nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Як глядзець тэлевізар у час вайны

22 мая, 2014 | 3 каментарыя

Салавей 1Выстаўлены ніжэй тэкст – гэта падрабязна запісаны кансьпект лекцыі (але не стэнагарама), якую чытаў студэнтам прафесар Маскоўскага дзяржаўнага інстытута міжнародных дачыненьняў (МДІМА) Валеры Салавей (гл. фота зьлева). Веды, якія ён дае, надзвычай каштоўныя і актуальныя, паколькі лектар – адмысловец у праблеме медыя-маніпуляваньня, і апавядае пра прынцыпы і метады вядзеньня інфармацыйнай вайны (у т.л. на прыкладзе цяперашняй інфармацыйнай вайны, якая адбываецца паміж “Расеяй” і “Ўкраінай”). Ніхто так глыбока яшчэ тэарэтычна не выварочваў сподні бок тэлебачаньня (ТБ). Праўда, спадар Салавей – найверагодней ліберал, што не дазваляе ўсё, што ён кажа, успрымаць за чыстую манету. Там, дзе ён сам намаўляе студэнтам пэўныя памылковыя ўяўленьні, мы падалі свае каментары [як заўсёды, у квадратных дужках]. Хто жадае проста праслухаць лекцыю, можа зрабіць гэта тут: http://www.youtube.com/watch?v=eUq7Sds_9bI ці тут: http://svyatorus.com/video/5398-kak-smotret-novosti-vo-vremya-voyny-instrukciya.html

 

 

“Я апавяду вам пра тое, што такое інфармацыйная вайна, чаму гэтыя войны становяцца магчымымі, якія метады выкарыстоўваюцца у гэтых войнах і як гэтых войнаў магчыма пазьбегчы. Дакладней, пазьбегчы негатыўнага ўплыву гэтых войнаў.

Салавей 2Вызначымся. Здавалася б, інфармацыйная вайна – гэта разнавіднасьць звычайнай вайны.  Мне вельмі падабаецца вызначэньне вайны, якое даў адзін амерыканскі генерал: “Вайна – узаконены спосаб разбураць рэчы і забіваць людзей”. Дакладней ня скажаш [вайна – адзін са спосабаў (злачынны) дасягненьня палітычных мэт. – Рэд.].

Інфармацыйная вайна не разбурае рэчы, але яна ўплывае на душы, сьвядомасьць і ўчынкі людзей. У гэтым сэнсе яе можна назваць максімальнай праявай таго, што завецца медыя-маніпуляваньнем [гэта іншы бок усё таго ж злачынства… – Рэд.] – то бок маніпуляваньне людзьмі [з дапамогай СМДІ].

Маніпуляваньне ставіць за мэту [не маніпуляваньне, а тыя людзі, якія выкарыстоўваюць тэхналогію медыя-маніпуляваньня. – Рэд.] паўплываць на сьвядомасьць, паводзіны, думкі людзей (пры гэтым маніпуляваньне заўсёды адбываецца прыхавана; калі вы ўсьвядомілі, што на вас уплываюць, гэта ўжо не маніпуляваньне). Дык вось, інфармацыйная вайна – максімальная праява інфармацыйнага (медыя-) маніпуляваньня [такі падыход адлюстроўвае толькі фармальны бок справы; калі казаць больш зьмястоўна, тады атрымаецца, што тая ці іншая злачынная соцыяпаразітная сіла выкарыстоўвае злачынную тэхналогію маніпуляваньня масавай сьвядомасьцю з дапамогай ТБ ды іншых СМІ, абапіраючыся на асаблівасьці псіхікі людзей масы, каб дасягнуць свае соцыя-паразітныя, злачынныя мэты; калі дзьве ці некалькі соцыя-паразітных сіл сыходзяцца ў канкурэнцыйнай барацьбе за адзін і той жа аб’ект (напрыклад, насельніцтва пэўнай дзяржавы), тады медыя-маніпаляваньне набывае рысы інфармацыйнай вайны.  – Рэд.].

Калі гэтыя войны адбываюцца? Што яны маюць у якасьці сваёй мэты? [не войны, а людзі, якія іх вядуць; лектар, карыстаючыся эўфемізмамі, сам яўна займаецца маніпуляваньнем. – Рэд.]

Інфармацыйная вайна ставіць за мэту паўплываць на маральна-псіхічны стан супрацьлеглага боку (ворага). Пазбавіць гэты бок моцы і здольнасьці да супраціву, дэзарганізаваць яго (гэта першая мэта), а таксама станоўча паўплываць на свой бок – намовіць веру ў справядлівасьць сваіх дзеяньняў, калі спратрэбіцца мабілізаваць яго (другая мэта).

Гэтыя войны могуць быць у выніку міждзяржаўных канфлікаў… Цяпер такі востры канфлікт паміж Расеяй і Ўкраінай, паміж якімі адбываецца інфармацыйная вайна.

Але інфармацыйныя войны могуць быць часткай унутранай палітыкі. Напрыклад, у Расеі такія войны бываюць падчас выбараў, калі стаўка вельмі вялікая.

Апошняя па часе інфармацыйная вайна была ў Расеі ў 2012 годзе. Тады на мяжы 2011-12 гг. пачыналіся пратэстныя акцыі ў Маскве [на Балотнай], Піцеры, іншых гарадах – была інфармацыйная вайна, выкліканая неабходнасьцю здушыць групу людзей, якія выступалі супраць улады і намовіць грамадству, што ўсё, што робіць улада, робіцца справядліва і ў яго інтарэсах. Аднак, калі вайна адбываецца ўнутры краіны, цяжка дамагчыся такога яднаньня ў параўнаньні з тым, калі вайна адбываецца за межамі краіны.    

