Барыс Керзач, Віталь Хромаў, Алесь Астроўскі
Адразу мусім папярэдзіць пра некалькі рэчаў. Па-першае, многія, напэўна, ужо здагадаліся, што гаворка пойдзе пра вэрхал вакол г.зв. “Карты паляка”, і падумалі (у адпаведнасьці са знакамітай беларуска-літвінскай культурай і сьціпласьцю – “барані Божа, каб каго не пакрыўдзіць”…): ці не занадта крута гучыць загаловак? Хочам запэўніць: не хвалюйцеся – не занадта. Кожнае слова тут адпавядае форме і зьместу матэрыяла, выкладзенага далей, і надзейна абгрунтаванае – нідзе мы ня выйшлі за сьцяжкі, выстаўленыя апанентамі. Па-другое, пасьля ўзгаданага вэрхалу, які ўсчаўся ў афіцыйных і “незалежных” СМІ РБ з нагоды “карты”, прайшло 11 месяцаў. Часу больш чым дастаткова, каб мог выказацца кожны, хто прэтэндуе на ролю палітычнага лідэра беларускай нацыі – ад Пазьняка, Вячоркі, Мілінкевіча, Шушкевіча да Лябедзькі, Калякіна, Казуліна, іншых. Яны не выказаліся. Дэманстратыўна. Што ж, зноў інтарэсы беларусаў-літвінаў будзем бараніць мы! (хаця, вядома, пытаньне цікавае: як ты хочаш быць лідэрам беларускай нацыі, калі ўхіляешся ад яе справядлівай абароны?). Па-трэцяе, заключны эпізод косаўскіх падзей і асабліва агрэсія Расеі супраць Грузіі, якія адбыліся ў названы прамежак часу, паказалі такія механізмы анэксіі, якія цяпер здольны прымусіць паставіцца сур’ёзней да акцыі польскіх імперскіх колаў нават закаранелых скептыкаў… І апошняе: паколькі гаворка ідзе пра “карту”, мы вырашылі пачаць артыкул з дэманстрацыі мапы беларуска-літвінскіх Заходніх крэсаў. Далей гэтая мапа нам яшчэ прыдасца…