nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Крызіс абвастраецца, значыць, разьвязка набліжаецца (частка 1)

18 кастрычніка, 2020 | 19 каментарыяў

Рэдакцыя.

Беларускі народ моцна зьдзівіў многіх сваімі рашучымі і ўпартымі пратэстнымі дзеяньнямі, якія ён, дзякуючы сучасным СМІ, дэманструе на ўвесь сьвет вось ужо больш за два месяцы (https://www.youtube.com/watch?v=4emeGGBZe_Q). Ужо гэта настолькі ўзьняла нашу нацыянальную годнасьць і міжнародную рэпутацыю, што агульным месцам для шэрагу палітолагаў стала меркаваньне пра “нараджэньне новай беларускай нацыі”. Яны, вядома, забылі пра аналагічныя “нараджэньні” ў 1918-20 гг., у 1990-91 гг. (гл. фоты вышэй), але, бог зь імі… У ходзе даных падзей асаблівае значэньне набывае тое, што адбылося ў апошні тыдзень. Гэтыя зусім нядаўнія падзеі па сваім значэньні істотна перавысілі асярэднены паказчык грамадска-палітычнай значнасьці таго, што адбывалася два папярэднія месяцы. Масаваць вулічных акцый з часам паступова зьмяншалася (мелі ўплыў іх працяглы час, рэпрэсіі з боку лукашыстаў, але ня толькі), і тут раптам адбыўся выбух якасна новых і значных падзей… Іх варта абмеркаваць, каб вызначыцца што да будучыні.

Але перад гэтым трэба падвесьці пэўную рысу пад тым, на што мы ўжо зьвярталі ўвагу і што абмяркоўвалі – праверыць на адэкватнасьць нашу ранейшую пазіцыю.

 

1.

АСАБЛІВАСЬЦІ ГРАМАДСКА-ПАЛІТЫЧНАЙ СІТУАЦЫІ Ў БЕЛАРУСІ  ПАСЬЛЯ ПЕРШЫХ ДВУХ МЕСЯЦАЎ ВУЛІЧНАГА СУПРАЦЬСТАЯНЬНЯ

 

Першая група асаблівасьцяў, якія варта паўторна прааналізаваць – гэта канкрэтныя патрабаваньні вулічных пратэстоўцаў.

Галоўныя – тры.

Мы ўсёй рэдакцыяй адразу далучыліся да патрабаваньняў вызваленьня палітычных вязьняў (1-е патрабаваньне), пакараньня вінаватых у зьбіцьці й катаваньнях людзей (2-е), правядзеньня новых сапраўдных выбараў (3-е). Мы пацьвярджалі іх і далей, як і рэгулярна пацьвярджаюць на вуліцах удзельнікі сёньняшняй ПРАТЭСТНАЙ РЭВАЛЮЦЫІ.

Першыя два з названых патрабаваньняў маюць найперш маральны і юрыдычны акцэнты, трэцяе ж – найбольш важнае з грамадска-палітычных пазіцый.

Яшчэ 14 жніўня г.г. (гл. https://nashaziamlia.org/2020/08/14/9937/) мы разьвілі гэтае патрабаваньне да  наступных умоў:

– выбары павінны быць такімі, каб канкуравалі паміж сабой ПРАЕКТЫ БУДУЧЫНІ БЕЛАРУСІ (і за імі адказныя за іх людзі), і беларусы спакойна, сьвядома, рацыянальна разьбіраючыся ў тым, што ім прапануюць, маглі абіраць лепшы на іх погляд праект;

– выбары не павінны быць канкурэнцыяй ні грошай, ні эмацыйных PR-тэхналогій;

– выбары павінны адбыцца без уплыву Крамля.    

На жаль, дасёньня толькі мы абумоўліваем будучыя выбары данымі ўмовамі. І гэта ёсьць істотнае адрозьненьне нашай пазіцыі ад таго, на што зьвяртаюць увагу іншыя.

 

Другое – яшчэ два больш рэдкія вулічныя патрабаваньні.

“Адстаўка Лу-кі”.

Нягледзячы на першапачатковую прывабнасьць данага патрабаваньня, праблема ў тым, што яно пярэчыць аднаму з найлепшых шляхоў вырашэньня сёньняшняй крызіснай сітуацыі ў Беларусі – праз “Круглы стол” (https://nashaziamlia.org/2020/08/29/9959/; па аналогіі са спосабам вырашэньня абсалютна аналагічнай сітуацыі ў Польшчы 40 гадоў таму). Паколькі даны спосаб вырашэньня ўсё яшчэ застаецца патэнцыйна магчымым, мы супраць публічнага выкарыстаньня данага слогана.

“Сьвету ў прэзідэнты”.

Сьвятлана Ціханоўская на момант пачатку выбарчай кампаніі – звычайная хатняя гаспадыня, якая палітыкай асабліва не цікавілася. У час кампаніі рэгулярна аб’яўляла, што яе мэта – вызваліць мужа і забясьпечыць, калі атрымаецца, правядзеньне “нармальных выбараў” праз паўгады пасьля свайго абраньня.  Яшчэ яна заяўляла, што ніякай праграмы ў яе няма і ня будзе (то бок, перад і у час кампаніі ў выглядзе Сьвятланы Ціханоўскай мы мелі тыповую сітуацыю “ката ў мяшку” – https://nashaziamlia.org/2020/08/03/9911/). Што гэта за палітыка такая?!..

Пасьля кампаніі Ціханоўская аб’яўляе сябе пераможцай у выбарах (?!), хаця ніхто ня ведае ня толькі хто з кандыдатаў на прэзідэнцкую пасаду колькі адсоткаў набраў у гэтых ярмошынскіх “псеўдавыбарах 2020”, а і нават хто напраўду перамог. Надзейна вядома толькі, што Лу-ка аб’яўленыя 80%… не набраў. А вось ці набраў ён 50% ці хаця б 30% – невядома. Тое ж датычыць і Ціханоўскай.

Больш за тое, галасаваньне за Ціханоўскую было яўна пратэстным – то бок, яно было ня столькі за яе, колькі ва ўмовах істотна абмежаванага выбару (сярод кандыдатаў не было ня толькі ні аднаго сапраўднага беларускага патрыёта, нават ні аднаго кандыдата-лібераста не было) несла ў сабе наступны зьмест: “я супраць Лу-кі, таму стаўлю птушачку за Ціханоўскую”.

Аб’яўленьне сябе пераможцай у выбарах  – “гэта не Лукашэнка набраў 80%, а  я” – нясе ў сабе чарговыя негатыўныя наступствы , як мінімум, маральныя, для Сьветы.

Вядомы правальныя інтэрвю Ціханоўскай (гл. напрыклад, тут – https://www.youtube.com/watch?v=VQrVnqSAWgU; заўвага: праект “Саня во Фларыдзе”, верагодна, прарасейскі). Таму яе ў сур’ёзных адмыслова не падрыхтаваных інтэрвю мы ня чуем.

Ня славіцца С. Ціханоўская і сваёй нацыянальнай сьвядомасьцю. У яе агітацыйнай улётцы было напісана, што яна валодае рускай, беларскай і англійскай мовамі. Аднак, напрыклад, у інтэрвю Ганьне Соусь (зноў жа, павярхоўным ды ўхілістым), якая задавала пытаньні па-беларуску, Ціханоўская, уся такая прыгожая і зьлёгку томная, адказвала… па-руску (https://www.youtube.com/watch?v=VoEWfSRelbE).

У сувязі з усім адзначаным мы, натуральна, ня лічым Сьвятлану Ціханоўскую прэзідэнтам Беларусі, а падобныя заявы ўспрымаем, як мінімум, недарэчнымі.

Аднак, на дзіва, гэтыя заявы дазваляюць сабе вельмі сур’ёзныя людзі і арганізацыі.

Так, С.Ціханоўскую прызнаў “абраным прэзідэнтам Беларусі”… Сейм Летувы (https://www.kommersant.ru/doc/4485211).

Вось тут – https://www.youtube.com/watch?v=s6CC8VFuf1M – можна паглядзець, як Зарэмбюк з абсалютна небеларускай лісьлівасьцю называе Ціханоўскую “пані прэзідэнт” у прысутнасьці прэм’ер-міністра Польшчы М.Маравецкага.  Ёсьць зьвесткі пра тое, што для Ціханоўскай у Польшчы выдзелены ўжо ня толькі “Беларускі дом”, а і цэлы картэж (https://www.youtube.com/watch?v=em3pS8eioOo).

Называе Ціханоўскую “прэзідэнтам” і ўкраінскі журналіст Іван Якавіна (https://www.youtube.com/watch?v=LpHf_VctBzo – час 6:00).

 

Трэцяе – выбар правільнай пазіцыі ў пытаньні рэакцыі на гвалтоўныя дзеяньні лукашысцкіх сілавікоў.

Раней на нашым сайце былі матэрыялы пра міліцэйскі гвалт (https://nashaziamlia.org/2020/09/15/9971/). Сцэнкі разгону мірных сходаў, у т.л. пенсіянераў, бачны на многіх відэа, адрасы якіх паданы вышэй і ніжэй. Хто жадае пабачыць, што робіцца ў СІЗА, у т.л. на Акрэсьціна, можа паглядзець вось гэта – https://www.youtube.com/watch?v=DYIHL1_PZns.

Рукі беларусаў, вядома, чэшуцца адказаць гвалтам на гвалт. Але пасьля доўгіх развагаў мы прыйшлі да адносна большай слушнасьці меркаваньня, што беларуская пратэстная рэвалюцыя мусіць працягваць насіць пераважна мірны характар:

“… усе нашы акцыі павінны быць мірнымі. Не паддавацца на правакацыі. Увесь сьвет убачыў, наколькі пратэсты беларусаў адрозьніваюцца ад пратэстаў той жа БЛМ у ЗША … Мы пратэстуем, часта голасна, але не паддаемся на ніякія правакацыі, каб была не пабіта аніводная шыба, не перагорнута аніводная сьметніца. Гэта могуць рабіць толькі правакатары. Калі б’юць шыбы, то правакатараў адразу трэба здаваць у міліцыю. Бо яны жадалі б нам прыпісаць гэта, каб у іх была зачэпка прымяніць нейкую сілу (https://nashaziamlia.org/2020/08/29/9959/);

“… усялякія прапановы па замене тактыкі пратэстаў з мірнай (“гандыйскай”) на сілавую (“ленінскую”) зьяўляюцца ў нашых сёньняшніх умовах альбо недастаткова прадуманымі, альбо… правакатыўнымі(https://nashaziamlia.org/2020/09/15/9981/).

Паколькі спрэчкі па пытаньні зьмены тактыкі пратэстоўцаў з “гадыйскай” на “ленінскую” працягваюцца, прапануем нашым чытачам пазнаёміцца з заявамі ды аргументамі розных іншых асоб:

– так тут – https://www.youtube.com/watch?v=HicI_k_369AАркадзь Бабчарка кажа: “трэба ўсьвядоміць, альбо будзе бойка, альбо будзе проігрыш. Іншага ня можа быць” (час – 2:10); “але сёньня з-за Пуціна баявыя дзеяньні ў Беларусі, арганізаваныя апазіцыяй – гэта чыстая правакацыя … Перад беларусамі сёньня стаіць пытаньне ня столькі замяніць Лу-ку на Ціханоўскую ці Бабабрыку, колькі пытаньне вызваленьня з-пад уплыву расейскай імперыі … якое без збройнага змаганьня наўрад можа адбыцца” (5:00-11:00);

– тут – https://www.yout       be.com/watch?v=O_G5fs1N58M  – Гары Паганяйла кажа, што народ  у час гвалту ды тэрору дзяржаўных сілавых структур супраць мірных грамадзян, калі парушана Канстытуцыя, “мае поўнае права на паўстаньне, робячы шкоду ў т.л. і нападнікам; віна пры гэтым будзе на злачыннай уладзе” (час – 26:20);

– а тут – https://www.youtube.com/watch?v=CjoEQkUTd-I  –  Ганна Красуліна кажа наадварот, што “мы баімся эскалацыі гвалту  … трэба дзейнічаць мірна, ня даць уцягнуць сябе ў вайну”, нягледзячы нават на тэрор з боку прадстаўнікаў дзяржаўнай улады (час – 3:40).

– а вось што па гэтым пытаньні думае эканаміст Сяргей Чалы (узята адсюль: https://news.tut.by/economics/704244.html):

Мірны насуперак усім чаканьням характар ​​акцый – галоўны выклік уладам … Ён разбурае наратыў, выбудаваны уладай вакол таго, што адбываецца. Кароткатэрміновы перыяд гвалту і разгонаў яшчэ можна перажыць [уладам. – рэд.], жыць далей і пераконваць сябе шляхам рацыяналізацыі, што так мы захавалі парадак. Але калі гвалт ператвараецца ў чыньнік ​​жыцьця, яго немагчыма выціснуць са свядомасьці. Мы атрымалі сітуацыю халоднай грамадзянскай вайны ва ўмовах двоеўладдзя. Складана знайсьці спосабы апраўданьня таго, што ты працягваеш ўжываць гвалт. Усім відавочна, што супраць сілавікоў – звычайныя людзі. Там няма баевікоў, пра якія распавядаюць на палітінфармацыях, няма праплочаных і арганізаваных. Там звычайныя людзі, жанчыны, пенсіянеры. І ні адна спроба радыкалізаваць пратэст, у тым ліку з удзелам правакатараў, не ўдалася. Таму што народ ўсьведамляе сваю гістарычную і маральную перавагу, сваю праўду. Таму людзі працягваюць выходзіць штотыдзень. А людзям зь іншага боку ўсё складаней верыць у тое, што гэта яны абараняюць дзяржаву і справядлівасьць”.

Такім чынам, па гэтым пытаньні меркаваньні па-ранейшаму застаюцца рознымі, але перавагаюць меркаваньні на карысьць захаваньня мірнага характару пратэстаў.

 

Чацьвётае з прынцыповага.

Для посьпеху любой рэвалюцыі, у т.л. і нашай пратэстнай, патрэбны пазітыўны вобраз пострэвалюцыйнай будучыні ды канкрэтныя планы яе дасягненьня.

На гэты асьпект нядаўна зьвярнулі ўвагу сярод іншых:

– расейскі пісьменьнік Міхаіл Вельлерhttps://www.youtube.com/watch?v=0j5UAUqlNB0;

– ды былы пасол Беларусі ў Славаччыне Ігар Ляшчэняhttps://www.youtube.com/watch?v=15uE2P58M7s

Вельмі добра, што хаця б гэтыя людзі ўзьнялі данае пытаньне, бо гэта вялікая дапамога нам, сябрам рэдакцыі, за што ім вялікая падзяка.

Мы ж зьвяртаем нашу увагу на праблему постлукашэнкаўскай будучыні Беларусі ўсе 15 гадоў працы нашай рэдакцыі (пачынаючы адсюль – https://nashaziamlia.org/2006/04/03/11), а некаторыя нашы сябры і больш за 20 гадоў! Многім нашым чытачам, магчыма, нават надакучыла рэгулярнае ўзгадваньне пра ПРАГРАМНЫ ВОБРАЗ БУДУЧАЙ БЕЛАРУСКАЙ ДЗЯРЖАВЫ, які мы паступова, па меры магчымасьці, разьвіваем. Праўда?

 

Нарэшце апошні, пяты, асьпект, які мы выстаўляем у данай частцы абранай тэмы для праверкі часам на адэкватнасьць – прынцыповае сьхематычнае апісаньне ўсёй ваколвыбарчай сітуацыі. Яно было складзена намі яшчэ да выбараў (https://nashaziamlia.org/2020/08/03/9911) і мела тры пункты:

першае, ніякіх сапраўдных Выбараў у нас няма! Выбары – гэта калі ёсьць з каго выбіраць, калі ёсьць набор кандыдатаў, якія прадстаўляюць увесь дыяпазон меркаваньняў (ці хаця б іх галоўныя варыянты) што да бліжэйшай будучыні дзяржавы. Выбары – гэта, калі ўсім гэтым кандыдатам ёсьць магчымасьць на роўных і ў рацыянальнай форме падаваць свае пазіцыі. Мінімальна магчымае патрабаваньне для сапраўдных выбараў у Беларусі, каб у іх удзельнічаў хаця б адзін кандыдат з сапраўды нацыянальна-патрыятычнай сістэмай каштоўнасьцяў у душы. Аднак такога кандыдата сёньня няма. Таму ў нас адбываюцца ня выбары, а чарговыя псеўда-выбары, нібы-выбары, іх імітацыя, лахатрон (называйце як заўгодна, але ня выбарамі) – а яшчэ больш дакладна, адбываецца сьпец-аперацыя Лу-кі й яго цяперскай “вертыкалі” па захаваньні свайго паўнаўладдзя ў нашай краіне, краіне беларуска-літвінскага народу;

другое: Расейская імперыякратыя пачала ў Беларусі сваю сьпец-аперацыю, накіраваную на завяршэньне паўзучага аншлюсу Беларусі (зманліва-прапагандовая назва якога – “интеграция”). Гэтая злачынная палітыка больш за 20 гадоў зьдзяйсьнялася з дапамогай самаго ж Лу-кі, але ў апошнія гады істотна замарудзілася. Таму ў Крамлі прынята рашэньне замяніць Лу-ку 1 на Лу-ку 2, каб працягнуць і завяршыць аншлюс Беларусі. Гэта крамлёўская праграма-максімум. Калі ж гэта не атрымаецца, тады крамлёўцы будуць спрабаваць выканаць праграму-мінімум – павязаць Лу-ку крывёй беларускіх грамадзян (якіх выцягнуць на плошчу “пратэставаць супраць фальсіфікацый”), каб перакрыць яму любую магчымасьць для кантактаў з Захадам;

– нарэшце трэцяе, гэта тое, што зьдзяйсьненьню мэтаў расейскай імперыякратыі актыўна дапамагаюць “ліберальныя колы” Захаду празь іх агентуру ў Беларусі, якая, наўмысна заблытваючы сітуацыю, называе сябе “беларускай” “аб’яднанай” “дэмакратычнай” “апазіцыяй”. Многія асобныя актывісты, а таксама ўсе прыкормленыя “ліберальнымі коламі” Захаду “беларускія” “дэмакратычныя” СМІ (“Наша Ніва”, радыё “Свабода”, БелСат, “Беларускі партызан”, Тутбай, Хартыя-97, ды іншыя) “засьвяціліся” сваёй дзейнасьцю, накіраванай на спрыяньне расейскім імперастам у дасягненьні іх злачынных мэт.

Як бачым, усе пункты данай сьхемы ня толькі даўно і дастаткова глыбока апісалі ваколвыбарчую сітуацыю ў Беларусі, а і з бляскам прайшлі праверку часам.

Цяпер гэтую сьхему варта разьвіць паводзінамі “штабу Ціханоўскай” (як адзінкавых прадстаўнікоў зь яго, так і ўсёй данай структуры разам), што мы і паспрабуем зрабіць у наступнай частцы даных матэрыялаў.

 

19 каментарыяў

  1. Павел Бич кажа:

    Калі Мацкевіч напісаў што ён ведае Як (ўзяць уладу). але не ведае Для чаго ( якая яна павінна быць пасля перамогі апазіцыі) я яго зло высмеяў.. Цяпер аб гэтым пачаў думаць і сп. Астроўскі і таму я відаць быў не правы. На самой справе абодвы пытанні зліваюцца ў адно.і ніхто не ведае як на іх адказаць. Мне цяпер спадабалася метафара “тело без галавы” (гэта пра нашае беларускае грамадства). . буду піхаць яе пакуль нешта не праясніцца.. Сп. Астроўскі, а хто з кандадатаў ў прэзіденты на мінулых выбарах адпавядаў больш за ўсё ідэалу пра які вы даўно пішыце? Гэта павінна быць другой Польшчай. другой Украінай. другой Расеяй, ці другой Ліетувой?

    • Рэдакцыя кажа:

      “Цяпер аб гэтым пачаў думаць і сп. Астроўскі”
      – – –
      Сп. Біч, у 1999 годзе (!) прайшла канферэнцыя “БЕЛАРУСКАЯ НАЦЫЯНАЛЬНАЯ ІДЭЯ”. На ёй і пасьля яе былі сабраны матэрыялы, якія выйшлі асобнай кнігай з такой жа назвай (дарэчы, большасьць артыкулаў з гэтай кнігі даўно выстаўлена на сайце). Сп. Астроўскі быў яе ня толькі аўтарам, а і рэдактарам…
      А цяпер, сп. Біч, прачытайце, што вы напісалі вышэй. Затым падумайце, калі пра адзначанае пачаў думаць сп. Мацкевіч і ці ня быў ён пасьля Астроўскага ў фармуляваньні разгорнутага адказу на пытаньне: дзеля чаго варта беларусам браць уладу ў Беларусі…

  2. мінак кажа:

    Калі няма Ідэі, то няма і праграмы і тады ня трэба рвацца да ўлады!

    Мікалай Крукоўскі пісаў у артыкуле ”Інтэлігенцыя і беларуская ідэя” ”…менавіта ідэя яднае народ і дае яму веру — тое, без чаго ён ужо не народ, а натоўп, а можа быць, і статак. Палітыкам жа ідэя дае стратэгію. За гэта галасуе ці не галасуе народ.”

    Учора ў Палацы Мастацтваў выпадкова трапіў у залу, дзе праходзіла нейкая неалібіральная тусоўка і вядучыя прафесіянальна маніпуліравалі і замбіравалі прысутных слухачоў. Прысутных было чалавек 25 прыкладна. Мяне зьдзівіла, як прафесійна вядучыя вялі свой дыялог між сабой, карысталіся навуковымі тэрмінамі, напрасткі нікога і нічога не абвінавачвалі, але ўсялякі раз атрымлівалася так ці інакш, што былі вінаватыя тутэйшыя ўлады. Ковід, што бушаваў у ЗША і Еўропе і паклаў дзесяткі тысяч у магілы, яны неяк спрытна абмінулі, але між тым абвінвацілі тутэйшага дыктатара ў памылковасьці стратэгіі барацьбы з ковідам.
    Канечна размова датычыла і дэмакратыі, ”якая непазбежна, калі нават яна і прывядзе зразу да зніжэння ўзроўня жыцця.” Таксама адзначылі, што навейшыя неаліберальные навуковые еўрапейскія мысляры прыходзяць да думкі, што выратаванне пажылога пакалення людзей каштуе шмат грошай і эканамічна вельмі стратна і таму шкодна. Таму трэба скарачаць медычные ўстановы (бальніцы), што былі створаны пры Саюзе, як гэта зрабіла Украіна і Расея.
    Вымушаны быў хутка сыйсьці на першы паверх, бо пачыналася імпрэза знаёмага пісьменніка з ягонымі кніжкамі і я там павінен быў выказаць сваё меркаванне. Але я быў здзіўлены і ўражаны выказваннямі ліберальных ідыёлагаў, якія навукова выверанамі тэрмінамі разбуралі ўсе гуманістычные ўяўленні тутэйшага грамадства.
    Калі наша грамадства не адаб’ецца ад сучасных папоў Гапонаў, нас чакае жахлівае будучыня!

  3. Павел Бич кажа:

    Усё што написаў сп. Минак вельми цикава. Хто таки “знаёмы письменник”?. Якая идэалогия там панавала. Я так зразумеў што там были апазицыянеры раз винавацили ва усих бедах иснуючы рэжым.. Як табе не цяжка сп. Минак апиши усё падрабязней. Я ужо зусим выпадаю з сучаснага культурнага жыцця.

  4. мінак кажа:

    Знаёмыя пісьменнікі: Юля Цімафеева, Антон Кулон, Барыс Пятровіч прэзентавалі свае кніжкі на першым паверсе.Пісьменнікі сёння выпадаюць з сучаснасьці, бо спазняюцца з апісаннем сучасных рэалій жыцця, альбо ўкідываюцца ў апісанне ўласных адчуванняў.

    Палітолагі звычайна гавораць пра сучаснасьць, сілкуючыся цяперашнімі моднымі еўрапейскімі ідыялогіямі і потым выкладаючы іх тутэйшым слухачам за што напэўна атрымліваюць няхілые гранты. Горш за ўсё тым хто жыве сваім розумам і нікому не служыць, таму ім ніхто і не плоціць.

    На другім паверсе ў зале, куды я ў перапынку сувануў свой цікаўны нос, ішла нэаліберальная тусоўка, дзе двое вядучых: жанчына і мужчына, таксама мужчына з экрана, вялі дыялог між сабой пра дэмакратычныя каштоўнасьці, сучасныя ідыялогіі і светапогляды ў Еўропе. Пакольку я там прысутнічаў хвілін 15, то грунтоўна распавесьці аб іх дыялогах не магу, бо ня ведаю. Пакольку я лібералам не веру і не люблю, то я там не затрымаўся. Хаця потым крыху пашкадаваў, бо пачуць ад нэалібералаў іхнія цяперашнія ідэі было б карысна.

  5. Павел Бич кажа:

    Якшто Свабода не пераможа і на гэты раз. то яшчэ некалькі тысячаў актыўных і амбіціозных людзей пакінуць Беларусь. Прывязка да Расеі павелічыцца. Штрейбрэхарства із Расеі і нават Кітаю стане звычайнай з’явай. Правільна казаў Мікола Літ Літ::” пагружэнне беларусаў ў рабства працягваецца”.Клапан праз які выпускаць у нас пару гэта польскасць і Польшча. Менавіта туды. уцякае большасць. Як яго зачыніць?

  6. Siarhiej кажа:

    Не гледзячы на ўсе супярэчнасці ў мяне дадалося аптымізму. 3-4 месяца таму я ацэніваў магчымасць для беларусаў-ліцвінаў нешта “паімець” каля 1%, магчымасць аншлюсу 9%, магчымасць “стабільнасці” – 90%. Сёння, калі 3% і Абнулёны фактычна аб’ядналіся (дакладней 3% апусціўся да губернатара), а беларускі масавы рух таксама фактычна аб’яднаўся з ліберальна-дэмакратычным Еўразвязам, прапорцыі змяніліся. Шансы для беларусаў-ліцвінаў узраслі да 40%.
    Крытыка, з улікам “бягучага моманту”, ліберал-дэмакратаў тут недарэчная. Развагі пра “прэўкраснае далёкае” пакуль варта адкласці.
    Самы лепшы лозунг пратэстоўцаў сёння гэта “Мы тут улада!”.

  7. Павел Бич кажа:

    Можа я ўпадаю ў маразм? Сяргей.. што такое : 3% апусціліся да губернатара”? Пішыце не толькі для сябе харошых.

    • Siarhiej кажа:

      “3% апусціліся да губернатара” – гэта значыць, што ён (Лу-ка) на 100% залежыць ад Абнулёнага (Пуціна) і ўлады ў яго не больш чым у расейскага “губернатара”, іншымі словамі ён шасцёрка ў пахана.

  8. мінак кажа:

    Сяргей, тут праблема ў тым, што ў дэманстрантаў адсутнічаюць сьвядомыя нацыянальныя матывы дзейнасьці. Пачуцці ёсьць, а сьвядомага патрыятычнага дзеяння няма. Бел-чырвона-белы сьцяг быў узяты на ўзбраення толькі пасля ”тапка”, потым ”белая стужка” і толькі затым БЧБ сьцяг. БЧБ сьцяг дарэчы выратаваў краіну ад аншлюса-інтэграцыі, у апошні момант Крэмаль зрабіў два крокі назад, бо спалохаўся, што рэвалюцыя можа нечакана стаць антырасейскай.

    Сёння на нашай тэрыторыі актыўна і прафесійна дзейнічаюць куклаводы–лібералы і куклаводы-інтэгратары, якія змагаюцца з тутэйшай уладай. І вось тут існуе небясьпека, што скінуўшы цяперашняю ўладу да стырна краіны прыйдуць лібералы-інтэгратары.
    Тутэйшая ўлада змагаецца супраць дэмакратараў-лібералаў, але не бярэ на ўзбраенне нацыянальна-патрыятычную ідэю, таму змагаецца супраць БЧБ сцяга і Пагоні. Што гэта? Гэта загад Масквы!

    Куклаводы-лібералы і інтэгратыры дзейнічаюць вельмі настырна, упэўнена, добра падрыхтаваныя, абучаныя, нікога і нічога не баяцца — гэта цэлая армія тых самых ”зялёных чалавечкаў”. Мы яшчэ ўбачым, як яны зьвярстаюць Канстытуцыю і ўпіхнуць туды артыкулы аб ”Славяна-руском Саюзе” і аб інтэграцыі брацкіх народаў.

    Моцным крокам у адказ быў бы пераход сьвядомай масы насельніцтва на карыстанне беларускай мовай! Усе гэтыя спарцмены Герасімені, Саўчанкі і шмат іншых значна больш зрабілі б, калі б давалі свае прынцыпова міралюбівые і спагадлівые да ўлады інтэрв’ю — але на мове. І карысталіся мовай. Нашыя ”рэвалюцыянеры” пасядзяць на Акрэсціна, сфатаграфуюць свае сінякі і шрамы, паплачуць журналістам і даюць цягу ў Польшу.

    • Siarhiej кажа:

      1. Матывы дзейнасьці – свядомая прага свабоды, для пачатку каб галасы на выбарах лічылі.
      2. “Лібералы-інтэгратары” гэта што? Ёсць імпэрцы, а заходнія ліберальныя дэмакраты інтэгрыраваць кагосці асабліва не імкнуцца.
      3. “Моцным крокам у адказ быў бы пераход …” свядомыя ўжо перайшлі на мову, трэба каб перайшлі не-зусім-свядомыя, а гэта доўгі працэс на 20-30 гадоў.
      4. Даць цягу ў Польшчу можна было і без “сінякоў”. Сінякі не вельмі дапамогуць там уладкавацца.

  9. Павел Бич кажа:

    Мінак правільна адзначыў што сімвалы супраціву – тапачек і белыя стужкі не насілі аніякага нацыянальнага зместу. паступова пад уплывам нацыяналістаў натоўп ўзяў бчб сцяг і кліч Ж.Беларусь. Але нацыя . я лічу нарадзіцца калі забастуюць разам рабацягі і перайдуць на бок апазіцыі сілавікі. Але і першыя і другія сімпатызуюць дыктатарм таму што дыктатура заснавана на глалту,. а гвалт прафесійная якасць сілавікоў. а рабацягі сімпатызуюць дыктатару таму што яны і дыктатар абое не любяць інтэлігенцыю якая ёсць падбухторшчыкам да перамен. Гэтую сімпатыю і сілавікоў і рабацяг можна знішчыць якшто перайсці з дыскурсу Дыктатура да д. “Мы калонія” і тады Лука халоп Пуціна.. Я рады што Сяргей ужо гэта зразумее напісаўшы пра блізкае губернатарства Лукі.. Ну а Мінак паказаў сваю сталую ненавісць да Свабоды.. Тут ён на баку Лукі. Ён яе таксама люта ненавідзець Здаецца развязкі нашага узла чакаць не доўга.

  10. мінак кажа:

    І Сяргей і Павел дарослыя людзі і ніяк не можаце разабрацца ў не вельмі складаных палітычных абставінах. Па-першае: не дыктатура, а аўтарытарны рэжым! Па-другое: як толькі пры цяперашнім стане грамадства, (дзе сьвядомых, гэта значыць карыстаецца беларускай мовай толькі 1-2%) да ўлады прыйдзе ”Сьвета” ці ”сантэхнік Вася”, зразу ўладу захопяць ”дэмакраты–лібералы” і пад дудку заходніх і ўсходніх лібералаў, таксама ”зялёных чалавечкаў” правядуць патрэбныя ім рэформы, гэта значыць прыватызацыю, а затым і інтэграцыю. Усё будзе расцягнута алігархамі і кампрадорскай буржуазіяй на працягу некалькі месяцаў. Магчыма нават, што дадуць датацыі з Захаду і Усходу, каб зьмягчыць пераход, але ўся маёмасьць перойдзе ў прыватныя рукі заходніх і усходніх алігархаў і кампрадорскай буржуазіі. Бальніцы, школы, універсітэты, зямля стануць прыватнымі і апынуцца ў руках маскоўскіх бандзюкоў… Прыбытак будзе вывозіцца ў заходнія банкі! А мы з чаго жыць будзем?

    Сяргей сам кажа: –” трэба каб на мову перайшлі не-зусім-свядомыя, а гэта доўгі працэс на 20-30 гадоў.” Менавіта так, каб ”не- зусім– сьвядомыя”, зрабіліся сьвядомымі патрэбна 20-30 год няспынай духоўнай, культурнай і моўнай палітыкі, асьветы, прапаганды. А не так, што нязгодные ”сьвядомыя” пазьбіралі чамаданы і ламанулі ў Польшу.

    Наконт ”свабоды”. Пачытайце вы нарэшце Нобелеўскую прамову акадэміка Паўлава за 1918 год ”Об руском уме”. Там ён вельмі грунтоўна патлумачыў, што такое ”свабода” і ”неабходнасьць”, і што такое ”рускій ум”. Там усяго 10 старонак тэксту. Атрымаеце вялікую асалоду!

  11. Siarhiej кажа:

    “А вось ці набраў ён 50% ці хаця б 30% – невядома.”
    Я быў назіральнікам практычна на ўсіх “выбарах”, напэўна больш 10 разоў, уключна 1994 г. У 1994 г. на ўчастке дзе я назіраў (тыповы мікрараён Менску) галасы падяліліся так: Лу-ка -27%, Пазняк -21%, Шушкевіч -19%. У Смаргоні Пазняк набраў мінімум 55%, але тады пачаліся фальсіфікацыі (“выбары” ў ВС, напэўна быў 1995 г., тады ж А. Клімаў цудам прайшоў у ВС па майму мікрараёну). У 2001 г. Лука магчыма не набраў 50%, бо была шалёная інфляцыя. Потым “выбары” ў палаткі былі проста абсурдам, малявалі за прыкарытнікаў 70-80%, нават спісы “выбаркамаў” былі засекрэчанымі. У 2001 г. Ганчарык набіраў шмат галасоў і быў бы 2-гі тур, каб не … У 2006 г. спісы “выбаркамаў” хаця і былі засекрэчаныя, але я праз свайго чалавека здабыў усе спісы, Лу-ка не набраў нават 35%. У 2010 бюлетэні студэнтаў з інтэрнатаў папярэднега галасавання падмянілі, прыехаў вечарам у чацвер омон і прывёз у вялікім чорным мяху для смецця “правіліныя” бюлетэні. У 2012 г. пры “выбарах” у палатку ў асноўны дзень прагаласавала 290 чал, але старшыня намалявала 620. У 2016 г. на учаске з 2500-3000 выбарцамі старшыня заявіла пра 1200. Які 50% пры “выбарах” у палатні НІКОЛІ не было. Гэта я пішу па-памяці, і далёка не ўсё, мог трошкі памыліцца з часам. Вывад: ніводныя выбары пасля 1994 г., Лу-ка не выйграў.

  12. Siarhiej кажа:

    Яўкі 50% … ніколі не было.

  13. Павел Бич кажа:

    Цяпер. Сяргей. калі ласка,. разбярыся чаму Лука выіграў Выбары ў 1994 г. Толькі прашу цябе не пішы што народ дурны і што гэта справа рук КДБ-ФСБ. (тады яны мелі вялікага уплыву). а народ не можа быць дурны па вызначэнню. Не пішы такую бздуру як патлумачыў Пазьняк – “сіл не хапіла”. Той хто так кажа. той не палітык. Мае тлумачэнне. мяркую, табе вядомае – за выключэннем камуністаў Праграммы усіх кандыдатаў былі прынцыпова аднолькавымі – свабода. рынак. Правы і т.п. Лука адрозніваўся ад іншых сваёй ненавісцью да Свядомых і беларускасі і рабацягі убачылі ў ім родственную душу. І пратэсты 2020 началіся з ненавісці да беларускасці таму што быць атросткам іншай нацыі прыніжальна што выцекае з метафары Дрэва. якая пануе ў Светауспрыяцці (у філасофіі).ужо некалькі тысячыгоддзяў. Чакаю адказу, Сяргей, чаму на адзіных чесных Выбарах народ выбраў Луку?

    • Siarhiej кажа:

      Просты адказ: саўковая ментальнасць, людзі не прывыклі да самастойнасці. У дэталях: а) памылка Шушкевіча які забраў галасы ў Зянона, быў бы 2-гі тур паміж Зянонам і Лукой, а не з памяркоўным старым камунякам Кебічам; б) спрацавалі паліттэхнолагі з КГБ; в) ну, а самае галоўнае, страх грамадзян перад свабодай, гэтак як якую птушку ці жывёлу, што вырасла ў клетке, выпусціць на “дзікую” прыроды дзе ім прыдзецца самім здабываць корм.

  14. Павел Бич кажа:

    Сяргей. ўсё пазнаецца ў параўнанні. А чаму такіх ідыётаў як у нас Шушкевіч не было у іншых народаў былога Саюзу і яны не сталі калоніяй як мы цяпер? А чаму паліттэхналогіі КДБ не спрацавалі у іншых народаў былога Саюзу (яны не сталі калоніяй). А чаму страх перад свабодай і саўковая свядомасць не згулялі у іншых народаў былога Саюзу? 1917. 1990. 2020 параза за паразай. Я не згодзен ані з адной з пералічаных табой прычынаў.

  15. Павел Бич кажа:

    А где мой адказ Сяргею?

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы