Рэдакцыя.
Падзеі, якія пачаліся ў Беларусі ў першай дэкадзе жніўня і працягваюцца сёньня, сталі настолькі нечаканым і яркім грамадска-палітычным фактам (і ўжо нават гістарычным), што не маглі не справакаваць, як мы яго называем, “эфект крука ў лесе”. То бок, многія з тых міжнародных структур і адказных асоб, якія іх прадстаўляюць – людзей на вялікіх дзяржаўных пасадах, хто ў іншых абставінах мог бы моўчкі адседзецца ў сваіх офісах, замках, бунгала, сёньня мусяць (!) рабіць адваротнае – публічна выказвацца, даючы свае ацэнкі таму, што адбываецца ў нашай Бацькаўшчыне. За 26 гадоў яны, магчыма, не прысьвяцілі Беларусі й 26 хвілін сваёй увагі, затое ў апошнія дні мусяць аддаваць значна больш. І ў гэты самы момант мы можам пабачыць-пачуць ня толькі сам тэкст іх заяў, а і на грунце таго, што імі было абнародавана, ацаніць тое, чым напраўду “жывуць і дыхаюць” гэтыя людзі, які іх грамадска-палітычны сьветагляд. У гэтым заключаецца істотная дадатковая карысьць (у дадатак да факта саміх выказваньняў) ад пралёта беларускага “крука” над заходнім “лесам”.