла на сябе абавязкі па фармаваньні й абгрунтаваньні ўяўленьняў пра будучую Беларускую Дзяржаву як нашу мэту і мару, а таксама ўяўленьняў пра ідэальна ўладкаваную агульналюдскую цывілізацыю, да якой варта імкнуцца ўсім прыстойным людзям (арыентуючыся на яе, як на ідэальную мэту); з нагоды таго, што рэдакцыя плануе і далей адказваць у ствараемым Руху за ідэалагічны кірунак дзейнасьці, а таксама, каб пазьбегчы непаразуменьняў і паспрыяць большаму канструктывізму сустрэчы  (натуральна, калі цяперцы ці іншыя соцыядэструктыўныя сілы ўвогуле дадуць сабрацца і паразмаўляць – ад іх жа можна чакаць усяго) – мы вырашылі каротка распавесьці пра нашы ідэалагічныя дасягненьні на цяперашні час.

 


1.

Трохі з найноўшай гісторыі.

Тое, што ідэалагічная дзейнасьць зьяўляецца адным з ключавых відаў грамадска-палітычнай дзейнасьці, неабходных для забесьпячэньня сьветлай будучыні нашага беларуска-літвінскага народу, сябры рэдакцыі ўсьвядомілі яшчэ ў канцы 1990-х. Тое, што нам – беларусам-літвінам – трэба самаарганізоўвацца, каб вырашыць праблемы ўласнага дзяржаўнага будаўніцтва (што без перадавой ідэалогіі немагчыма), нам стала відавочна тады ж.

Вынікам такога разуменьня стала ініцыятыва і наступны актыўны ўдзел у правядзеньні вясной 1999 года ў Гродна навукова-практычнай канферэнцыі па тэме “Беларуская нацыянальная ідэя” (70 аўтараў; большасьць матэрыялаў выстаўлена на сайце – гл. рубрыку: 2.1. Канф. “Бел.Нац.Ідэя”). Удзельнікі канферэнцыі, усебакова разгледзеўшы праблему (дарэчы, упершыню ў гісторыі настолькі ўсебакова), адзінадушна пагадзіліся з думкай, што беларускі народ мае поўнае права на ўласную дзяржаву і мусіць яе мець! Прычым, гэтая дзяржава павінна быць такой, каб даць магчымасьць беларуска-літвінскаму народу максімальна поўна выканаць сваю гістарычную місію, раскрыць свой стваральны цывілізацыйны патэнцыял (дарэчы, у стварэньні такой дзяржавы і  заключаецца сутнасьць Беларускай нацыянальнай ідэі).

Пасьля гэтага натуральна паўстала пытаньне: якой мусіць быць дзяржава беларуска-літвінскага народу, каб адпавядаць вышэй азначанай задачы?! (прычым, стала выразна бачна, што ўсе іншыя ідэалагічныя задачы на фоне азначанай зьяўляюцца альбо менш істотнымі, альбо нелегітымнымі). Патрабавалася правядзеньне чарговых канферэнцый, каб зрабіць больш выразным, абгрунтаваным праграмны вобраз Будучай Беларускай Дзяржавы (як мэты грамадска-палітычнай дзейнасьці перадавой часткі беларуска-літвінскага народу).

На жаль, непасрэдны зварот сябраў рэдакцыі (пачынаючы з 2000-га году) да шматлікіх  грамадска-палітычных дзеячаў у Беларусі  ня даў вынікаў (хаця індывідуальныя размовы адбыліся зь дзясяткамі чалавек!). Канферэнцыю (а лепш серыю канферэнцый), якая б акрэсьліла на будучыню вобраз беларускай дзяржавы, арыентаваны на стратэгічныя і адначасна абсалютна законныя, аб’ектыўныя (!) інтарэсы беларускага народу, так і не атрымалася правесьці.

Прычыны гэтага спачатку не былі бачныя, але пачалі заўважацца пазьней. Пачынаючы зь першых гадоў ХХІ стагоддзя станавілася ўсё больш відавочным, што нежаданьне “беларускай дэмакратычнай апазіцыі” фармаваць абавязваючыя яе і, здавалася б, абсалютна неабходныя ёй самой ідэалагічныя арыентыры (для ўласнай палітычнай дзейнасьці), зьяўляецца ня столькі праявай недальнабачнасьці ці тупасьці “апазіцыянераў”, колькі праявай іх нежаданьня служыць інтарэсам беларускага народу (натуральна, нежаданьня глыбока схаванага), прыкметай іх залежнасьці ад розных іншых сіл, які б хацелі самі захапіць нашы нацыянальныя каштоўнасьці (пра гэта не прынята казаць, але названыя нежаданьне і залежнасьць – гэта па сутнасьці здрада, найцяжкае злачынства перад беларуска-літвінскім народам!). Паралельна з гэтым нарастала і супрацьлеглае –  усьведамленьне стратэгічнага значэньня перадавой ідэалогіі для ўсіх тых, хто шчыра жадае мець пазітыўныя вынікі ад сваёй грамадска-палітычнай актыўнасьці.

У гэтых абставінах з 2005-06 гг. азначаную вышэй ідэалагічную функцыю узяў на сябе сайт “Беларусь – наша зямля!” (гл. https://nashaziamlia.org/about/; https://nashaziamlia.org/2006/04/03/11/). Ён стаў выконваць ролю нібы трыбуны “для серыі канферэнцый”. На сёньня наша рэдакцыя зьяўляецца галоўнай кропкай ідэалагічнага кірунку разьвіцьця Беларускай Нацыянальнай Ідэі (хто пакажа адваротнае, будзем толькі радыя, бо гатовыя далучыцца да любога, хто будзе лепшым у даным відзе грамадска-палітычнай дзейнасьці…). 

Дарэчы, прынцып, што чым у больш складаных умовах апынуўся народ, тым большае значэньне для яго выжываньня і вяртаньня ў паўнавартасны стан мае перадавая ідэалогія, быў выведзены даўно і названы “прынцыпам лесу” (гл. https://nashaziamlia.org/2006/04/10/27/).

 

2.

Наш цяперашні недасканалы сьвет (і чаму ён такі).

Пасьля 1994 году наша жыцьцё (як індывідуальнае, так і грамадскае, агульнацывілізацыйнае), калі ацэньваць яго па гуманістычных крытэрах (г.зн. такіх, пры якіх улічваецца ступень уладкаваньня ўзаемаадносін паміж людзьмі, народамі, а таксама паміж людзьмі й прыродай), з кожным годам становіцца ўсё горшым. У ім усё менш назіраюцца прыстойнасьць, праўдзівасьць, шчырасьць, добразычлівасьць, радасьць, любоў, павага, справядлівасьць, сэнс дый у цэлым паўнавартасьць. Таксама наша жыцьцё становіцца ўсё менш экалагічным (зьвярніце ўвагу, пералічаныя каштоўнасьці за грошы ня купіш – грошы тут маюць амаль нулявы кошт!).