Чаму ўвогуле маніпуляваньне становіцца магчымым? Яно грунтуецца на шэрагу псіхічных і сацыяльных заканамернасьцяў.

Што хочуць мець людзі? Людзі хочуць мець несупярэчлівы малюнак сьвету [так! – Рэд.]. Яны хочуць разумець, што адбываецца. Мы ня ў стане паверыць у тое, што некаторыя рэчы проста здараюцца, што некаторыя рэчы ня маюць тлумачэньня, што сьвет хаатычны [пералічанае – у значнай ступені дэфектныя філасофскія меркаваньні лектара; ён іх будзе паўтараць далей; на справе, сьвет складаецца ня толькі з выпадковасьцяў (як заяўляе аўтар), а і з заканамернасьцяў, якія забясьпечваюць яго існаваньне і прагрэс; выпадковасьці лёсу таксама маюць месца, але калі былі б толькі яны, ніякага прагрэсіўнага разьвіцьця сьвету не адбывалася б…; думаем, спадар Салавей – чалавек дастаткова разумны, каб гэта ведаць, таму яго прапаганда “хаатычнасьці сьвету” перад маладымі людзьмі найверагодней таксама мае нейкія прыхаваныя мэты  – Рэд.]. Мы маем патрэбу ў тлумачэньні гэтага сьвету. 

Паралельна з гэтым мы хочам, каб тлумачэньне сьвету давалася намі самімі. Нам не падабаецца, калі нам прапануюць тлумачэньне сьвету збоку. Нам прыемна думаць, што мы настолькі разумныя, што самі да гэтага дадумаліся.

Аднак пры гэтым людзі – істоты лянівыя. Таму людзі імкнуцца, каб высновы, да якіх яны прыходзяць, былі простымі.

Акрамя таго, трэба, каб гэтыя тлумачэньні не супярэчылі таму малюнку сьвету, які існуе ў абсалютнай большасьці людзей. Чаму? А таму, што мы хочам сябе адчуваць часткай вялікага і цэлага! [гэта адбываецца ў асноўным па іншай прычыне – па прычыне існаваньня падсьвядомаснага страху астракізму, а таксама такога пласта псіхікі, як псеўда-рацыянальная (масавая) сьвядомасьць; гл. https://nashaziamlia.org/2011/12/31/4671/https://nashaziamlia.org/2007/10/31/1003/ – Рэд.]. Бо адчуваць сябе сярод меншасьці вельмі дыскамфортна [ну вось, і мы пра тое ж. – Рэд.]

Тое належыць да ўсяго грамадства – людзі хочуць адчуваць сябе часткай большасьці! Таму, што яны “думаюць”, што на баку большасьці знаходзіцца праўда [чалавек масы кажа пра праўду, а думае пра сілу; хоча быць на баку сілы, а заяўляе, што ён на баку праўды. – Рэд.], і калі ты знаходзішся на баку большасьці, ты – пераможца! [ну вось… – Рэд.]

Што ў гэтых умовах робяць сродкі масавай інфармацыі? Яны штучна ствараюць уражаньне, што, падзяляючы іх пазіцыю, ты будзеш на баку большасьці! [пра гэта ж мы пісалі яшчэ ў самым пачатку існаваньня нашага сайта – 8 гадоў таму; гл. напрыклад тут: https://nashaziamlia.org/2006/04/07/19/. – Рэд.]. Мы ня маем сьмеласьці кінуць выклік гэтай большасьці. Тэорыя “сьпіралі маўчаньня” кажа: калі ваш пункт гледжаньня пярэчыць пункту гледжаньня СМІ, а г.зн. большасьці людзей, то вы не рашыцеся выказваць свой пункт гледжаньня публічна [гэтая сітуацыя добра адлюстраваная ў казцы пра голага караля. – Рэд.].  Чаму? А таму, што вы ўпэўненыя, што знаходзіцеся ў меншасьці.

На самай справе цалкам магчымай ёсьць сітуацыя, калі вы знаходзіцеся ў большасьці, але проста ні вы, ні нехта іншы не рашаецца пра гэта сказаць [і ўсе думаюць, што яны ў меншасьці]. Так, бываюць сітуацыі, калі людзі па ТБ чуюць адно, а ў кампаніі знаёмых чуюць і кажуць іншае. Тады яны губляюцца, ня ведаюць, які пункт гледжаньня адпавядае большасьці [зноў, зьвярніце ўвагу, праўда чалавека масы не цікавіць… – Рэд.].

Такім чынам, СМІ [для большасьці людзей] фармуюць карціну сьвету. СМІ для нас тлумачаць, што ў гэтым сьвеце адбываецца, таму што мы [маса] маем абсалютную патрэбу ў гэтым тлумачэньні (у т.л. і таму, што мы ня можам жыць у хаасе працяглы час). Гэтую патрэбу ў парадку [у дадатак да адзначанага вышэй. – Рэд.] для людзей выконваюць СМІ.  

Але! СМІ ня кажуць нам, што добра, а што кепска. Яны адкрываюць для нас магчымасьць самім зрабіць такую выснову. Але для таго, каб мы такую выснову зрабілі, нас да яе павінны падштурхнуць.

