У палітыцы бываюць рэдкія і таму надзвычай каштоўныя сітуацыі (назавем іх “вымушаная падзея голай праўды”), якія ва ўмовах сталай хлусьні палітыкаў пераўтвараюцца ў апорныя кропкі, ня менш важкія па сваіх магчымасьцях для навуковага аналізу, чым тыя, што стварае эфект “крука ў лесе” (апошні мы ўжо выкарыстоўвалі ня раз). Такой “падзеяй праўды” стала нядаўняе прызначэньне Пуціным свайго пераемніка на пасадзе прэзідэнта РФ. У гэтым рашэньні ні згуляць, ні схлусіць немагчама; а, між тым, яно дазваляе зразумець многія “падвязкі”, якія кіруюць сёньня расейскай імперыякратыяй і звонку, і знутры. Таму наперадзе ў нас вялікая аналітычная праца. Лічым вартым пачаць яе з высьвятленьня аб’ектыўнага эканамічнага і грамадска-палітычнага стану расейскай імперыі. Выслухаем прыхільнікаў альтэрнатыўных ідэалагічных кірункаў – спосаб наблізіцца да аб’ектыўнасьці. На пачатак падаем цікавае інтэрвю прадстаўніка ліберальнай плыні, стваральніка расейскага Інстытута нацыянальнай стратэгіі Станістала Бялкоўскага (паводле kavkazcenter.com/russ/content/2007/11/14/54365.shtml). Інтэрвю было дадзена замежнаму журналісту і да таго, як Пуцін абвясьціў сваім перамнікам Мядзьведзева.