Міхась Кукабака (сьнежань 2002 г.)
У сітуацыі неабходнасьці маральнага выбару варта зьвяртацца да маральных аўтарытэтаў. Таму, працягваючы аналіз сіянісцкай тэмы, мы вырашылі зьвярнуцца да меркаваньня Міхася Кукабакі – вядомага дысідэнта, праваабаронцы, грамадскага дзеяча і, што вельмі прыемна для нас, беларуса па паходжаньні. Па прафесіі ён – просты рабочы, цяпер жыве ў Маскве, супрацоўнічае зь Хельсінскай Асацыяцыяй. Паводле www.gulag.ipvnews.org сп-р Міхаць у 1968 годзе адмовіўся ўдзельнічаць у здушэньні “Праскай вясны” і заявіў уладам: “Калі пашлёце, буду вымушаны павярнуць свой аўтамат супраць Саветаў – выступіць на баку чэхаў”. За гэта ды іншае быў паддадзены персьледу. У 1977 годзе Кукабаку памясьцілі ў “шпіталь сьпецтыпу”. Праз год яго асудзілі за “антысавецкую агітацыю і прапаганду”. Калі тэрмін закончыўся, яго зноў падоўжылі. Так было некалькі разоў. Сп-р Міхась адмовіўся напісаць сьпецыяльную заяву з абяцаньнем ніколі больш не займацца “антыдзяржаўнай дзейнасьцю”. У выніку ён стаў апошнім савецкім дысідэнтам: быў выпушчаны з турмы толькі ў сьнежні 1988 г. – сьпецыяльна да сесіі ААН з удзелам М.Гарбачова. Яго імя ў дэмакратычных краінах стала сімвалічным. Вызвалілі яго пад ціскам міжнароднай грамадскасьці з актыўным удзелам Андрэя Сахарава.
Рэдакцыя.