nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

“Чорны крук” з Грузіі праляцеў… Падлічым сабранае (Частка 8, заключная)

30 жніўня, 2008 | 2 каментарыя

Алесь Астроўскі, Віталь Хромаў

���� 9.JPG

Прайшло тры тыдні пасьля нападу “Расеі” на Грузію. Час падвесьці прамежкавыя вынікі па фактах, якія маюць стратэгічнае значэньне і выявіць якія магчыма толькі ў час вострых грамадскіх землятрусаў. Але найперш варта праверыць, як зьдзейсьнілася тое, што мы спрагназавалі больш двух тыдняў таму, не зьвяртаючы ўвагі на ўсе запэўніваньні ў супрацьлеглым з боку крамлян.

1. Пра кіраўніцтва Расеі.

Яшчэ 14 жніўня мы папярэджвалі (nashaziamlia.org/2008/08/14/1476/#more-1476), што вельмі верагодным ёсьць сцэнар, “калі будзе перамагаць расейская імпербюракратыя на фоне бязвольнасьці Захаду, асабліва Заходняй Еўропы. У адпаведнасьці з гэтым сцэнарам расейская імперыя можа захапіць і “замірыць” Грузію. Гэта адбудзецца прыкладна так, як яна зрабіла з Чачнёй, і пад такое ж шматзначнае маўчаньне Захаду (на заявы Мядзьведзева аб “спыненьні агню”, пра “завяршэньне аперацыі прымусу да міру” ўвагу зьвяртаць ня варта). У канфлікце праз пэўны час абавязкова зьявяцца цікавыя нюансы. Так, мы хутка ўбачым актывізацыю расейскай агентуры на Захадзе, найперш у выглядзе прадажных рэдактараў і журналістаў цэнтральных заходніх выданьняў, якія пачнуць “муціць ваду”, імкнучыся сьхіліць грамадскую думку на карысьць “беднай Расеі”. Затым, калі імперыякратыя кіне мільярды зялёных на подкуп заходніх палітыкаў, мы можам убачыць, што й іхная пазіцыя становіцца ўсё менш адназначнай … Расейская імперыякратыя ўспрыме ўсё гэта, як патураньне да чарговага этапу агрэсіі” (канец цытаты).

Такім чынам, хто два тыдні таму паверыў запэўніваньням галавы Крамля, пана Мядзьведзева, пра “завяршэньне аперыцыі “Прымус да міру””, пра адвядзеньне войскаў “у месцы сваёй ранейшай дыслакацыі”, прабачце, моцна лахануўся (мы – не, бо ў нас ёсьць Д пр-п 54, які сьцьвярджае, што “дамовы з расейскай імперыякратыяй ня вартыя паперы, на якой яны падпісаныя”). Але не перажывайце. Ёсьць дасьведчаныя і ўвішныя палітыкі, якія сёньня выглядаюць яшчэ больш недарэчна – такія, як, напрыклад, цяперашні прэзідэнт Францыі Нікаля Сарказі. Ён жа шчыра верыў, што, падпісаўшы з “Расеяй” знакамітыя “6 пунктаў” і атрымаўшы ад прэзідэнта “Расеі” ўсе гарантыі іх выкананьня, зрабіў выдатную справу, на падставе якой ён можа павесіць сабе ордэн міратворцы. А на справе атрымаўся канфуз, ды яшчэ перад усім сьветам.

Атрымліваецца, што многія заходнія прайдзісьветы нават дасёньня ня ўцямілі, што, каб прагназаваць паводзіны “Расеі”, трэба арыентавацца не на словы крэмлядзяў (яны свае словы не трымаюць – гэта іх гістарычная традыцыя), а на інстынкты расейскай імперскай бюракратыі (гл. Д пр-п 15). А гэтыя інстынкты, як мы ўжо шмат пісалі, дыктуюць ёй сквапна захопліваць усё новыя і новыя тэрыторыі, як толькі для гэтага будуць малейшыя спрыяльныя ўмовы (гл. nashaziamlia.org/2006/04/16/50). Палітыкі на Захадзе аніяк ня могуць уцяміць: “Расея” падпісала і адпаведныя рэзалюцыі ААН, якія гарантуюць Грузіі яе тэрытарыяльную цэласьць, і знакамітыя “6 пунктаў Сарказі”, і шмат разоў з Крамля яны чулі 100%-ныя запэўніваньні аб тэрміновым вывадзе войскаў, а ваенныя дзеяньні ў Грузіі як працягваліся, так і працягваюцца (а разам зь імі, як павялося ў расейскай імперыі, працягваюцца масавыя марадзёрствы, згвалтаваньні, этнічныя чысткі, зьнішчэньне жыльля грузінаў і г.д.; гл. nashaziamlia.org/2008/08/16/1481)…

Як бачыце, дакладна спрагназавалі мы і паводзіны прадажных заходніх журналюшак. У нас няма магчымасьці шырока прадэманстраваць доказы – мы падалі толькі адзін узор (гл. тут: nashaziamlia.org/2008/08/25/1511). Але, хто сумняецца, можа сам зайсьці, напрыклад, на сайт www.inosmi.ru і палюбавацца на тое, якія аргументы знаходзяць заходнія журналісты (найперш у Брытаніі, Нямеччыне, Францыі), як яны толькі ні выкрунтасьнічаюць, каб абяліць “Расею”.