Як падштурхоўваюць СМІ? Вось, напрыклад, падзеі, якія адбываліся ў Кіеве са сьнежня 2013 г. па люты 2014 г. Вы глядзіце ТБ і чуеце наступныя характарыстыкі: “хваляваньні ў Кіеве”, “беспарадкі ў Кіеве”, “пагромы ў Кіеве”.  Пры гэтым апісваюцца адны і тыя ж падзеі. Але ў адказ на розныя выкарыстаныя тэрміны ў вас паўстае цалкам рознае стаўленьне да гэтых падзей. Найбольш негатыўнае стаўленьне будзе да “пагромаў”. 

Можна назваць падзеі ў Кіеве “дзяржаўным пераваротам”, а можна – “рэвалюцыяй”. Будзе зусім рознае стаўленьне ў людзей у залежнасьці ад тэрміна. Пры гэтым тэлебачаньне толькі называе зьяву, а высновы [што да нашага стаўленьня да падзей] робім мы самі.

У гэтым прынцыповае адрозьненьне працы сёньняшніх мас-медыя, ад таго, як яны працавалі 30-40 гадоў таму – ад савецкай прапаганды. Прапаганда заўсёды тлумачыць, што добра, а што кепска: што белае, а што – чорнае. Сёньня тлумачыць ня трэба – высновы цяпер вы самі робіце… Але гэта вам толькі здаецца, што высновы вы робіце самі! Бо вас да гэтых высноў падштурхоўваюць-падводзяць…

У чым перавага такога метаду? Яна ў тым, што чалавек, думаючы, што гэта ён сам прыйшоў да пэўных высноў, найбольш імі даражыць… Часта па той прычыне, што ў людзей уласных думак няшмат. Ну, што рабіць…

Калі ж нас упарта пачынаюць у чымсьці пераконваць, мы пачынаем супраціўляцца. Гэта нармальная дзіцячая рэакцыя, характэрная для дарослых людзей [масавай пароды]. Таму што нам здаецца, што супраць нас зьдзяйсьняецца акт агрэсіі. Тады толькі з-за пачуцьця супярэчнасьці мы будзем казаць: не, гэта ня так!

Затое сёньняшняе тэлебачаньне нас не пераконвае, яно нам адкрывае магчымасьці.

Чаму менавіта тэлебачаньне – важнейшае за ўсе іншыя метады медыя-маніпуляваньня? Адказ просты: “Лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць”. Тэлебачаньне стварае ў нас эфект жывой прысутнасьці. Ролік на Ютубе – гэта не ТБ. Менавіта ТБ стварае ў нас ўражаньне, што мы знаходзімся тут і зараз. Гэта выключна важна. Ні адзін іншы камунікацыйны канал такога эфекта стварыць ня можа. Таму ніякія інтэрнэты ня ў стане, і яшчэ доўга ня будуць у стане замяніць тэлебачаньне [нічога, усё пачынаецца з малога… – Рэд.].

Што робіць ТБ яшчэ? Мы хочам самі сфармаваць для сябе карціну сьвету, мы хочам прыйсьці да пэўных высноваў, мы хочам давяраць самі сабе, але мы ведаем, што палітыкі нас падманваюць, што нас дураць СМІ. Як знайсьці выхад з гэтага? І нам гэты выхад падказваюць. Гэта робіць тое ж самае ТБ [не ТБ, а людзі, якія працуюць у сістэме ТБ! – Рэд.]. Яно спасылаецца на ўцечкі інфармацыі.

Гэта важна, таму што за гэтым стаіць яшчэ адна заканамернасьць. Людзі ня вераць палітыкам, ня вераць, што палітыкі гавораць праўду. Людзям здаецца, што праўда хаваецца недзе там, яна ня выказаная. Але [думаюць людзі] мы настолькі разумныя, што мы можам гэтую праўду выявіць. І СМІ нам гэтую магчымасьць даюць. [Людзі думаюць:] “Дык вось гэты акрайчык праўды!”

Салавей 3Гэта таксама выдытны спосаб маніпуляваньня – нам адчыняюць прастору для дадумваньня. Гэта называецца “зона Ўэйта”, згодна зь імем першаадкрывальніка гэтага феномена. На гэтым пабудаваная ўся кансьпіралогія, каласальная кансьпіралогія пра нейкія сілы – трэція, чацьвёртыя, пятыя – якія стаяць за палітыкамі [хаця аўтар і супраць кансьпіралогіі (як і мы), але за ўсімі палітыкамі абвязкова стаяць нейкія сілы; больша за тое, у многіх выпадках гэтыя сілы сапраўды не жадаюць, каб пра іх існаваньне, а тым больш пра зьмест іх дзейнасьці ведалі людскія масы; сапраўды гэтыя сілы маюць рэсурсы і досьвед, каб забясьпечваць кіраваньне грамдска-палітычнымі працэсамі на міждзяржаўным і нават глабальным узроўнях; няведаньне гэтага – дзікунтсва; адмаўленьне гэтага – ідэалагічнае злачынства!  – Рэд.].

Гісторыя пра снайпераў, якія стралялі ў Кіеве, зараз разгортваецца на вашых вачах. Хто былі гэтыя снайперы – ніхто не называе. Мы чуем толькі намёкі: што гэта не “Беркут”, што там была трэцяя сіла [гэтыя намёкі актыўна распаўсюджвалі афіцыйныя асобы расейскай імперыі, напрыклад, міністар ЗС Расеі  Лаўроў; але нічога, бацькі загінулых украінскіх хлапцоў са ўсё большай настойлівасьцю патрабуюць адкрытага, праўдзівага рассьледаваньня, і яно будзе зроблена! – Рэд.]. А ёсьць жа элементарная логіка: калі 95 адсоткаў загінулых ад снайпераў былі майданаўцы – значыць, стралялі па іх [!!! – Рэд.].

Гісторыя пра снайпераў узьнікае кожны раз у сітуацыях вострых канфліктаў, пры якіх праліваецца кроў, пачынаючы з 1989 года (гэта падзеі ў Бухарэсьце), там таксама былі снайперы. Снайперы былі ў 1993 годзе [у Маскве] – яны ўзьнікаюць паўсюль. І кожны раз узьнікаюць адныя і тыя ж [версіі] – гэта былі снайперы КГБ (у савецкі час), гэта былі снайперы ЦРУ (у Вільнюсе 1991 года) і гэта былі снайперы трэцяга боку. Ніхто яшчэ ніводнага гэтага снайпера не знайшоў. Ды яны і не патрэбныя. Важней іншае: там, дзе існуе намёк на таямніцу, нам паказваюць хвосьцік, і нам здаецца, што па гэтай “нітачцы” мы да гэтай таямніцы дойдзем.

Узьнікае каласальная кансьпіралогія, будуюцца сьхемы, каб патлумачыць сьвет, тыя ці іншыя палітычныя падзеі. Возьмем Украіну: там з аднаго боку амерыканцы, з другога Еўразьвяз, з трэцяга Турцыя, з чацьвертага нехта яшчэ[а пра расейскую імперыю забыў ці наўмысна не сказаў? – Рэд.]

Скажыце, у вашым жыцьці ці вельмі шмат сэнсу? Не [у нармальных людзей жыцьцё мусіць быць сэнсоўным! – Рэд.]. У нашым асабістым жыцьці вельмі шмат супадзеньняў, выпадковасьцяў, супадзеньня абставін. У палітыцы – тое самае. У палітыцы супадзеньняў, абставін, выпадковасьцяў нашмат больш! Калі вы ўяўляеце сабе сьвет як хітрую змову, дзе з аднаго боку “жыда-масоны”, “жыда-бандэраўцы” – пастаўце каго заўгодна – калі вы ўяўляеце сабе сьвет такім, запэўніваю вас, усё прасьцей… Не патрэбна хітрасьці там, дзе ёсьць простыя людскія матывы: сквапнасьць, глупства, баязьлівасьць [дзеяньні на грунце толькі гэтых матываў – ужо ня хаос; а ёсьць жа яшчэ дзеяньні на грунце ведаў і высакародных матываў…; зьдзіўляе слабая філасофская падрыхтоўка лектара; а, можа, так зьдзяйсьняецца яго задача накінуць маладым людзям наўмысна памылковыя ўяўленьні пра сьвет. – Рэд.].    

Ці ж была якая-небудзь хітрая задума ў тым, што прэзідэнт Януковіч пакінуў сваю краіну? Мне здаецца, што за гэтым – элементарная людская баязьлівасьць. Людзі ідуць паміраць за справу свабоды і дэмакратыі. А вы можаце сабе ўявіць, што нехта ідзе паміраць за грошы? Забіваць іншых – так, ахвяраваць сабой за грошы – не. Ахвяруюць сабой дзеля ідэалаў – свабоды, справядлівасьці [ах, аказваецца, ідэалы ёсьць?! Аказваецца, і яны кіруюць сьветам!  – Рэд.]. Амаль усе гатовыя ахвяраваць дзеля сваёй сям’і, але дзеля вышэйшых ідэалаў толькі лепшыя сярод нас [!!! – Рэд.].

Сьвет нашмат прасьцей, чым здаецца [калі ён просты, дык скажы, які ён ёсьць. – Рэд.]. Складанасьць сьвету ўзьнікае толькі ў інтэрпрэтацыях. І ўзьнікае яна вось чаму: паколькі ў сьвеце дзейнічае шмат суб’ектаў (у палітыцы, у нашым звычайным жыцьці) – і ўсе (бацькі, сябры, калегі, начальнікі) хочуць свайго –  узьнікае разнастайнасьць матываў, іх сутыкненьне, якое прыводзіць да хаосу. А мы спрабуем выбудаваць сьхему, канцэптуалізаваць… [сутыкненьне матываў, мэтаў – гэта ня хаос, а форма, у якой адбываецца жыцьцё – у т.л. пошук прагрэсіўнага кірунку разьвіцьця; казаць так – гэта ўсё роўна, што ня бачыць у дзікай прыродзе прагрэсіўнага, стваральнага сэнсу натуральнага адбору. – Рэд.]

І тут нам “на дапамогу” прыходзіць тэлебачаньне. І яно намякае нам, а не наўпрост кажа, дзе шукаць адно, другое, трэцяе…

Усе сьхемы, па якіх працуе ТБ, ня проста простыя – яны прымітыўныя.  Яны мусяць быць прымітыўнымі таму, што той узровень успрыняцьця, на які арыентуецца тэлебачаньне – гэта ўзровень успрыняцьця 8-9-класьнікаў. Чаму? дый таму, каб усе ўсё разумелі… Тэлебачаньне не для інтэлектуалаў, яно ўвогуле не для разумных людзей. Расейскае – дык дакладна. Дарэчы, заходняе ненашмат саступае нашаму…

Чаму інфармацыйная вайна можа адбыцца і быць пасьпяховай? Што для гэтага патрабуецца?