Пры гэтым тэхналагічны прагрэс працягваецца, і вялікімі тэмпамі (распрацоўваюцца і ўкараняюцца ўсё новыя і новыя тэхналогіі), а гуманістычны прагрэс, калі й адбываецца, то нашмат марудней. У выніку павялічваецца разрыў паміж тэхналагічным і гуманістычным прагрэсамі. Чалавецтва аб’ектыўна становіцца ўсё больш глабалізаваным (дарэчы, аб’ектыўную глабалізацыю ня варта блытаць з касмапалітызацыяй – хаатычным перамешваньнем людзей і народаў) і тэхнічна, энэргетычна ўзброеным (за кошт лепшых сродкаў сувязі, даступнасьці СМІ, лепшых транспартных сродкаў, большай энэрганасычанасьці), але адначасна ў міжлюдскіх стасунках усё больш некультурным, дэпрэсіўным, нярвовым, застрэсаваным, амаральным, грубым, фармальным, халодным, пустым, здэградаваным.

Усё гэта ня жартачкі. Бо азначаны разрыў, калі ён будзе працягваць нарастаць, абавязкова прывядзе альбо да самазьнішчэньня чалавецтва, альбо да яго дэградацыі ў практычна жывёльны стан.

Па азначанай прычыне сёньня ратаваць трэба ня толькі наш беларуска-літвінскі народ, а і чачэнцаў, украінцаў, летувісаў, латышоў, эстонцаў, палякаў, немцаў, венграў, чэхаў, славакаў, французаў, галандцаў, шведаў, фінаў, сербаў, грузін, іранцаў, расейцаў, татараў, курдаў, індзейцаў, нават кітайцаў і арабскія народы… – усё чалавецтва. Неабходнасьць гэтага становіцца бачнай усё большай колькасьці людзей, але, на жаль, яшчэ ня большай частцы чалавецтва.

Атрымліваецца, што многія праблемы асобных народаў і асобных людзей – гэта ў значнай ступені прыватныя праявы тых праблем, зь якімі сутыкаецца сёньня ўся людская цывілізацыя.

Але гэтае ўсьведамленьне ёсьць толькі адзін бок справы. Ня менш важным зьўляецца дакладнае ўсьведамленьня прычын такога стану рэчаў. Наш аналіз прывёў нас да высноў, што ўсе сёньняшнія грамадскія і цывілізацыйныя гуманістычныя праблемы сваімі карэньнямі пачынаюцца з асаблівасьцяў псіхікі сярэднестатыстычнага чалавека, дакладней, абумоўлены яе недасканаласьцю, недастатковай высокаўзроўневасьцю (гл.   https://nashaziamlia.org/2011/12/31/4671/). Абсалютная большасьць людзей не ўяўляе, як павінна выглядаць аптымальна ўладкаванае грамадства, усё чалавецтва; недаацэньваюць як неабходнасьць Прагрэсу таго і другога, так і кепска ўяўляюць, што такое верны (прагрэсіўны) кірунак грамадска-цывілізацыйнага разьвіцьця; недаацэньваюць значэньня ва ўладкаваньні грамадскіх дачыненьняў такіх рэчаў, як справядлівасьць, праўда, прыстойнасьць; ня здольныя адэкватна ацэньваць людзей (у т.л. у час выбарчых кампаній); недаацэньваюць значэньне сацыяльных паразітаў, механізмы і маштаб іх дэструктыўнага ўплыву на лёсы народаў, жыцьцё кожнага асобнага чалавека.

Натуральна, усім пералічаным актыўна карыстаюцца ўзгаданыя сацыяльныя паразіты самых розных масьцяў. Іх паразітычнае, дэструктыўнае ўзьдзеяньне і вядзе да дэградацыі грамадскага жыцьця.

(асобна хочам падкрэсьліць: падобныя, здавалася б, выключна тэарэтычныя высновы зьяўляюцца ня столькі вынікам кабінетных развагаў, колькі вынікам актыўнага практычнага ўдзелу ў грамадска-палітычным жыцьці Беларусі на працягу 10-20 гадоў (у розных сяброў рэдакцыі па-рознаму) і крытычнага аналізу шматлікіх падзей, іх вынікаў)

 

3.

Пачатак выйсьця – адэкватныя ўяўленьні пра Сьвет.

З вышэй адзначанага становіцца бачным, што стратэгія выйсьця са складанай сітуацыі заключаецца ў зьбіраньні й распаўсюдзе неабходных ведаў пра аб’ектыўна прагрэсіўны (дарэчы, адзіна верны) кірунак гуманістычнага разьвіцьця грамадства і чалавецтва (першае), а таксама ведаў пра спосабы абароны народаў ад уплыву соцыяпаразітных сіл (другое).

Дык што рэдакцыяй дасягнута на гэтым шляху?

Па-першае, усе беларусы-літвіны мусяць цьвёрда ведаць, што мы аб’ектыўна маем надзвычай вялікія каштоўнасьці – цудоўную гісторыю, культуру, мову, сімвалы. Маем зямлю, якая дасталася нам ад продкаў (тут жылі сотні пакаленьняў нашых продкаў, якія, як і мы, былі абсалютнымі аўтахтонамі й таму мы на нашай зямлі адзіныя легітымныя гаспадары). Гэта – нашы базавыя каштоўнасьць, найцьвёрдая апора пад нагамі.

Але, па-другое, варта ведаць, што з гэтага месца ў будучыню можна рухацца ў розных кірунках. Можна дэградаваць (шлях вядзе ўніз); можна закансервавацца, стоячы на месцы; можна адысьці ўбок, у якую-небудзь сьпецыялізацыю; а можна прагрэсіўна разьвіцца, узьняцца на больш высокі ўзровень грамадскай арганізацыі (шлях вядзе ўверх). Пры гэтым, натуральна, геаграфічна мы будзем заставацца на месцы – названыя кірункі “руху” становяцца бачнымі толькі на фоне ўяўляемай шкалы, якая вымярае ступень гуманістычнага прагрэсу

Трэцяе. Паколькі a priori мы за прагрэс, паўстае пытаньне: як знайсьці сапраўды прагрэсіўны кірунак для нашай дзейнасьці? як зрабіць так, каб грамадскія зьмены, за якія мы будзем змагацца, сапраўды адбываліся ўверх?

Пытаньне не такое простае, як можа падасца на першы погляд… І ключавое значэньне ў адэкватным адказе на яго набывае уяўленьне пра наш Сьвет, як пра… складаную шматузроўневую сістэму.

Уявіце, ёсьць чалавек і нейкая абмежаваная сацыяльная група, да якой ён належыць, і якую лічыць “сваёй”. Але ёсьць народ-этнас, да якога ён таксама аб’ектыўны належыць. А адпаведны народ, у сваю чаргу, зьяўляецца часткай людскай цывілізацыя. Якая, у сваю чаргу, зьяўляецца часткай практычна бясконцага Сьвету.

Калі ўявілі, ідзем далей.

