Шаноўныя сябры і прыхільнікі. У гэтыя дні мы нікуды ня зьніклі і не адпачываем. Мы зьбіраем і рыхтуем серыю аналітычных матэрыялаў, прысьвечаных падзеям вакол апошняй прэзідэнцкай выбарчай кампаніі. “Над Беларусьсю ня проста крук праляцеў, а цэлая іх зграя” (сталыя чытачы сайта ведаюць, што значыць гэты сімвалічны выраз). Ужо і папрэдняя назва ёсьць: “19 сьнежня: Крывавая Нядзеля – апафеоз шматгадовай здрады беларускай дэмакратыі з боку “Захаду”, хлусьні ды застрашваньня з боку рэжыму і скрадзеных ім выбараў”.
Нашы чытачы напэўна ведаюць, што рэдакцыя працуе без бюджэту – уласныя грошы і час на сайт аддаюць тыя 2 – 3 чалавекі, якія пасьля асноўнай працы ды сямейных абавязкаў могуць дазволіць сабе яшчэ нешта зрабіць і для рэдакцыі. У сувязі з гэтым па аператыўнасьці выкладаньня грамадска-палітычных навін мы ня можам канкураваць ні са “Свабодай”, ні з “Нашай Нівай”. Затое ў нас ёсьць іншая стратэгічная перавага – мы не залежым ад ніякіх фундатараў, а таму ў сваёй рэдакцыйнай палітыцы арыентуемся толькі на аб’ектыўныя інтарэсы нашага беларуска-літвінскага народу. Яшчэ адна наша стратэгічная перавага ў тым, што мы, як сайт ідэалагічны, даем такія аналіз ды прагноз, на якія ў беларускамоўнай інфармацыйнай прасторы больш ніхто ня здатны. Запэўніваем, што і на гэты раз нам будзе што сказаць. Акрамя таго, некаторыя з нас былі непасрэднымі сьведкамі гістарычных падзей Крывавай Нядзелі, пасьля якой мы жывем у Новай Беларусі. Мы сочым таксама за асьвятленьнем у “незалежных” СМІ таго, што адбылося. Таму і ў плане фактаў тое-сёе дапоўнім.
Просім вас пачакаць яшчэ некалькі дзён, пакуль пачнуць выстаўляцца матэрыялы з нашым аналізам падзей вакол Крывавай Нядзелі.