Медыя-маніпуляваньне базуецца на шэрагу псіхічных асаблівасьцяў:

– людзі хочуць мець сьвет патлумачаным;

– людзі вераць, што існуе таямніца;

– людзі хочуць быць у большасьці (бо тады яны адчуваюць сваю далучанасьць да нечага вялікага [на справе, так чалавек масы пазьбягае цяжкага для яго пачуцьця страху. – Рэд.]); 

– людзі хочуць быць на баку справядлівасьці (“быць з чэсным словам і наганам значна лепш, чым толькі з наганам…”)

Якія ўмовы спрыяюць зьдзяйсьненьню інфармацыйнай стратэгіі [маніпулятараў]?

1. Працэс трэба кантраляваць. Гэта адбываецца з боку цэнтралізаванага (таталітарнага) рэжыму дзяржавы. Так працуюць у Расеі, але ва Ўкраіне так працаваць ня могуць, таму што ў каналаў розныя ўласьнікі. На Захадзе таксама плюразім [гэтая заява – элемент ліберастычнай прапаганды. – Рэд.]. Але “дзяржава” і там можа вельмі пераканаўча “папрасіць” тэлеканал праводзіць адпаведную палітыку [ну вось, бачыце… – Рэд.]. Але там на гэта патрабуецца час. У Расеі на гэта часу не патрабуецца…

2. У 2008 годзе пасьля канфлікту вакол Паўднёвай Асеціі [ў складзе Грузіі] галоўная прэтэнзія да Расеі была ў тым, што “Расея тады прайграла інфармацыйную вайну”. Тады каналы былі пад дзяржаўным кантролем, але тады расейская інфармацыйная машына не была гатовая да вайны ў крытычнай сітуацыі. Цяпер яна апынулася гатовай. З тых урокаў быў узяты вельмі важны досьвед.

Цяперашняя машына прапаганды была заточана якраз у час інфармацыйнай вайны 2012-13 гг. пад вядзеньне магутнай інфармацыйнай кампаніі. Я лічу, што з канца леташняга лістапада расейская інфармацыйная машына рыхтавалася да таго, што адбылося ў канцы лютага гэтага году – у час крымскай эксьпедыцыі. Сама інфармацыйная “машына” пра будучыя падзеі, пра якія ведалі й якія планавалі 5-6 чалавек, ня ведала, але яна заранёў была падрыхтаваная. Сёньня яна працуе лепш за інфармацыйныя машыны і Ўкраіны, і Захаду – нібы масіўны каток…

Салавей 4Тыя людзі, якія накіроўваюць інфармацыйную палітыку РТР, ОРТ – гэта бліскучыя прафесіяналы [і ня менш “бліскучыя” злачынцы! – Рэд.]. Зьміцер Кісялёў як прафесіянал [і служка імперыякратыі. – Рэд.], значна вышэй усяго калектыву тэлеканала “Дождж” [імперасты і ліберасты – выбірай, але не памыліся… – Рэд.].  

3. Ёсьць яшчэ адзін асьпект – соцыя-культурны. У рускіх ёсьць комплекс (пачуцьцё) перавагі ў дачыненьні да ўкраінцаў. Я думаю, для вас гэта не сакрэт. Для большасьці грамадлзян Расеі ўкраінская мова – скажоны варыянт рускай мовы, украінская культура – гэта эрзац-культура, а гісторыя Ўкраіны – гэта непаразуменьне. Я не ўтрырую, такім зьяўляецца масавае ўспрыняцьце [у любой імперскай нацыі так, за што яна потым вельмі дорага плаціць – плаціць за сваё неадэкватнае ўяўленьне пра сьвет, за сваю фанабэрыю, пагарду. – Рэд.].

Але ў такой сітуацыі інфармацыйны пасыл, які наікроўваецца – гэта “зерне, якое трапляе ва ўгноеную глебу”… 

4. Нарэшце, што датычыць Крыма. У абсалютнай большасьці грамадзян Расеі няма ніякіх сумневаў, што гісторыка-культурна Крым належыць Расеі

Тэрміны: “узьяднаньне Крыма з Расеяй”, “далучэньне Крыма да Расеі”, “захоп, акупацыя, анэксія Расеяй Крыма” – вызначаюць стаўленьне да падзеі. З-за выкарыстаньня тых ці іншых слоў зьмяняецца ўся карціна. І гэтыя словы вымаўляе тэлебачаньне.

Нам – расейцам – лягчэй прыняць слова “ўзьяднаньне”, таму што ў нас ёсьць гісторыка-культурнае пачуцьцё, што Крым “наш”. Для большасьці расейцаў гэтае пытаньне – не прадмет для дыскусіі. “Крым быў і застаецца горадам рускай славы”. Гэта тое, што знаходзіцца ў расейскай інфармацыйнай прасторы, і гэта тое, што дапамагае расейскай медыйнай машыне лягчэй працаваць.

5. Цяпер, гледзячы па ТБ, у Расеі няма іншых праблем акрамя праблемы адаптацыі Крыма [да расейскіх рэалій] і крызісу на Ўкраіне. Пры гэтым у нас няма інфляцыі, зьніжэньня нашых даходаў, няма хваробаў вялікіх гарадоў… Вось гэтая сітуацыя завецца МАНІПУЛЯВАНЬНЕМ ПАРАДКАМ ДНЯ [!!! – Рэд.].

Гэты варыянт маніпуляваньня грунтуецца на такой заканамернасьці, што ў нас у галаве ня можа ўмясьціцца больш за 4-6 думак. Пры гэтым тое, што датычыць ня нас асабіста, а грамадскіх пытаньняў, цалкам вызначае… тэлебачаньне! 

У такой сітуацыі, калі мас-медыя лічаць, што для грамадства няма большай праблемы, чым праблема Пусірайт (апаганьваньне храма), законы Дзімы Якаўлева (забарона на ўсынаўленьне расейкіх дзяцей замежнікамі), то нам будуць пра гэта казаць, казаць і казаць… І гэта робіцца не для таго, каб прасьвятліць людзей, даць ім веды, ці проста паінфармаваць іх, а для таго, каб замяніць адзін парадак дня іншым [адуважвальным]. Калі людзям сказаць: “ня трэба ісьці на плошчу”, – многія наадварот пойдуць туды. А калі падмяніць парадак дня, то не… Прычым, найбольш адуважвальныя праблемы – гэта праблемы, якія датычаць дзяцей[!!! – Рэд.]

Хто канкрэтна вызначае парадак дня на тэлебачаньні? Найперш, уласьнікі каналаў!

Такім чынам, важнейшы прынцып маніпуляваньня з боку СМІ – гэта фармаваньне парадка дня.

Я ўвесь чам кажу: “маніпуляваньне”. Многія думаюць, што гэта – проста падман.

Не, гэта ня так. Калі з дапамогай прынцыпаў, пра якія я казаў, і з дапамогай метадаў, пра якія скажу, ствараецца карціна сьвету, то гэта – рэальнасьць [анамальная, паталагічная, штучна створаная! – Рэд.]. Калі мы гэтую рэальнасьць такой і бачым, якой нам яе падае ТБ, то мы пачынаем рабіць учынкі ў адпаведнасьці з гэтай рэальнасьцю. Гэта – аксіёма. Калі людзі ўспрымаюць сітуацыю як сапраўдную, яна сапраўдная па сваіх наступствах [яшчэ адна класічная філасофская памылка лектара-лібераста; а можа, наўмыснае падманьваньне. – Рэд.].    

Салавей 5Калі нам увесь час кажуць пра бандэраўцаў, то мы пачынаем успрамаць гэта як цалкам рэальную пагрозу [ну, і якое гэта мае дачыненьне да сапраўднасьці, да праўды? гэта ўсяго толькі рэальныя наступствы, вынікі маніпуляваньня… – Рэд.].

Справа ў тым, што наш мозг [мозг саўкоў. – Рэд.] ня здольны адрозьніваць сітуацыі ўяўныя і сітуацыі сапраўдныя [ну вось, сам сябе абвяргае – “сапраўдная па сваіх наступствах сітуацыя” зьяўляецца ўсяго толькі ўяўнай... – Рэд.]. Людзі начныя жахі перажываюць амаль як сапраўдныя…

Дык вось, мэтай інфармацыйнай вайны зьяўляецца стварэньне цэласнай карціны сьвету, у якой становяцца апраўданымі многія дзеяньні, учынкі, мадэлі паводзін, якія б ніколі не былі апраўданымі, зразумелымі па-за межамі гэтай карціны.

Чаму мы на гэта пагаджаемся?

Не таму, што нас так спрытна водзяць за нос, а таму што ў нас лянота! [разам са страхам і стэрэатыпнасьцю мысьленьня, намоўленага праз СМІ, названа яшчэ адна галоўная рыса чалавека масы. – Рэд.].

Для людзей характэрным ёсьць прынцып эканоміі мысьленьня! [гэта тая самая лянота, толькі больш элегантна названая. – Рэд.] Мы ахвотна, не задумваючыся прымаем карціну сьвету, якая падыходзіць пад нашы стэрэатыпныя ўяўленьні. Людзі лянівыя. А самая цяжкая праца на сьвеце – запомніце – гэта думаць! Дзьве гадзіны цяжкай інтэлектуальнай працы зьяўляюцца раўнаважкімі 8-гадзіннаму працоўнаму дню грузчыкаў!

Таму ня трэба лаяць прадажных палітыкаў і журналістаў, папракайце найперш самі сябе [яшчэ адзін ліберастычны псеўда-пасыл; атрымліваецца, заказчыкі ды арганізатары злачынства зьяўляюцца менш вінаватымі ў ім, чым ахвяра злачынства.- Рэд.].

Вышэй было пра прынцыпы [мас-медыйнага маніпуляваньня], цяпер пагаворым пра метады, якімі карыстаюцца пры стварэньні карцін сьвету [выгадных заказчыку маніпуляцыі].  Такіх метадаў распрацавана вельмі шмат.

Вось толькі некалькі, зь якімі мы найчасьцей сустракаемся.

1. Так, калі ва ўмовах магчымасьці альтэрнатыўнага выбару вы жадаеце, каб быў зроблены [людскай масай] патрэбны вам выбар, можна ня толькі  нахвальваць тое, што вам трэба, але і паказаць, што альтэрнатывы… жахлівыя. Гэта завецца палохаючая альтэрнатыва

Стварыце негатыўнае ўспрыняцьце [вашага кантурэнта, праграмы, сацыяльнай групы], пакажыце жах, які з гэтым зьвязаны – кроў, гвалт, хаос. І тады людзі будуць рабіць выбар на карысьць альтэрнатывы. 

У якасьці прыклада паглядзіце на тон сёньняшняга асьвятленьня Ўкраіны – словы: “забурэньні, хваляваньні, пагромы, крывавыя падзеі”. Відэашэраг, які хутка зьмяняецца: полымя, гараць шыны, людзі бягуць і падаюць, трывожная музыка… Галоўнае, што ў гэты час адбываецца, наступнае: людзей пагружаюць у транставы стан. Бо наша здольнасьць крытычна ўспрымаць падзеі, як і ўсю сітуацыю, у такіх умовах пачынае рэзка зьніжацца. І ў гэты час наша падсьвядомасьць адкрываецца. Гэта адзін з ключавых прыёмаў НЛП. І тут на гэтым фоне вы чуеце: “Бандэраўцы, бандэраўцы, жах! Жах Мордара!”