У кожнага зь пералічаных аб’ектаў (чалавек – этнас – людская цывілізацыя – Сьвет) ёсьць свае законы прагрэсіўнага разьвіцьця (Гэтая законы ёсьць, ня могуць ня быць! Пытаньне ня ў тым, ці ёсьць яны, а ў тым, ці ведаем мы іх?). І ўсе яны – гэтыя законы – сістэмна зьвязаныя. Прычым, так, што законы існаваньня і разьвіцьця аб’ектаў большага маштабу натуральна зьяўляюцца кіруючымі для законаў існаваньня і разьвіцьця аб’ектаў меншага маштабу, якія зьяўляюцца адначасна і аб’ектыўна часткамі, элементамі большых аб’ектаў. Так, законы разьвіцьця Сьвету кіруюць умовамі існаваньня людскай цывілізацыі, а не наадварот. Законы разьвіцьця народу кіруюць умовамі жыцьця асобных людзей (гл. сьхему).

Калі мы гаворым пра азначаную вышэй іерархію законаў Сьвету, варта ўлічваць некалькі наступных умоў, якія маюць прынцыповае значэньне для нашага жыцьця:

– законы разьвіцьця Сьвету зьяўляюцца аб’ектыўна кіруючымі. Гэта значыць, што іх немагчыма адмяніць, праігнараваць, замяніць. Чалавеку можа падавацца, што ён адвольна кіруе сваім жыцьцём. Больш за тое, кожны чалавек можа нават выпендрыцца – заявіўшы, “што хачу, тое і варачу”, пачаць рабіць розную адсябеціну. Але тады такая ненакіраваная дзейнасьць, як правіла, будзе насіць дэструктыўны характар, яна будзе спрыяць не прагрэсіўнаму разьвіцьцю грамадства, а яго дэградацыі. Пры гэтым чалавек можа не ўсьведамляць, што ён ня толькі стаў “слугой д’ябла”, але і што шкодзіць сам сабе (не абавязкова непасрэдна; магчыма, шкода вернецца яго дзецям ці ўнукам – разбураючы грамадства, чалавек пагаршае ўмовы жыцьця сваіх нашчадкаў, ім прыйдзецца потым усё расхлёбваць…). Калі ж мы шчыра хочам служыць Дабру, мы мусім у сваёй дзейнасьці арыентавацца на аб’ектыўна існуючыя законы разьвіцьця Сьвету, цывілізацыі, народу;

– паколькі кіраваньне ў Сьвеце ідзе ад самых высокіх законаў уніз, то законы прагрэсіўнага разьвіцьця ўсяго Сьвету – гэта і ёсьць самыя высокія (Боскія) законы;  

– прагрэсіўныя законы Сьвету аб’ектыўна знаходзяцца па-над кожным з нас (у адрозьненьне ад сатанінскіх законаў дэградацыі), ствараючы пасьлядоўны ланцужок, які пачынаецца ад законаў прагрэсіўнага разьвіцьця нашага народу, праходзіць праз законы разьвіцьця людскай цывілізацыі й заканчваецца законамі прагрэсіўнага разьвіцьця Сьвету. Такім чынам ствараецца вось (для арыентацыі), якая ідзе ад чалавека ўверх;

– паколькі практычныя магчымасьці абсалютнай большасьці людзей ня могуць распаўсюджвацца на ўсю людскую цывілізацыю (а тым больш на ўвесь Сьвет!), паколькі стан, у якім цяпер знаходзіцца наш беларускі народ, зьяўляецца вельмі кепскім, літаральна крытычным, служэньне Дабру з боку беларусаў-літвінаў ня можа выяўляць сябе сёньня інакш, як у практычным змаганьні за значна больш сьветлую будучыню ўласнага народу (хай сабе ў самых розных формах, галоўнае, каб яно было выніковым). У сьвятле ўсяго адзначанага заявы накшталт: “я – касмапаліт, і таму…”, “я малюся за Беларусь і гэтага дастаткова” – зьяўляюцца блюзьнерскімі адгаворкамі, як мінімум, духоўна слабых людзей…

Беларусы-літвіны, ратаваньне нашага народу – гэта і наш абавязак перад уласным народам, і наша задача перад усёй людскай цывілізацыяй, і наш абавязак перад Сьветам-Богам!

 

4.

Некалькі стратэгічных ідэй нашай ідэалогіі.

4.1.

На вышэйшым філасофскім узроўні мы прагрэсіўным лічым той сьветагляд, які быў названы навукова-рэалістычным (пачынаць чытаць адсюль: https://nashaziamlia.org/2011/06/03/4301/).  Гэтак званыя “ідэалізм” і “матэрыялізм” мы лічым шкоднымі сьветагляднымі адхіленьнямі. Першы – па прычыне патрабаваньня прыняць у сваё ўяўленьне ідэі існаваньня нематэрыяльнай звышістоты, якая існуе за межамі Сьвету, стварае апошні, дае яму законы й кіруе ім. Такі сьветагляд зьяўляецца асновай для фармаваньня самых розных непраўдзівых (міфічных) уяўленьняў аб Сьвеце, аб магчымасьці дапамогі з боку ўзгаданай звышістоты, чым адуважваецца (нейтралізуецца) значная частка людзей, якія ў іншым выпадку маглі б рэальна змагацца за Дабро. Матэрыялізм мы не прымаем па прычыне ігнараваньня яго адэптамі вышэйшых духоўных каштоўнасьцяў (а тым больш іх вядучага, кіруючага значэньня для лёсу людскай цывілізацыі), а таксама з-за памылковага ўяўленьня, што чалавек можа прыдумваць законы і накідваць іх Сьвету.

Тым, хто думае, што ўключэньне вышэйшага сьветагляднага ўзроўню ў нашу ідэалогію зьяўляецца непатрэбным, нагадваем: па сутнасьці за адхіленьні “ўлева-ўправа” (у ідэалізм і ў матэрыялізм) ад навукова-рэалістычнага сьветагляду чалавецтва ўжо заплаціла мільёнамі й мільёнамі жыцьцяў!

У адпаведнасьці з прынятым намі навукова-рэалістычным сьветаглядам тое, што людзі завуць Богам – існуе. Але гэта ня нешта аддзеленае ад Сьвету – тое, што знаходзіцца па-над Ім. Бог – гэта ўласьцівасьць Сьвету, гэта сістэма аб’ектыўных заканамернасьцяў, за кошт якіх існуе і прагрэсіўна разьвіваецца Сьвет (і, адпаведна, усе праявы разбурэньня і дэградацыі, якія вядуць у кірунку няпраўды, несправядлівасьці, хаасу, бескультур’я, амаральнасьці, абыдленьня і г.д., мы маем права называць праявамі сатанізму). Адкрываць і ведаць боскія законы Сьвету (а не прыдумляць іх), падпарадкоўвацца ім у сваёй практычнай жыцьцядзейнасьці – гэта і азначае маліцца Богу, служыць Дабру, падпарадкоўвацца боскай уладзе, дый проста канструктыўна, культурна, сэнсоўна жыць!

