nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Выпрабаваньне спакусай польскага імперскага дэмана

13 красавіка, 2014 | 7 каментарыяў

Рэдакцыя.

Спакуса палякаў 1Усім сталым чытачам наша сайта напэўна вядома, што мы шмат увагі надаем праблеме польскага імперыялізму.  Наша цікавасьць да яе асабліва ўзрасла пасьля таго, як польскія імперыялісты распачалі практычную рэалізацыю яўна недружалюбнай акцыі (найперш у дачыненьні да суседняга зь імі беларуска-літвінскага народу) пад назвай “Карта паляка” (https://nashaziamlia.org/2008/12/30/1706/#more-1706). Нядаўна мы падсумавалі сьпіс канкрэтных злачынных грамадска-палітычных дзеяньняў польскіх імперыялістаў, скіраваных толькі сёньня супраць нашага народу, і папярэдзілі, што імперская Польшча рыхтуецца выкарыстаць любую сітуацыю нестабільнасьці, хаасу на ўсход ад яе, якая можа дазволіць ёй зноў захапіць “Крэсы Всходне” Заходнюю Беларусь і Ўкраіну (https://nashaziamlia.org/2014/03/05/6629/). Тады ж мы нагадалі пра магчымасьць супрацоўніцтва расейскай імперыякратыі й польскіх імперыялістаў у гэтай агрэсіі. Прайшло пару тыдняў і высьветлілася, што мы нібы ў ваду глядзелі…

 

1.

А адбылося наступнае.

18 сакавіка, выступаючы на пленарным паседжаньні Дзярждумы Расеі, Уладзімір Жырыноўскі заявіў, што лічыць, што прыйшоў час ня толькі паўднёвыя і ўсходнія землі Ўкраіны “вярнуць пад рускі сьцяг”, але і “заходнія землі Ўкраіны… вярнуць Польшчы, Венгрыі ды Румыніі”.

Вось так заявіў тады ён (http://www.interfax.by/news/world/1151507).

Спакуса палякаў 3аЖырыноўскі – даўно вядомы буйны палітычны правакатар (гл. зьлева фота Вольфавіча ў розных іпастасях). Але, зь іншага боку, ён лідар вялікай расейскай партыі (ЛДПР) і аж цэлы віцэ-сьпікер Дзярждумы Расеі. Таму трэба ўлічваць, што агрэсіўныя выказваньні гэтага чалавека – гэта ня проста словы аднаго з многіх расейскіх імперыялістаў-шавіністаў. Акрамя таго, гісторыя паказвае, што зь яго рота часьцяком вылятае тое, што схавана ў галовах больш сьціплых на выгляд, але яшчэ больш высокапастаўленых паноў у расейскім Крамлі (https://nashaziamlia.org/2009/01/18/1728/#more-1728).

Пазьней высьветлілася, што чарговая скандальная правакацыя Жырыноўскага мела працяг.  24 сакавіка польскі тэлеканал TVP1 паведаміў, што Міністэрства замежных спраў Польшчы атрымала з расейскай Дзярджумы афіцыйны ліст з прапановай… падзелу тэрыторыі Ўкраіны (http://news.tut.by/kaleidoscope/391996.html).

Інтэрнэт-партал Gazeta.pl удакладніў: “Дакумент быў падпісаны віцэ-сьпікерам Дзярждумы Уладзімірам Жырыноўскім. У ім прапаноўвалася ўраду ў Варшаве дамагацца правядзеньня ў пяці ўкраінскіх абласьцях – Валынскай, Ільвоўскай, Івана-Франкоўскай, Цярнопальскай і Ровенскай – рэферэндумаў аб іх далучэньні да Польшчы. Такія ж лісты, але якія тычыліся ўжо Закарпацкай і Чарнавіцкай абласьцей Украіны, атрымалі Венгрыя і Румынія” (гл. мапы ніжэй; параўнайце іх з той мапай, пра якую мы казалі тут: https://nashaziamlia.org/2014/03/05/6629/).

Спакуса палякаў 4

У лісьце, накіраваным у МЗС Польшчы, Жырыноўскі “абгрунтоўваў” свае прапановы тым, што ва ўкраінцаў, якія пражываюць на ўсходзе і на захадзе краіны, вельмі вялікія адрозьненьні ў менталітэце, і яны зь цяжкасьцю ўжываюцца разам. “Узаемная непрыязнасьць на працягу многіх гадоў, якая суправаджаецца адкрытымі канфліктамі, часьцяком ператвараецца ў крывавыя бойні – цэлыя вёскі былі зьнішчаныя ў часе жорсткай барацьбы паміж польскімі ды ўкраінскімі нацыяналістамі”, – цытуе Gazeta.pl ліст Жырыноўскага. Далей ён прапануе Польшчы аднавіць “гістарычную справядлівасьць” [зьвярніце ўвагу на двайную падмену тэзісаў: не ўжываюцца разам, на думку Жырыка, украінцы заходнія і ўсходнія, але факты узгадваемай ім варажнечы датычаць палякаў ды ўкраінцаў (першая падмена); і таму заходніх украінцаў трэба зноў аддаць пад палякаў (другая падмена); дзе тут логіка? няма яе; замест яе хворае шызафрэнічнае мысьленьне выдаецца за абгрунтаваньне і за прапанову аднаўленьня “гістарычнай справядлівасьці”. – Рэд.].

У самой ЛДПР пацьвердзілі, што сапраўды накіравалі зварот да кіраўніцтва Польшчы, Румыніі й Венгрыі з прапановай правесьці рэферэндумы. “Сапраўды, такія лісты былі намі накіраваныя ў пасольствы Польшчы, Венгрыі й Румыніі. Аднак ні аб якім падзеле тэрыторыі ў іх размова не ішла – мы проста прапаноўвалі правесьці рэферэндумы ў сумежных з Украінай тэрыторыях, дамагчыся правядзеньня такіх жа рэферэндумаў у шэрагу ўкраінскіх рэгіёнаў, якія раней належалі названым краінам”, – заявілі ў панядзелак у прэс-службе партыі (http://www.interfax.by/news/world/1151507) [як бачым, у ЛДПР ня бачаць ніякіх праблем у тым, каб цынічна ўлазіць у справы іншых краін; прычым, робяць гэта абсалютна крывадушна – яны, бачыце вы, ня кажуць пра падзел тэрыторыі чужой краіны… – Рэд.].

Між тым, на афіцыйным сайце ЛДПР разьмешчаны матэрыял, у якім заяўлена, што напярэдадні Вялікай Айчыннай Вайны кіраўніцтва РСФСР, імкнучыся засьцерагчы сябе і сваіх саюзнікаў, “было практычна вымушана ўключыць у склад Савецкага Саюзу частку Бесарабіі, якая належала Румыніі[яшчэ адно крывадушша – тое яшчэ, савецкае… – Рэд.]. Сёньня гэта Чарнавіцкая вобласьць на тэрыторыі Украіны. “Акрамя гэтага, геапалітычныя меркаваньні дыктавалі пашырэньне СССР за кошт цэлага шэрагу спрадвечна польскіх тэрыторый. Гэта Валынская, Ільвоўская, Тэрнопальская, Івана-Франкоўская, Ровенская вобласьці”, – адзначаюць у ЛДПР і зьвяртаюць увагу на тое, што пералічаныя землі “заўсёды былі часткай Польскай дзяржавы” [так выглядае сучасная геапалітычная костка хлусьні й раздору, якую ўкідае фашысцка-імперская партыя ЛДПР на еўрапейскае палітычнае поле… – Рэд.]. “Іншы, ня меней красамоўны прыклад – Закарпацьце – вобласьць, якая этнічна і гістарычна належыць да Венгрыі“, – гаворыцца ў матэрыяле.

У сувязі з гэтым ЛДПР прапануе сваё рашэньне: “Чаму б у Польшчы, Румыніі, Венгрыі не падумаць пра тое, каб дамагчыся правядзеньня рэферэндуму на тэрыторыях вышэйзгаданых абласьцей Украіны, а таксама ў сумежных рэгіёнах Польшчы, Румыніі ды Венгрыі? Пытаньне адно – магчымасьць вяртаньня Чарнавіцкай вобласьці ў склад Румыніі, Закарпацкай вобласьці – у склад Венгрыі й пяці абласьцей Украіны – Валынскай, Ільвоўскай, Цярнопальскай, Івана-Франкоўскай і Ровенскай – у склад Польшчы“.

Акрамя таго, у ЛДПР заявілі, што лічаць “практычным доказам” слушнасьці іх пазіцыі па Ўкраіне дакументы бацькі Жырыноўскага, надрукаваныя ў даваеннай Ровенскай вобласьці на… польскай мове [пра пакт Пілсудскі-Ленін 1920-21 гг. жырыкам нібы невядома… – Рэд.] (http://www.bbc.co.uk/russian/international/2014/03/140324_zhirinovsky_poland_ukraine.shtml).

Зьвяртаем увагу нашых чытачоў, што ні расейская Дума, ні адміністрацыя Пуціна не асудзілі Вольфавіча за гэтую суперскандальную акцыю на міжнароднай арэне, якая яшчэ больш дыскрэдытуе Расею перад усёй міжнароднай супольнасьцю. Нават фармальна не адмежаваліся ад яе. Пра што гэта сьведчыць? Толькі пра адно: падобныя дзеяньні зьяўляюцца палітычнай правакацыяй, арганізаванай самім палітычным кіраўніцтвам Расеі на чале з Пуціным. Проста яе выкананьне было даручана Жырыноўскаму

Акрамя таго, мы практычна не сумняемся, што гэтая расейская акцыя была ўзгоднена з глабалісцкай сіянакратыяй…

2.

Спакуса палякаў 5Літаральна на днях вядомы саўдзельнік Пуціна па “смаленскай справе”, пра якую мы ўзгадвалі запар некалькі папярэдніх дзён, міністар замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі (гл. фота зьлева) даў інтэрвю амерыканскаму тэлеканалу CNN. У ім не было сказана ні слова пра прапанову Жырыноўскага. Але кантэкст гэтага інтэрвю, як і тое, што яно адбылося ў гэты час,  напэўна зьвязаны ў тым ліку і з гэтай расейскай правакацыяй.

У сваім інтэрвю Сікорскі сярод іншага заявіў (падаем па сайту http://natemat.pl/97883,radoslaw-sikorski-o-ukrainie-rosja-finansuje-tam-dzialania-dywersyjne-to-nie-do-przyjecia), што Расея ва Ўкраіне “фінансуе дыверсійную дзейнасьць… пад прэтэкстам этнічных праблем, якіх не існуе” (словы, якія сказаў міністар для CNN, гэта яго адказ на тое, што робіцца ў апошнія дні ў Харкаве, Донецку, Луганску – а там прарасейскія сілы сепаратыстаў займаюць адміністрацыйныя будынкі; у Данецку было нават аб’яўлена пра стварэньне “Данецкай народнай рэспублікі”, якая мусіла б стаць часткай Расеі). “Уяўныя праблемы Расеі ва Ўкраіне, якімі Пуцін тлумачыць свае дзеяньні, не існуюць”, – сказаў ён.  “У Крыме, як і ва Ўсходняй Ўкраіне ўсе размаўляюць па-руску, але як дасёньня ні для каго не было [з-за гэтага] праблемаў”, – патлумачыў Сікорскі сітуацыю нават зь ліберальных пазіцый.

Міністр таксама адзначыў, што расейская “падрыўная дзейнасьць” зьяўляецца непрымальнай, і нагадаў, што якраз палякі ўжо добра ведаюць расейскія песьні. – “Гэта як глядзець оперу, лібрэта якой выдатна ведаеш. Гэта абсалютна непрымальна, таму што ў Еўропе няма ні адной краіны, на тэрыторыі якой не жылі б нацыянальныя меншасьці. Калі мы пачнем мяняць мяжы пад падставай іх абароны, вернемся ў пекла ХХ стагоддзя. Вось чаму ўсе адчуваюць такую пагрозу для сябе з-за таго, што робіць апошнім часам прэзідэнт Пуцін”, – патлумачыў Сікорскі.

Акрамя таго, міністр узьняў сапраўдны перапалох сваім запісам на Twitter, у якім заявіў, што “Расея не вяртае Польшчы абломкі Ту-154, і Украіне Крым, і што мы павінны прывыкнуць да гэтага…”.

(канец цытаваньня інфармацыі сайту http://natemat.pl/).

Калі перакласьці ўсе кантэксты гэтага інтэрвю на простую зьмястоўную мову, атрымаецца наступнае:

– міністар замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі ў пытаньні стаўленьня да канфлікту паміж “Расеяй і Ўкраінай” у цэлым застаецца на агульнаеўрапейскай пазіцыі – г.зн. лічыць “Расею” агрэсарам, які разбурае міжнародныя нормы і пагражае спакою ХХІ стагоддзя магчымым паўтарэньнем падзей стагоддзя ХХ-га;

– акрамя таго, ён намякае Пуціну, што ва ўмовах выбару будзе вымушаны нават ахвяраваць дамоўленасьцямі паміж ім і Пуціным, якія датычылі забойства Качыньскага, на карысьць агульнаеўрапейскіх дамоўленасьцяў…

Карацей, у дадзеным выпадку мы бачым чалавека, які ўжо хоча сысьці з крывой дарожкі (убачыў, да чаго яна можа яго прывесьці) й перайсьці на больш прыстойны, уцямны шлях…

3.   

Але ў Польшчы так думаюць далёка ня ўсе. Ёсьць людзі з альтэрнатыўнай пазіцыяй.

Падаем ніжэй сумесную заяву трох польскіх арганізацыій – Польскай нацыянальнай супольнасьці, Польскага славянскага камітэту, Таварыства польска-расейскага сяброўства – якая падпісана яе кіраўнікамі: Барбарай Крыгер, Тадэвушам Сікорскім і Балеславам Тэйкоўскім (узята адсюль: http://nashaplaneta.su/blog/polskie_obshhestvenniki_podderzhivaem_rossiju_radi_blaga_vsego_mira/2014-04-07-23249; асаблівасьці арфаграфіі захаваныя).

“Віншуем Рускі народ і ўсе Народы Расейскай Федэрацыі, віншуем прэзідэнта Уладзіміра Пуціна зь пераможным вяртаньнем Крыма Маці-Радзіме, Расеі. Мы рады гэтай вялікай падзеі разам з вамі, дарагія расейскія сябры!

Узьяднаньне Крыма з Расеяй у атмасьферы міру і братэрства – гэта законны акт гістарычнай справядлівасьці, які выказвае волю яго жыхароў.

Крым разам з паўночным узьбярэжжам Чорнага мора, першапачаткова званым Рускім морам, зьяўляўся славянскім, рускім, расейскім [бачныя этапы падмены тэзіса. – Рэд.], але ўзброеным шляхам быў адабраны ў Русі-Расеі ворагамі славянства і хрысьціянства. А ў 1954 годзе ў рамках Саюзу Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік ён незаконна быў адарваны ад Расеі і далучаны да Ўкраіны. Пасьля распаду СССР у 1991 годзе Ўкраіна была адарваная ад Расеі [так інтэрпрэтуецца тое, што Расея страціла сваю калонію – Украіну. – Рэд.], нягледзячы на рашэньне рэферэндуму аб захаваньні саюзу Расеі ды Ўкраіны, а таксама іншых, перш за ўсё славянскіх, савецкіх рэспублік.

Такім здрадлівым шляхам быў ажыцьцёўлены адвечны план Нямеччыны, масонства і ЗША аслабленьня Расеі праз адрыў ад яе брацкай Украіны, якая мае вялікае геастратэгічнае значэньне.

Адрыў Украіны і проціпастаўленьне яе Расеі – гэта пагрозьлівы для рускіх і ўкраінцаў падзел і нацкоўваньне двух бліжэйшых краін, якія складалі ў мінулым адзіную Кіеўскую Русь [а вось і міфатворчасьць у ход пайшла… – Рэд.]. Гэтая нявыгадная сітуацыя зьяўляецца вынікам праводзімай ЗША, Ізраілем і Еўрапейскім Зьвязам, а асабліва Нямеччынай і залежнай ад яе Польшчай дыверсійнай і прапагандысцкай дзейнасьці з апорай на заходнеўкраінскіх нацыстаў, у тым ліку з партыі Свабода. Захаду не перашкодзіла тое, што яны зьяўляюцца пасьлядоўнікамі былых пранямецкіх нацысцкіх груповак, Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў, Украінскай паўстанцкай арміі, дывізіі СС «Галічына», якія па-зьверску забілі падчас вайны сотні тысяч палякаў, рускіх, украінцаў, армян і габрэяў.

Адарваная ад Расеі Ўкраіна стала фармальна суверэннай, а ў сапраўднасьці залежнай ад Захаду і проціпастаўленай Расеі. За гэтым уяўным суверэнітэтам павінна было рушыць усьлед уцягваньне Ўкраіны ў Еўразьвяз і НАТА, захоп Захадам яе багатага нацыянальнага здабытку, разьмяшчэньне на яе тэрыторыі вайсковых баз НАТА, накіраваных супраць Расеі, аддзяленьне ад Украіны Крыму з мэтай разьмяшчэньня там вайсковай базы ЗША, пакліканай выціснуць Расею з Чорнага і Міжземнага мораў.

Для рэалізацыі гэтай мэты, якая павінна была прывесьці да заняпаду Расеі, празаходнія і антырасейскія групоўкі ва Ўкраіне атрымалі ў 1991-2013 гг. каля 5 мільярдаў даляраў ад ЗША і мільярд еўра ад Еўразьвязу, а асабліва ад Нямеччыны і ад Польшчы, якая ўсё больш залазіць у даўгі. Гэтыя грошы, крывадушна названыя Захадам Фондам разьвіцьця дэмакратыі ва Ўкраіне, палегчылі пераход украінскай эканомікі да заходніх капіталістаў і празаходніх украінскіх алігархаў. За гэтыя грошы заходнія агентуры захапілі ўкраінскія СМІ, якія прапагандуюць празаходнія і антырасейскія настроі, утрымлівалі празаходнія і антырасейскія партыі, а таксама ўзброеныя групоўкі баевікоў на чале з нацысцкай партыяй Свабода, навучалі для Ўкраіны, у тым ліку на тэрыторыі Польшчы, сотні дыверсантаў ды баевікоў і праводзілі ў Кіеве дарагія маніфестацыі, прызначаныя палегчыць пераход улады да агентаў Захаду і ўцягваньне Украіны ў Еўразьвяз і НАТА.

Нягледзячы на больш чым 20-гадовыя фінансавыя, прапагандысцкія і дыверсійныя дзеяньні Захаду, законная, дэмакратычна абраная ўлада Ўкраіны ў лістападзе 2013 году адпрэчыла інтэграцыю зь Еўрапейскім Зьвязам, выбраўшы саюз з Расеяй.

У адказ на гэты дэмакратычны і справядлівы выбар украінскай улады, які быў падтрыманы большасьцю украінцаў, Захад, абапіраючыся на новыя фонды і дадатковых дыверсантаў зь Ізраіля, ЗША, Нямеччыны ды Польшчы, справакаваў ў Кіеве і некаторых гарадах Заходняй Украіны крывавыя дэманстрацыі, шчодра аплачваючы іх удзельнікаў, а асабліва снайпераў, якія стралялі адначасна і ў дэманстрантаў, і ў сілы правапарадку. Гэтыя дэманстрацыі заканамерна перарадзіліся ў крывавую барацьбу, якая паглынула мноства ахвяр, а таксама прывяла да незаконнага ўзброенага зьвяржэньня легітымнай улады і ўсталяваньня ў канцы лютага 2014 г. нелегітымнай агентурнай улады. Яе ўтварылі аб’яднаныя нянавісьцю да Расеі й адданыя Захаду сіяністы і нацысты з тэрарыстычнай партыі Свабода [у цяперашняй расейскай прапагандзе гэты союз апісваецца значна больш сакавіта, а менавіта так: «жыда-бандэраўцы, якія аб’явілі джыхад Россссіііі!»; ну, поўная шыза… – Рэд.], якія патрабуюць адарваць ад Польшчы больш за дзесяць паветаў і далучыць іх да Ўкраіны.

Гэтая ўстаноўленая Захадам узброеным шляхам нелегітымная ўлада ў Кіеве вярнулася да плана ўваходжаньня Украіны ў Еўрапейскі Зьвяз і НАТА, а таксама перадачы Крыма пад амерыканскую вайсковую базу. Улада пачала рэпрэсіі супраць праціўнікаў інтэграцыі з Захадам, а таксама рускіх і ўкраінцаў, якія імкнуцца да саюзу з Расеяй, выдала забарону на выкарыстаньне рускай мовы ва Ўкраіне [а адкуль гэта ім прысьнілася?! – Рэд.].

У гэтай небясьпечнай сітуацыі жыхарам Крыма, у большасьці сваёй рускім, не заставалася нічога іншага, як вярнуцца да Маці-Расеі [а гэта што за зьвер такі? – Рэд.]. Расеі ж не заставалася нічога іншага, як абараняць сваіх суайчыннікаў ды іншых жыхароў Крыма ад ўварваньня бандэраўскіх нацыстаў пад сьцягам АУН-УПА ды іх заступнікаў з ЗША і Еўрапейскага Зьвязу.

Узьяднаньня з Расеяй патрабуюць таксама рускія і ўкраінцы з Усходняй, Паўднёвай і Цэнтральнай Украіны [ужо і Цэнтральнай?! – Рэд.]. Яны выказваюць гэта на прарасейскіх і антызаходніх антыбандэраўскіх маніфестацыях, якія атрымалі назву Рускай Вясны. На гэтых маніфэстацыях падкрэсьліваецца руская ідэнтычнасьць як рускіх, так і ўкраінцаў; Украіна, Беларусь і Расея называюцца адзіным Рускім сьветам [яшчэ б…; старая расейска-імперская прапагандысцкая штучка.  – Рэд.], якія імкнуцца да аб’яднаньня. Аб’яднаньне гэта раз і назаўсёды зрабіла б марным разбуральны націск Захаду на Усход.

Вяртаньне Крыма Расеі зьяўляецца гістарычным актам стрымліваньня небясьпечнага для сьвету Drang nach Osten – націску на Ўсход Еўразьвязу і НАТА. У цяперашні час гэтая грозная экспансія Захаду накіраваная на Ўкраіну. Але Еўрапейскі Зьвяз і НАТА – гэта структуры, створаныя для аб’яднаньня пад правадырствам ЗША большай часткі Еўропы супраць Расеі. НАТА, створанае ЗША для барацьбы з Расеяй, ахапіла, насуперак міжнародным дамоўленасьцям, Усходнюю і Цэнтральную Еўропу. Гэта зусім не вайсковы абарончы пакт, а агрэсіўны саюз, які мае ў сваім ганебным багажы напад на Ірак, Югаславію, Афганістан і Лівію, падтрымку нападу Грузіі на Паўднёвую Асецію [а гэта што за трызьненьне? няўжо сапраўды НАТА дапамагала Расеі напасьці на Грузію? – Рэд.] і не ажыцьцёўлены дзякуючы Расеі напад на Сірыю – і ўсё гэта ў імя панаваньня над Сьветам.

Адзіным пасьпяховым спосабам стрымаць і адсунуць пагрозьлівую вайной экспансію Еўрапейскага Зьвязу і НАТА на Ўсход зьяўляецца ўзьяднаньне Ўкраіны з Расеяй. І гэтага мы, палякі, сардэчна жадаем нашым славянскім братам – ўкраінцам і рускім. Гэта стала б лепшай гарантыяй міру, якая не дазволіла б глабалісцкім сілам Захаду разьвязаць вайну.

Наша падтрымка Расеі й яе прэзідэнта Ўладзіміра Пуціна прадыктаваныя дабром Польшчы і Расеі, славянства, Еўропы і Сьвету. Бо Расея абараняе натуральныя Боскія і людскія каштоўнасьці, абараняе сьвет, выступае за шматпалярны сьветапарадак у процівагу аднапалярнаму глабалісцкаму панаваньню, адстойвае нацыянальную ідэю захаваньня Народаў і нацыянальных Дзяржаў [ну, гэта ўжо поўнае трызьненьне… – Рэд.], якія маюць уласны нацыянальны здабытак, абараняе шлюб, які разумеецца толькі як саюз жанчыны і мужчыны для нараджэньня і выхаваньня дзяцей, якіх берагуць ад моманту зачынаньня [і гэта ў Расеі, дзе мільёны бяздомных дзяцей, дзе рускія выміраюць па мільёну ў год?! – Рэд.].

Супраць усяго гэтага выступаюць ЗША і Еўразьвяз, якія разбураюць маральны і матэрыяльны лад, якія рыхтуюць заняпад нацыянальных дзяржаў [а гэта, на жаль, так. – Рэд.], якія выкарыстоўваюцца для барацьбы з Расеяй. Лепшым прыкладам таму зьяўляецца пазбаўленая духоўных і матэрыяльных дабротаў Польшча, якая вымушана адпраўляць за мяжу мільёны палякаў, кінутая супраць Расеі да сваёй пагібелі.

Выратаваньнем для Польшчы ды іншых дзяржаў Еўропы зьяўляецца вызваленьне ад Еўразьвязу і НАТА, а таксама аб’яднаньне вакол Расеі, якая абараняе агульналюдскія і нацыянальныя каштоўнасьці [крывадушша заяўнікаў проста зашкальвае. – Рэд.]. Гэта дае гарантыю міру і бясьпекі, захаваньня самабытнасьці ўласнага Народу, суверэнітэту ўласнай Дзяржавы, абароны ўласнага нацыянальнага здабытку, умацаваньня шлюбу і сям’і, забесьпячэньня работы ва ўласнай краіне, разьвіцьця, якое прыносіць справядлівы і ўсеагульны дабрабыт.

Саюз з Расеяй і ўсёй Славянскай Супольнасьцю забясьпечыць Народам і Дзяржавам Еўропы лепшыя ўмовы цывілізацыйнага прагрэсу для дабра цяперашніх і будучых пакаленьняў”.

(канец цытаваньня заявы)

Вось такія пірагі. Прабачце, палякі…

У заключэньні зьвяртаем увагу, што большасьць украінцаў усё яшчэ разьліваюць на дапамогу “брацкай Польшчы”, якая “шмат пакутавала ад расейскай імперыі”.

Мы ж баімся, што гэтая даверлівасьць (калі не сказаць – наіўнасьць) можа ў будчыні дорага каштаваць украінскаму народу.

Таму, абапіраючыся на наш беларускі досьвед, заклікаем украінцаў быць гатовым адбіць “польскі нож”, які раптам можа нацэліцца ў іх сьпіну. Бо спакуса – гэта такое пачуцьцё, якое ня менш моцнае за страх…

Усяго лепшага, сябры.

 

P.S.

Дарэчы, адна з падпісантак апошняга тэксту Барбара Крыгер, верагодна, зьяўляецца ўсё той жа Барбарай Крыгер-Буцкай, якая шмат гадоў таму ў выглядзе польскай нацыяналісткі-інтэлектуалкі давала вось гэтае інтэрвю г.зв. “рускім арыйцам” – https://nashaziamlia.org/2007/01/24/521/. Калі гэта так, цікавыя высновы напрошваюцца і пра яе тую, і пра яе цяперашнюю, і пра сайт www.ari.ru

P.P.S.

“Нельга давяраць будучы лёс Літвы гэтай дурной кумцы Варшаве”Кастусь Каліноўскі.

(цытата ўзята з: Яўген Гучок, “Ліцвінскі (беларускі) след у падзеях 1863-64 гадоў і ня толькі”; Наша слова, № 14 (1165) за 2 красавіка 2014 г.)

 

 

7 каментарыяў

  1. Высоцкі Сяргей кажа:

    Тут усё ж відавочна абсалютная маргінальнасьць нейкіх “славянскіх ” камітэтаў…
    Гэта не “Трызуб” ды УНСО, з якіх вырас “Правы сектар”…
    Гэта – поўны адстой, які ніколі не прыйдзе да ўлады…
    Я б зьвярнуў увагу на іншае- поўны правал беларускай палітыкі ў польскага боку…Каго яны падтрымалі – БНФ, МІЛІНКЕВІЧА, НЯКЛЯЕВА, “МАЛАДЫ ФРОНТ”, КХП…Але якія вынікі дэмакратыі ў Беларусі?..Чаго дасягнулі ўлюблёнцы Польшчы?..
    Ну акром набіваньня кішэняў ды стаяньня пад крыжамі міфічных польскіх афіцэраў,растраляных у Курапатах…
    Мажліва ў культурніцкай сьферы -і сапраўды на нейкія беларускія праекты быў вынік, але ў палітычнай сьферы- поўны аблом!..
    Цяпер каму Польшча найбольш спрыяе ў Беларусі ?..Хіба беларусам з Майдану?..Не…Вось на “Беларускі дом”, Зарэмбюку, Сіўчыку…Палякі хранічна не могуць вылезьці з панталонаў падвоеных стандартаў…Яны ўзялі на сябе ролю “ЗАСТУПНІКАЎ ДЭМАКРАТЫІ НА ЎСХОДЗЕ”…А насамрэч выходзіць падтрымка злодзеяў, людзей з цьмянай біяграфіяй, карупцынераў ды іншую ні на што няздатную публіку…
    ЯНЫ ПАДТРЫМОЎВАЮЦЬ КАГО ЗАЎГОДНА-ПАГЛЯДЗІШ НА НЕКАТОРЫХ ПАЧВАРАЎ З “БЕЛСАТУ” – І ЗЬНІЯКАВЕЕШ, АБЫ НЕ БЕЛАРУСКІХ ДЭМАКРАТАЎ І ПАТРЫЁТАЎ…НАВАТ У ТАКІ ЗВЫШКРЫТЫЧНЫ ЧАС ДЛЯ БУДУЧЫНІ НАШЫХ КРАІНАЎ- ПАЛЯКІ ТАК І НЕ ДАСЬПЕЛІ ДА САЛІДАРНАСЬЦІ НАЦЫЙ…З УКРАІНАЙ ЯНЫ ДЗЕЙНІЧАЮЦЬ БОЛЬШ АДЭКВАТНА, І САПРАЎДЫ ДАПАМАГАЮЦЬ…Украінцы ня могуць зразумець,” ЧАМУ ДА БЕЛАРУСАЎ ЗУСІМ ІНШЫЯ ПАДЫХОДЫ…” Некаторыя польскія палітыкі мяне імкнуцца зьняважыць, ільюць бруд за АБ’ЕКТЫЎНУЮ І ЎЗВАЖНУЮ КРЫТЫКУ БЯЗДАРНАЙ БЕЛАРУСКАЙ ПАЛІТЫКІ ПОЛЬШЧЫ…Але ці патрэбна злавацца на люстэрка?!. Вось дазнаўся,што адзін польскі ўрадавец назваў мяне “мразьзю”, “адзіным недагавораздатным беларускім лідэрам”…АЛЕ ЧАМУ ПАМКНЕНЬНЕ ДА ПРЫНЦЫПОВАГА ДЫЯЛОГУ ТОЛЬКІ НА РОЎНЫХ, З ПАВАГАЙ ДА ІНТАРЭСАЎ БЕЛАРУСКАЙ НАЦЫІ – ВЫКЛІКАЕ ТАКУЮ РЭАКЦЫЮ…Таму ў нас, беларускіх патрыётаў і ўзьнікаюць падазрэньні ў няшчырасьці польскага боку…Такая дапамога выходзіць – каб насамрэч не дапамагчы беларусам…
    КАБ ГЭТА БЫЛІ ТОЛЬКІ СЛОВЫ ВЫСОЦКАГА, АСТРОЎСКАГА, МАЗЫНСКАГА, АКАЛОВІЧА,ФЁДАРАВА, БУКІ – БЫЛО Б ПАЎБЯДЫ, АЛЕ ДЗЯСЯТКІ ПРАДСТАЎНІКОЎ НАЦЫЯНАЛЬНАЙ ЭЛІТЫ ЗЬВЯТРАЮЦЬ УВАГУ НА ГЭТУЮ СІТУАЦЫЮ- ТО БОК ГЭТА АБ’ЕКТЫЎНАЯ, ПРАЎДЗІВАЯ СІТУАЦЫЯ СІТУАЦЫЯ…

    АЛЕ Ў ТАКІ ЧАС – КАЛІ ФАКТЫЧНА ЎЗЬНІК ЖАХЛІВЫ ВЫКЛІК БУДУЧЫНІ ЎСІХ НАРОДАЎ РЭГІЁНУ, АТАКУЕМЫХ МАСКОЎСКІМ ІМПЕРЫЯЛІЗМАМ, МЫ ІЗНОЎ КАЖАМ ПАЛЯКАМ:” ПАКУЛЬ НЯ ПОЗНА – ТРЭБА ПАЧАЦЬ ДЫЯЛОГ, І НІ СА СЬМЕЦЬЦЕМ ЗБАНКРУТОВАЙНАЙ АФІЦЫЙНАЙ АПАЗІЦЫІ – А З БЕЛАРУСКІМІ ПАТРЫЁТАМІ, А ТО ІЗНОЎ ПОЙДУЦЬ РАСЕЙСКІЯ ТАНКІ ПА ВАРШАВЕ…Калі руйнавалі нас- неўзабаве тапталі і палякаў…Пакуль ня позна…”

    • Рэдакцыя кажа:

      1.
      С. Высоцкі: “Чаго дасягнулі ўлюбёнцы Польшчы? Акром набіваньня кішэняў ды стаяньня пад крыжамі міфічных польскіх афіцэраў, растраляных у Курапатах. У палітычнай сьферы – поўны аблом!”.
      Сёньня грамадазнаўства, паліталогія так разьвіты, што варта разважаць наадварот: дасягнута тое, што польскія палітыкі й жадалі дасягнуць што да беларускай апазіцыі й сітуацыі ў Беларусі – поўнай бездапаможнасьці, безвыніковасьці й безвыходнасьці… Тое, як выглядае “беларуская апазіцыя” на фоне сёньняшніх патрабаваньняў часу І БЫЛО ПОЛЬСКАЙ МЭТАЙ у дачыненьні да Беларусі…
      Гэтую сітуацыю абавязкова выкарыстае імперская Расея. Але будзем заўсёды памятаць: за ўсе далейшыя гістарычныя наступствы сёньняшняй сітуацыі ў Беларусі вялікая доля віны будзе ляжаць і на польскіх памочнічках…
      “Такая дапамога выходзіць, каб насамрэч не дапамагчы беларусам…” – гэтая ваша ацэнка цалкам адпавядае і нашым назіраньням.

      2.
      Сп. Сяржук, зыходзячы з вышэй адзначанага тое, што польскія ўрадоўцы-імперыялісты называюць Вас “адзіным недагавораздатным беларускім лідэрам” і нават “мразьзю”, насіце, як Ордэн вышэйшай ступені за заслугі перад уласнай беларускай Бацькаўшчынай!
      Што б там далей ні было, мы, Вы, ногія іншыя названыя Вамі людзі будуць чыстымі перад нашым народам, якія б далей гістарычныя выпрабаваньні ні выпалі на наш лёс.
      і гэта, паверце, вельмі каштоўная рэч…

      3.
      На конт маргінальнасьці сілаў, якія адкрыта падтрымалі расейскую імперыю ў яе нападзе на Ўкраіну. Гэта пакуль сітуацыя выглядае так. А яна можа і зьмяніцца.
      Аргумент: “Карту паляка” наўпрост скіраваную супраць Беларусі – чужой для палякаў дзяржавы – падтрымалі дзьве самыя вялікія польскія партыі – й ПіСаўцы, і польскія лібералы… Гэтая “карта” дзейнічае вось ужо 6 гадоў! А, між тым, гэта такая ж па сваёй сутрасьці агрэсія Польшчы супраць Беларусі, як цяперашні напад Расеі на Ўкраіну. Адрозьніваюцца толькі тэхналогіі…

  2. Siarhiej кажа:

    “Падаем ніжэй сумесную заяву трох польскіх арганізацыій — Польскай нацыянальнай супольнасьці, Польскага славянскага камітэту, Таварыства польска-расейскага сяброўства — якая падпісана яе кіраўнікамі: Барбарай Крыгер, Тадэвушам Сікорскім і Балеславам Тэйкоўскім”

    Я не чакаў, што ў Польшчы існуюць такія ідыёты! Можна сябраваць з расейскім народам, але сябраваць з Пуціным і КГБ – гэта занадта.

  3. Licvin кажа:

    У чым праблема кантынента–цывілізацыі ”Савецкі Саюз”, а цяпер ”Расійская федэрацыя” пасля заканчэння другой сусветнай вайны, і асабліва апошніх 30 гадоў? У тым што гэтая цывілізацыя была моцна засмечана Імперскім сіндромам.У выніку ўся ідыялогія будавалася як імперская, адсюль вытокі эканамічнай неэфектыўнасьці.
    Рускія таксама пайшлі былі амерыканскім шляхам, стварылі савецкую дзяржаву, савецкі народ. Адна дробнасьць перашкодзіла, слова ‘’савецкі’’ – гэта прыметнік, а трэба было слова–назоўнік для назвы новай цывілізацыі. Напрыклад, ”камунар…!”
    Кебіч у сваёй кніжцы ”Спакуса Уладай” прыводзіць словы летувіскіх палітыкаў якія скардзіліся яму, што Летува мела большы суверынітэт у СССР, чым зараз мае ў Еўразьвязе. І гэта цалкам зразумела, бо гэтыя маленькія дзяржавы Летува, Латвія, Эстонія, Славакія, Чэхія, Славенія. Балгарыіі і прочыя будуць паступова перавараны Еўразвязам і стануць цалкам залежнымі і несамастойнымі фінансава, эканамічна, а потым і ідыялагічна, культурна і моўна.
    Таму сёння Расія імкнецца захаваць рэшты сваёй тэрыторыі–цэвілізацыі, бо інакш яе расцягнуць ( і нас таксама). Але праблема ў тым, што не толькі ідыялогія не вызначана, бо ”рускі імперскі нацыяналізм” стварае мноства ворагаў у самой краіне, але яшчэ і ў тым што алігархат не зацікаўлены ў умацаванні і росквіце краіны. Лужкоў з’ехаў жыць на Захад і гэтым засведчыў, што алігархі жывуць у Расеі часова.
    Уперадзі нас чакае разбурэнне Украіны на дробныя анклавы, якія будуць цалкам залежыць ад Захада ці Усхода. Потым, паколькі прэцэндэнт створаны, надыйдзе час раздрабненне і самой Расіі. Ад нас Польша хоча і марыць ўрваць ”Всходні Крэсы”.
    Я хацеў бы жыць у такім аб’яднанні краін, дзе захавалася б краіна Беларусь, з сваёй беларускай мовай, гісторыяй, якая квітнела сваёй ўласнай гісторыяй, культурай, эканамічна, і моладзь заставалася жыць на Бацькаўшчыне і не рвалася за халявай у чужыя краіны і палесціны.
    Да рэдакцыі: каментары рэзка упалі. Ці не чытаюць сайт ці не цікава?

    • Рэдакцыя кажа:

      Licvin: “Каментары рэзка упалі. Ці не чытаюць сайт ці не цікава”.

      Наш сайт ідэалагічны, а не прапагандысцкі. Зацікаўліваць чытача ня наша мэта. Прынамсі не галоўная.
      Наша мэта,нагадваем – знаходжаньня аптымальнага шляху разьвіцьця людскай цывілізацыі. На якіх прынцыпах яна павінна быць арганізавана, каб забясьпечыць сваё неабмежаванае існаваньне ў часе і каб забясьпечыць гуманістычны прагрэс.
      Дарэчы, тое, пра што вы напісалі ў апошнім абзацы, што вы хацелі б, каб было ў Беларусі, ёсьць часткай гуманістычнага прагрэсу, пра які якраз мы і кажам.

  4. Siarhiej кажа:

    Licvin: “алігархі жывуць у Расеі часова.”

    Слушна! Тое ж можна сказаць і пра нашых “прыкарытнікаў”. Нават калі на “захад” іх не пусьцяць, дык застаецца Кітай, Бразілія, … Гэта адзін з фактараў, што робіць безперспектыўнай дыктатуры і таталітарныя рэжымы. Нашчадкі Сталіна, Хрушчова, … з’ехалі.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы