Аляксей Мікуліч
Чарнобыльская трагедыя, экалагічныя катастрофы, хваробы цывілізацыі, урбанізацыя і індустрыялізацыя. Зашмат новых з’яў і здарэнняў у жыцці беларускага народу. Мяняецца яго генафонд, мяняюцца менталітэт і паводзіны. Найцяжэй сёння выжыць простаму чалавеку. Зараз дакладна вядома, што на забруджаных радыёнуклідамі тэрыторыях пражывае болей за 1,6 млн. чал., з іх 420 тыс. дзяцей. 4,3 млн. чал. кантактуюць з высокімі (у 2-3 разы вышэй за ПДК) канцэнтрацыямі такіх надзвычай шкодных для здароўя хімічных рэчываў, як фенолы, фармальдэгід, вокіслы серы, дыяксіды і цяжкія металы. З’яўляюцца новыя сацыяльна і экалагічна абумоўленыя хваробы цывілізацыі, назіраецца рост хранічных захворванняў.