(У гэтым месцы – найдзіўная для лекцыі сітуацыя – раптам нехта (напэўна нейкі ГБшны кантралёр) з залы падае́ голас: “А вы там былі? Вы бачылі, што там сапраўды рабілася? Там яны сапраўды распаясаліся”. – У выніку лектар вымушаны тлумачыць, што ён апавядае пра медыйную сітуацыю, пра ўплыў на расейскую масу…)

Я не ацэньваю сітуацыю, а апавядаю пра тое, як усё робіцца, – далей тлумачыць спадар Салавей. 

Лепш за ўсё гэтая альтэрнатыва працуе, калі ўключыць адпаведную міфалагему – у т.л. старажытныя міфы, якія жывуць у нашай падсьвядомасьці. Тут лепш за ўсё працуе міф пра хаос на Ўкраіне – каб была асацыяцыя: “Україна – гэта хаос”! На гэтым фоне “Расея – гэта парадак, гэта мір і стабільнасьць”.  

І гэтае адчуваньне ўзьнікае ў абсалютнай большасьці гледачоў. І гэтае пачуцьцё ня мае ніякага дачыньня да праўды і справядлівасьці [бо СМДІ пра такое зусім не клапоцяцца. – Рэд.]. Нам рэальнасьць канструююць! Пры гэтым выконваецца задача, каб грамадства ўхваліла [дзеяньні расейскай імперыякратыі ва Ўкраіне].

2. Для дэманізацыі, напрыклад, бандэраўцаў трэба выбраць такі ракурс паказу, зь якога яны будуць выглядаць жахліва (як на няўдалых фота). Для гэтага выкарыстоўваецца метад катэгарызацыі, альбо наклейваньня ярлыкоў. Пра бандэраўцаў можна сказаць “правыя радыкалы”, “рэвалюцыянеры”, “нацыянальныя рэвалюцыянеры”, але можна сказаць “бандэраўцы”. І гэтае слова [ў расейцаў] выклікае негатыўны сьпектр эмоцый…

А яшчэ лепш, калі вы зробіце трансьфер (перанос) – г.зн., што вы зробіце рэпартаж, у якім пакажаце дывізію СС “Галічына”, якая ўваходзіць у Львоў, а потым пакажаце людзей з партыі “Свабода” ці “Правага сектара”. Тады вы перанясеце негатыўны эфект на іншы аб’ект, які вам трэба дэфаміраваць. Адбываецца “склейваньне” аднаго з адным.  Пры гэтым на тэлебачаньні ніхто нічога ня будзе казаць пра тое, што кепска, а што не… Проста пакажуць рэпартаж, а высновы зробяць самі гледачы. Таму яны для іх дарагія.

3. Тэлебачаньню ня трэба нічога аргументаваць. У гэтым няма патрэбы.

Так, паказваюць рэпартаж, у якім гаворыцца, што “насельніцтва ўсходніх вобласьцяў Украіны выступае за федэралізацыю”

А дзе даныя сацыялогіі, дзе даныя апытаньняў. Ніякіх падобных фактаў і блізка няма!

(зноў быў чутны камандны голас з залы, які хацеў задаць пытаньне… Цікавы феномен у сьценах знакамітага МДІМА!)

Тэлебачаньне дазваляе сабе многія рэчы проста галаслоўна сцьвярджаць. Але, калі патрабуецца “пацьверджаньне”, то выкарыстоўваюцца магія лічбаў і магія аўтарытэтаў

Што такое магія лічбаў? Гэта – даныя сацыялогіі. Бо людзі ўспрымаюць лічбы як нешта вельмі пераканаўчае. Але гэта павінны быць ня лічбы парадка 7-8, а, як зрабіла расейскае тэлебачаньне: “120 тысяч бежанцаў з Украіны ў Белгарад”. Добры тэлевізійнік адразу пасьля гэтага зрабіў бы інтэрвю зь кімсьці зь бежанцаў (гэта завецца “магія сьведчаньня”). Інтэрвю не было. Як вы думаеце, чаму?… [бежанцаў не было. – Рэд.] І пасьля гэтага пра бежанцаў перасталі казаць. Вось пра тое, як “беркут” пераязджае ў Расею – кажуць. Праўда, там не называюцца лічбы ў дзясяткі тысяч, таму што там ёсьць сьведчаньні.

Што такое магія аўтарытэта? Калі вы хочаце пацьвердзіць свой пункт гледжаньня, тэлебачаньне дае рэпартаж – гэта аб’ектывісцкі рэпартаж. ТБ трэба, каб гледачы зрабілі пэўныя высновы з гэтага рэпартажу. ТБ паказвае эксьперта (пры гэтым, чым даўжэйшы пералік рэгалій эксьперта, тым, як правіла, марнейшая асоба). Людзі ўспрымаюць эксьпертаў як людзей, якія маюць манаполію на нейкія таемныя эзатэрычныя веды, і таму яны вераць ім.

4. Велімі добра працуе асьмейваньне. Таму што нельга ўвесь час нагнятаць, нельга ўсё будаваць на трагізме. А калі вы кажаце пра Парашэнку “шакаладны заяц”, вы ўключаеце сарказм. Сарказм таксама вельмі добра аслабляе логіка-дыскурсійны ўзровень – то бок здольнасьць крытычна ўспрымаць [інфармацыю].

Прыёмы і метады, пра якія я кажу – іх налічваецца каля трох дзясяткаў. Тэлевізійнікі-прафесіяналы выкарыстоўваюць гэтыя прыёмы аўтаматычна. Гэта вельмі забаўляльны занятак, калі вы можаце з дапамогай няхітрых прыёмаў дамагчыся каласальных вынікаў.

Ці ёсьць магчымасьць ад гэтага абараніцца? Так – не глядзець тэлевізар! Гэта галоўнае супрацьяддзе, зыходзячы з таго, што ТБ – гэта не для разумных людзей. Калі вы хочаце захаваць свой мозг свабодным ад гэтай “інфармацыйнай радыяцыі” [інфа-сьмецьце], вы можаце не глядзець тэлевізар. І тады лепш чытайце. Бо калі вы чытаеце штосьці, вы можаце чытаньне адкласьці й падумаць. Калі вы глядзіце – вы ня можаце гэта адкласьці. І яшчэ: калі вы чытаеце, у вас эфекту асабістай прысутнасьці няма, у вас уключаецца крытычны ўзровень мысьленьня. Гэта для вас – лепш.

Але, на жаль, гэтыя парады даўно вядомыя і я не ўпэўнены, што яны будуць працаваць. Таму магу даць яшчэ адну параду, угрунтаваную на асабістым досьведзе: вам ствараюць карціну сьвету – вы можаце ў адпаведнасьці з гэтай карцінай жыць і атрымліваць прыемнасьць. Гэты метад нічым ня горшы, чым спрабаваць яе разбурыць. Таму што, калі гэтай карціны сьвету прытрымліваецца пераважная большасьць (што так і ёсьць) – дык гэтая карціна для вас і ёсьць рэальнасьць. Гэта погляд цынічны, але верны [у такой ступені, у якой ён цынічны, ён няверны; ён вядзе да бессэнсоўнай страты жыцьця і ўрэшце спрацуе супраць чалавека, які пакарыстаецца такой парадай. – Рэд.].

Салавей 6Я на прыкладзе Ўкраіны і Крыма спрабаваў вам паказаць, як фармуецца медыя-рэальнасьць, як фармуецца карціна сьвету, у якой мы жывем [ілюзорная карціна сьвету, у якой жыве маса – спажыўцы медыйнага сьмецьця. – Рэд.]. Таму што эйфарыя, зьвязаная з Крымам, праз год скончыцца [вось-вось. – Рэд.]. Мы ня можам доўга жыць з пачуцьцём энтузіязму, эйфарыі, радасьці. Пасьля стратаў і трыюмфаў людзі вяртаюцца да нармальнага псіхалагічнага стану недзе праз паўгады. Пры дапамазе сьпецыяльных прыёмаў можна гэты перыяд павялічыць да года. У канцы гэтага года мы ўсе пачнем пераконвацца, што акрамя Крыма і Ўкраіны ў нас яшчэ маса сур’ёзных праблем – ня толькі ў нашым асабістым жыцьці, а і ў сацыяльным.

Ёсьць, праўда, рознае тэлебачаньне. Ёсьць прыклады таго, што на Захадзе называюць “грамадзянская тэлежурналістыка”, то бок спроба стварыць альтэрнатыўны погляд. У Расеі ёсьць гэта. Вы можаце зьвяртацца да такіх альтэрнатыўных крыніцаў.

Але няма альтэрнатыўных тэлеканалаў – проста не існуе” [пакуль…].

 

 

3 каментарыя

  1. Шалёны Дзяцел кажа:

    Мы ня ў стане паверыць у тое, што некаторыя рэчы проста здараюцца, што некаторыя рэчы ня маюць тлумачэньня, што сьвет хаатычны [ … , таму яго прапаганда “хаатычнасьці сьвету” перад маладымі людзьмі найверагодней таксама мае нейкія прыхаваныя мэты – Рэд.]

    Мэта – прызвычаіць людзей да хаатычнасці, да таго, што заканамернасць ня ёсць чымсьці нармальным, натуральным. Каб людзі маглі спакойна ўспрымаць усё тое бляцтва, што ім упіхваюць з тэлеэкранаў, газет і т.д. Каб хто, скуль, каму, чаму, навошта і куды (ўсё гэта падзелась) не ўзнікала ў іхніх галовах. Барані яхвэ, каб яны яшчэ пра калькулятар успомнілі. А беручы пад увагу, што гэта лекцыя, то мэта – навучыць аудыторыю прызвычайваць людзей да ўсяго вышэй (і ніжэй) сказанага.

    P.S.
    Пасля прачытвання вашых артыкулаў я часам нават у дзеяннях ката (калі яму здавалася б няма што рабіць) пачынаю заўважаць нейкую прыхаваную мэту.

    • Рэдакцыя кажа:

      Удакладніце толькі з P.S., калі ласка: у дзеяньнях катА ці кАта?

      • Шалёны Дзяцел кажа:

        Уважліва і некалькі разоў перачытаў мой каментар. Як можна там у дзеяннях катА убачыць кАта?(!)

        У вас альбо асяроддзе (ва ўсіх сэнсах гэтага слова) такое спецыфічнае, альбо вы самі так спецыфічна на сусвет глядзіце.

        Альбо у вашым каментары ёсць нейкая прыхаваная мэта.(?)

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы