Алесь Астроўскі
3. Супрацьстаяньне паміж сьветаглядамі ў наш час
Падчас сьветагляднай эвалюцыі, якая адбывалася ўсю гісторыю чалавецтва, будзе працягвацца і надалей, назіраецца заканамерны пераход ад адной сьветагляднай стадыі да іншай. Але гэта не азначае, што ўсе людзі разам – адначасна ды арганізавана – засвойваюць новы, больш перадавы сьветагляд. Не, мы бачым іншы працэс – паўстаюць і распаўсюджваюцца новыя сьветагляды, састарэлыя адміраюць, але ня ўсе. Некаторыя зь іх мадыфікуюцца і… застаюцца. Многае ў апошнім працэсе залежыць ад таго, якая грамадская роля адводзіцца ўладамі сацыяльным групам, зацікаўленым у тых ці іншых сьветаглядах і прапагадуючым іх. Таму і сёньня перад кожным чалавекам ёсьць шырокі выбар сьветаглядных “акуляраў” (у тым ліку ў нас у Беларусі), зь якога можна выбраць любыя зь іх, апрануць і праз гэтыя “акуляры” глядзець на Сьвет.