Яўген Бяласін
У беларускай мове адрозьніваюцца паняткі “любоў” і “каханьне”. “Любіць” можна цукеркі, рэпу, сала, але і сон, свабоду… Нават бізун любіць можна. А вось ”кахаць” можна толькі жанчыну. У нямецкай мове паводле такога тыпу раз’ехалася на два словы жывая істота – клешч. Немцы адрозьніваюць паміж кляшчом “Milbe” і кляшчом “Zecke”.
Першыя малюпасенькія. Насяляюць скуру практычна ўсіх людзей (гл. першае фота). Жывяцца скурным тлушчам, шалупінкамі эпітэлію. Любяць занурацца ў каранёвыя цыбулінкі валасоў, фалікулы. Найперш селяцца ў вейках, дзе недалёка вільгаць, у бровах, у трохкутніку вакол носа і рота, за вушамі. Носьбіты могуць іх і не заўважаць цэлы свой век. У некаторых, асабліва чульлівых да гэтых сьвербатлівых усё ж істотаў і ёдкіх, – гадзяць жа там дзе жывуць, – з’яўляюцца высыпаньні.
Мінімальная шкода, як бачым. Можа, нас з вамі абсыпле яшчэ крыху больш, – на псіхалагічнай глебе, пасьля веды, здабытай навукоўцамі зусім нядаўна, напачатку ХХІ стагоддзя. Яны ўгледзелі пад мікраскопам, што гэтыя драбнякі гендэрна акрэсьленыя. Лёгка распазналі іхнія полавыя прылады і нават адсачылі, як тыя не хаваючыся ў фалікулы, наўпрост на абліччы чалавека, займаюцца працягам свайго мізэрнага роду.
Другоя групоўка кляшчоў, “Zecken”, і калібрам больш, і больш далёкія ад цыркавага жанру. Ніякіх там весялух – наўпроставыя крывасмокі. Сядзяць на траве, кустоўі ды цікуюць на магчымасьць спланіраваць на таго, хто будзе праходзіць міма. Далей клешч “Zecke” хуценька паўзе ўверх па целе ахвяры ў пошуках мяккіх тканак. У чалавека гэта сьцёгны, ягадзіцы ды жывот. Там нахаба “Zecke” засьвідроўвае пярэднюю грызучую частку сваёй галавы ў скуру і прабівае сабе дарогу да крывяноснага яе слою. Тырчачы ў “шахце” ўсім целам, смокча, пакуль не зробіцца круглым ад крыві (гл. фота). Потым выслабаняе кручкі, вывальваецца і дзесьці ў схаваным месцы перастраўлівае рабунак.
Клешч “Zecke”, у параўнаньні са сваім меншым братам, зьдзівіць-спалохае дзьвюмя рэчамі. Па-першае, ён надзвычай трывушчы – можа ляжаць у чаканьні спажывы да васямнаццаці гадоў. Па-другое, у сотні разоў большы за яго чалавек ад гэтага злобнага курдупеля можа памерці: “Zecke” пераносіць высокатэмпературныя захворваньні – энцэфаліт і барэліёз.
Якога ж роду кляшчы апанавалі цела беларускага народа?
Тыя, што з самага верху, вертыкальна прысмакталіся, – адназначна, “Zecken”. Цела народа лічы адмерла пры зямлі, у вёсцы. Праедзьце, гляньце – нават у цэнтрах сельсаветаў школы ўжо, як правіла, стаяць бяз вучняў. У вёсках дзясятак пенсіянераў на адну. У Камянецкім раёне такіх вёсак у 2011 годзе была 61. Цяпер, напэўна, большасьць іх зусім апусьцелі. Гэта найперш з-за калгаснай бязглуздай учэпістасьці ў народны арганізм сысучых вярхоўных кляшчоў. Нідзе ў сьвеце калгасы ды кібуцы сябе не апраўдалі. І вось замест каб прывабіць на зямлю адпаведнымі дзяржаўнымі захадамі моцных цяглавітых маладых людзей, даць ім крэдыты на тэхніку, каб маглі працаваць прадуктыўна, яны працягваюць убухваць лёгкія нафтавыя грошы і цяжка заробленыя прамысловымі прадпрыемствамі рублі ў стратныя ды стратэгічна тупіковыя камуністычныя праекты на зямлі.
Мора ідэолагаў-камісараў… На кожным прадпрыемстве, у кожнай установе намесьнік дырэктара па ідэалогіі. Якая можа быць ідэалогія ў камунальнікаў? Працуй сабе, каб ванны наліваліся і спускалі ваду, унітазы змывалі… Ды не. У Брэсьце не было такога камісара – дык адмыслова пад аднаго асабліва ўедлівага кляшча, які быў намесьнікам гарадскога “смотрящего” і дайшоў на гэтай пасадзе да пенсійнага веку, – стварылі, прабілі да крыві народнай траншэйку ў камунальнай службе. Назвалі месца смактаньня “заместитель генерального директора ЖКХ по идеологии” (гл. фота).
Мабыць, сярод камісараў індывідуальна будзе – ад “Zecken” да “Milben”.
Некаторыя ж сумяшчаюць практычную працу, якую выконвалі і раней, з гэтай прыдур’ю лагернай, “идеологической работой”.
Далей, рознага роду чыноўнікі-бюракраты. У мэрыі горада-партнёра Берасьця Вайнгартэна ў штаце 11 чалавек. Прынамсі, так было, калі заходзіў туды ў апошні раз. А вы зайдзіце ў які-небудзь красналенінскі гар- або райвыканкам (каб быць сувымернаму, бо Вайнгартэн разам з суседнім Равэнсбургам велічынёй з Кобрын) – дык вы ж іх у першых трох кабінетах першага паверху столькі там налічыце.
У Брэсцкай вобласьці яшчэ ў 2009 годзе колькасць піянераў зашкаліла за 110 тысяч. Колькасьць штатных функцыянераў БРСМ, аналага бальшавіцкага камсамолу, сягнула да каля ста. Здавалася б, няхай створацца прыродалюбныя, патрыятычныя дзіцячыя арганізацыі тыпу ўмельцаў выжываць у прыродзе, сьледапытаў-скаўтаў, і пад іх вылучыць народныя грошы! Ды не, пастой, тармозіць галоўны клешч, мы не адпусьцім. А вось вам штат “озадаченных” інструктараў – яны “научат Родину любить”! І далей табе ўвесь строй царскай Расеі наадчынялі – і “кадеты”, і “милицейский класс”, і … што яшчэ пры цары было, а ў нас таксама ня можа быць, каб не было?
Але ёсьць, ёсьць сярод “выхавальнікаў” і чыстыя кляшчы “Milben”. Нядаўна напісала пра аднаго мясцовая газета. У адной з берасьцейскіх школ ёсьць футбольны клас. Дык трэнер разжыўся ваеннымі фуражкамі, напяліў іх на малых, завёў на мясцовыя могілкі, і там яны сьпявалі пры магіле царскага генерала Гельмерсэна нейкую песьню тых часоў! Ці не “Боже, царя храни” (гл. фота).
Пагаджуся: параўнаньні заўсёды “кульгаюць”, у той ці іншай меры пагрэшныя. Але без параўнаньня не спазнаеш ніякай з’явы, не спасьцігнеш ніякага сэнсу.
Дык “Milben” або“Zecken”?
–
Брэст, 30.05.2015
Фота з адкрытых крыніцаў:
1. Клешч-некрывасмок дэмодэкс.
2. Клешч-крывасмок пусты і поўны.
3. Намесьнік Генеральнага дырэктара Брэсцкага ЖКГ па ідэалогіі.
4. Юныя футбалісты каля магілы царскага генерала на могілках у Брэсьце.
=
Ад рэдакцыі:
З нагоды эсэ паважанага спадара Яўгена, прысьвечанага аналізу сацыяльных “кляшчоў”, найперш хочам зьвярнуць увагу, што ўсё больш і больш людзей заўважае, што сацыяльны паразітызм ва ўсіх яго формах, маштабах ды спосабах праяўленьня зьяўляецца адным з ключавых грамадскіх феноменаў з-за якіх мы – людзі – маем няшчасьце існаваць ва ўмовах масы малых і вялікіх непрыемнасьцяў, якія стала суправаджаюць наша жыцьцё. Між тым, гэтага благога магло б і ня быць, калі б ня ўсе гэтыя “глісты” ды “кляшчы”…
Па- другое, мы ў рэдакцыі ўжо даўно ўсьвядомілі значнасьць зьявы сацыяльнага паразітызму і даўно сочым за ёй. Вось некаторыя прыклады гэтага, якія могуць быць карыснымі для тых, хто пажадае паглыбіцца ў тэму: https://nashaziamlia.org/2014/03/31/6823/ ; https://nashaziamlia.org/2013/11/22/6099/ ; https://nashaziamlia.org/2013/10/21/5987/ ; https://nashaziamlia.org/2011/11/23/4476/ ; https://nashaziamlia.org/2010/08/15/3517/ ; https://nashaziamlia.org/2010/03/24/3177/#more-3177 ; https://nashaziamlia.org/2010/02/07/2991/ ; https://nashaziamlia.org/2009/02/23/1849/ ; https://nashaziamlia.org/2009/01/26/1747/ ; https://nashaziamlia.org/2008/07/13/1434/ ; https://nashaziamlia.org/2007/03/18/582/ .
Трэцяе. У расейскамоўнай інфармацыйнай прасторы прапагандуецца, што паняцьце “сацыяльны паразітызм” было ўведзена Левашовым (на сёньня, на жаль, нябожчыкам) у 2007 годзе ў яго кнізе “Расея ў крывых люстэрках”.
На самай справе, гэтае паняцьцё пачаў шырока выкарыстоўваць Алесь Астроўскі яшчэ ў 2006-м (https://nashaziamlia.org/2006/04/07/19/ ; https://nashaziamlia.org/2006/09/20/295/), 2002-м (https://nashaziamlia.org/2007/10/22/943/ ; https://nashaziamlia.org/2007/10/23/951/ ; https://nashaziamlia.org/2007/10/25/959/ ; https://nashaziamlia.org/2007/10/26/972/ ; https://nashaziamlia.org/2007/11/02/1015/) і нават у 1999-м гадах (https://nashaziamlia.org/2007/01/02/477/). Дый разуменьне сацыяльнага паразітызму зьяўляецца ў спадара Алеся нашмат больш рэалістычным…
Тут
http://espreso.tv/article/2015/06/26/kolyshniy_rosiyskyy_premyer_prymakov_pobuvav_kirshenblatom__zhurnalistom_quotpravdyquot___golovnym_rozvidnykom_i_dyplomatom_rosiyi
прыводзяцца факты з біяграфіі Прымакова. Гэта да тэмы сацыяльных паразітаў і хто кіруе Светам.