Мы, прадстаўнікі беларускіх нацыянальна-дэмакратычных арганізацый, асуджаем чарговую імперскую агрэсію Расеі ды разьвязаную з боку Масквы вайну з Украінай.
Выказваем пратэст супраць умяшаньня ва ўнутраныя справы незалежнай еўрапейскай дзяржавы, а таксама вызнаем тэрытарыяльную цэласьць Украіны.
Гэтаксама мы асуджаем ганебныя ды небясьпечныя дзеяньні пануючага ў Беларусі рэжыму. Разьмяшчэньне на нашай зямлі дадатковых расейскіх войскаў ды актывізацыя расейскіх імперскіх структур у чарговы раз дэманструюць каланіяльную залежнасьць мясцовага рэжыму ад маскоўскіх бонзаў. З-за падобнай палітыкі цяперашніх уладаў Беларусь уцягваецца ў імперскую авантуру Крамля з непрадказальнымі наступствамі для самаго беларускага народу…
Мы зьдзіўлены слабой рэакцыяй на гэтыя падзеі кіраўнікоў афіцыйных апазіцыйных партый ды рухаў у Беларусі, якія вызнаюць сябе дэмакратычнымі. Тое, што прадстаўнікі легальных апазіцыйных структур дасёньня не выказалі арганізаванага і адназначнага асуджэньня імперскай агрэсіі Масквы, а абмежаваліся ў асноўным агульна-пацыфісцкімі заклікамі, дыскрэдытуе іх ў вачах нашага і ўкраінскага народаў.
Зьвяртаемся да беларускага народу аказваць усямерную падтрымку справядлівай нацыянальна-вызвольнай барацьбе ўкраінскага народу.
Жыве Беларусь!
Слава Ўкраіне!
–
Сяргей Высоцкі – кіраўнік АК Беларускай Партыі Свабоды.
Алесь Астроўскі – ініцыятар стварэньня Беларускага Дэмакратычнага Руху.
Леанід Акаловіч – сьвятар Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы.
Яўген Мурашка – старшыня Зьвязу беларусаў Нямеччыны.
16.03.2014 г.