Нарэшце, былі мы правы і адносна карумпаваных палітыкаў у ЕЗ. Пан Бжэзінскі так канкрэтна і напісаў (гл. nashaziamlia.org/2008/08/21/1498) пра “негатыўную ролю” былога канцлер ФРГ, “які стаў наёмным працаўніком “Газпраму””, пра італьянскага прэмьер-міністра, які “ператварыў у спорт сьхіленьне каленаў перад Пуціным”, пра ўрад Грэцыі, які таксама “сімпатызуе шэрагу рускіх ініцыятыў у энэргетычным сектары”, пра ўрад Вугоршчыны, які “дзіўным чынам чульлівы да расейскіх захадаў”, пра шэраг фінансавых інтарэсаў у Аўстрыі, якія “паказваюць на тое самае”. У дадатак да Бжэзінскага Пол Гобл заявіў: “Ёсьць нямала людзей, асабліва ў Вашынгтоне, якія імкнуцца апраўдаць дзеяньні Расеі й гатовыя знайсьці любы прэтэкст, каб ускласьці ўсю адказнасьць на Грузію” (nashaziamlia.org/2008/08/21/1496).

У сувязі з дадзенымі абставінамі, а таксама з улікам асаблівай актыўнасьці расейскіх войскаў у раёнах Поці й Горы, дазволім сабе зрабіць далейшы прагноз што да стратэгічных ваенна-палітычных памкненьняў расейскай імперыякратыі.

Расейскія імперцы, напэўна, лічаць, што Самачабла (Паўднёвая Асеція) у іх ужо ў кішэні (“незалежнасьць” ёсьць, просьба Какойты разьмясьціць у цхінвальскім рэгіёне ваенные базы Расеі – таксама, абяцаньне папрасіцца ўвайсьці ў склад Расеі ёсьць), таму далей расейская імперыякратыя на каўказскім кірунку сваёй агрэсіі хутчэй за ўсё будзе імкнуцца захапіць раён Горы, каб далей выйсьці да мяжы з Арменіяй (каб дакладней разабрацца ў геапалітычнай сітуацыі, гл. мапу ў пачатку артыкула; дарэчы, на ёй паказаны некалькі тэрыторый, якія былі страчаны Грузіяй пад час саветызацыі ў 1920-31 гг.; гэта ў нечым нагадвае страты беларускіх тэрыторый у 1919-44 гг., адрозьненьне толькі ў тым, што ў нас былі забраныя дакладна нашы этнічныя тэрыторыі). Пры гэтым, натуральна, пад поўным кантролем імперыі апынецца нафтаправод Баку-Тбілісі-Джэйхан разам з запланаваным паралельным газаправодам. Акрамя таго, Грузія можа быць падзелана на дзьве “губерні” – тыфліскую і кутаіскую (як ужо было ў царскі перыяд) – дзе будуць пасаджаны марыянеткавыя рэжымы (такія, як у Абхазіі, Самачабла і, на жаль, у нас у Беларусі). Затым, разбурыўшы грузінскую дзяржаўнасьць і ўзяўшы пад свой кантроль яшчэ большую долю нафта- і газарэсурсаў планеты, праз Арменію, і ў хаўрусе з апошняй, “Расея” можа пачаць ня толькі каламуціць і кантраляваць Азербайджан зь яго нафтавым патэнцыялам, але і з дапамогай курдаў – Турцыю, Іран, Ірак. Карацей, увесь Блізкі Усход.

Вельмі верагодна, што так выглядае адна са стратэгічных ваенна-палітычных мараў расейскай імперыякратыі…

Калі гэты сцэнар так далёка хутка не прасунецца, можна чакаць актывізацыі “цікавасьці” імперцаў да Крыму, Усходняй Украіны і Паўночнага Казахстану. Нашу Беларусь, на жаль, яны ўжо лічаць у сваёй кішэні – як Абхазію і Паўднёвую Асецію…

Агрэсія ў выпадку Грузіі будзе тлумачыцца неабходнасьцю “пакараць агрэсара за генацыд асецін”, а ў выпадку Украіны і Казахстана “жаданьнем рускіх жыць у Расеі”…

(Дарэчы, варта яшчэ раз падкрэсьліць, што па даных саміх расейцаў у Паўночнай Асеціі загінула ня 2000 мірных жыхароў, як заяўляў і заяўляе вядомы генацыдчык чачэнскага народу Пуцін і яго напарнік – Мядзьведзеў, а, паводле дадзеных афіцыйнай расейскай камісіі, высьветлены прозьвішчы 133 чалавек, якія загінулі ва ўсёй Паўднёвай Асеціі (гл. http://kavkazcenter.com/russ/content/2008/08/28/60606.shtml), паводле дадзеных Human Rights Watch – у Цхінвалі 44 чалавекі (гл. kavkazcenter.com/russ/content/2008/08/14/60218). І гэта, падкрэсьлім, у выніку двух серыяў баёў.

Рабіць усё гэта расейская імперыякратыя будзе, як мы ўжо прагназавалі, этап за этапам. І на кожным зь іх будзе ставіць Захад перад дылемай, якую выразна сфармуляваў Лаўроў у сваім артыкуле “Амерыка павінна зрабіць выбар паміж Грузіяй і Расеяй” (гл. https://nashaziamlia.org/2008/08/24/1509) і адказ на якую заранёў даў пан Саймс у сваім інтэрвю: “ЗША не заявяць пра ваенную падтрымку Грузіі з мэтай аднаўленьня яе тэрытарыяльнай цэласьці” (гл. nashaziamlia.org/2008/08/19/1490).

2. Стан кіраўніцтва Захаду.

Мы па-ранейшаму мала спадзяемся на Захад. Ён сапраўды знаходзіцца ў перыядзе ліберастычнага напаўраспаду. Пра прычыны гэтага (а наступствы гэтага, як вы бачыце, вельмі сур’ёзныя – сьвет праз дэградацыю наўпрасткі коціцца да Трэцяй сусьветнай…) мы ўжо шмат пісалі, будзем пісаць яшчэ. Але шанцы на тое, што Захад на пэўным этапе можа схамянуцца, сабрацца і даць бой “Расеі”, пакуль яшчэ ня страчаныя. На Захадзе ёсьць людзі, здольныя пралічваць стратэгічную персьпектыву тых ці іншых крокаў (тыя ж Зьбігнеў Бжэзінскі й Пол Гобл, меркаваньні якіх мы падалі). Таму варта паспрабаваць спрагназаваць разгортваньне ня толькі песімістычнай, а і аптымістычнай версіі магчымых падзей – г.зн. такой, калі расейская імперыякратыя добра атрымае па зубах ці, прынамсі, будзе стрыножаная…

Якія чыньнікі падсілкоўваюць даны аптымізм?

Так, заходнікі, зыходзячы нават са сваіх скурных інтарэсаў, ня могуць не разумець, што чым на больш позьнім этапе ім давядзецца супрацьстаяць агрэсіі Расеі (а давядзецца абавязкова), тым з большымі ахвярамі будзе дасягнуты станоўчы вынік. Пры гэтым доля тых, для каго драпежніцкія планы расейскай імперыі будуць станавіцца відавочнымі, з кожным чарговым этапам імперскай агрэсіі будзе павялічвацца. І нарэшце настане час, калі бараніць Расею, шкадаваць яе ці спрабаваць “зразумець” будзе лічыцца ўвогуле непрымальным. Істотным чыньнікам зьяўляецца знаходжаньне капіталаў расейскай імперыякратыі й яе крэўных на Захадзе. Ну і, натуральна, пытаньне энэргарэсурсаў й іх транзіту, як ледзь ні галоўны прыярытэт для сёньняшняга Захаду, які проста абавязаны прымусіць яго пачаць змагацца…

Найменш варта разьлічваць на інтэрнацыянальную дапамогу з боку Захаду народам “незалежных дэмакратычных дзяржаў”, зыходзячы зь ідэалагічных ці маральных пасылаў (прычыну мы ўжо шмат разоў называлі, паўторым яшчэ: на Захадзе дамінуе не дэмакратыя, а адна з форм яе дэградацыі – ліберастызм).

Пазітыўны прагноз падмацоўваецца асобнымі фактамі пэўнага ціску на Расею, якія ўжо маюць месца. G8 ужо фактычна зноў ператворана ў G7, уступленьне Расеі ў СГА (рус., ВТО) спынена (дарэчы, з гэтай нагоды Пуцін быў вымушаны выконваць ролю лісы з байкі Эзопа “Ліса і вінаград”, якая ўсё ж вінаград не дастала…), з боку ЗША, ЕЗ, НАТА, АБСЕ ды іншых структур чутны ўсё больш рашучыя заявы пратэсту, у Радзе бясьпекі ААН і, нават, у ШАС (Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва) Расея фактычна засталася з адзіноце і да т.п. Усё гэта могуць быць першыя крокі да выніковай ізаляцыі расейскай імперыі, а могуць быць і проста часовыя слоўныя страсеньні паветра, якія хутка пройдуць, бо ў любы момант можа аказацца, што “супрацоўніцтва Захаду з Расеяй патрэбнае для вырашэньня больш важкіх праблем”. Зразумела, што расейскія імперыякраты разьлічваюць на апошняе.

І не беспадстаўна. Захад маральна не гатовы біцца за Грузію па-сапраўднаму. Да ўзьбярэжжа Грузіі падышлі караблі ЗША і НАТА, але толькі з гуманітарнай місіяй, якую расейскія вайскоўцы, дарэчы, зьбіраюцца кантраляваць… Ідэя заблакаваць рахункі расейскіх алігархаў пакуль адкінутая і замененая абмеркаваньнем ідэі магчымага спраўджваньня законнасьці паходжаньня грошай расейскіх алігархаў й імперыякратаў, якія знаходзяцца на рахунках заходніх банкаў (гл. kavkazcenter.com/russ/content/2008/08/28/60599.shtml). Пакуль толькі адзінкавыя палітыкі Захаду (напрыклад, Маккейн) гавораць пра магчымую падтрымку вызвольнай барацьбы народаў Паўночнага Каўказу (а гэта была б сапраўды эфектыўная мера), якія нашмат больш змагаюцца за сваю незалежнасьць ад Расеі, чым асеціны ад Грузіі, і супраць якіх расейцы неаднаразова сапраўды зьдзяйсьнялі генацыд. А, між тым, якая выдатная нагода зрабіць гэта ў час, калі кіраўнікі Расеі пачалі касіць пад такіх ужо заўзятых гуманістаў, гатовых прызнаваць незалежнасьць направа і налева…

Мы бачым, што Захад бяздарна губляе ня толькі гэтыя магчымасьці. Яго прадстаўнікі ня здольны нават сфармуляваць адэкватную пазіцыю па такім істотным пытаньні, як час пачатку расейскай агрэсіі. Многія на Захадзе ўспрынялі пазіцыю расейцаў, што гэта “Грузія напала на Паўднёвую Асецію”. А, між тым, дастаткова адзін раз паглядзець на сёньняшнюю мапу сьвету, каб назаўсёды запомніць, хто галоўны агрэсар у сьвеце. Акрамя таго, ёсьць гісторыя, і яна сьведчыць, што захоп расейскай імперыяй Грузіі пачаўся яшчэ ў царскія часы і працягнуўся ў 1920 г., калі гэтую справу паўтарылі бальшавікі (гл. адказ на пытаньне аднаго з нас тут: www.svaboda.org/content/Transcript/1194638.html). А ў найноўшай гісторыі агрэсія “дэмакратычнай Расеі” супраць Грузіі адбылася ў трэці раз у 1991-92 гг., калі Расеяй зноўку была захоплена тэрыторыя Самачабла. Затым гэтая агрэсія працягнулася ў выглядзе выдачы пашпартоў грамадзянаў РФ. А апошнія ваенныя дзеі, з 08.08.08 г. – гэта ўсяго толькі заключны этап анэксіі тэрыторыі Грузіі імперскай Расеяй у наш час…

Мы спадзяемся, што заходнія стратэгі хаця б усьведамляюць, што галоўнае, у чым Расея падставілася, праводзячы сваю палітыку на Каўказе, заключаецца ў парушэньні прынцыпу недатыкальнасьці дзяржаўных межаў. Пасьля дадатковых заяваў расейскага кіраўніцтва пра тое, што яно падтрымлівае імкненьне народаў да свабоды і незалежнасьці, цяпер у кожнага, хто будзе змагацца за дэмантаж расейскай імперыі (а толькі так можна спыніць бясконцую крывавую гісторыю, якую яна спараджае), у дадатак да рацыянальнага разуменьня неабходнасьці такой дейнасьці, будзе яшчэ і поўнае маральнае апраўданьне!..

На гэтым фоне нагадваем, што, напрыклад, НАТА – гэта альянс 26 найбольш эканамічна разьвітых і тэхналагічна прасунутых краін з агульным насельніцтвам да 900 млн. чалавек і амаль паловай агульнасусьветнага ВУП. Таму, спадзеючыся на лепшае, мы ўсё ж зь нецярплівасьцю будзем чакаць, што хаця б “істотна абвастрыцца сітуацыя” зь “сепаратысцкім рухамі” ня толькі на расейскім Паўночным Каўказе, а і на Далёкім Усходзе, у Татарстане, Башкірыі, Сібіры, асабліва Якуціі, на тэрыторыі Інгерманландыі ды на іншых захопленых расейскай імперыяй этнічных тэрыторыях розных народаў. Ня будзем забываць таксама, што ад расейскай імперыі нам – беларусам – павінны быць вернуты ўся Смаленшчына, заходняя Браншчына, паўднёвая Пскоўшчына, а нанесеныя страты кампенсаваныя далучэньнем да Вялікай Літвы-Беларусі г.зв. “Калініградскай вобласьці”.

3. Паводзіны Лукашэнкі й ацэнка апазіцыі.

Паводзіны Лукашэнкі, як адкрытага агента Крамля і, па сумяшчальніцтву, кіраўніка каланіяльна-цяперскага рэжыму ў Беларусі, прадказаць было нескладана.

Пасьля спагнаньня ад пасла Расеі ў Беларусі А.Сурыкава, які выказаў незадавальненьне адсутнасьцю падтрымкі дзеяньняў Расеі на Каўказе з боку свайго галоўнага хаўрусьніка, мы спрагназавалі, што “Крэмль будзе эскалаваць свае пагрозы ў бок Беларусі, а с*ль Лукашэнка хутчэй за ўсё будзе аддаваць адну нашу каштоўнасьць за другой”. Мы заявілі пра “небясьпеку размяшчэньня на тэрыторыі “саюзнай Беларусі” вайсковых фармаваньняў расейскай імперыі, улучна зь ядзернай зброяй”, і што гэтанадзвычай вялікая небясьпека для беларусаў!”.

Гэты прагноз, на жаль, таксама спраўдзіўся (на шчасьце, пакуль часткова). Лукашэнка ня толькі назваў акупацыю “Расеяй” Грузіі “мудрай і прыгожай”, але і цалкам аддаў паветраную прастору нашай краіны ў распараджэньне генералаў расейскай імперакратыі (www.svaboda.org/content/Article/1193776.html). Пазьней Сурыкаў запатрабаваў ад яго (вось і эскалацыя) прызнаньня незалежнасьці Абхазіі й Паўднёвай Асеціі. Лукашэнка марудзіць, спасылаецца на АДКБ (www.svaboda.org/content/Article/1194613.html) – ня хоча выглядаць ужо зусім зашуганай шаўкай каля імперскага трону.

Але, можаце не сумнявацца, усё ён прызна́е, усё разьмесьціць, усё прадасьць!..

Мы лічым, што для прыкрыцьця сваёй гнюснай здрады, для адуважваньня ад яе былі выпушчаны палітвязьні. Усе каляапазіцыйныя журналюшкі на іх накінуліся, пачалі браць інтэрвю, чым і далей адцягвалі ўвагу беларускага грамадства ад значна больш істотных падзей… Партыі афіцыйнай апазіцыі таксама з галавой занятыя ў выбарах… У выніку, мы зноў бачым да болю знаёмую сітуацыю – “аб’яднаная”, “дэмакратычная” апазіцыя ў Беларусі ёсьць, а арганізоўваць пратэст супраць сапраўды значных жахлівых і злачыных падзей, у якія штурхае нашу Беларусь прадажнае цяперскае кіраўніцтва, няма каму… Ну, і куды ідуць дзясяткі мільёнаў даляраў і еўра, якія ЗША і Еўразьвяз штогод выдзяляюць “на змаганьне за дэмакратыю ў Беларусі”?!

У які ўжо раз пераконваемся, наколькі надзейным ёсьць сфармуляваны намі Д пр-п 66, які сьцьвярджае, што сярод прадстаўнікоў АДС няма ніводнай дэмакратычнай партыі.

Вось тут самы час нагадаць пра тое, як розныя прадстаўнікі апазіцыйных сіл у Беларусі рэагавалі на Грузінскія падзеі й іх рэха ў Беларусі.

Казулін – падтрымаў “Расею” ў вайне супраць Грузіі (гл. www.svaboda.org/content/Article/1192378.html; запомніце гэты факт, спадары!).

Калякін – зрабіў тое самае – падтрымаў “Расею” (www.svaboda.org/content/Article/1194157.html).

Мілінкевіч – шматзначна маўчаў.

“Аб’яднаныя” “дэмакратычныя” “сілы” (усе гэтыя АГП, БНФ, сацыял-дэмакраты, партыі прагрэсіўнай свабоды, камуністы – усе гэтыя беспрынцыпныя аб’яднанцы) – таксама прамаўчалі.

Сярод беларускай апазіцыі супраць агрэсіі Расеі ў Грузіі выступілі толькі прадстаўнікі беларускай дыяспары ў Нямеччыне (гл. заяву на нашым сайце), наша рэдакцыя, КХП, Рада БНР (заява будзе надрукаваная пасьля гэтага тэксту), БПС. Заява апошняй ужо некалькі дзён знаходзіцца ў рэдакцыі. Ніжэй падаем яе тэкст.

Заява Аргкамітэту па стварэнні Беларускай Партыі Свабоды

Мы выказваем сваю падтрымку грузінскаму народу ў часе ягонай барацьбы з расейскімі агрэсарамі.

Яшчэ 15 гадоў таму рукамі Масквы былі адколатыя ад Грузіі яе спрадвечныя землі, закладзена міна між братнімі каўказскімі народамі. Цяпер Расея нясе прамую віну за падзеі ў Паўднёвай Асеціі. Інтэрвенцыя супраць маленькай, але незалежнай дзяржавы – гэта выклік усёй міжнароднай сулольнасці. Расейскія танкі каля Тбілісі, захоп новых грузінскіх земляў, злачынствы супраць грузінскага насельніцтва – гэта новы этап імперскай агрэсіі.

Адбываецца новы падзел між цывілізаваным светам і адноўленай расейскай тыраніяй, якая ашалела ад нафта-газавых прыбыткаў. Гэта наўпрасткі датычыць лёсу Беларускай дзяржавы і нашага народу.

Баязлівае маўчанне беларускай улады ў гэты час азначае ўнутраную разціснутасць Лукашэнкі. Гэта нагадвае паводзіны гаротніка ў турэмнай камеры, якога бандзюгі зневажаюць да апошняй меры… Паслядоўна здаючы нацыянальныя інтарэсы, рэжым апусціўся да дна. Цяпер узнікае прамая пагроза новай анэксіі, увядзення расейскай атамнай зброі.

Кіраўніцтва АК БПС шматразова папярэджвала аб гэтай пагрозе і беларускую, і заходнюю грамадскасць. На жаль, замест падтрымкі народнага супраціву анэксіі Захад вёў кан’юнктурныя гульні з кланамі афіцыйнай апазіцыі, якія ёсьць шматразовымі банкрутамі. Можна прыгадаць знакавую акцыю 2002 г. «За незалежнасць», праведзеную АК БПС і іншымі патрыётамі. Калі раптам ад арганізацыі акцыі адпалі ўсе партыі афіцыйнай апазіцыі. Нельга забыць і дзікую прарасейскую агітацыю лідэраў АГП пад лозунгам «Аб’яднаўшыся з Расеяй скінем Лукашэнку».

Цяпер відавочна, хто меў стратэгію, а хто паразітаваў на бядзе народу, хто бараніў свабоду, а хто падыгрываў імперскай анэксіі.

У гэты час новай пагрозы толькі нацыянальны ўздым і аб’яднанне вакол Народнай апазіцыі АК БПС і нашых саюзнікаў можа даць сілу для адпору акупацыі.

21.08.2008, кіраўнік прэс-службы: АК БПС З.Зданевіч (канец заявы)

У заключэньні дадзенага раздзелу мы хочам яшчэ раз адмыслова зьвярнуць увагу на новую тэхналогію імперскай агрэсіі, дзе адзін з асноўных кампанентаў – выдача пашпартоў грамадзянаў РФ. Справа ў тым, што ў нас у Беларусі вось ўжо 15-ы год зьдзяйсьняецца аналагічны сцэнар. Розьніца толькі ў тым, што функцыю раздачы пашпартоў выконвае ЭТНАЦЫДНАЯ праграма, якую праводзіць “вертыкаль” на чале з агентам крамлядзяў – Лукашэнкам. Мы гэта даўно ведаем, увесь час пра гэта пішам (хто жадае, можна пачытаць, напрыклад, артыкул “Наша галоўная праблема – этнацыд, наша мэта – беларуская дзяржава!”, пачынаючы адсюль nashaziamlia.org/2006/04/04/14/#more-14). Больш за тое, сябрам рэдакцыі даводзілася вельмі шмат гэта ж тлумачыць непасрэдна і лідарам афіцыйнай апазіцыі, і прадстаўнікам “дэмакратычнага” Захаду. Вынік – нулявы! Барацьба супраць этнацыду беларусаў, як асноўнага механізму анэксіі Вялікай Літвы-Беларусі расейскай імперыяй, нікім, хто мае вялікія матэрыяльныя рэсурсы, не абвяшчаецца і ніяк не праводзіцца.

Усё гэта разам з вастрынёй сучаснай абстаноўкі дазваляе нам сьмела сказаць і ў цэлым пра аб’яднанацаў, і ў цэлым пра заходнікаў наступнае: усе вы (падкрэсьлім, за выключэньнем Рады БНР, КХП, БПС, некаторых прадстаўнікоў БНФ, Маладога Фронту, незалежных СМІ і часткі беларускай дыяспары) альбо дурні, альбо здраднікі (здраднікі – г.зн. агенты ці расейскай імперыякратыі, ці фінансавага алігархату Захаду), але ніяк не прадстаўнікі інтарэсаў беларускага народу. Апошняе азначае, што вы ня маеце права на дэмакратычнае прадстаўніцтва беларускага народу ў такой жа ступені, як яго ня мае і Лукашэнка. Пра тое, што сярод АДС няма ніводнай дэмакратычнай партыі, мы ўжо казалі (Д пр-п 66).

4. Грамадскасьць у астатнім сьвеце (альбо галоўны ідэалагічны “ўлоў”).

4.1. Грузінскія падзеі выявілі вельмі падобную да беларускай сітуацыю ў апазіцыі ва Украіне (мы дакладна ня ведаем, але перакананыя, што ў Польшчы, Прыбалтыйскіх краінах і г.д. сітуацыя аналагічная). Там супраць расейскай агрэсіі адназначна, хутка і моцна выступілі Украінская народная партыя (УНП; гл. nashaziamlia.org/2008/08/14/1476), Арганізацыя ўкраінскіх нацыяналістаў (АУН; гл. nashaziamlia.org/2008/08/17/1486) і да т.п. структуры. Прабачце, але іх паводзіны ў крытычны час – гэта не нацыяналізм, а класічны інтэрнацыяналізм! Адсюль зноў пацьвярджаецца вельмі важная выснова, пра якую мы ўвесь час кажам: тыя, каго розныя заходнія ліберасты і ўсходнія імперцы, баючыся, называюць “нацыяналістамі”, на справе зьяўляюцца нацыяналістамі ўніверсальнымі – іначай, проста сапраўднымі зьмястоўнымі дэмакратамі, гатовымі на ахвярную падтрымку іншых народаў у іншых краінах у цяжкі для іх час!

Паколькі розныя соцыяпаразітныя сілы ў сьвеце ўвесь час накідаюць нацыяналізму непажаданыя рысы, гэты факт надзвычай варты запамінаньня, напрыклад, для будучых дыскусій з “дэмакратамі” ліберальнымі, а таксама варты таго, каб шырока абмеркаваць ідэю, якую ўвесь час адстойвае наша рэдакцыя: мы павінны сябе называць не нацыяналістамі, а зьмястоўнымі (сапраўднымі) дэмакратамі, адносна якіх усе іншыя “дэмакраты” – гэта альбо недэмакраты ўвогуле, альбо тая ці іншая стадыя іх дэградацыі…

4.2. Мы лічым вельмі каштоўным выказваньне Зьбігнева Бжэзінскага, што прыход новай эры ў глабальнай палітыцы павінен азначаць, што “буйныя дзяржавы больш не змаглі б дыктаваць суседзям, як ім уладкоўваць сваё жыцьцё” (www.time.com/time/world/article/0,8599,1832699,00). З-за падобных выказваньняў многія на Захадзе лічаць яго ідэалістам (на Ўсходзе – радыкалам). Галоўнай ідэяй яго кнігі “Вялікая шахматная дошка”, як вядома, быў заклік да палітычнага істэблішмэнту ЗША дэманстраваць на міжнароднай арэне не дамінаваньне, а лідарства. Толькі так, заяўляў Бжэзінскі, ЗША можа дасягнуць посьпеху ў сьвеце. Калі аб’яднаць гэтыя дзьве яго думкі ў адну (г.зн., што лідарства Амерыкі ў сьвеце павінна весьці да таго, каб буйныя дзяржавы не маглі дыктаваць народам, як ім уладкоўваць сваё жыцьцё), атрымаецца практычна такая ж пазіцыя, як у беларускіх, украінскіх ды іншых “нацыяналістаў” – а на справе сапраўдных зьмястоўных дэмакратаў, якія бачаць будучыню нашай цывілізацыі ва ўсё большым падвышэньні яе гуманістычнай арганізаванасьці.

Падтрымка нашай пазіцыі аўтарытэтам Бжэзінскага шмат каштуе. Ці ня так?

4.3. Істотным вынікам зьдзейсьненага збору ідэалагічнага матэрыялу на фоне грузінскіх падзей стала і праверка на вашывасьць розных прадстаўнікоў расейскай апазіцыі. І калі радасная ўзбуджанасьць расейскіх імперцаў нам зразумелая (nashaziamlia.org/2008/08/22/1500), дык затоенае маўчаньне расейскіх лібералаў, так як і беларускіх, было для нас усё яшчэ ў пэўнай ступені нечаканым. Лібералы – гэта ж тыя, хто “за свабоду” – устаўляюць яны нам. Аднак, як раней, так і цяпер, мы зноў пераконваемся (а такое раней ужо было): сучасныя лібералы, што на Захадзе, што ў Расеі ці Беларусі – гэта тыя, хто думае пра свабоду для сябе, а пра адказнасьць – для іншых!

У Расеі таксама большасьць тых, хто называлі сябе “рускімі нацыяналістамі”, на паверку аказаліся тыповымі шавіністамі ды імперыялістамі (nashaziamlia.org/2008/08/23/1502). Выпрабаваньне вытрымаў толькі Шырапаеў, які затрымаўся на мяжы пацыфісцкага закліку да маскоўцаў: ня ўдзельнічаць у вайне ні на чыім баку – ні на баку расейскіх імперыялістаў, ні на баку грузін (nashaziamlia.org/2008/08/23/1507). Як ня дзіва, гэтая пазіцыя аказалася вельмі блізкай да пазіцыі, сфармуляванай ў вядомай заяве маджахедаў Каўказу (nashaziamlia.org/2008/08/15/1478).

4.4. Варта высока ацаніць раскрыцьцё намі грандыёзнай ідэалагічнай разводкі пад слоганам “альбо кансерватызм, альбо лібералізм – іншага няма” (гл. папярэдні артыкул). Каштоўнасьць гэтага адкрыцьця ані трохі ня меншая, чым у адкрытага раней факта аднолькавай слабасьці, рыхласьці, атамаванасьці такіх, здавалася б, адрозных грамадстваў, як таталітарнае і ліберальнае (нагадаем, грамадзяне ЗША пасьля ўрагана Катрына з такім жа энтузіазмам займаліся рабаўніцтвамі, марадзёрствамі, а то і згвалтаваньнямі, як і грамадзяне Ірака пасьля зрынаньня дыктатара Садама Хусэйна)…

4.5. І апошняе, верагодна, самае важкае, што было прадэманстравана на фоне грузінскіх падзей – гэта пацьверджаньне шчыльнай сувязі паміж ядром глабалісцкай фінансавай алігархіі, якім ёсьць сіянакратыя, і расейскай імперыякратыяй (і тыя, і другія супраць уступленьня Грузіі ды Украіны ў НАТА; Ізраіль спыніў пастаўкі зброі ў Грузію за некалькі дзён да пачатку ваенных дзеяньняў, выконваючы просьбу Расеі; Саймс заявіў, што ЗША нават не заявяць пра ваенную падтрымку Грузіі).

Што тут сказаць? Толькі тое, што застаецца адзіная прыемнасьць на фоне ўсяго гэтага: гэта калі выпрацаваныя намі дактрынальныя прынцыпы з часам толькі ўсё больш умацоўваюцца (гл. Д пр-п 83)…

Вось такія каштоўныя ідэалагічныя “яйкі” мы назьбіралі на даным этапе грузінскіх падзей.

Застаецца толькі зьвярнуць увагу, што зьбіраць іх дапамагае нам выпрацаваны ў рэдакцыі зьмястоўна дэмакратычны, сістэмна гуманістычны сьветагляд.

N.B.

Паўторна інфармуем: апошнія дні на наш сайт штодзённа стала закідацца да 1200 і больш адзінак спамавага сьмецьця (раней было каля 500-700). Зьявіліся й іншыя формы дэструктыўнай агрэсіі. З аднаго боку, гэта добра, бо азначае, што мы сталі чагосьці вартыя, калі нейкім соцыяпаразітным сілам сталі ўпоперак арганізму. Аднак з іншага – у нас зьявілася шмат дадатковай працы, каб сайт ачышчаць і рэстаўраваць. Пад час такой ачысткі, асабліва, калі выкарыстоўваецца паскораны рэжым выдаленьня спаму, бываюць выпадкі, калі з-за драбнейшай няўвагі выдаляюцца карысныя каментары да артыкулаў. У сувязі з гэтым выбачаемся перад тымі нашымі прыхільнікамі, з каментарамі якіх здарылася такая недарэчнасьць, і просім зразумець, што гэта ніякая не шкодная дзейнасьць супраць іх, а тэхнічныя памылкі, абумоўленыя ўскладненьнем рэжыму працы рэдакцыі. Просім усіх нашых прыхільнікаў зноў аднаўляць свае каментары да матэрыялаў, калі гэта будзе істотным і ня вельмі складаным.

Рэдакцыя.

2 каментарыя

  1. Уладзімер Русаковіч кажа:

    Хочацца толькі дадаць пра кіраўніцтва Грузіі словамі самаго Міхася Саакашвілі падчас выступу ў Радзе 22 жніўня: “Мы выконвалі мірную дамову да канца, магчыма, у гэтым была наша памылка.” (з артыкула Алеся Мірановіча “Паўднёвая Асэція: «Было відавочна, што яны не жадаюць дамаўляцца»”,
    http://www.uff-by.org/2008/08/29/4302/be/)

  2. Уладзімер Русаковіч кажа:

    Праўда, погляд, што склаўся ў Алеся Мірановіча, ня ўлічвае прыкладзеныя ўрадам Грузіі намаганьні да мірнага ўлагоджаньня супярэчнасьцяў, бо спадар Мірановіч прамінуў спаслацца ў сваім артыкуле на гутарку грузінскага прэзідэнта з карэспандэнтам Польскага радыё Войцехам Цагельскім (http://www.polskieradio.pl/zagranica/news/artykul89800.html), якая адбылася якраз у дзень вышэйзгаданага выступленьня ў Радзе.
    Падчас тае гутаркі грузінскі прэзідэнт заявіў:
    “расейцы сказалі, што яны ўжо не кантралююць сэпаратыстаў, маўляў, яны звар’яцелі. Генэрал Кулахмэтаў сказаў, што расейцы ня могуць іх пераканаць, бо сэпаратысты ўжо дзейнічаюць за плячыма міратворцаў. Тады мы запрапанавалі іх амбасадару Папову сустрэчу й перамовы. Наш міністар Якабашвілі быў на месцы ў Асэтыі, але там нікога ня было. Калі ён датэлефанаваўся да Папова, то высьветлілася, што той на прадмесьцях Цхінвалі, і што ў яго прабітае кола ў аўтамабілі. Якабашвілі запытаўся ў яго, ці мае ён запасное кола, той сказаў, што мае, але й яно прабітае.”
    Тая самая гутарка зьмяшчае й заяву пра “Сутнасьць праблемы”, якую стварыў прэзідэнт Францыі сваім пасярэдніцтвам:
    “францускі міністар Кушнэр паехаў у Маскву з дакумэнтам, які меў 4 пункты, які прадугледжваў спыненьне агню. А Сарказі вярнуўся з плянам, які ўтрымліваў 6 пунктаў, у каторым апошні запіс датычыў статусу Абхазіі й Асэтыі. Я тады адмовіўся падпісваць. Мне растлумачылі, што калі я адмоўлюся, то расейцы ўвойдуць у Тбілісі. Я адказаў: “Калі ласка, але я не падпішу аніякага падзелу тэрыторыі”.
    Але Вы падпісалі…(Войцех Цагельскі)
    М. Саакашвілі: Так. Пункт нумар 6 быў адкладзены на пазьней. Быў яшчэ й пяты пункт, які адчыняе вялікія магчымасьці тэрытарыяльнага падзелу. Расея хацела, каб я падпісаўся пад падзелам Грузіі, але яна гэтага не дамаглася. Аднак пяты пункт дае ім вялікае поле да манэўру й маніпуляцыі.”

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы