nashaziamlia.org

Асьветна-адукацыйны, грамадазнаўчы сайт для беларусаў: аналіз, прагноз, сілы, інтарэсы, сьветагляды, ідэі, ідэалогіі, праграмы, мэты.

Запісы

Ідэалагічная складовая апошніх падзей ва Ўкраіне на фоне ніякіх падзей у Беларусі

Жнівень 3, 2015 | Няма каментараў

Віталь Хромаў, Алесь Астроўскі, Барыс Керзач

Ідэалагічная складовая 1Украіна на працягу некалькіх апошніх тыдняў адышла ад краю бездані, у якую яе спрабавала сьпіхнуць расейская імперыякратыя. Гаворка пра тое, што планавалася “Масквой” пасьля вядомай правакацыі пад Мукачава. Мы на сайце сачылі за хадой тых падзей, а таксама паказалі канчатковы вынік – кіраўнікі Правага сектару (ПС) ня толькі не паддаліся на правакацыю, а і вырашылі рыхтавацца да правядзеньня нацыянальнага рэферэндуму па актуальных праблемах уладкаваньня ўкраінскай дзяржавы. У даным выпадку тое, што ПСаўцы не зрабілі – т.б. не паддаліся на правакацыю прамаскоўскіх сіл – па сваім значэньні мае такую ж грамадска-палітычную вагу, як і тое, што яны зрабілі на Майдане і ў першыя месяцы абароны сваёй зямлі ад расейскай агрэсіі. Але, як сайт ідэалагічны, нас у найбольшай ступені цікаваць тыя зрухі ва ўкраінскай палітыцы, якія маюць важкую ідэалагічную складоваю. Каб гэты асьпект падзей не прайшоў незаўважаным, мы вырашылі дадаткова яго прааналізаваць (у дадатак да папярэдняга матэрыяла).

 

1.

Напэўна сярод нашых чытачоў ёсьць тыя, хто зьвярную ўвагу на выступ Дзьмітра Яраша на нядаўнім зьездзе ПС у Кіеве (гл. http://nashaziamlia.org/2015/07/27/7752/), у т.л. на яго словы, што ПСаўцы – ня рыбкі, каб хапацца за “гачыкі”, падсунутыя ім маскоўскімі ды кіеўскімі “рыбакамі”.      

Ідэалагічная складовая 2У сваім выступе Яраш прызнаўся, што да таго “аддаваў увесь свой час, каб будаваць сілавую структуру, якой стаў ДУК ПС (Дабравольчы ўкраінскі корпус Правага сектару)”. А затым дадаў, што для вырашэньня тых гістарычных задач, якія стаяць перад украінскім народам, ГЭТАГА ЗАМАЛА, бо немагчыма не зьвяртаць увагу на тое, што робіцца ў тыле, і што ў цэлым украінцам сёньня трэба вырашаць двуадзіную задачу: зьберагчы ўкраінскую дзяржаву на фоне пагрозы далейшай расейскай экспансіі й адначасна прыбраць ад рычагоў дзяржаўнага кіраваньня новых здраднікаў, якія замянілі ў Кіеве здраднікаў папярэдніх. У аснове выйсьця зь сітуацыі – правядзеньне рэферэндуму.

Але, на наш ужо погляд, рэферэндум — задача тактычная. Асноўныя ж моманты стратэгіі, агучаныя спадаром Ярашам, былі наступныя:

— пераможны інфармацыйны ўплыў на ўкраінскае грамадства. Пра гэта Яраш сказаў так: “Сёньня, у ХХІ стагоддзі, для нас найгалоўнай ёсьць ІНФАРМАЦЫЙНАЯ БАРАЦЬБА … Дайсьці да кожнай вёскі, пачаць прапагандовыя рэйды па ўсёй Украіне”;

— а для апошняга патрэбны кадры, за якія “было б ня сорамна глядзець людзям у вочы, якія б далі ўкраінскаму народу персьпектыву …  Без такіх кадраў НЯ БУДЗЕ НІЧОГА”; акрамя таго, ПС павінны быць ачышчаны ад прыстасаванцаў, якія прыйшлі й прыліплі да яго, каб “дарвацца да карыта на славе загінулых хлопцаў”;

— для дасягненьня мэты станоўчага інфармацыйнага ўплыву на ўкраінскі народ таксама патрэбна масавая арганізацыя. Для гэтага Яраш у сваім выступе запрапанаваў забясьпечыць легалізацыю і структурызацыю дабраахвотніцкага руху, а затым разгарнуць аператыўныя штабы ва ўсіх абласных і раённых цэнтрах.

Зьвернем увагу яшчэ раз: да такіх высноў, грунтуючыся на ўласным досьведзе шматгадовага грамадска-палітычнага змаганьня, прыйшоў вельмі пасьпяховы баявы камнадзір, які пра сябе і сваіх бліжэйшых паплечнікаў кажа так: Калі мы праводзім нейкія аперацыі на фронце, мы да іх рыхтуемся. Праводзім выведку, вырашаем, якія сілы і рэсурсы нам патрэбныя для перамогі ў канкрэтным баі. Толькі таму страты ў Правым сектары нашмат меншыя, чым ва Ўзброеных сіл Украіны. Бо мы маем цьвярозы розум і дакладнае планаваньне нашай дзейнасьці.

Ідэалагічная складовая 3(Таксама ў асноўным на арганізацыйнае ўмацаваньне ПС зьвяртала ўвагу ў сваім інтэрвю актывістка ПС Натальля Бузук — гл. тут: http://nashaziamlia.org/2015/07/30/7774/ — распавядаючы пра сваю дзейнасьць у шэрагах ПС і пра свае ўражаньні ад нядаўняга зьезду руху).

У выніку, што атрымліваецца?

Атрымоўваецца, што людзі разумныя, дасьведчаныя, людзі, якія шчыра любяць свой народ і сваю краіну, якія практычна даказалі гэта сваімі шматлікімі вялікімі ахвярамі (нярэдка ўсім сваім жыцьцём), і якія да нядаўняга часу рабілі стаўку на сілавую патрыятычную арганізацыю, урэшце прыйшлі да высновы, што для дасягненьня пазітыўных зьмен ва ўкранскай дзяржаве гэтага НЕДАСТАТКОВА. Што яшчэ абавязкова патрэбна масавая дысцыплінаваная арганізацыя, якая ў аснове мусіць мець добра падрыхтаваныя кадры, якія разам змогуць забясьпечыць пазітыўны інфармацыйны ўплыў на насельніцтва ў пераломны момант гісторыі, прадэманстраваўшы сябе людзям рэальнай альтэрнатывай, а пазьней будуць здольныя замяніць на дзяржаўных пасадах прагнілы кадравы апарат, складзены з чарговага пакаленьня нацыянальных здраднікаў. 

Карацей, з выказваньняў прадстаўнікоў ПС, запланаваны наступныя этапы дзейнасьці: кадры –> арганізацыя –> прыхільнасьць масаў (узьніклая ў выніку пазітыўнага інфармацыйнага ўзьдзеяньня) –> палітычная перамога

А цяпер мы хацелі б зьвярнуцца да сталых чытачоў нашага сайта: скажыце, сябры, вам гэтая пасьлядоўнасьць нічога не нагадвае?

Калі нічога, тады нагадам мы.

Ідэалагічная складовая 4У далёкім 2003 годзе адзін з нас выстаўляў сваю кандыдатуру на пасаду старшыні БНФ “Адраджэньне”. Тады ў час выбараў была прэзентавана новая Праграма дзейнасьці арганізацыі, нацэленая на дасягненьне патрэбнага выніку. Розныя апазіцыйныя СМІ тады паінфармавалі, што на пасадзе старшыні БНФ застаўся Вінцук Вячорка, але пра зьмест выступу Астроўскага апазіцыйныя СМІ не сказалі ні слова… Відаць, былі занятыя інфармаваньнем беларускага грамадства “пра значна больш важныя падзеі”…

Неяк паінфармаваць беларусаў пра той выступ атрымалася толькі пасьля пачатку працы гэтага сайта (http://nashaziamlia.org/2007/11/18/1061/; пачытайце, раім — вы значна лепш зразумееце прычыны, з-за якіх мы шмат гадоў боўтаемся ў тым, што сур’ёзнай апазіцыйнай дзейнасьцю назваць ніяк не выпадае…).

З той Пераможнай праграмы, якая на той час ужо цалкам была распрацавана, на зьездзе былі названы толькі 4 пункты: “веды”, “кадры”, “прыхільнасьць масаў”, “перамога”

(Удакладнім, названая Праграма пачала распрацоўвацца пасьля 1999 году, калі ў Гародні была праведзена канферэнцыя на тэму: “Беларуская нацыянальная ідэя”; з гэтай канферэнцыі вынікала, што зь якіх толькі ракурсаў ні паглядзі, вынік будзе адзін: беларусы-літвіны маюць поўнае права на ўласную дзяржаву; пра спробы правесьці серыю далейшых канферэнцый пад агульнай назвай “Праграмны вобраз БУДУЧАЙ беларускай дзяржавы”, якія б адказалі на пытаньне: якой мусіць быць будучая беларуская дзяржава (т.б. сфармулявалі канструктыўную мэту для дзейнасьці беларускай апазіцыі), — на нашым сайце таксама паведамлялася; у т.л. пра нулявы вынік гэтых спроб…).

Усе этапы Пераможнай праграмы ў поўным аб’ёме вы можаце пабачыць на сьхеме ў пачатку артыкула. Яе падабенства з тым, што было заяўлена Зьмітром Ярашам, нас уразіла. Можа, кагосьці з нашых чытачоў таксама (бо прысутнічае поўнае супадзеньне па 4 пазіцыях! — “кадры”, “арганізацыя”, “прыхільнасьць масаў”, “перамога”).

(Тут, дарэчы, самае месца, каб адзначыць, што асноўная прычына, з-за якой “беларуская” “апазіцыя” вось ужо 22-гі год беспясьпяхова “змагаецца з рэжымам”, заключаеца ў тым, што яна толькі “змагаецца за ўладу” – т.б., па нашай перыядызацыі, займаецца толькі “перамогай”, ігнаруючы ўсе іншыя этапы)  

Пагаворым пра аднозьненьні.

Канчатковым пунктам у нас зьяўляецца не набыцьцё палітычнай улады ў сваёй дзяржаве (“перамога” – гэта перадапошні пункт), а дасягненьне тых канструктыўных зьмен у арганізацыі нацыянальнай дзяржавы, з-за якіх ўласна і ўзьнікае неабходнасьць у прыходзе да ўлады прыстойных людзей (гэта этап “зьдзяйсьненьне” — 6-ы этап на нашай сьхеме). Мы лічым толькі гэты этап канчатковым. Прычым, нашае меркаваньне па гэтым пытаньні мае прынцыповы характар…

Другое адрозьненьне ад абвешчанага панам Ярашам, заключаецца ў першым пункце – “веды”. Якой павінна быць беларуская (ці ўкраінская) дзяржава ў норме? І чаму. Як падаваць людзям яе перавагі, яе персьпектыву для іх? Як вяртаць павагу нашых народаў да нашай жа неверагоднай гісторыі, багатай культуры, мовы? Як ствараць і разьвіваць грамадска-палітычную арганізацыю? Як супрацьстаяць дэструктыўным узьдзеяньням на яе? Усімі гэтымі ўменьнямі павінны валодаць кадры! А для гэтага і перад гэтым ужо павінны быць сабраныя і сістэматызаваныя ўсе неабходныя веды па ўсіх пытаньнях.

Этап “веды” бадай што самы складаны. Паколькі ён першы ў нашай Праграме, яе рэалізацыю мы зь яго і пачалі. Стварылі гэты сайт і працуем вось ужо 10-ы год. На жаль, колькасьць людзей, якія далучыліся да нашай дзейнасьці (хаця мы ўвесь час заклікалі…), не такая вялікая, як хацелася б. Але час і наша нацэленасьць на заяўленую мэту (http://nashaziamlia.org/2006/04/03/11/) зрабілі сваю справу. Праграмны вобраз будучай беларускай дзяржавы (ці любой іншай нацыянальна-дэмакратычнай, ці, як мы кажам, зьмястоўна-дэмакратычнай) на сёньня распрацаваны на 70-75% (гл. асноўныя палажэньні Сьветагляднай і Беларускай дактрын).

Гэтымі ведамі мы гатовыя падзяліцца зь любымі прыстойнымі людзьмі (ня толькі вялікалітвінамі-беларусамі). Мы ўпэўнены, нашым украінскім сябрам зь імі (ведамі) будзе таксама лягчэй дасягаць сваіх высокіх мэт.

2.

Цяпер давайце зьвернем увагу на іншы ідэалагічны асьпект прамовы Зьмітра Яраша на зьездзе. Сярод іншага там ён сказаў наступнае: “Пакуль мы будзем гуляць па правілах Расеі ці Еўропы, мы ніколі не пераможам на нашай зямлі гэтую пачварную расейскую імперыю.  Гэта адназначна.   

Гэта яго даўняе разуменьне сітуацыі (памятаецца, пад час Майдану адзін з карэспандэнтаў яго спытаў, ён супраць Расеі, значыць — за Еўразьвяз? Пан Яраш адказаў нешта накшталт таго, што няма сэнсу ўкраінскаму народу вырывацца з “абдымкаў” адной імперыі, каб аддаваць сваю свабоду ў рукі іншай). 

Хай і гэтая пазіцыя Яраша будзе пачутая тымі, хто лічыць, што ў нас – беларусаў-літвінаў – ёсьць толькі адзін спосаб вырвацца з-пад Расеі – гэта “аддаца Захаду”. Як людзі, дастатыя падобнымі “парадамі”, зьвяртаем увагу яшчэ раз: чалавек, які мае буйныя ПРАКТЫЧНЫЯ дасягненьні ў палітычным працэсе ў суседняй брацкай краіне, кажа вам у твар ня толькі пра нягоднасьць падобнага “выбару”, а і пра тое, што выбар бяз выбару – гэта ня выбар, і што ў лёсавызначальных пытаньнях для ўласнага народу слухаць ня варта ня толькі “Расею”, а і “Захад”! 

Грунтуючыся на ўласным грамадска-палітычным досьведзе, зусім іншы грамадзянін Украіны Аляксей Арэстовіч сваімі словамі выдаў нам аналагічную сьхему (http://nashaziamlia.org/2015/07/28/7767/). Тлумачачы самую сутнасьць актуальнай сітуацыі ва Ўкраіне, ён апавёў пра тры сілы, якія змагаюцца сёньня за “торт зь вішанькай” у выглядзе ўкраінская дзяржавы і ўлады над ёй. Першая сіла – усе гэтыя парашэнкі, яцэнюкі, авакавы ды розныя алігархі, якія за імі стаяць – сёньня знаходзіцца пры афіцыйнай уладзе і цягне Ўкраіну на Захад (улева). Другая сіла – тая, якую Арэстовіч назваў “сістэмай” — усе тыя мянты, пракуроры, суддзі, чыноўнікі на месцах ды ў Кіеве, якія засталіся з часоў Януковіча, разьлічвалі, што ім абломіцца ад Расеі, і сёньня арыентуюцца на яе, служаць ёй (і сабе), здраджваючы ўкраінскаму народу. Натуральна, прадстаўнікі “сістэмы” цягнуць Украіну ў Расею (т.б. управа). А трэцяя сіла – гэта прадстаўнікі, прыхільнікі й кіраўнікі Правага сектару, якія бачаць Украіну самастойнай дзяржавай, арганізаванай так, каб максімальна служыць аб’ектыўным інтарэсам украінскага народу на яго ўласнай зямлі. Пан Аляксей выступае на баку гэтай сілы, разумее, што станоўчыя зьмены ва Ўкраіне могуць адбыцца толькі дзякуючы ёй. 

Ідэалагічная складовая 5Калі даны расклад сіл ва Ўкраіне, якія падалі Яраш і Арэстовіч, прадэманстраваць сьхематычна, атрымаецца тое, што паказана на сьхеме (праўда, у даным раскладзе Правы сектар варта лічыць не “правай сілай”, а самай што ні на ёсьць цэнтрысцкай, пра што на нашым сайце было шмат гаворкі).

Ну, а што пра гэтую сьхему могуць сказаць нашы сталыя чытачы? Зноў нешта знаёмае, ці ня так?

Так.

Вось тут — http://nashaziamlia.org/2006/11/19/399/  — на нашым сайце выстаўлена першая (зь дзьвюх) частка артыкула, які так і азаглаўлены: “Беларусь паміж РФ і ЕЗ: магчымасьць трэцяга шляху”.

Ужо тады, у 2006 г., на піке папулярнасьці лозунга “Беларусь – у Еўропу!” (успамінаеце нядаўняе: “Україна – то Еўропа!”), на нашым сайце прапаноўвалася задумацца: “Няўжо абіраць можна толькі паміж дзьвюма альтэрнатывамі – шляхам на Ўсход (у імперыю) і шляхам на Захад (у Еўразьвяз). А, можа, сітуацыя ўзгаданых альтэрнатываў ёсьць усяго толькі прапагандысцкі міраж, намоўлены сучаснымі PR-тэхналогіямі? І, можа, сапраўды нам варта паспрабаваць не абмяжоўваць сябе пэўнымі кімсьці выстаўленымі сьцяжкамі, а больш шырока, свабодна, навукова паразважаць на тэму будучага лёсу Беларусі. Калі ўжо прадпрымаць нейкае дзеяньне, рабіць нейкія крокі, дык іх варта рабіць у правільным кірунку, які вызначаецца персьпектыўнай, сэнсоўнай мэтай”.

Палажэньне аб неабходнасьці разьвіцьця Беларусі па абсалютна незалежным, нацыянальна-дэмакратычнум шляху было паўторана і дадаткова абгрунтавана “мадэльлю роста сасны” праз год у артыкуле “Беларусь паміж РФ і ЕЗ: а трэці шлях?” (пачынаць адсюль: http://nashaziamlia.org/2007/03/01/545/). 

Ідэалагічная складовая 6 

А яшчэ празь некалькі гадоў гэтае палажэньне канчаткова было зафіксава (http://nashaziamlia.org/2012/03/23/4984/) у выглядзе нашага стратэгічнага ідэалагічнага сімвала (гл. сьхематычную выяву ўверсе справа).

Для нас, натуральна, зьяўляецца і радасным, і адначасна важным, што вернасьць нашых даўніх прапаноў сёньня пацьвярджаецца ПРАКТЫКАЙ грамадска-палітычнай дзейнасьці ва Ўкраіне. Але думаем, што ўкраінскім патрыётам нашы тэарэтычныя распрацоўкі таксама могуць быць карыснымі. Бо, як вядома, няма нічога больш практычнага, чым добрая тэорыя… Тым больш, што яны зьбіраюцца рушыць далей у цяжкі й небясьпечны шлях. А там перад імі паўстане чарговая нізка пытаньняў. Напрыклад, такіх:

— Які кірунак разьвіцьця ўкраінскай дзяржавы лічыць прагрэсіўным? І чаму?!

— Якія рэформы павінны быць зьдзейсьнены на экалагічным, дэмаграфічным, эканамічным, інфармацыйна-культурным, палітычным, ідэалагічна-сьветаглядным узроўнях яе арганізацыі? Як выглядае зьвязаная сістэма гэтых пераўтварэньняў?

— Якія захады неабходна прадпрыняць, каб прагрэсіўнае рэфармаваньне ўкраінскай дзяржавы зрабіць максімальна выніковым і гістарычна незваротным?

Для падтрымкі ўкраінскага народу і яго сапраўднай нацыянальнай эліты мы гатовыя шчыра падзяліцца ўсімі назапашанымі намі ведамі.  

Што да абгрунтаваньня неабходнасьці нашага супрацоўніцтва, дык мы пра гэта ўжо пісалі шмат – нават у нашым папярэднім артыкуле (гл. http://nashaziamlia.org/2015/08/01/7782/).   

 

Пакінуць каментар

*

  • Старонкі

  • Рубрыкі

  • Апошнія запісы

  • Архівы