Праілюструем на прыкладзе значэньне і ў нашы дні асаблівасьцяў людскага масавага сьветагляду на філасофскім узроўні (зьвярніце ўвагу, неяк вызначацца што да пытаньняў вышэйшага сьветагляднага ўзроўню мусяць нават самыя звычайныя людзі). Вось тут: – http://radosvet.net/13929-v-rossii-obnaruzheny-mehanizmy-vozrastom-400-mln-let.html – разьмешчаны артыкул пад назвай “У Расеі выяўлены механізмы ўзростам 400 мільёнаў гадоў?”. Падаем яго скарочаны тэкст:

“На Камчатцы супрацоўнікамі ўніверсітэта археалогіі з Санкт-Пецярбурга выяўлены дзіўныя скамянеласьці. Сапраўднасьць знаходкі была сертыфікавана. Па словах археолага Юрыя Голубева, адкрыцьцё зьдзівіла нават вучоных, яно здольна зьмяніць ход гісторыі (або перадгісторыі). Гэта ня першы выпадак, калі ў гэтым рэгіёне знаходзяць старажытныя артэфакты. Знаходка выглядае як інкруставаны ў скале механізм (што цалкам вытлумачальна, бо на паўвостраве знаходзяцца шматлікія вулканы), які выраблены зь металічных дэталяў. Механізм нагадвае нешта накшталт гадзіньніка або кампутара (гл. фота). Самае дзіўнае ў тым, што ўсе часткі былі датаваныя ў 400 мільёнаў гадоў! Юры Голубеў патлумачыў: “Турысты, якія першыя знайшлі гэтае месца, знайшлі гэтыя рэшткі ў горных пародах. Мы адправіліся ў паказанае месца, і спачатку не разумелі, што мы бачым. Былі – сотні зубчастых цыліндраў, якія здаваліся часткай машыны. Яны былі ў выдатным стане – нібы яны былі хутка замарожаны. Неабходны быў кантроль вобласьці, таму што хутка цікаўныя сталі зьяўляцца ў вялікай колькасьці”.  Цяжка паверыць, што 400 мільёнаў гадоў таму мог існаваць на Зямлі нават чалавек, ня тое што машыны і механізмы. Але выснова выразна паказвае на існаваньне разумных істот, здольных на такія тэхналогіі“.

(канец цытаты).

Тут вырта зьвярнуць увагу ня столькі на тое, як вырабляюцца журналісцкія “качкі”, колькі на тое, як на іх рэагуюць людзі. Бо рэагуюць яны ў першую чаргу зыходзячы з таго, які ў іх на дадзены момант сьветагляд.

Дык вось, праглядзеўшы каментары да азначанага матэрыялу, можна заўважыць, што да 20% чытачоў увогуле не ўспрынялі ідэю, што 400 мільёнаў гадоў таму на Зямлі маглі быць нейкія жывыя істоты, тым больш разумныя. Бо ў гэтых людзей рэлігійны сьветагляд, заснаваны, напрыклад, на Бібліі. А ў адпаведнасьці з гэтай кнігай (у якой “напісана абсалютная праўда”) чалавек, Зямля, Сусьвет былі створаны Богам прыкладна 6 тысяч гадоў таму. А 400 мільнаў гадоў таму “не магло быць ня тое што разумных істот, а і Зямлі”. 50-60% чытачоў успрынялі гэтую ж інфармацыю ў адпаведнасьці з нэаміфічным сьветаглядам, які фаміруецца сёньняшнімі СМІ (на справе, СМДІ; “Д” – гэта дэзынфармацыя). Яны прынялі, як факт, журналісцкую качку, што “400 мільёнаў гадоў таму Зямлю наведвалі іншапланетныя разумныя істоты, якія пакінулі нейкія свае металічныя механізмы”. І гэты “факт” некрытычна засунулі сабе ў галаву (тое, што знойдзеная “прылада” ня цягне нават на гадзіньнік – зашмат “шэсьцяронак”, няма спружынаў, корпуса, восяў – у гэтай групы людзей ніякіх падазрэньняў ня выклікала; пра “механічны кампутар іншапланецян” мы нават ня кажам).

І толькі каля 20% чытачоў выказалі меркаваньне, што знойдзенае – гэта вельмі старажытныя скамянеласьці нейкіх жывых істот.  Больш прасунутыя (маючыя Веды) вылучылі гіпотэзу, што гэта парэшткі марскіх ліле́й – марскіх жывёл, якія вядомыя з ардавіцкага перыяду палеазойскай эры (г.зн. сапраўды жывуць на Зямлі больш за 400 млн. гадоў).

Працытуем фрагмент адпаведнага артыкула (http://www.ammonit.ru/fossil/44.htm):   

“Марскія лілеі або крынаідэі (Crinoidea) – марскія дновыя жывёлы з пераважна сядзячым ладам жыцьця. Менавіта жывёлы, якія належаць да тыпа ігласкурых (Echinodermata), а зусім не расьліны, як можа здацца з назвы. Існуюць з ардовіка па цяперашні час. Цела складаецца са сьцябла, кубачкі й брахіялей – рук. Усе гэтыя часткі, пры жыцьці жывёлы злучаныя цягліцамі, у выкапнёвым стане часта развальваюцца. У марскіх лілей, як і ўсіх ігласкурых, назіраецца пяціпрамянёвая сіметрыя. Гэта добра бачна па канале ў цэнтры сьцябла, хоць, часьцей за ўсё, канал проста круглы. Часам само сьцябло мае пяцікутную форму, тады членікі сьцябла лілеі падобныя на маленькія зорачкі. Марскія лілеі – фільтратары па тыпе харчаваньня. Цяпер гэта глыбінныя жывёлы (раней, калі быў меншы ціск драпежнікаў, яны насялялі й плыткаводдзі). Максімальны росквіт марскіх лілей быў у канцы палеазою. Скамянеласьці марскіх лілей часта сустракаюцца ў вапняках каменнавугальнага перыяду. Часьцей за ўсё сустракаюцца членікі сьцябла рознай формы і кавалачкі сьцеблаў, дыяметрам ад некалькіх міліметраў да 2 сантыметраў. Даўжыня сьцябла – да 1 метра ў сучасных формаў і да 20 метраў у выкапнёвых. Членікі й слупкі вельмі трывалыя – іх шмат сустракаецца ня толькі ў вапняку, але і ў мармуры” (канец цытаваньня артыкула).

А цяпер паглядзіце на розныя скамянелыя часткі сьцеблаў марскіх лілей (фота ўзяты адсюль: http://www.ammonit.ru/foto/8418.htm ; http://macroclub.ru/gallery/showphoto.php/photo/76777 ; http://www.survivalistboards.com/showthread.php?p=3905879) і параўнайце з папярэднім фота. Ну, што, усё ясна? Зьвярніце таксама ўвагу на тое, што на папярэднім фота сапраўды бачныя ня толькі “металічныя шэсьцяронкі” (цікава, які метал можа захоўвацца 400 млн. гадоў? Відаць, толькі золата?), а й іх “стопкі” (пазначаны жоўтымі стрэлкамі).  

А цяпер уявіце, што ў грамадства ўкінута не пытаньне пра “штучна створаны металічны механізм, якому больш за 400-мільёнаў гадоў”, а нейкае іншае, нашмат больш істотнае і актуальнае грамадазнаўчае пытаньне. Раскіданасьць меркаваньняў у людзей будзе яшчэ большай. А гэта і азначае, што значэньне адэкватнасьці (адносна рэчаіснасьці) канкрэтнага зьместу вышэйшага сьветаглянага ўзроўню ў людзей зьяўляецца вельмі важкім для лёсу нашай цывілізацыі, нашага народу і кожнага з нас. Бо ў такіх абставінах, якія ёсьць сёньня, частка людзей ня ўдзельнічае ў практычнай канструктыўнай дзенасьці толькі з-за неадэкватнасьці свайго сьветагляду (а не, напрыклад, з-за страху).

На гэтым фоне паўтараем: у межах ідэалогіі, пакліканай ідэалагічна забясьпечыць Беларускі дэмакратычны рух, на вышэйшым філасофскім узроўні наш сьветагляд зьяўляецца навукова-рэалістычным.

Адзінства думак, слоў і дзеяньняў (“рабі тое, што кажаш; кажы тое, што думаеш”, характэрнае для арыйскіх народаў) – гэта, як сьцьвярджаюць некаторыя, і ёсьць сапраўдная Троіца. Цудоўна! Тады застаецца толькі думаць адэкватна рэчаіснасьці. А для гэтага трэба ведаць Праўду.

Веды, ВЕДЫ!, САПРАЎДНЫЯ ВЕДЫ!!! – вось што зьяўляецца сёньня галоўным, набывае стратэгічнае, найпрынцыповае значэньне.  

4.2.

На больш нізкім узроўні – узроўні людскай цывілізацыі – мы прагрэсіўным лічым сьветагляд, які названы сістэмным гуманізмам. Яго цэнтральнае палажэньне можна сфармуляваць так: прагрэсіўнай формай людскай цывілізацыі зьяўляецца ўладкаваная сістэма зь некалькіх сотняў нацыяў-дзяржаў дастаткова блізкага (сярэднага) памеру (занадта вялікіх не павінна быць).

Справа ў тым, што разнастайнасьць кампанентаў любой сістэму – гэта адзіная надзейная аснова (грунт) для яе прагрэсіўнага разьвіцьця.

У чалавека адно сэрца, адна печань, але дзьве ныркі, два лёгкіх. Калі здараецца што-небуць непапраўнае зь першымі двума органамі, чалавек гіне. Калі што-небудзь здараецца з адным з двух іншых органаў – не. Прысутнасьць дадатковага органа забясьпечвае стабільнасьць, большую надзейнасьць, устойлівасьць для існаваньня ўсяго арганізма. Дык вось, у такой жа ступені дастаткова вялікая разнастайнасьць элементам любой сістэмы неабходна для яе самаразьвіцьця, як парнасьць органаў забясьпечвае большую жыцьцяздольнасьць арганізма.

Мільёны розных відаў жывых арганізмаў на Зямлі, вялікая разнастайнасьць парод жывёл і гатункаў расьлін, якія вывеў чалавек – усё гэта вялікія каштоўнасьці ня толькі таму, што багацьці самі па сабе, а і таму, што гэта аснова, грунт для далейшага прагрэсу адпаведных сьфер жыцьця на Зямлі.

Тое ж датычыць і людскай цывілізацыі. Разнастайнасьць народаў – наша галоўнае агульнацывілізацыйнае багацьце. Захоўваць яго (разам з разнастайнасьцю і прыгажосьцю ўсёй прыроды), разьвіваць, аптымальна сістэмна ўладкоўваць, выкарыстоўваючы культурна-гістарычныя дасягненьні кожнага народа – вось адзіна прагрэсіўны кірунак разьвіцьця людскай цывілізацыі.

Такое разуменьне стану і будучыні людскай цывілізацыі й жыцьця на Зямлі мы і завем сістэмным гуманізмам.

(тыя, хто рэгулярна сочыць за працай сайта, напэўна могуць пацьвердзіць, што наш клопат пра свабоду і самастойнасьць іншых народаў зьяўляецца не паказным, а рэальным – мы па меры сіл імкнемся рэгулярна выстаўляць матэрыялы, скіраваныя на абарону  аб’ектыўных інтарэсаў іншых народаў; Троіца, аднак; усе бы так!)

На фоне сістэмна-гуманістычнага сьветагляду абсалютна шкоднымі лічацца (і будуць лічыцца) тыя падыходы да будучыні людскай цывілізацыі, якія вядуць да зьнікненьня (выміраньня) відаў жывых арганізмаў, зьбядненьня прыроды ў цэлым, да культурнага зьбядненьня людскай цывілізацыі (уключаючы зьнікненьне народаў). Прычыны гэтых дэградатыўных праяў – драпежніцкія памкненьні пэўных груп людзей, якія маюць прымітыўную некрафільную псіхіку, зацыклены толькі на грошах ды ўладзе. “Тэорыі” накшталт “перавагаў больш моцных дзяржаў і нацый” (зь іх дапамогай абгрунтоўваецца тэрытарыяльны імперыялізм) ці “паступовага сьціраньня міждзяржаўных межаў і культурных адрозьненьняў” (зь іх дапамогай абгрунтоўваецца імперыялізм фінансавы) ствараюцца для абслугоўваньня адпаведных соцыя-паразітных сіл, якія дзейнічаюць на цывілізацыйным узроўні.

У такой ступені, у якой падобныя сілы разбураюць прыроду, яе чысьціню і прыгажосьць, культурнае багацьце і гармонію людскай цывілізацыі, заснаваную на яе культурнай разнастайнасьці, каляровасьці – у такой ступені мы гэтыя сілы будзем лічыць злачыннымі, варожымі (па-першае, яны нас – гуманістаў-канструктывістаў – лічаць такімі, бо мы стаім на шляху да іх злачынных мэт; па-другое, не аб’яўляючы ворага, немагчыма зь ім змагацца, тым больш перамагчы).

Калі хто лічыць падобныя заявы занадта схаластычнымі, можа паспрабаваць самастойна ўявіць, што чакае чалавецтва (а разам зь ім і кожнага асобнага сярэднестатыстычнага чалавека), калі гісторыя людскай цывілізацыі ў выніку ці то гвалтоўнага захопу большымі дзяржавамі меншых дзяржаў, ці то шляхам паступовага псеўда-ліберальнага “выціраньня” межаў паміж нацыямі-дзяржавамі  ўрэшце дойдзе да свайго канчатковага фіналу – г.зн. каляровае чалавецтва, складзенае з разнастайных народаў, ператворыцца ў адну глабальную дзяржаву з адзіным “урадам” і раўнамерна шэрым насельніцтвам (паглядзіце на агульны колер сьмецьця на атручанай, “касмапалітызаванай” гарадской звалцы)…

Уявілі? Жах адчулі?! (у каго гэта не атрымалася, заяўляем з поўнай адказнасьцю: прыроду і абсалютную большасьць людзей ва ўмовах адзінай глабальнай дзяржавы, якая, калі ўтворыцца, абавязкова будзе жорстка таталітарнай, жахліва нялюдскай (!), чакае рабства, фізічныя і маральныя пакуты, кроў, сьмерць…). Думаем, ужо цяпер зразумела, чаму з пазіцыі сістэмнага гуманізму ўсе іншыя ідэалогіі, пакліканыя апраўдваць тэрытарыяльны імперыялізм ці “лібералізм”, мы лічым варожымі?  

У табліцы, якая пададзена ніжэй, адзначанае паказана ў выглядзе суаднясеньня  інтарэсаў усёй людскай цывілізацыі зь інтарэсамі асобных дзяржаўных бюракратый ці іншых сацыяльных груп (сьхематычна пазначана, што будзе, калі нешта зь пералічанага лічыць першасным, вышэйшым, а іншае – другасным, вытворным; што будзе, калі нешта лічыць істотным, карысным, а нешта – кепскім, асуджаемым). З табліцы бачна, што толькі калі людская цывілізацыя арганізавана так, што ў ёй паўсюдна бароняцца, пазітыўна прапагандуюцца інтарэсы і ўсёй людскай цывілізацыі, і кожнай нацыі (прычым, першае зьяўляецца вядучым – тым, што стварае ўмовы існаваньня другога), толькі тады можа быць сітуацыя мірнага гуманістычнага прагрэсіўнага разьвіцьця.

Зьвярніце таксама ўвагу на тое, што кіраўнічым арыентырам для сістэмнага гуманізму зьяўляецца ня толькі ідэя дэмакратыі (гэтая ідэя гуманізм падсілкоўвае нібы зьнізу), а і той сьветагляд, які мы назвалі навукова-рэалістычным (і апісалі раней). Сістэмны гуманізм – неад’емная частка апошняга.  

4.3. 

На грамадскім узроўні намі прызнаецца прагрэсіўным сьветагляд, якія названы зьмястоўна-дэмакратычным. Гэта такі сьветагляд, які зьвяртае ўвагу на тое, чым ёсьць дэмакратыя на самай справе, канцэнтруе ўвагу найперш на зьмесьце гэтага паняцьця і не дазваляе адуважыцца, адхіліцца ад гэтага зьместу.

Ужо толькі з аналізу слова дэма-кратыя – дэмас-кратар, дэмас-крэатар (народ – творца, уладар) – вынікае ключавое, зыходнае значэньне для дэмакратыі таго, што мы лічым народам.

Народ – гэта ня проста грамадства ці насельніцтва. Народ – гэта група людзей, якія найперш зьвязаны паміж сабой адзінствам свайго паходжаньня, зьвязаны крэўнасьцю, генетычна. Таксама народ характарызуецца адзінствам гісторыі, культуры, мовы, сімвалаў. Таму паняцьце народ у нас практычна сінанімічнае паняцьцю этнас (а выразы накшталт “шматнацыянальны беларускі народ” мы лічым наўмыснай хлусьнёй лукашысцкай і ліберастычнай прапаганды – тут яны сыходзяцца).

(дарэчы, з нагоды закранутага асьпекта мы так вырашаем, напрыклад, праблему, чым ёсьць беларуская мова; беларуская мова – гэта мова беларускага народу – адзінага легітымнага гаспадара беларускай дзяржавы!; таму яна будзе адзінай дзяржаўнай, што б там ні было!; дадаткова яна яшчэ можа быць і “матчынай”, і “цудоўнай”, і “найбольш распрацаванай, мілагучнай”, а таксама “самай старажытнай з усіх славянскіх моў”, і якой яшчэ заўгодна, але найперш – яна “мова беларускага народу – адзінага легітымнага гаспадара беларускай дзяржавы”).    

Наступнымі вынікамі паняцьця “дэмакратыя” зьяўляюцца такія:

бясьпека, свабода, самастойнасьць адпаведнага карэннага народу, які жыве на сваёй этнічнай тэрыторыі й зьяўляецца гаспадаром на ўласнай зямлі;

– арганізацыя дзяржаўнай улады на такіх прынцыпах, якія б дазволілі гэтаму народу максімальна поўна раскрыць свой гістарычна-цывілізацыйны патэнцыял (апошняе – вышэйшая каштоўнасьць зьмястоўнай дэмакратыі);

– дзяржаўныя ўлады пры гэтым (без дзяржавы сёньня аніяк) павінны быць арганізатарамі выкананьня гэтай ідэі. У сваёй практычнай дзейнасьці яны павінны арыентавацца на аб’ектыўныя інтарэсы адпаведнага народу, якія ўключаюць яго тэрытарыяльныя, дэмаграфічныя, эканамічныя, культурныя, палітычныя, сьветаглядныя інтарэсы;

– натуральна, што выканаць падобныя патрабаваньні могуць толькі лепшыя прадстаўнікі адпаведнай нацыі. Менавіта іх знаходжаньне ва ўладзе (а не любых асоб) таксама зьяўляецца неад’емнай прыкметай (крытэрам) зьмястоўнай дэмакратыі.

Некаторыя могуць адразу запытацца (лапшы ж на вушы ў нас накідана шмат!): а як быць з “правамі чалавека”? як быць з правамі меншасьцяў (нацыянальных, рэлігійных, сексуальных)?

Ніжэй знаходзіцца табліца. На ёй, аналагічна табліцы, пададзенай вышэй, пазначаны розныя сітуацыі, зьвязаныя з суаднясеньнем аб’ектыўных інтарэсаў карэннага народа ў яго ўласнай дзяржаве й інтарэсам (“правамі”), напрыклад, ксенаэтнічных (чужародных) меншасьцяў.

 

З дадзенай табліцы вынікае, што інтарэсы ксенаэтнічных меншасьцяў у дэмакратычнай дзяржаве прысутнічаюць (ўлічваюцца), але так, каб яны не пачалі дамінаваць над інтарэсамі карэннага народк, што назіраецца пры класічным тэрытарыяльным імперыялізьме ці сучасным ліберастызьме. Усё мусіць быць так, як пазначана словам “дэмакратыя”, і толькі так. Толькі такая сітуацыя – калі ўсё спачатку разглядаецца праз прызму аб’ектыўных інтарэсаў карэннага этнаса, і калі высьветліцца, што яму нічога не пагражае, тады пачынаюць разглядацца і ўлічвацца інтарэсы іншых этнасаў (ці іншых сацыяльных груп) – толькі такая сітуацыя зьяўляецца дэмакратыяй.

На сьхематычным малюнку, разьмешчаным ніжэй, паказаны дадатковыя нюансы. Вы бачыце грамадства ў дзяржаве, якое паказана ў выглядзе піраміды, напоўненай кропачкамі. Кропачкі – гэта асобныя людзі (прычым, асобныя прадстаўнікі карэннага этнаса пазначаны сіняватымі кропачкамі, а прадстаўнікі ксенаэтнасаў – карычневатымі). На пірамідзе, якая сімвалізуе грамадства, таксама пазначаны яго найбольш істотны арганізацыйна-інфармацыйны ўзровень.  

Паколькі прадстаўнікі ксенаэтнасаў аб’ектыўна ня могуць ня думаць пра свой народ (прычым, гэтае іх такое стаўленьне ня ёсьць здрадай карэннаму этнасу, а зразумелай, натуральнай зьявай), яны ня могуць займаць вышэйшых пасад у палітычным кіраваньні дзяржавай, а таксама пасад, якія зьвязаны з ключавымі эканамічна-фінансавымі, абарончымі функцыямі, распаўсюдам ведаў й інфармацыі. Азначанае ёсьць адной з праяў нацыянальнай справядлівасьці. Адхіленьне ад гэтай сітуацыі ў адзін з двух бакоў, якія, дарэчы, пазначаныя на ніжняй частцы малюнка, ёсьць праявай грамадскай анамаліі.

У адным з такіх хворых станаў мы – беларусы-літвіны – і жывем сёньня.

 

Аналагічная сітуацыя і з “правамі чалавека” (гл. ніжэй табліцу) – аб’ектыўныя інтарэсы карэннага народу ўсталёўваюць рамкі, у межах якіх толькі й могуць зьдзясьняцца індывідуальныя правы й інтарэсы любой адзінкавай асобы (а інтарэсы карэннага народа зьяўляюцца вядучымі, вышэйшымі, дамінуючымі).  

 

На сьхематычным малюнку, разьмешчаным ніжэй, вы зноў бачыце дадатковыя нюансы. Грамадства ў дзяржаве паказана ў выглядзе піраміды, напоўненай кропачкамі. Кропачкі – гэта зноў асобныя людзі – прадстаўнікі карэннага этнасу. На пірамідзе грамадства таксама пазначаны некалькі яго найбольш істотных арганізацыйных узроўняў – узровень кіраваньня, узровень навучаньня й інфармаваньня, узровень асацыяльнасьці (месца для злачынцаў), узровень усёй іншай стваральнай жыцьцядзейнасьці. Са сьхемы бачна (верхняя частка), што ў сапраўды дэмакратычнай дзяржаве, дзе дзейнічае прынцып сацыяльнай справядлівасьці, кіраўнічы ўзровень займаюць толькі найбольш высокаўзроўневыя асобы (найбольш маральныя, дасьведчаныя, разумныя; на сьхеме такія асобы пазначаны як чырвоныя і бэзавыя кропачкі); узровень інфармаваньня і навучаньня – аналагічныя ім: найбольш разумныя, найбольш накіраваныя на пошук Ведаў і распаўсюд Праўды (сінія кропачкі).

Сапраўдная зьмястоўная дэмакратыі – гэта ў тым ліку такая грамадска-палітычная сітуацыя ў дзяржаве, пры якой працуюць сацыяльныя ліфты, якія ўзьнімаюць найлепшых прадстаўнікоў нацыі ўверх да кіраўнічых рычагоў улады, а таксама працуюць механізмы абароны ад захопу кіраўнічых пасад у розных грамадска значных сьферах абмежаванымі эгаістычнымі асобамі…

 

На гэтай жа сьхеме (ніжняя палова) пазначана тая сітуацыя, якая існуе ў Беларусі сёньня – найлепшыя людзі знаходзецца дзе заўгодна, але толькі не каля рычагоў дзяржаўнага кіраваньня. Замест іх там поўна шэрасьцяў і злачынцаў (зьвярніце таксама ўвагу, што цяперашнія “кіраўнікі” імкнуцца аддзяліць сябе ад грамадства). Натуральна, гэта не дэмакратыя. Гэта – беларусафобская дыктатура.

Такім чынам, зьмястоўная дэмакратыя не бывае без нацыянальнай і сацыяльная справядлівасьці.

І гэта надзвычай істотна…

4.4.

Абагульваючы асноўныя прынцыпы, выкладзеныя ў гэтым раздзеле, дадаткова хочам зьвярнуць увагу яшчэ на адну акалічнасьць. На сьветаглядным узроўні навуковы рэалізм атачаюць адхіленьні – ідэалізм і матэрыялізм. Сістэмны гуманізм на ўзроўні людскай цывілізацыі па баках атачаюць свае адхіленьні – ідэалогіі, пакліканыя “абгрунтоўваць” тэрытарыяльны і фінансавы імперыялізмы. На нацыянальна-дзяржаўным узроўні зьмястоўную дэмакратую атачаюць адхіленьні – дыктатура (з аднаго боку) і “лібералізм” ды анархія (з другога; гл. сьхему). 

Атрымліваецца, што запрапанаваны вышэй ланцужок ідэй паўсюль займае месца “залатой сярэдзіны” ва ўсёй разнастайнасьці ідэй, прапануючых той ці іншы шлях грамадскага разьвіцьця. Азначаны факт мы вырашылі замацаваць сімвалічна. Шлях, які вядзе па ланцужку “залатых сярэдзін” – гэта і ёсьць прагрэсіўны шлях разьвіцьця народаў, людскай цывілізацыі, Сьвету. Адхіленьні ад яго, нават тыя, якія спачатку ідуць ў тым ліку і ўверх, паступова ўсё больш адхіляюцца, пакуль не пачынаюць весьці ў кірунку дэградацыі (уніз). Гэтая сітуацыя паказана на ўстаўцы да малюнку.

Калі прыгледзецца да самых розных прыродных аб’ектаў, якія існуюць на Зямлі, можна знайсьці такія, якія сваёй будовай і характарам росту адлюстроўваюць аналагічную “мудрасьць”, назапашаную за мільёны гадоў. Паглядзіце на маладую і старую сосны (гл. напрыклад, фота ніжэй). Ува многіх выпадках выразна бачна, што толькі тая маладая галінка, якая расла строга ўверх, ператварылася ў фрагмент ствала. Усе іншыя часткі (і нярэдка шматлікія), якія пачыналі расьці амаль уверх, але трохі адхіляліся, раней ці пазьней не змаглі расьці далей, засыхалі й адвальваліся… Паколькі сасна ў найбольш выразным выглядзе дэманструе нам прынцыповае значэньне строгай ідэалагічнай арыентацыі на “залатую сярэдзіну”, мы і назвалі дадзены ідэалагічны прынцып “мадэльлю роста сасны”.        

 

У больш фармалізаваным, сімвалічным выглядзе гэты ж прынцып адлюстраваны на малюнку ў пачатку артыкула.

Хай гэты сімвал увесь час нагадвае нам пра ідэальны ідэалагічны ланцужок – ад зьмястоўнай дэмакратыі праз сістэмны гуманізм да навуковага рэалізму – які й прапануецца ў якасьці адной з цэнтральных частак ідэалогіі, якая будзе забясьпечваць далей Беларускі Дэмакратычны Рух.

 

5.

Пра канкрэтны выраз беларускай нацыянальнай ідэі.

 

Яго асновы пададзеныя тут – пачынаць чытаць адсюль: https://nashaziamlia.org/2009/08/27/2661/.  

 

Гл. таксама прынцыпы Сьветагляднай і Беларускай дактрын (кнопкі на старонцы сайта ўверсе зьлева).

 

 

6.

Але наша ідэалогія была б выразна дэфектнай, калі б мы не разьвівалі й уяўленьні пра сацыяльных паразітаў – асноўных ворагаў і беларускага народа, і ўсіх іншых народаў на Зямлі. Таму на гэтую праблему мы зьвяртаем вялікую ўвагу…

Сьхему, якую вы бачыце ніжэй, мы неаднаразова апісвалі й выстаўлялі на нашым сайце.

 

 

І кожны чарговы год прыносіць нам усё больш доказаў нашай праваты.

А ўсіх іншых “справядліўцаў” і “храбрацоў” хай судзіць гісторыя…

 

7.

Крокі на нашым шляху.

Пераможны шлях, які прапануе рэдакцыя, публічна абвешчаны ў 2003 годзе, сфармуляваны на год раней.

Ён не зьяўляецца сакрэтам і гучыць так: Веды, Кадры, Арганізацыя, Прыхільнасьць (масаў), Улада, Зьдзяйсьненьне.

Нагадаем, “Веды” – гэта 4 галоўныя кірункі ведаў, якія павінны быць сабраныя, сістэматызаваныя і аформленыя для навучаньня :

– беларускія мова і культура (гэтыя веды яшчэ трэба зьбіраць);

– гісторыя беларускага народу (тут, у дадатак да вядомых гісторыкаў, нечакана вялікі ўнёсак зроблены Галінай Арцёменкай);

– праграмны вобраз Будучай Беларускай Дзяржавы (гэтыя веды ў асноўным зьбірае наша рэдакцыя);

– тактыка выніковага палітычнага змаганьня (гэтыя веды таксама яшчэ трэба зьбіраць).

Без канчатковага выкананьня ўсяго аб’ёма працы, неабходнага на этапе “Веды”, няма сэнсу прыступаць да этапа “Кадры”, а тым больш іншых этапаў…

 

8.

Людзі патрэбныя Беларусі.

Большасьць людзей ня здольныя эмпаціраваць неабходнасьць прагрэсіўнага разьвіцьця той часткі сьвету, на якую можа распаўсюджвацца іх рэальная (фізічная) ўлада. Большасьць беларусаў сёньня ставяць задачу ўласнага выжываньня ў якасьці асноўнай жыцьцёвай мэты.

Натуральна, на такіх людзей мы і не разьлічваем.

Толькі тыя беларусы-літвіны, якія на ніжэй пададзенай сьхеме пазначаны лічбамі 1 і 2 (гл. таксама https://nashaziamlia.org/2011/12/31/4671/), могуць быць карыснымі сёньня ў змаганьні за будучыню ўласнага народу. Іх мы і запрашае ў ствараемы Рух.

 

 

9.

Што практычнага даюць ідэалагічныя веды аб правільным кірунку грамадскага руху

Адказ:

– дакладнае веданьне мэты ўласнай грамадска-палітычнай дзейнасьці;

– у сувязі з разьмяшчэньнем мэты (ў сваёй сьвядомасьці й у прынцыпах арганізацыі Руху) на ўзровень самай вялікай каштоўнасьці грамадска-палітычнай дзейнасьці, істотна абмяжоўваецца магчымасьць падману паплечнікаў несумленнымі кіраўнікамі;

– больш дакладна адсякаюцца людзі зь іншымі мэтамі;

– ведаем групы пытаньняў, якія трэба задаваць, каб высьветліць сапраўдныя мэты людзей;

– у час практычнай палітычнай дзейнасьці зьяўляюцца апоры, каб не дазволіць сабе быць адуважаным (будзе забраны час) ці дэзарыентаваным (быць накіраваным на іншыя мэты);

– надзейныя аргументы ў публічных спрэчках.

Прыклад, што да апошняга. Задаюцца пытаньні:

“Як вы ставіцеся да санкцый ЕЗ супраць рэжыму Лу-кі? Да ўдзелу ў чарговых выбарах у Палатку? Да адмены чэмпіяната сьвету па хакеі ў Беларусі? Да адмены сьмяротнага пакараньня? Да таго, што нядаўна геі правялі 5-хвілінны пікет супраць “ксенафобіі й расізма ў Беларусі”?

Адказ:

“Я адкажу (мы адкажам) на ўсе гэтыя пытаньні пасьля таго як:

– зьнікне небясьпека страты беларускай дзяржаўнасьці;

– спыніцца генацыд і этнацыд беларуска-літвінскага народу;  

– абсалютная большасьць уласнасьці на тэрыторыі Беларусі будзе знаходзіцца ў руках прадстаўнікоў беларускага народу;

– этнічныя беларускія землі, якія былі захоплены польскімі й расейскімі імперыялістамі, вернуцца ў склад беларускай дзяржавы;

– і найгалоўнае – пасьля таго, як палітычная ўлада будзе ў руках прадстаўнікоў сапраўднай беларускай нацыянальнай эліты!

Яшчэ пытаньні ёсьць?”…

 

10.

Пра спробы дыскрэдытаваць нашу дзейнасьць.

Гэтыя спробы даволі актыўныя і чытачы сайта іх могуць бачыць. Яны азначаюць, што нас ацанілі. На жаль, у тым ліку і ворагі…

Што ж, у такой рэчаіснасьці сёньня вымушаны жыць увесь наш беларуска-літвінскі народ, а разам зь ім і мы…

Усяго лепшага, сябры.

Віншуем вас з 25 Сакавіка.

Жыве Вялікалітва-Беларусь – Наша зямля!

 

 

4 каментарыя

  1. Віталь кажа:

    Вось гэтая абсурдная ідэя і нішчыць усё каштоўнае, што ёсць у БДР: “Бог — гэта ўласьцівасьць Сьвету, гэта сістэма аб’ектыўных заканамернасьцяў, за кошт якіх існуе і прагрэсіўна разьвіваецца Сьвет”. Калі “бог” – уласьцівасьць чагосьці, ці сістэма заканамернасьцяў (а хто усталяваў непахіснасьць гэтых заканамернасьцяў???!!!) , то гэта не Бог, а толькт частка нейкай сістэмы…

    • Рэдакцыя кажа:

      Уласьцівасьць – гэта ня частка. Гэта – вышэйшы ўзровень сістэмы ў параўнаньні зь яе “матэрыяльнай” часткай (вышэй за ўласьцівасьць сістэмы толькі Мэта яе існаваньня).
      Акрамя таго, Бог – гэта ўласьцівасьць УСЯГО (!) Сьвету. Прычым, усюдыісная, прычым такая, што калі хочаш жыць сэнсоўна, як сапраўдны Чалавек, дык гэтай уласьцівасьці трэба (!) падпарадкоўвацца.
      Таму толькі Веды законаў прагрэсіўнага разьвіцьця Сьвету. Таму Навука – наша рэлігія.

  2. Ягрынка кажа:

    Рэлігія – гэта фанатызм, упэўненасьць ў сваёй безпамылковасьці. Паняцьцем Бог людзі карыстаюцца, каб замкнуць бязконцую сістэму, якую не магчыма да канца вывучыць, бо яна бязконцая. Таму, там дзе не хапае ведаў, дзейнічаюць пачуцьці, інтуіцыя і да таго падобнае, агульным словам ВЕРА. Біблію трэба успрымаць ня розумам, а вывучаць з верай, бо людзі, якія яе стваралі, не шукалі сваёй карысьці, а запісалі веды, якія атрымалі ад Бога (бязконцай сістэмы) праз веру (пачуцьці, інтуіцыю і да т.п.) Толькі так можна пераняць Законы, Вопыт і Веру, якія аткрываліся тысячагодзьдзямі.

  3. Siarhiej кажа:

    Цiкавы артыкул, раю прачытаць на http://www.gazeta.rjews.net/news.html “просуществует ли Запад до 2084 года? Сборник статей” pdf-файл.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы