З.Сейбіт
Звычайна людзі перад пагрозай той ці іншай праблемы кансалідуюцца дзеля яе вырашэньня. Сытуацыя, якая складаецца ў Беларусі, насьцярожвае. На фоне абвастрэньня грамадскіх праблем у палітыцы, эканоміцы, нацыянальнай культуры, у грамадстве не назіраюцца працэсы кансалідацыі дастатковай часткі людзей дзеля іх вырашэньня (што не дазваляе нам кансалідавацца, пра гэта гаворка асобная). У такой сытуацыі расьце напружаньне, агрэсіўнасьць людзей. Нават блізкія ў поглядах людзі пачынаюць варагаваць між сабою. Замест пошуку рашэньняў людзі вінавацяць адзін аднаго. Нібыта адказ на пытаньне “Хто вінаваты?” можа быць рашэньнем праблемы [пытаньне “Хто вінаваты?” патрэбнае для аналізу праблемы і пошуку яе вырашэньня. – Рэд.]. Неўпрыкмет разгортваецца вайна ўсіх супраць усіх, што ўрэшце можа паставіць пад пытаньне нашу супольную жыцьцяздольнасьць.
Дзеля пошуку магчымага вырашэньня акрэсьленых праблем трэба адказаць на два пытаньні:
1. Чаму мы не шукаем рашэньня праблемаў (падмяняючы пошук рашэньня абвінавачваньнямі, сварамі, “пунктамі гледжаньня”)?
2. Чаму мы (тая частка грамадзян, якая хацела б зьмяніць сытуацыю) не кансалідуемся на рэалізацыю рашэньня праблемаў?
1. Чаму мы не шукаем рашэньня праблемаў
Першае, што падаецца прычынай адмовы ад пошуку рашэньня, гэта складанасьць тых праблемаў, якія патрабуюць рашэньня. (Ня блытаць з пунктам гледжаньня, для якога не патрабуецца пошуку шляхоў да вырашэньня праблемы. Проста чалавек так ці інакш можа лічыць. Гэта – пункт гледжаньня – можа выклікаць спрэчкі ў тых, хто лічыць інакш, але пункт гледжаньня нельга ўспрымаць як рашэньне, бо ён ня мае шляху).
Чалавеку ўласьціва ўхіляцца таго, што ён ня ў стане вырашыць. Гэта абумоўлена заблякаваным станам псыхікі, у якім чалавека перасьледуе комплекс шкаляра-выдатніка: “А што пра мяне падумаюць, калі я ня ведаю. Мяне ж не ацэняць на выдатна”.
У стане заблякаванай псыхікі, у якім адсутнічае адчуваньне самадастатковасьці, чалавеку складана прызнацца сабе ў тым, што ён чагосьці ня ведае. Але ж у жыцьці немагчыма ведаць усе рашэньні ўсіх праблемаў. З дапамогай ведаў, набытых па жыцьці, мы шукаем рашэньні тых ці іншых праблемаў. Калі гэтыя веды дастатковыя. Калі ж іх бракуе, мы падмяняем пошук рашэньня “пунктам гледжаньня” [! – Рэд.]. Прычым, пункты гледжаньня мы можам мець па любых пытаньнях, нават па тых, па якіх ня маем ніякіх ведаў. І гэта ўспрымаецца абсалютна дастатковым [! – Рэд.]. Бо пункт гледжаньня ня цягне за сабой ягонай рэалізацыі, у адрозьненьне ад рашэньня, а значыць, не патрабуе і адказнасьці. Кажы, што лічыш, пра ўсё, што бычыш. Пошук жа рашэньня ўяўляецца мэтазгодным, калі ўяўляецца наступнае ягонае прыняцьцё і рэалізацыя, а значыць, і адказнасьць за магчымыя вынікі [! – Рэд.].
Другой прычынай адсутнасьці пошуку рашэньняў праблем у грамадстве бачыцца недастатковасьць ведаў [! – Рэд.].
Якімі ведамі ў галіне грамадазнаўства ці паліталёгіі мы сёньня карыстаемся? Тым, што ў нас напіхвала савецкая сістэма замбаваньня. Вынік тых ведаў – дзіцячая незадаволенасьць (генсекам, камуністамі, “прэзідэнтам”, уладай, народам, апазыцыяй, дзяржавай, суседам, і г.д.), але толькі не дарослы (адказны) пошук, прыняцьцё і рэалізацыя рашэньняў.
Магчыма, тыя веды былі дастатковыя за межамі тагачаснага СССР? Тое, што тагачасныя веды ёсьць недастатковыя, пацьвярджае адсутнасьць аналітычных распрацовак пра заканамернасьць і непазьбежнасьць распаду савецкай імпэрыі і трансфармацыі яе ў шэраг незалежных нацыянальных дзяржаў. Толькі сёньня дзе-нідзе зьяўляюцца працы, так бы мовіць, “пост фактум”, якія пераконваюць, што ўсё так і павінна было быць.
Ці можна гэтыя веды ўспрымаць дастатковымі дзеля пошуку рашэньня грамадскіх праблем у Беларусі? Як неабходныя – напэўна так, але недастатковыя. Пачытайце прэсу – як “афіцыйную”, так і “апазіцыйную”. Па-ранейшаму амаль у кожным артыкуле атаесамляюцца адным тэрмінам “дзяржава” і форма самаарганізацыі соцыюма (нацыі), як суб’ект міжнароднага права, і яе часткі – інстытуты дзяржаўнага рэгуляваньня. І калі да людзей увесь час даносіць, што “дзяржава” то нешта адбірае, то зьневажае, то хлусіць, а потым тым самым людзям прапанаваць змагацца за незалежнасьць “дзяржавы” – ёсьць ад чаго даху паехаць (гэта як руку ці галаву, якія ёсьць часткамі цела чалавека, называць чалавекам).
Тое ж адбываецца з тэрмінамі “улада”, якую быццам бы можна памяняць, а не якая ёсьць неад’емнай функцыяй інстытутаў дзяржаўнага рэгуляваньня (і пэўная сацыяльная група, якую і можна мяняць, толькі карыстаецца функцыяй улады); “палітыка”, якая нібыта брудная справа, а ня ёсьць альтэрнатыва вайне, і іншымі. Пра “дэмакратыю” наогул лепей не згадваць.
Але ж гэта толькі на карысьць чыноўнікам, якія атаесамляюць сябе зь “дзяржаваю” [такое “атаесамленьне” ёсьць праявай паразітычнага перараджэньня ўладаў. – Рэд.]. Таму любая дзейнасьць па ажыцьцяўленьні зваротнай сувязі (дэмакратыі), каб паўплываць на іхнія рашэньні, альбо зьмяніць іх каля інструмэнта (станка, прылады) ўлады, разглядаецца імі як “антыдзяржаўная дзейнасьць” [ня столькі разглядаецца, колькі прапагандуецца. – Рэд.].
З такім паняткавым апаратам складана разьлічваць на пошук рашэньня грамадскіх праблем такой складанасьці, як у сучаснай Беларусі.
Такое становішча ўскладняецца падменай пошуку рашэньняў праблем танным піярам. Маўляў, навошта ламаць голаў набыцьцём ведаў, пошукам рашэньняў праблем, калі праз PR можна і “вядро з вадой прывесьці да ўлады”. Такім вынаходнікам хочацца пажадаць “сем футаў пад кілем”. PR магчымы, калі ён адзін з элементаў рашэньня праблемы. Прынамсі, ніяк не галоўны, а толькі знаёміць грамадства з сутнасьцю і ходам прапануемых рашэньняў. Калі ж PR-ам спрабуюць падмяніць пошук рашэньняў праблем, то гэта тое ж, што прапаноўваць цукерку з… “нядобраякаснага матэрыялу”.
Трэцяе, што трэба адзначыць, фундаментальным чыньнікам у пошуку рашэньняў праблем ці ня ёсьць псыхалягічная здольнасьць (збалянсаваны стан псыхікі), якая вызначаецца дастатковым духоўным патэнцыялам.
Пошук рашэньня, як ужо казалася, мае на ўвазе далейшае прыняцьцё рашэньня, ягоную рэалізацыю і пэўныя вынікі рэалізацыі прынятага рашэньня. Гэты ланцужок рашэньня праблемы патрабуе ад чалавека здольнасьці да свабоды і адказнасьці. Такая здольнасьць фармуецца пры наяўнасьці ў чалавека дастатковага духоўнага патэнцыялу, які вызначаецца Божай любоўю і рэлігійнасьцю (вераю ў Божае прызначэньне кожнага з нас і нашага народу), і нацыянальнай самасьвядомасьцю (самаідэнтыфікацыяй), і любоўю да свайго народу і ягоных каштоўнасьцяў: мовы, гістарычнай памяці, нацыянальнай культуры як досьведу супольнага жыцьця ў часе і ў прасторы, і любоўю да сваёй краіны, і, урэшце, любоўю да сваёй дзяржавы як формы супольнай самаарганізацыі.
Менавіта пры наяўнасьці дастатковага духоўнага патэнцыялу чалавек набывае псыхалягічную здольнасьць да свабоды, да самастойнага пошуку, прыняцьця і рэалізацыі рашэньняў і адказнасьці за іхныя вынікі. Калі ж духоўнага патэнцыялу бракуе, чалавек губляе здольнасьць да свабоды, і ўжо ня ў стане шукаць і прымаць рашэньні. Самае большае, на што яго хапае, гэта абурэньне, а часьцей ён папросту прыстасоўваецца да існых абставінаў, не маючы здольнасьці на іх уплываць, зьмяняць.
Ці не таму бальшавікі вынішчалі рэлігійнасьць “калёным жалезам”, а ў сучаснай гісторыі мы сутыкаемся са зьнішчэньнем нацыянальнай мовы, сымболікі, гістарычнай памяці нашага народу? [! – Рэд.]
2. Чаму мы не кансалідуемся
Людзі могуць аб’ядноўвацца, кансалідавацца дзеля вырашэньня агульных праблем на падставе агульнага сьветагляду, філязофіі, нацыянальных каштоўнасьцяў, супольных інтарэсаў. Праблема кансалідацыі грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі, напэўна, мае тыя ж прычыны, што і адсутнасьць пошуку рашэньня праблемаў.
І складанасьць грамадскай (палітычнай) праблематыкі, і недахоп неабходных для пошуку рашэньняў ведаў, і недастатковасьць духоўнага патэнцыялу вядзе не да кансалідацыі “аднадумцаў”, а да ўзаемнай варожасьці, падазронасьці, абвінавачваньня і ў тым, што было і чаго не было.
Гэта толькі на верхніх узроўнях праблемы. Ёсьць і іншыя прычыны на ніжэйшых узроўнях, але тут іх можна не разглядаць, улічваючы вытворчы характар гэтых узроўняў.
Падмена пошуку рашэньняў праблем, кансалідацыі дзеля іх рэалізацыі на падставе дастатковага супольнага духоўнага патэнцыялу пошукам гераічнага лідэра вядзе да таннага піяру і бясконцых спрэчак і свар, хто з кандыдатаў больш варты на ролю “лідэра”. Пры гэтым не бярэцца пад увагу тое, што складанасьць сёньняшніх праблемаў у Беларусі патрабуе духоўнага, інтэлектуальнага і фізіялягічнага патэнцыялу вялікай колькасьці людзей, а не аднаго чалавека, хай нават самага вартага. Роля магчымага каардынатара дзеяньняў – зкансалідаваць супольныя намаганьні розных людзей дзеля рашэньняў агульных праблем.
Няздольнасьць да кансалідацыі дзеля пошуку рашэньняў праблем, адсутнасьць гатовасьці іх шукаць вядзе да хаджэньня (па якім ужо крузе) на выбары “бяз выбару” і на мітынгі ў раёне плошчы Бангалор. (Гэта, не раўнуючы, як перасоўваньне мэблі бліжэй да акна ў палаючай хаце замест таго, каб яе тушыць). З кожнымі такімі “выбарамі” сіл нават у тых, хто сёньня яшчэ гатовы выходзіць на розныя “акцыі пратэсту”, застаецца ўсё меней і меней.
Без гатовасьці дастатковай колькасьці грамадзянаў дамагацца правядзеньня свабодных празрыстых дэмакратычных выбараў, без стратэгічнага разуменьня, як іх дамагчыся, удзел у такой “выбарчай” кампаніі можна расцэніваць як правакацыю з мэтаю зьнясіліць нават тую невялікую колькасьць людзей, якія сёньня яшчэ маюць патэнцыял дзейнасьці.
Ці не было б больш карысна скіраваць нешматлікія рэсурсы (людскія, арганізацыйныя, фінансавыя) на падвышэньне духоўнага й інтэлектуальнага патэнцыялу соцыюму, а ўрэшце, здольнасьці да самаарганізацыі, да адказнасьці, да свабоды, і такім чынам, падвышэньня супольнай жыцьцяздольнасьці.
Бо толькі ў такім стане мы набудзем здольнасьць кансалідавацца, самаарганізоўвацца дзеля пошуку, прыняцьця і рэалізацыі рашэньняў жыцьцяважных праблемаў і браць на сябе адказнасьць (і не аддаваць яе нікому, нават “усенародна абраным” “слугам народу”) за краіну, за дзяржаву, у якой жыць нам і нашым дзецям, а значыць, быць свабоднымі ў незалежнай Беларусі і годнымі Божага прызначэньня.
Ад рэдакцыі:
Лічым галоўны пасыл данага артыкула вельмі блізкім таму, на што скіравана праца нашай рэдакцыі. Адзінае, што варта дадаць да зьместу артыкула, гэта тое, што ў ім сярод істотных прычын недастатковай самаарганізацыі беларускай апазіцыі не ўзгадваецца вонкавы чыньнік – дэструктыўная дзейнасьць агентуры расейскай імперыякратыі й цяперскай бюракратыі, а таксама псеўда-ліберальных колаў Захаду.
Спосаб вырашэньня праблемы ўжо даўно запрапанаваны рэдакцыяй. Гл., напрыклад, тут:
– НАША ГАЛОЎНАЯ ПРАБЛЕМА – ЭТНАЦЫД, НАША МЭТА – БЕЛАРУСКАЯ ДЗЯРЖАВА! (Ч.8) (nashaziamlia.org/2006/04/11/30);
– Галоўныя таямніцы Кангрэсу “Аб’яднаных Дэмакратычных Сілаў” (nashaziamlia.org/2007/05/30/692);
– Да чарговага зьезду БНФ : Публічнай прэзентацыі Пераможнай праграмы – 4 гады! (nashaziamlia.org/2007/11/18/1061);
– Як я быў грамадскім рэдактарам Радыё “Свабода” (nashaziamlia.org/2008/05/03/1332).
P.S. Заклікаем спадара “Сейбіта” да больш шчыльнай супрацы з нашай рэдакцыяй.
Брава Сейбіт! Удзел у выбарах без выбару але з заяўкай на лідэрства ( Казулін з дачкою…) выглядае жалосна і бесперспектыўна для тых хто на такое купляецца ўпрамым і пераносным сэнсах! Не грамада для партыі, а партыя для грамады, не партыя для лідэра, а лідэр для партыі – тады будзе толк.
Пытанне: ЯК?
Рэкамендацыі па канкрэтных кроках:
– Насі, дэманструй нацыянальныя сымбалы,
– Выказывай сваё меркаванне ў чэргах ці іншых людных месцах,
– Удзельнічай ў акцыях,
– Пераконвай сваякоў, знаёмых…,
– Дапамажы матэрыяльна дэмакратам, калі баішся “засвяціцца”,
– Адпусці свае рукі ад дыктатуры,
– Калі можаш зрабі лепш, чым “апазіцыя”,
– …..
Галоўны прынцып: Рэжым мусіць цярпець ад цябе больш, чым ты ад яго.
для таго ,каб вырашыць ту ,ці іншую праблему па першае трэ прызнаць, што яна існуе. запыніце на вуліцэ сто мінакоў і запытайце, ці ёсць ў нашым грамадцтве праблемы з мовай,нац. сымболікай,нац. культурай ці там з палітычным жыццём іг. д. і ў 99 выпадках із 100 вы пачуеце – не.
Бамбуку: а хіба ж мінакі на вуліцы здольны зразумець такія праблемы? У іх што? ёсць нейкія веды як будаваць сваю краіну, якія каштоўнасці узвышаць? Ці вы ратуеце за то, каб у краіне кіравала неграматная ахлакратыя? Ці быў хаас? Вашы размовы носяць правакацыйны характар. Закончылася ваша эра сексоты.
Бамбуку.
Падтрымліваем сп-ню Галіну. Усё так.
Сапраўды, Бамбук, а чаму б вам не запрапанаваць нам запытацца пра тое ж ня толькі ў затурканага лукашысцкай прапагандай і цяжкім жыцьцём звычайнага беларуса, а і ў бамжоў, алкашоў, прастытутак, наркаманаў, параноікаў і шызафрэнікаў (у т.л. і асабліва небеларускіх)?..
Пра лёс нацыі, пра захады, якія трэба зрабіць у той ці іншы час яе гісторыі, трэба пытацца ў прадстаўнікоў НАЦЫЯНАЛЬНАЙ ЭЛІТЫ. А яны, гэтыя прадстаўнікі, ва ўсіх 100% выпадках вам скажуць, што мова, сімвалы, гісторыя, нацыянальная культура і г.д. – гэта найважнейшыя рэчы для нармалізацыі грамадска-палітычнага жыцьця ў дзяржаве, для персьпектыўнай будучыні народа.
Тое, што прадстаўнікі НАЦЫЯНАЛЬНАЙ ЭЛІТЫ адсунутыя сёньня ў Беларусі ў сваёй масе ня толькі ад улады, а і ад СМІ (у т.л. “апазіцыйных”), анічога ў дадзеным падыходзе-прынцыпе не мяняе.