Зьміцер Захарэвіч
Верагодна, ужо амаль усім вядома, што на ўскрайку Менска ва ўрочышчы Курапаты ў 1930-я гады бальшавікі-камуністы рабілі масавыя расстрэлы цывільных беларускіх грамадзян. У сярэдзіне 2001 году прамаскоўскі рэжым Лукашэнкі наважыўся зьнішчыць тыя мясьціны, наўмысна пачаўшы пракладку празь іх Менскай кальцавой дарогі. У адказ на гэтую сатанісцкую акцыю 24.08.2001 г. пачалася беспрэцэдэнтная варта ў Курапатах супраць разбурэньня Нацыянальнага некропаля. Беларуская Партыя Свабоды адыгрывала вядучую ролю ў Курапацкім чыне. Тады праз арышты, ціск на працы і па месцы навучаньня, праз спробы АМАПу гвалтоўнымі дзеяньнямі зьнішчыць варту і нават праз спальваньне намёту, у якім жылі валантэры, прайшлі дзясяткі сябраў БПС (цяжка сумнявацца, што ўсё гэта рабілася бязь ведама Лу-кі). Але, нягледзячы на ўсё ўзгаданае і шмат чаго іншага, Курапацкая варта цягнулася больш за 9 месяцаў і дагэтуль зьяўляецца АДЗІНАЙ перамогай апазіцыі над рэжымам − траса была часткова аднесеная ў бок ад першапачатковага плану яе пракладкі.