nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Беларускі нацыянальны ўніверсітэт: Варта нарэшце пачынаць…

27 жніўня, 2015 | 4 каментарыя

Алесь Астроўскі, Віталь Хромаў.

Мілінкевіч 

 

 

 

 

Мы  вырашылі часова перапыніць серыю матэрыялаў, прысьвечаную аналізу стану “беларускай апазіцыі” (а дакладней – ступені яе дэградацыі), каб усё ж зафіксаваць і абмеркаваць на нашым сайце апошнюю ініцыятыву Аляксандра Мілінкевіча (гл. фота), накіраваную на спробу пачаць нарэшце хоць якую практычную дзейнасьць па арганізацыі Беларускага нацыянальнага ўніверсітэта. Інфармацыю пра гэта мы ўзялі адсюль: http://nn.by/?c=ar&i=149630. Спачатку паведамленьне, потым абмеркаваньне.

 

 

1.   

МІЛІНКЕВІЧ: НАЦЫЯНАЛЬНЫ ЎНІВЕРСІТЭТ МОЖА БЫЦЬ НЕ КЛАСІЧНЫМ, А СЕТКАВЫМ

15.05.2015 г.; Мікола Бугай

Зь ініцыятывы Аляксандра Мілінкевіча адбыўся круглы стол па пытаньні стварэньня новага незалежнага ўніверсітэта.

14 мая [г.г. – Рэд.] 20 навукоўцаў і рэпрэзентантаў грамадскіх арганізацый сабраліся на сядзібе Руху за Свабоду ў Менску. Ініцыятарам сустрэчы быў Аляксандр Мілінкевіч, а тэмай — стварэньне новага Незалежнага Ўніверсітэта. Нагодай для сустрэчы стаў зварот 57 дзеячаў культуры і грамадства [гл. папярэдні матэрыял. – Рэд.] з прапановай стварыць Нацыянальны Ўніверсітэт.

На сёньня беларускамоўных універсітэтаў няма [!!! – Рэд.]. Таму мова і можа стаць той «вялікай мэтай», якая зьяднае розных людзей, сказалі на сустрэчы тэолаг Ірына Дубянецкая і фізік Сяргей Мацкевіч. Тую самую думку выказаў старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў (гл. фота ўверсе): «Трэба аб’яднаць усё тое, што працуе на краіну» [а, можа, на інтарэсы беларускага народу; “на краіну” ў нас ёсьць каму працаваць! – Рэд.].

На думку Мілінкевіча, новы ўніверсітэт павінен быць нацыянальным, дасьледчыцкім і сеткавым. Апошняе азначае, што ён павінен абапірацца на шырокую сетку партнёраў, а жорсткай геаграфічнай лакалізацыі ў яго можа і ня быць.

«Трэба пачынаць зьверху, з падрыхтоўкі дактароў навук», — мяркуе былы прарэктар Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта Ўладзімір Дунаеў [а, можа, усё ж пачынаць з арганізацыі працы канкрэтных факультэтаў, каб хутчэй пачаць даваць веды маладым людзям; акрамя таго, у нас ужо ёсьць маса высокакласных беспрацоўных выкладчыкаў-навукоўцах, якіх лукашысты павыганялі са сваіх універсітэтаў, дэградуючых на вачах… – Рэд.].

Праз скайп зь Пецярбурга ў круглым стале ўдзельнічаў іншы дысідэнт зь ЕГУ, філосаф Андрэй Лаўрухін. Ён падтрымаў і разьвіў думку Дунаева: «Пачынаць трэба з доктарскіх і магістарскіх праграм».

У той жа час «нельга паўтараць памылак ЕГУ», — засьцярог звольнены адтуль культуролаг Максім Жбанкоў.

Сацыёлаг Аляксей Ластоўскі засьцярог ад дактрынёрскага падыходу да моўнага пытаньня пры пабудове ўніверсітэта. «Універсітэт будзе сапраўды беларускім тады, калі беларуская мова будзе падмацавана сілай і ведамі», — зазначыў ён.

«Стварыць і беларускамоўны кірунак архітэктуры, і беларускамоўны кірунак ай-ці цалкам рэальна!» — аптымістычна настроены сацыёлаг і былы лідар Сенату ЕГУ Павел Церашковіч.

Думкі Ластоўскага і Церашковіча падтрымаў першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч (гл. фота ўверсе). На ягоную думку, новы ўніверсітэт павінен рыхтаваць новую эліту нацыі, як бы заезджана гэтае слова не гучала [гучыць сапраўды заезджана, але толькі гучыць, бо ж эліты няма… – Рэд.]. Шушкевіч захоплены ідэяй Нацыянальнага ўніверсітэта. На ягоную думку, яго стварэньне стане гістарычным дасягненьнем. Ён падзяліўся з прысутнымі досьведам сваёй супрацы з найлепшымі ўніверсітэтамі сьвету, у якіх яму даводзілася чытаць лекцыі.

Кіраўнік Таварыства беларускай школы Алесь Лозка (гл. фота ўверсе) зьвярнуў увагу прысутных, што ў ідэале «нацыянальны ўніверсітэт павінен стварацца на нацыянальныя грошы». Таму, на думку Лозкі, трэба яшчэ і яшчэ раз зьвяртацца да адпаведных інстанцый, каб яго фінансавала беларуская дзяржава. Аднак многія выказалі ськепсіс у магчымасці такога [ськепсіс ськепсісам, але зьвяртацца трэба – прыдасца… – Рэд.]. На думку Жбанкова, няма нічога кепскага, калі грошы на такі ўніверсітэт будуць ісьці не ад беларускай дзяржавы, а ад прыватных дабарадзеяў і міжнародных фундатараў [няўжо такія ёсьць; нам у рэдакцыі пры адмысловым вывучэньні сітуацыі, пры адмысловых адкрытых зваротах за 10 гадоў так ніводнага такога дабрадзея не сустрэлася… – Рэд.].

Гаворку падсумаваў Аляксандр Мілінкевіч. Ён выказаў упэўненасьць, што ў справе Нацыянальнага ўніверсітэта розныя асяродкі могуць працаваць разам, захоўваючы свой суверэнітэт.

Па выніках круглага стала будзе створана Рада па стварэньні ўніверсітэта”.

(канец цытаваньня матэрыяла з “Нашай Нівы”)

 

2.

А цяпер давайце агаворым тое-сёе дадатковае.

Мы ў рэдакцыі людзі вельмі добразычлівыя. Калі чалавек абяцае зрабіць нейкую карысную для нашага беларуска-літвінскага народу справу, мы яму адразу і верым… Больш за тое, мы нават гатовыя ў гэты момант многае прабачыць гэтаму чалавеку (калі ёсьць што прабачаць). Хто не памыляецца? Хто сярод нас без граху? (іншая справа, калі чалавек не выконвае сваіх абяцаньняў…)

Так і ў гэтым выпадку: як толькі пайшлі заявы ды круглыя сталы, ськіраваныя на практычныя дзеяньні па стварэньні незалежнага, сапраўды беларускага Нацыянальнага Ўніверсітэта (хай сабе і сеткавага) – мы адразу ж і паверылі іх ініцыятарам. Адразу скінулі з асоб, названых у тэксьце Мікалая Бугая (зь якіх усе, як адзін, нейкія там грамадска-палітычныя кіраўнікі – былыя ці актуальныя), адказнасьць за 20 гадоў абсалютна бессэнсоўнай, цалкам правальнай дзейнасьці. Галоўнае ж у тым, што людзі, якія да таго ніколі сапраўднымі беларускімі дэмакратамі не былі (гл. https://nashaziamlia.org/2007/05/30/692/), нарэшце ўсьвядомілі хаця б неабходнасьць стварэньня цалкам беларускамоўнага Нацыянальнага Ўніверсітэта!… Выразны пазітыўны крок. Гэта ж галоўнае. Ці ж ня так?

Адзінае, што цяпер мы будзем сачыць за тым, як гэтыя людзі будуць выконваць узятыя на сябе абавязальніцтвы…   

Адзначанае датычыць і спадара Мілінкевіча, зь якім у нас сёньня ніякіх зносінаў няма (хаця адзін з нас – яго былы сябра, другі яго таксама ведае). Справа ў тым, што разрыў у стасунках з Аляксандрам Уладзіміравічам у нас адбыўся 9 гадоў таму на глебе рознага разуменьня грамадска-палітычнай стратэгіі (гэта зафіксавана ў нашым даўнім матэрыяле: https://nashaziamlia.org/2006/10/28/363/). Было ў нас і рознае разуменьне таго, на што трэба нацэліцца, каб забясьпечыць беларусізацыю адукацыі ў нашай Беларусі (гл. тут: https://nashaziamlia.org/2006/05/13/91/). Аднак, нягледзячы на гэта, як толькі Мілінкевіч рабіў што-небудзь адэкватнае – хоць самы мізэр, хаця б пару словаў нармальных казаў – мы яму адразу верылі й адразу яго падтрымлівалі (гл. напрыклад https://nashaziamlia.org/2007/08/09/842/ ; https://nashaziamlia.org/2006/06/21/155/ ; https://nashaziamlia.org/2006/10/14/342/ ; https://nashaziamlia.org/2006/06/04/137/ https://nashaziamlia.org/2008/03/26/1278/ ).

Падкрэсьлім: і гэта ўсё – нягледзячы на тое, што ў нас са спадаром Мілінкевічам апошнія 9 гадоў не было ніякіх кантактаў…

Так і ў даным выпадку, мы Аляксандра Ўладзіміравіча падтрымліваем, жадаем яму ўсялякіх посьпехаў у зьдзяйсьненьні яго высокароднай ініцыятывы. І нават не пытаемся, з-за чаго гэта так кардынальна памяняліся яго погляды (з дзіцячых садкоў да ўніверсітэтаў). Можа, з-за таго, што ня хочацца адыходзіць у гісторыю Беларусі чалавекам, які бязглузда растраціў на розныя варшавы ды брусэлі свой прыродны патэнцыял (нягледзячы на папярэджаньні сяброў)?.. А можа, з-за таго, што нейкія амерыканцы пад канец жыцьця пракінулі яго з рэктарствам ЕГУ, на якое ён разьлічваў (і гэта лёгка пралічвалася)?..

Не, мы пра гэта пытацца ня будзем.  

Зробім толькі некалькі папярэджаньняў, заўваг, дадзім пару парадаў:

1. Мы будзем сачыць за тым, як ідуць справы ў кірунку абвешчанай мэты;

2. Нам (асабліва першаму з нас, і зразумела чаму) вельмі прыемна, што спадар Аляксандр нарэшце пераключыўся зь ідэі беларусізаваць дзіцячыя садкі й першыя класы школ на ідэю стварыць Беларускі Нацыянальны Ўніверсітэт;

3. Мы раім у далейшым ігнараваць Дунаева і Лаўрухіна зь іх прапановай заняцца найперш падрыхтоўкай не студэнтаў, а дактароў навук;

4. Раім выкарыстаць у стварэньні й дзейнасьці ўніверсітэта веды і талент шматлікіх выкладчыкаў-беларусаў, якія былі звольнены зь цяперскіх універсітэтаў за іх беларускую, дэмакратычную, патрыятычную паставу;

5. Зьвяртаем увагу, што для дзейнасьці будучага Нацыянальнага Ўніверсітэта (на пачатак у асноўным гуманітарнага) могуць спатрэбіцца ня толькі фізікі ды тэолагі (як Дубянецкая ды Сяргей Мацкевіч), а і біёлагі – бо існаваньне кожнага чалавека ды ўсяго чалавецтва, якімі б “гуманітарнымі” яны ні былі, на 90% абумоўлена біялагічнымі заканамернасьцямі (адзін з узораў таго, як знаходзіцца гуманітарная норма, грунтуючыся менавіта на біялагічных заканамернасьцях (на прыкладзе такога пытаньня, як пол чалавека), прысутнічае ў т.л. на нашым саце – гл. https://nashaziamlia.org/2011/12/26/4638/);

6. Ну, і вядома, мы асабліва ўважліва будзем сачыць за тым, каб дзейнасьць Нацыянальнага Ўніверсітэта грунтавалася на беларускай мове ў якасьці бесканкурэнцыйна базавай. У іншым выпадку ўся фатыга ня будзе вартая і шкарлупіны ад яйка…    

 

4 каментарыя

  1. Валянцін кажа:

    Падтрымліваю цалкам заўвагі і парады!

  2. Vitaut Kuplievic кажа:

    Беларускі Нацыянальны Ўніверсытэт — абсалютова зьмястоўны праект. Я дастаткова наразмаўляўся з маладымі людзьмі ў сьветаглядах якіх адсутнічаюць нацыянальныя катэгорыі. Іх сьветагляды ў рознай ступені дэфармаваны расейскім імпэрскім шавінізмам. Найперш патрэбны інтэрнэтны сайт БНУ ў якім будуць знаходзіцца канкрэтныя навуковыя й навукова-папулярныя працы канкрэтных ліцьвінска-беларускіх навукоўцаў напісаных нашай моваю. Унівэрсытэт можа працаваць: у нелегальных умовах; у напаўлегальных умовах; легальна, але нефармальна (г. зн. без рэгістрацыі); быць зарэгістраваным, але без заробкаў для выкладчыкаў.
    Як будзе — невядома, калі будзе? Галоўнае — ці пяройдзе праца ў практычную плоскасьць?
    Патрэбна прызнаць, што сп. Алесь Мілінкевіч выбітна ведае розных грантадаўцаў на Захадзе, тым больш што тыя праекты, якія былі курырваны — дайшлі ла рэалізацыі (напрыклад — праграма К. Каліноўскага).
    Важна нашым навукоўцам аб’яднацца вакол рэальнай справы. Толькі тады дзесяткі йстотнейшых праблем могуць быць рэальна вырашаны.
    Яшчэ важна забыць былыя рознагалосьсі і разам узяцца за зьмястоўную справу. Тут мейсца павінна быць усім тым, хто мае рэальныя навуковыя распрацоўкі.

  3. Vitaut Kuplievic кажа:

    Падаецца, што ў нас дастаткова сотак нацыянальна арыентаваных навукоўцаў зь дзесяткаў сьпецыяльнасьцяў (як фармалаў, так і нефармалаў), толькі пытаньне ў тым, ці яны змогуць без аніякага матэрыяльнага заахвочваньня рэальна выкладаць у нелегальных і напаўлегальных умовах. Дзеля гэтага патрэбна мець мужнасьць, быць нефармаламі, адказнымі й г. д. Як аб’яднаць столькі асобаў вакол такой высакароднай ідэі. Вось у чым пытаньне!!!

  4. Павел Біч кажа:

    На жаль, усё што датычыцца да беларускай справы настолькі затоптана і заезжана, што я не магу знайсці ў гэтых ініцыятывах анічога новага. Раней казалі што трыба пачынаць беларусізацыю з дзіцячых садкоў, цяпер кажуць што трэба спачатку выросшчываць прафесароў і дактароў навук. Перамешчэнне ЕГУ з Беларусі ў Вільню не дало станоўчых вынікаў. Што цяпер нам прыйдзецца уцякаць ў Аўстралію ці Антарктыду? Рысіфікацыя і разбэшчэнне настігне нас і там. Корень нашых бедаў унутры нас. Беларускасць не здольная супрацыўляцца русіфікацыі. Яна сама ёсць прыступкай да русіфікацыі. Істіна прамаўляе вуснамі малых. І яна імі выказана. На пытанне ў гарадзенскай школе “колькі челавек ў класе размаўляе па-беларуску”, пачулася ў адказ -“толькі адзін, і таму што ён не беларус, а паляк”. Афіцер НКУС наведаўшы Беларускі музей Луцкевіча ў Вільні, на развітанне сказаў:”очень хорошо, что вы сохранілі тут рускую культуру.” Агонія беларускцуі працягваецца. Яе можна спыніць толькі культурніцкім шокам.
    Сп. Куплевіч, з пазіцый атрыманых табою ведаў ў Польшчы. распавядзі нам што адбывыаецца ў народаў якія жывуць побач з намі. Асабліва ў Украіне. Што ты думаешь аб рэлігіі? Ці можна выратавацца праз яе?Мяркую што Рэдакцыя сайта дасць табе магчымасць выказацца.

Пакінуць каментар

  • Старонкі

  • Катэгорыі

  • Апошнія запісы

  • Архівы